Пінхас Плоткін
| Пінхас Плоткін | |
|---|---|
| | |
| Асабістыя звесткі | |
| Дата нараджэння | 10 (23) сакавіка 1915 |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 27 верасня 2009 (94 гады) |
| Месца смерці | |
| Альма-матар | |
| Прафесійная дзейнасць | |
| Род дзейнасці | паэт |
| Гады творчасці | 1934 — 2009 |
| Мова твораў | ідыш |
Піня Плоткін, поўнае імя Пінхас Абрамавіч Плоткін (10 (23) сакавіка 1915, Бабруйск, Мінская губерня[1] — 27 верасня 2009, Санта-Моніка, Каліфорнія) — яўрэйскі паэт родам з Беларусі. Пісаў на ідышы.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў Бабруйску, дзяцінства правёў у Любонічах. Скончыў пачатковую яўрэйскую школу і беларускую сямігодку[2]. Сярэднюю адукацыю атрымаў на рабфаку ў Бабруйску. У 1935 паступіў у Мінскі педагагічны інстытут, на літаратурна-лінгвістычны факультэт, дзе вучыўся разам з Рыгорам Бярозкіным і Шымонам Лельчуком. Пасля сканчэння ВНУ быў прызваны ў Чырвоную армію (1939). З успамінаў Нафталі Фарбера:
Мы вучыліся ў інстытуце ў 1935—1939 гадах. Гады ж якія!.. Яўрэйскае аддзяленне літфака Мінскага педагагічнага інстытута імя Горкага называлі «Яўсекцыяй». Гэтая гучная назва захавалася за намі і пасля 1937 года, калі яўрэйскія школы зачынілі і нас пераарыентавалі на рускую мову. Пасля вайны, калі кожны шукаў тых, што засталіся жывымі, казалі:
— «Яўсекцыя», дзе вучыліся Ляльчук і Бярозкін. І было зразумела.
На літфаку было нямала таленавітых студэнтаў. У нас на «Яўсекцыі» вучыліся паэты Сямён Ляльчук, Зяма Барсук, Піня Плоткін. Яны былі сябрамі літаратурнай моладзевай групы, друкаваліся ў часопісе «Штэрн», публікаваліся ў паэтычных зборніках.
З Лельчуком і Плоткіным мяне звязвала шматгадовае сяброўства. Ляльчук — з Калінкавіч, Плоткін — з Бабруйска, а я — з Рагачова. Мы ўсе інстытуцкія сябры. Пражывалі разам у адным пакоі ў інтэрнаце. Дзеці бедных бацькоў…
Увосень 1939 гады, літаральна назаўтра, пасля апошняга дзяржэкзамену, Ляльчук, Плоткін, я і іншыя былі накіраваныя на службу ў Рабоча-Сялянскую Чырвоную Армію на Урал[3].

У складзе савецкай арміі Плоткін браў удзел у Другой сусветнай вайне (Беларусь, Прыбалтыка, штурм Кёнігсберга). Пасля вайны жыў у Бабруйску. У 1946—1953 гадах працаваў палітрэдактарам аблліта[4] — абласнога падраздзялення Галоўнага ўпраўлення па справах літаратуры і выдавецтваў, савецкага цэнзурнага органа. Быў літаратурным супрацоўнікам бабруйскай абласной газеты «Савецкая радзіма». (Да 1954 года існавала Бабруйская вобласць.) Пісьменнік Гірш Рэлес апісвае візіт Плоткіна да яго ў час савецкіх пасляваенных ганенняў на яўрэяў:
Аднойчы ў мяне ў кватэры раптам з’явіўся чалавек сярэдніх гадоў, усе грудзі — у ордэнах і медалях. Я зірнуў на яго і адразу пазнаў:
— Піня, якім ветрам?!
— …Ты мяне пазнаў, і дзякуй Богу, — пачуў я яго палескую вымову. — Я прыехаў на адзін дзень і выкраіў крыху часу, каб пабачыцца з табой. Жадаю паказаць некалькі пасляваенных вершаў.
Ён выцягнуў з бакавой кішэні пінжака блакнот з вершамі, а з кішэні штаноў — чакушку гарэлкі. Паставіў на стол.
— Гэта мы потым, — паказаў ён на бутэлечку.
Сеў і пачаў чытаць. Чытаў ціха, каб за сцяной не чулі яўрэйскую мову. …Помніцца, асабліва моцнае ўражанне зрабіў невялікі верш, у якім паэт апісваў наведванне роднага мястэчка. Яўрэяў там не засталося. У адным з завулкаў ён сустрэў незнаёмца, і той здзіўлена ўсклікнуў:
— Ого! Яўрэй у мястэчку! Няйначай, ты прыехаў наведаць нябожчыкаў, зазірнуць на могілкі…[5]
Пасля Плоткін працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў вясковых школах Бабруйскага і Глускага раёнаў, быў выхавацелем у бабруйскай школе. Вёў гурток па вывучэнні ідышу.
Паэзія Плоткіна, яго лірыка вызначаецца народнасцю, добрай сакавітай мовай — маме-лошн. У наш час гэта вялікая рэдкасць. Цяперашнія маладыя яўрэйскія літаратары, якія пішуць на ідышы, пакутуюць на коснаязыкасць. Праўда, вельмі цяжка іх у гэтым папракаць — яны рэдка чуюць яўрэйскую мову, ім няма з кім размаўляць на роднай мове[5].
У 1992 годзе Плоткін разам з жонкай Этыль і дарослымі дзецьмі выехаў у ЗША, пасяліўся ў Санта-Моніцы, у Каліфорніі. Памёр у 2009, у 94-гадовым веку.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Дэбютаваў у 1934 годзе ў мінскай газеце «Дэр юнгер арбайтэр» з вершам «Вясна». У 1930-я друкаваўся ў часопісе «Штэрн», газеце «Актобэр». Амаль усе вершы Плоткіна, напісаныя ў часе вучобы на рабфаку і ў інстытуце, былі апублікаваныя ў анталогіі «Лідэр замлунг» (Мінск, 1940). Таксама ў яе ўвайшлі творы Хаіма Гурэвіча, Іцкі Баруховіча і Шымона Лельчука.
Ад першых нумароў (1962 год) быў сярод аўтараў часопіса «Савецішэ геймланд», публікаваўся ў варшаўскай газеце «Фолк-штыме» і ў часопісе «Ды ідышэ ворт», у газеце «Бірабіджанер штэрн» Яўрэйскай аўтаномнай вобласці.
Пасля пераезду ў ЗША публікаваў вершы ў нью-ёркскіх часопісах «Цукунфт», «Ды ідышэ култур», у часопісе «Хежбн» (Лос-Анджэлас), «Дэр онхэйб» (Маямі-Біч), а таксама ў часопісах «Іерушалаімэр алманах» (Ізраіль), «Ды пэн» (Оксфард, Вялікабрытанія), «Ды ідышэ гас» (Масква, Расія)[6].
У ЗША выдаў два зборнікі паэзіі:
- Mit an ofn harts, oysgeveylte lider («З адкрытым сэрцам», выбраныя вершы) (West Hollywood: Yiddish Culture Club, 1979), 140 с.;
- Vegn der tsayt un vegn zikh («Пра час і пра сябе») (West Hollywood: Yiddish Culture Club, 1999), 128 с.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #1119370116 // Gemeinsame Normdatei — 2012—2016. Праверана 18 жніўня 2020.
- ↑ Plotkin, Pinye — Congress for Jewish Culture (англ.). congressforjewishculture.org. Праверана 16 кастрычніка 2025.
- ↑ МИШПОХА №27. Бенжамин ФОРМАН * Benjamin FORMAN / ПЕВЕЦ ПОЛЕСЬЯ * THE SINGER OF POLESIE. www.mishpoha.org. Праверана 16 кастрычніка 2025.
- ↑ Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік.
- ↑ а б Релес Г. Еврейские советские писатели Белоруссии: Воспоминания / пер. с идиша М. Я. Аккермана, С. Л. Лиокумовича. — Мінск: Колас, 2006. — 320 с. — ISBN 985-6783-11-9.
- ↑ BOBR. ПЛОТКИН Пинхас (руск.). BOBR.BY. Праверана 16 кастрычніка 2025.