Перайсці да зместу

Рабковыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рабковыя

Чарнабрухі рабок (Pterocles orientalis)
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Pteroclidae Bonaparte, 1831

Роды

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  177040
NCBI  56295
EOL  7991
FW  39350

Рабко́выя, або рабкі́ (лац.: Pteroclidae), — адзінае сямейства птушак атрада рабкападобных (Pterocliformes).[1]

Назва і сістэматыка

[правіць | правіць зыходнік]

Раней рабковых залічалі да атраду голубападобных, іх збліжалі з галубамі паводле шэрагу марфалагічных і экалагічных прыкмет. Сучасныя даследчыкі, аднак, разглядаюць рабковападобных як асобны атрад.[2]

Белабрухі рабок (Pterocles alchata)

Рабкі — птушкі сярэдняй велічыні з кампактным тулавам, невялікай галубінай галавой, падоўжанымі вострымі крыламі і звычайна завостраным або падоўжаным хвастом. Даўжыня цела да 45 сантыметраў, маса да 550 грам.[3] Афарбоўка пераважна пясчаная, вохрыстая, жаўтаватая або бураватая, што добра маскіруе птушак на адкрытай глебе, у стэпах і пустынных ландшафтах.[4]

Дзюба кароткая, без васкавіцы. Ногі кароткія; у саджаў апераны і галёнка, і пальцы, а задні палец адсутнічае; ва ўласна рабкоў апярэнне пакрывае толькі пярэднюю частку ног, пальцы голыя, а задні палец рудыментарны і прыўзняты над зямлёй.[5][3]

Крылы доўгія і моцныя, з адзінаццаццю развітымі махавымі пёрамі, таму рабковыя здольны хутка ўзлятаць і вытрымліваюць доўгія пералёты.[5]

Для сямейства характэрны палавы і ўзроставы дымарфізм: самцы часта буйнейшыя і маюць больш выразнае, яркае апярэнне, чым самкі і маладыя птушкі.[4]

Пашырэнне і арэал

[правіць | правіць зыходнік]

Рабкі пашыраны пераважна ў Афрыцы і Азіі, асобныя віды сустракаюцца ў Паўднёвай Еўропе. Яны насяляюць стэпы, саванны, паўпустыні і пустыні.[3][4] Большасць відаў аселыя, аднак капытка здольная да далёкіх нерэгулярных залётаў за межы асноўнага арэала.[6]

Рабковыя — пераважна наземныя птушкі. Трымаюцца чародкамі, хутка бегаюць па зямлі, пры небяспецы рэзка ўзлятаюць і ляцяць хутка, па простай лініі. Для многіх відаў істотнае значэнне маюць рэгулярныя палёты да вадапояў.[4] У дарослых птушак, асабліва ў самцоў, пер’е на ніжняй частцы цела можа ўвабіраць і захоўваць ваду, якую яны могуць пераносяць птушанятам.[7]

Харчаванне і размнажэнне

[правіць | правіць зыходнік]

Асноўны корм складаюць насенне і зялёныя часткі раслін, але могуць есці і насякомых.[3] Часта кормяцца на адкрытых участках з нізкай расліннасцю або на аголенай глебе.

Гняздуюцца на зямлі. Гняздо звычайна ўяўляе сабой неглыбокую ямку, часам слаба высланую сухімі раслінамі. У кладцы звычайна 2—3 яйцы, у асобных выпадках да 4.[3][6] Афарбоўка яек плямістая, добра прыстасаваная да маскіроўкі на глебе.

Склад сямейства

[правіць | правіць зыходнік]

Сучасныя віды рабковых аб’ядноўваюцца ў два роды:[1]

  • Syrrhaptes — саджы; 2 віды, пашыраныя ў Цэнтральнай і Усходняй Азіі. Да гэтага роду належыць капытка (Syrrhaptes paradoxus), адзіны від сямейства, адзначаны ў Беларусі.
  • Pterocles — рабкі; 14 відаў, пашыраных у Афрыцы, Паўднёвай Еўропе і Азіі.
Рабко́выя (Pteroclidae)
SyrrhaptesСаджы

Капытка (Syrrhaptes paradoxus)



Тыбецкая саджа (Syrrhaptes tibetanus)



PteroclesРабкі

Белабрухі рабок (Pterocles alchata)



Pterocles namaqua



Чырванабрухі рабок (Pterocles exustus)



Сенегальскі рабок (Pterocles senegallus)



Чарнабрухі рабок (Pterocles orientalis)



Pterocles gutturalis



Светлабрухі рабок (Pterocles coronatus)



Pterocles decoratus



Pterocles burchelli



Pterocles personatus



Чарналобы рабок (Pterocles lichtensteinii)



Pterocles bicinctus



Pterocles indicus



Pterocles quadricinctus




Капытка (Syrrhaptes paradoxus) — выпадкова залётны від у Беларусі

У фаўне Беларусі рабковыя прадстаўлены толькі капыткай (Syrrhaptes paradoxus), якая мае статус выпадкова залётнага віду.[3]

Асноўны арэал саджы ахоплівае сухія стэпы, паўпустыні і пустынныя раёны ад Прыкаспія і Сярэдняй Азіі да Усходняга Кітая. У Еўропу, у тым ліку на тэрыторыю Беларусі, від залятае нерэгулярна; найбольш прыкметныя інвазіі адбываліся ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя.[6]

Зноскі

  1. 1 2 Pteroclidae / Sandgrouse (англ.). World Bird Names. Праверана 3 ліпеня 2026.
  2. eBird/Clements Checklist v2025: Higher-Level Taxonomy (англ.). Clements Checklist. Cornell Lab of Ornithology (31 кастрычніка 2025). Праверана 3 ліпеня 2026.
  3. 1 2 3 4 5 6 Самусенка Э. Р. Рабковыя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мінск: БелЭн, 2001. — С. 185.
  4. 1 2 3 4 Сямейства Рабкі. Дзікая прырода побач. ТАА «Дзікая прырода». Праверана 3 ліпеня 2026.
  5. 1 2 Pterocliformes — Sandgrouse (англ.). BirdGuides. Праверана 3 ліпеня 2026.
  6. 1 2 3 Саджа. Дзікая прырода побач. ТАА «Дзікая прырода». Праверана 3 ліпеня 2026.
  7. Pteroclidae — Sandgrouse (англ.). BirdGuides. Праверана 3 ліпеня 2026.
  • Самусенка Э. Р. Рабковыя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мінск: БелЭн, 2001. — С. 185.
  • Голубападобныя // Энцыклапедыя прыроды Беларусі: У 5 т. Т. 2: Гатня — Катынь / Рэдкал.: І. П. Шамякін і інш. — Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя, 1983.
  • Капытка // Энцыклапедыя прыроды Беларусі: У 5 т. Т. 2: Гатня — Катынь / Рэдкал.: І. П. Шамякін і інш. — Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя, 1983.