Пінская генеральная кангрэгацыя (1791)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Пінская генеральная кангрэгацыя 1791 года - сход праваслаўнага духавенства і вернікаў Рэчы Паспалітай з мэтай стварыць у краіне аўтакефальную царкву, незалежную ад Сінода Расійскай імперыі.

Рашэнне аб скліканні кангрэгацыі прынята Чатырохгадовым соймам 17881792 гг. 23 сакавіка 1791 года кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі прызначыў камісарамі на кангрэгацыю ад Кароны сандамірскага пасла М.Каханоўскага і люблінскага пасла князя Чартарыйскага, ад ВКЛ - троцкага пасла Залескага і пінскага пасла і падстарасту М.Бутрымовіча. Новагародскі пасол Бярновіч быў прызначаны для зносін з кангрэгацыяй і для забеспячэння яе дакументамі. У Пінск прыбылі 96 дэлегатаў: 24 манахі, 21 святар, 51 свецкая асоба (сярод іх 19 чалавек са шляхты, астатнія з мяшчан). У кангрэгацыі ўдзельнічалі і католікі (напрыклад, генерал-інспектар ВКЛ Грабоўскі) і уніяцкае духавенства (епіскап пінскі Іаакім Дашкевіч-Гарбацкі і яго каад'ютар Іасафат Булгак).

Кангрэгацыя пачала працу ў Пінску 1 ліпеня 1791 года. Яна прыняла рашэнне, што Генеральная кангрэгацыя, або "Нацыянальны сінод праваслаўных цэркваў каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага", складаецца з архіепіскапа і 3 епіскапаў, старшых, архімандрытаў, асэсараў кансісторыі і дэпутатаў, абраных епархіяльнымі кангрэгацыямі. Генеральная кангрэгацыя павінна была збірацца праз кожныя 4 гады. Яе галоўная, або генеральная кансісторыя складаецца з 12 чалавек. Архіепіскап павінен быць на правах мітрапаліта і знаходзіцца ў духоўнай залежнасці ад канстанцінопальскага патрыярха. На сваіх з'ездах кангрэгацыя павінна была абмяркоўваць духоўныя справы сваёй царквы, прызначаць, калі гэта патрэбна, 4 кандыдатаў на кафедру епіскапа. З іх каралеўскі ўрад павінен быў выбраць адну. Месцам склікання генеральнай кангрэгацыі прызначаўся Пінск. Нягледзячы на пратэсты з боку некаторых каталіцкіх і уніяцкіх епіскапаў, сойм зацвердзіў рашэнне кангрэгацыі і абвясціў у 1792 годзе закон "Упарадкаванне царкоўнай іерархіі грэка-ўсходняга абраду" ("Urządzenie hierarchii cerkiewnej obrządku grecko-orientalnego"). Але 2-і і 3-і Падзелы Рэчы Паспалітай не дазволілі выканаць гэтыя рашэнні[1][2][3].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]