Павел Якаўлевіч Жаўрыд

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з П. Я. Жаўрыд)
Павел Якаўлевіч Жаўрыд
П. Жаўрыд у гады Першай сусветнай вайны
П. Жаўрыд у гады Першай сусветнай вайны
Дата нараджэння 13 чэрвеня 1889(1889-06-13)
Месца нараджэння
Дата смерці 11 мая 1939(1939-05-11) (49 гадоў)
Месца смерці
Альма-матар
Месца працы
Грамадзянства
Прыналежнасць Расійская імперыя, РСФСР[d] і БНР
Бітвы/войны
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Па́вел Я́каўлевіч Жаўры́д (13 чэрвеня 1889, в. Цяцераўка, цяпер Капыльскі раён, Мінская вобласць — 11 мая 1939, пас. Княж-Пагост, Комі АССР, ГУЛАГ[1]) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, журналіст. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 13 чэрвеня 1889 года ў фальварку Цяцераўка[A] Слуцкага павета. Жаўрыды паходзілі са збяднелай шляхты Цялядавіцкай воласці. У 1905 годзе яго бацька, Якаў Жаўрыд, скарыстаўшыся пазыкай сялянскага банка, набыў хутар Магільскі ў Старобінскай воласці. Такім чынам сям’я набыла 45 дзесяцін малапрыдатнай для земляробства зямлі. Жаўрыды былі ў цяжкім матэрыяльным становішчы, таму што трэба было плаціць вялікія грошы банку. Праз гэта яны не маглі дапамагчы сыну, які ў той час вучыўся[2].

Пачатковую адукацыю атрымаў у народнай вучэльні Грэска. У 1909 годзе скончыў Слуцкую гімназію. У Слуцку Павел жыў у доме Асвяцімскіх, дзе пасябраваў з вядомым беларускім эсэрам Маркам Асвяцімскім. Таксама ў Слуцкай гімназіі Павел блізка пазнаёміўся з Фабіянам Шантырам. З Шантырам ён ужо з 4 класа збіраў нелегальныя сходы, распаўсюджваў літаратуру і рабіў даклады на рэвалюцыйную тэму. Гімназісты далі яму мянушку «Арганізацыя»[2].

Вучыўся на юрыдычным факультэце Варшаўскага ўніверсітэта. У 1916 годзе мабілізаваны ў расійскае войска. У 1917 годзе скончыў Віленскую вайсковую вучэльню, эвакуіраваную ў Палтаву. Накіраваны ў Туркестан, пазней на Румынскі фронт, пасля Лютаўскай рэвалюцыі абраны старшынёй палкавога камітэта[3]. На тым участку вайны сканцэнтравалася амаль 100 тысяч беларусаў[2]. Ад беларусаў-вайскоўцаў дэлегаваны на Усебеларускі з’езд 1917 года ў Менску[3]. У тэрмін у Менск ён не паспеў праз транспартныя цяжкасці, прыехаў толькі пад самы канец працы з’езда. На фронт больш не вярнуўся, бо старая армія развалілася. У час Кастрычніцкай рэвалюцыю і нямецкай акупацыі жыў у бацькоўскім хутары[2].

З 1918 года працаваў юрысконсультам у Слуцкага павятовага зямельнага аддзела, сябра БПСР. Старшыня Цэнтральнага бюро Камуністычнай партыі Беларусі Карл Ландэр уключыў Жаўрыда ў склад камісіі па праверцы дзейнасці Слуцкай ЧК. Жаўрыд выкрыў шматлікія злоўжыванні. У адплату ўлетку 1919 года арыштаваны ЧК, абвінавачаны ў дапамозе Дзянікіну. Спачатку апынуўся ў Слуцкай турме, з надыходам польскай арміі — у Бабруйскай крэпасці, пазней у Смаленскай ЧК. Вызвалены ў снежні 1919 года разам з польскімі ваеннапалоннымі, якіх польскі бок абмяняў на расійскіх зняволеных[2]. Вярнуўся ў Слуцк, дзе быў абраны старшынёй Слуцкага Беларускага нацыянальнага камітэта. У ліпені 1920 года мабілізаваны ў Чырвоную армію (памочнік камандзіра Слуцкай кавалерыйскай роты)[3].

У канцы 1920 года Найвышэйшай радай БНР прызначаны камісарам Случчыны, уваходзіў у склад Беларускай рады Случчыны. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання 1920 года. У лістападзе 1920 года падпісаў План-канспект нарады («Слуцкая акцыя») некаторых беларускіх сацыялістаў з прадстаўнікамі мясцовых землеўласнікаў па абмеркаванні сумесных дзеянняў супраць бальшавікоў, асноўныя палажэнні якога былі: вызваленне Беларусі і дасягненне яе незалежнасці; незалежнасць Беларусі здабываецца шляхам федэрацыі з Польшчай праз больш цесную яе сувязь з Сярэдняй Літвой; надзея толькі на ўласныя сілы, сілы краю, а значыць — палітыка праводзіцца ў духу выканання ўсіх пастулатаў насельніцтва; унутраныя непаразуменні паміж палітыкамі і іншымі слаямі насельніцтва павінны быць выключаны; нацыянальная роўнасць; дзяржаўнасць несумненна беларуская; апора на мясцовыя самаўрады; узбройванне ўсяго насельніцтва Беларусі і прыём у рэгулярнае беларускае войска добраахвотнікаў з Польшчы; радыкальная зямельная рэформа і яе рэкламаванне; пазбяганне рэквізіцый; дапамога ў забеспячэнні харчаваннем; законны ўрад, створаны Найвышэйшай Радай, — склад ураду: 50% беларусаў, 40% палякаў і 10% яўрэяў. Такі нацыянальны склад ураду і ўся сітуацыя — каб атрымаць гарантыі дапамогі ад Польшчы; апора на Польшчу, Сярэднюю Літву і Францыю — каб змагацца з бальшавікамі. Сярод іншых падпісчыкаў плана-канспекта былі: Альгерд Гардзялкоўскі, Раман Аляксандравіч Скірмунт, Ігнат Парэмбскі, Абязерскі, Чэслаў Крупскі, Андрэй Якубецкі, Ражноўскі, Кузьма Цярэшчанка, Лявон Дубейкаўскі, Аркадзь Смоліч, Антон Неканда-Трэпка, Сяргей Баран[4]. Запланаваныя намеры не ажыццявіліся, а таксама правалілася вярбовачная кампанія Беларускай вайсковай камісіі (БВК) на Гарадзеншчыне ў склад беларускіх збройных аддзелаў[5].

У 1921 годзе жыў у Вільні, сябра тамтэйшага Беларускага нацыянальнага камітэта ды Беларускай школьнай рады[3].

Потым вярнуўся на Случчыну, у БССР. У 1923—1930 гадах працаваў у Белсельпрамсаюзе, Мар’інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, Інбелкульце, рэдакцыі газеты «Звязда» (у часе арышту стыльрэдактар).

Павел Жаўрыд, фота са справы ДПУ, 1930 г.

Арыштаваны ДПУ БССР 18 ліпеня 1930 года па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года асуджаны за «шкодніцтва і антысавецкую агітацыю» да 5 гадоў лагераў. Вызвалены 21 чэрвеня 1934 года. Пасля выхаду з лагера жыў у ссылцы ў Сарапуле, Удмурцкая АССР. Зноў арыштаваны ў 1937 годзе і асуджаны на 10 гадоў лагераў, верагодна, этапаваны ў Паўночна-чыгуначны канцлагер НКУС Комі АССР (пас. Княж-Пагост), дзе памёр ад хваробы.

Рэабілітаваны паводле першага абвінавачання судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 10 чэрвеня 1988 года, паводле другога — Кіраўскім абласным судом. Групавая справа Жаўрыда і іншых № 20951-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. Быў жанаты, гадаваў траіх дзяцей.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Цяпер не існуе, фальварак месціўся па дарозе паміж вёскамі Стары Капыль і Думічы, цяпер Капыльскі раён.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]