Паўлюк Трус
Паўлюк Трус | |
---|---|
| |
Асабістыя звесткі | |
Псеўданімы | П. Вясковы, Шавец, Себасьцян Старобінскі і Нізаўскі |
Дата нараджэння | 6 мая 1904 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 30 жніўня 1929 (25 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | паэт, журналіст, публіцыст |
Гады творчасці | 1923 — 1929 |
Жанр | паэзія і публіцыстыка |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Паўлю́к Трус (Па́вел Ада́мавіч Трус; 6 мая 1904, в. Нізок, цяпер Мінская вобласць — 30 жніўня 1929, Менск) — беларускі паэт, публіцыст. Сябра літаратурнага аб’яднання «Маладняк».
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сям’і малазямельных сялян Адама Емяльянавіча і Ганны Міхайлаўны. Спаконвечнаю сялібаю роду Трусаў была вёска Старое Сяло, але незадоўга да нараджэння Паўлюка вёска згарэла праз навальніцу і сям’я адбудавалася ў найбліжэйшым Нізку. Меў брата Міхася і сёстраў Марыю і Веру. З малых гадоў дапамагаў у гаспадарцы. Першым з дзяцей пачаў парабкаваць. У дзесяць гадоў хадзіў за бараною, крыху пазней вазіў з бацькам узімку лес да Вусы на сплаў, у дванаццаць браў першыя ўрокі аратага, у пятнаццаць дапамагаў пры касьбе[1].
Першую асвету атрымаў у вясковай школе, дзе таксама спяваў у хоры і маляваў вясковыя краявіды. У 1918—1923 гадах вучыўся ва Уздзенскім вышэйшым пачатковым вучылішчы, пазней рэарганізаваным ў сямігодку, дзе блізка пасябраваў з Алесем Якімовічам і Пятром Глебкам. Некаторыя іх вершы змяшчаліся ў насценнай газеце. Пятро Глебка ўспамінаў, што вучні-аднавяскоўцы называлі будучага паэта «Паўлюк Шастаковых», відаць, праз тое, што яго бацька валодаў шостай часткай сялянскага надзелу, дзвюма дзесяцінамі зямлі[2].
Улетку 1920 года, знаходзячыся на вакацыях у Нізку, быў рэкрутаваны ў Чырвоную армію. У дарозе хварэў і спрабаваў уцякаць. Паводле пазнейшых прызнанняў паэта, яго лавілі і білі (гэтыя падзеі адлюстраваліся ў вершах «Ліпнёвае» і «З успамінаў абозніка»). Вярнуўшыся з вайны, жыў у роднай хаце і дапамагаў бацьку па гаспадарцы[3].
У 1923—1927 гадах вучыўся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме ў Менску. Наведваў лекцыі Якуба Коласа, Міхайла Грамыкі, Аляксандра Круталевіча, В. Баташэвіча, М. Рыдзеўскага, Усевалада Ігнатоўскага, сустракаўся з Янкам Купалам, Цішкам Гартным, Міхасём Чаротам і Язэпам Лёсікам. Пасябраваў з Язэпам Пушчам, Максімам Лужаніным, Сяргеем Дарожным, Зінаідай Бандарынай і многімі іншымі[3]. Быў пастаянным удзельнікам студэнцкага хору. Наладжваў пастаноўкі п’ес, быў акцёрам, маляваў дэкарацыі. Рэдагаваў насценную газету. Паводле слоў Пятра Глебкі, «ні адна з газет у тэхнікуме не выходзіла без яго ўдзелу»[4]. Разам з Максімам Лужаніным і Пятром Глебкам выпускаў вусную сатырычную газету «Чырвоны прамень» пад псеўданімам «Шавец». У той час Паўлюк Трус кватараваў у свайго дзядзькі Ігнася Нісцюка — шаўца паводле прафесіі (адкуль і псеўданім). Актыўна друкаваўся ў газетах і адначасова займаўся апрацоўкай фальклорна-паэтычных матэрыялаў для кампазітараў Уладзіміра Тэраўскага, Нестара Сакалоўскага, Рыгора Пукста, Ісака Любана.
У 1925 годзе прыняты ў літаратурнае аб’яднанне «Маладняк». Раз на тыдзень наведваў паэтычную студыю, дзе слухаў лекцыі Адама Бабарэкі. Наведваў школы і рабочыя клубы, прымаў удзел у літаратурных дыскусіях. У гэтым жа годзе ўдзельнічаў у першым з’едзе літаратурнага аб’яднання «Маладняк» і быў абраным у ягоны сакратарыят.
У 1926 годзе ўслед за групай пісьменнікаў выйшаў з «Маладняка», аднак пасля настаўленняў Платона Галавача, Міхася Чарота і Міхася Зарэцкага вярнуўся ў арганізацыю. У чэрвені 1927 года атрымаў дыплом настаўніка сямігодкі і Цэнтральнае бюро «Маладняка» прапанавала паэту рэдактарскую пасаду ў Менску, але ён вырашыў з’ехаць са сталіцы. У лісце да Янкі Ліманоўскага ад 20 чэрвеня 1926 напісаў: «Перад тым, як пераводзіцца ва ўніверсітэт, я думаю год ці 1,5 папрацаваць»[5]. Ліпень 1927 года правёў у Нізку, дапамагаючы бацькам па гаспадарцы.
5 жніўня 1927 года разам з іншымі пісьменнікамі-маладнякоўцамі па пуцёўцы Наркамасветы на два тыдні выправіўся ў Крым, а ў верасні паехаў на працу ў Гомель, дзе акруговы аддзел народнай асветы вызначыў яму пастаяннае месца працы ў Рэчыцкай дзевяцігодцы настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Але ў Рэчыцу не паехаў, бо ў першыя ж дні ўладкаваўся ў акруговую сялянскую газету «Новая деревня». Пасля ліквідавання газеты праз некалькіх месцаў перайшоў на пасаду загадчыка беларускага аддзела ў газету «Палеская праўда».
Акрамя рэдакцыйнай працы актыўна займаўся асветніцкай дзейнасцю на нядаўна далучанай да БССР Гомельшчыне:
Калі я стаў сустракацца з людзьмі, якія не ведаюць і нават не хочуць прызнаць, што існуе нейкая Беларусь, не гаворачы ўжо аб яе багатым гістарычным мінулым, то гэта яшчэ больш надавала мне ахвоты абудзіць у людзей забытую імі нацыянальную свядомасць, абудзіць сярод іх любасць да Беларусі, у прыватнасці да беларускае мовы і літаратуры[5] |
У Рэчыцы, Увараўскім і Буда-Кашалёўскім раёне ладзіў вакальна-літаратурныя вечары, на якіх неадменна чытаў свой даклад «Беларусь і яе культура», знаёміў слухачоў з навінамі беларускай літаратуры, дэкламаваў свае вершы. Пасля Гомеля вярнуўся ў Менск. У жніўні 1928 года зрабіў падарожжа ў Капыль, дзе яго сустракаў Мікола Хведаровіч, і наведаў маці Цішкі Гартнага Яўгенію Антонаўну. Пасля Капыля адправіўся ў Нізок да хворай маці, якая памерла 16 снежня 1928 года. З невядомых прычын Паўлюк Трус на пахаванні не прысутнічаў.
У верасні 1928 года стаў студэнтам літаратурна-лінгвістычнага аддзялення педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Узімку 1928 года жыў у пакойчыку Міколы Хведаровіча на вул. Шпітальнай. Пасля знайшоў сабе кватэру ў Серабранцы. Узімку 1929 года ўладкаваўся на працу ў Беларускі радыёкамітэт як супрацоўнік літаратурнай рэдакцыі.
Пасля здачы экзаменацыйнай сесіі за першы курс улетку 1929 года, пагасціўшы ў Нізку, аправіўся ў падарожжа па Магілёўшчыне і вярнуўся ў Менск у сярэдзіне жніўня. Па дарозе дамоў адчуў як штохвілінна мацнеюць сімптомы невядомай хваробы. Наведаў сяброў, якія адпачывалі ў Ждановічах пад Менскам. Адчуўшы сябе зусім кепска, пакінуў Ждановічы і пехатаю дабраўся да гарадской бальніцы, ужо з высокай тэмпературай. Выратаваць паэта лекарам не ўдалося.
Памёр 30 жніўня 1929 года ад тыфу ва ўзросце дваццаці пяці гадоў. На хаўтурах паэта прысутнічалі шматлікія пісьменнікі, паэты і прадстаўнікі ЦК КП(б)Б. Тагачасная перыёдыка надрукавала шматлікія некралогі і жалобныя словы ад Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў, літаратурных аб’яднанняў «Узвышша» і «Полымя». Пахаваны на Вайсковых могілках у Менску.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Друкавацца пачаў з 1923 года. У 1923—1924 гадах публікаваўся ў газетах «Радавая рунь», «Малады араты», «Савецкая Беларусь», «Чырвоная змена», часопісах «Беларускі піянер», «Маладняк», «Полымя» і інш. У газеце «Беларуская вёска» друкаваў вершы, фельетоны, дасціпныя прыпеўкі, кансультаваў і апрацоўваў допісы карэспандэнтаў (з 30 верасня да 17 снежня 1924 года ў газеце было надрукавана каля дзесяці твораў паэта).
У 1925 годзе выдаў зборнік паэзіі «Вершы», апублікаваў больш за шэсцьдзясят сваіх твораў у беларускай перыёдыцы. У 1928 годзе разам з Міколам Хведаровічам стварыў серыю літаратурных пародый пад агульным псеўданімам Себасцян Старобінскі, якія былі надрукаваныя ў «Маладняку» (1929, № 4)
Аўтар зборнікаў паэзіі «Вершы» (1925) і «Ветры буйныя» (1927). Рыхтаваў трэці зборнік пад назваю «Чырвоныя ружы» і працаваў над паэмаю «Сірата Алеся».
Пасмяротна выйшлі «Творы» (1935), кнігі Выбраных твораў (1931, 1940, 1941, 1946, 1949, 1953, 1958, 1967, 1977, 1979), «Новай квадры настаў маладзік» (вершы і паэмы, 1984). Для дзяцей была выдадзеная кніга паэзіі «Падаюць сняжынкі» (1983).
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]У гонар Паўлюка Труса названыя вуліцы ў Мінску і Уздзе.
Зноскі
- ↑ Запартыка Г. 2004, с. 68.
- ↑ Гарэлік Л. 1994, с. 9.
- ↑ а б Запартыка Г. 2004, с. 69.
- ↑ Глебка П. Паўлюк Трус / Паэзія барацьбы і перамогі. — Мн., 1973. — С. 171
- ↑ а б Запартыка Г. 2004, с. 71.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Трус Паўлюк // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
- Трус Паўлюк // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
- Паўлюк Трус // Першацвет адраджэння: Вучэб. дапам. па беларус. літ. для ст. кл. сярэд. шк. / Склад. М. А. Федасеенка, Т. П. Прохарава, Г. М. Разанава і інш. — Мн.: Нар. асвета, 1995. — С. 388. — 511 с ISBN 985-03-0216-X
- Гарэлік Л. Залатое ранне паэзіі. Творчасць Паўлюка Труса // Роднае слова. — 1994. — № 5.
- Запартыка Г. «На сцежках светлай вясны...» Жыццё і творчасць Паўлюка Труса // Роднае слова. — 2004. — № 5. — С. 68—75.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Паўлюк Трус у Вікікрыніцах | |
Паўлюк Трус на Вікісховішчы |
- Паўлюк Трус: паэт, які адправіў піянэра на Марс і раззлаваў Маякоўскага // Радыё Свабода, 06 мая 2019
- Нарадзіліся 6 мая
- Нарадзіліся ў 1904 годзе
- Нарадзіліся ў Нізку
- Памерлі 30 жніўня
- Памерлі ў 1929 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Пахаваныя на Вайсковых могілках (Мінск)
- Выпускнікі Мінскага беларускага педагагічнага тэхнікума
- Выпускнікі педагагічнага факультэта БДУ
- Сябры літаратурнага аб’яднання «Маладняк»
- Члены Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Паэты Беларусі
- Беларускамоўныя паэты
- Памерлі ад брушнога тыфу