Цела даўжынёй ад некалькіх мікраметраў да некалькіх сантыметраў, цыліндрычнае, верацёна-, ніткападобнае, укрытае кутыкулай. Самцы маюць развітыя або рудыментальныя бурсальныя крылы. Кішэчнік — прамая трубка, нервовая сістэма — каляглотачнае кальцо і нервовыя ствалы, выдзяляльная сістэма мае выгляд двух унутрыклетачных каналаў.
Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі больш за 100 відаў, найбольш адзначаюцца дыктыякаўліды(Dictyocaulidae), метастрангіліды(Metastrongylidae), пратастрангіліды(Protostrongylidae), трыхастрангіліды(Trichostrongylidae). Многія з іх узбуджальнікі рабдытыдозаў — глісных хвароб амфібій, паўзуноў, птушак, млекакормячых жывёл і чалавека (канчатковыя гаспадары). Тыя, што жывуць свабодна, насяляюць глебу, прэсныя вадаёмы.
Большасць раздзельнаполыя. Адкладваюць яйцы, ёсць жывародныя. Развіццё монаксеннае (з адным гаспадаром), радзей гетэраксеннае (са зменай паразітных пакаленняў і тых, што жывуць свабодна).
Зянькоў А. У. Рабдытыды // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт/Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985.—599 с., іл.— 10 000 экз.