Піскатава

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Піскатава
Piscataway
Агульная колькасць 4000
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова нантыкок
Рэлігія анімізм, каталіцызм
Блізкія этнічныя групы нантыкок, ленапэ

Піскатава (сучасная саманазва: Piscataway, літаральна «людзі прыліваў») — алганкінскі народ, карэнныя насельнікі ўсходу ЗША. Агульная колькасць  — каля 4000 чалавек.

Піскатава — блізкія сваякі нантыкок. У мінулым насялялі ніжнюю плыню ракі Патомак, займаліся земляробствам і паляваннем. Джон Сміт, які наведаў землі піскатава ў 1608 г., паведамляў, што яны залежалі ад болей магутнай канфедэрацыі паўхатан. Ён называў іх маяонамі. Піскатава была назвай найбуйнейшай умацаванай вёскі.

Прыбыццё еўрапейцаў стымулявала футравы гандаль у рэгіёне. Футра часцяком абменьвалася на агнястрэльную зброю. Ад гэтага гандлю болей выйгравалі суседзі піскатава, паколькі апошнія жылі асела і не мелі запасаў футра. Каб пазбавіцца ад нападаў добра ўзброеных саскуэханцаў, у 1634 г. піскатава перадалі частку сваіх зямель англійскай каталіцкай місіі. У 1640 г. вярхоўны правадыр і яго жонка прынялі хрысціянства, а іх дачка выхоўвалася і навучалася ў доме англійскай каланісткі. Місіянеры склалі першую граматыку дыялекта піскатава, пераклалі на яго катэхізіс. Аднак напады саскуэханцаў хутка ўзнавіліся. Да таго ж уладу сярод каланістаў захапілі пурытане, а ў 1652 г. каталіцтва ў англійскіх калоніях было забаронена.

У 1685 г., саслабленыя нападамі з боку новых ворагаў–іракезаў, піскатава былі вымушаны зноў пайсці на пагадненне з англійскімі каланістамі. Каланіяльныя ўлады надалі іх вёскам статус рэзервацый, што гарантавала абарону ад еўрапейскіх землеўласнікаў, але не ад рэйдаў іракезаў. У 1697 г. піскатава былі вымушаны перасяліцца на поўнач Вірджыніі і толькі пасля атрымання дапамогі з боку англічан у 1699 г. вярнуліся на Патомак.

У 1704 г. піскатава і іншыя індзейцы Мэрыленда пацярпелі ад эпідэміі. Іх колькасць значна скарацілася. Англійскія каланісты выкарысталі гэта як зачэпку для ігнаравання правоў рэзервацый і захопу індзейскіх зямель. Піскатава з дазволу іракезаў мігрыравалі на іх тэрыторыі. У 1765 г. яны ўзгадваліся на тэрыторыі сучаснага штата Нью-Ёрк у колькасці каля 120 чалавек. У 1793 г. прадстаўнікі піскатава прысутнічалі на перагаворах у Дэтройце. Пазней яны не ўзгадваліся як асобная племянная супольнасць.

У канцы XIX ст. даследчыкі выявілі ў Мэрылендзе значную групу «каляровага» насельніцтва, якое захоўвала тоеснасць з продкамі-піскатава. Гэтаму садзейнічала каталіцкае веравызнанне, якое адасаблівала яго ад суседзей-пратэстантаў.

9 студзеня 2012 г. улады штата Мэрыленд прызналі 3 групы піскатава ў якасці карэнных насельнікаў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]