Перайсці да зместу

Рабочы факультэт БДУ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рабочы факультэт БДУ
БДУ
Заснаваны 1921
Закрыты 1939

Рабочы факультэт БДУ — колішні факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які існаваў у 1921—1939 гадах.

1 лістапада 1921 г. на трох факультэтах БДУ — рабочым, медыцынскім і грамадскіх навук — пачаліся рэгулярныя заняткі для 1390 студэнтаў.

На 1 ліпеня 1922 на факультэце налічвалася 264 студэнты. Навучальнай справай на факультэце займаліся савет і прадметныя камісіі — па рускай мове і літаратуры, фізіка-матэматычных навуках, па прыродазнаўстве і грамадазнаўстве.[1]

У 1922/1923 навучальным годзе на рабочым факультэце вывучаліся на першым курсе: матэматыка — 8 гадзін у тыдзень, руская мова і гісторыя літаратуры — 6 гадзіны, гісторыя культуры — 3 гадзіны, палітычная эканомія - 1 гадзіна, геаграфія — 2 гадзіны, прыродазнаўства — 4 гадзіны, графічная грамата (чарчэнне) — 2 гадзіны. На другім курсе да вышэйпералічаных прадметаў дадавалася 4 гадзіны фізікі. На трэцім курсе чарчэнне і агульная геаграфія не вывучаліся. На матэматыку адводзілася 8 гадзін на тыдзень, руская мова і гісторыю літаратуры — 6 гадзін, гісторыю культуры — 4 гадзін, палітычную эканомію — 2 гадзіны, эканамічную геаграфію — 2 гадзіны, прыродазнаўства — 4 гадзіны, Канстытуцыю РСФСР — 1 гадзіна, гістарычны матэрыялізм — 1 гадзіна. Апошні курс працоўнага факультэта быў падзелены на тры спецыяльныя аддзяленні — тэхнічнае, біялагічнае і грамадска-эканамічнае.[2]

Узімку 1924 рабфак меў у сваім складзе наступныя навучальна-дапаможныя падраздзяленні:

  • Фізічны кабінет
  • Прыродна-гістарычны кабінет
  • Факультэцкую бібліятэку[3]

Да 1927/1928 навучальнага года рабочы факультэт БДУ функцыянаваў па выразна ўсталяваным навучальным плане. Першы курс дзяліўся на чатыры групы (чацвёртая была яўрэйскай, і ў ёй студэнты, акрамя абавязковых для ўсіх прадметаў, вывучалі яўрэйскую мову — 8 гадзін на тыдзень). Студэнты рабфака першага курса вывучалі: беларускую мову — 8 гадзін (студэнты яўрэйскай группы — 6 гадзін), рускую мову — 6 гадзін, палітграматнасць — 4 гадзіны, матэматыку — 8 гадзін, чарчэнне — 2 гадзіны, прыродазнаўства — 6 гадзін (яўрэйская група — 5 гадзін), усеагульную геаграфію — 5 гадзін, геаграфію Беларусі — 2 гадзіны, нямецкую мову — 2 гадзіны, ваенную падрыхтоўку — 2 гадзіны. Усяго на навучальныя дысцыпліны выдзялялася 45 гадзін на тыдзень (студэнты яўрэйскай групы займаліся 50 гадзін).[2]

На другім курсе студэнты ўсіх чатырох груп вывучалі: беларускую мову — 6 г, рускую мову — 6 гадзін, ленінізм — 4 гадзіны, гісторыю класавай барацьбы — 4 гадзіны, матэматыку — 11 гадзін, фізіку — 6 гадзін, прыродазнаўства — 7 гадзін, эканамічную геаграфію — 4 гадзіны, нямецкую мову — 2 гадзіны, ваенную падрыхтоўку — 2 гадзіны. Усяго на заняткі адводзілася 52 гадзіны на тыдзень.[2]

На трэцім курсе слухачы выбіралі спецыялізацыю і дзяліліся на групы. Па адной групе набіралі на гуманітарны і біялагічны напрамкі і дзве групы — з тэхнічным ухілам.

Аўдыторная нагрузка вар’іравалася ад 46 да 54 гадзін у тыдзень у залежнасці ад напрамку, абранага студэнтам, — гуманітарнага, біялагічнага ці тэхнічнага. У гуманітарным класе на рускую і беларускую мовы адводзілася па 6 гадзін на кожную дысцыпліну, па 5 гадзін — на палітычную эканомію і гісторыю класавай барацьбы, 10 гадзін — на матэматыку, 8 гадзін — на фізіку, 4 гадзіны — на хімію, 2 гадзіны — на нямецкую мову і 2 гадзіны — на ваенную падрыхтоўку. Па біялагічным профілі навучальныя гадзіны размяркоўваліся наступным чынам: руская і беларуская мовы — па 6 г, палітычная эканомія — 4, гісторыя класавай барацьбы — 4, матэматыка — 10 гадзін, фізіка — 8 гадзін, хімія — 7 гадзін, нямецкая мова — 2 гадзіны. Навучэнцы па тэхнічным напрамку таксама вывучалі рускую і беларускую мовы — 6 гадзін у тыдзень, палітычную эканомію і гісторыю класавай барацьбы — 4 гадзін, 12 гадзін вылучалася на вывучэнне матэматыкі, 6 адводзілася на чарчэнне, 8 гадзін — на фізіку, 6 гадзін — на хімію і 2 гадзіны — на нямецкую мову.[2]

У верасні 1937 ЦК ВКП(б) прыняў пастанаўленне «Аб рабфаках», у якім, адзначаючы станоўчыя вынікі іх дзейнасці, заклікаў Саўнаркам і Наркамасветы Беларускай ССР прыняць «неабходныя меры да ўмацавання сеткі рабфакаў і да далейшага паляпшэння пастаноўкі ў іх навучальнай справы». 5 жніўня 1938 рабочы факультэт перайшоў пад юрысдыкцыю Народнага камісарыята асветы БССР. Але да гэтага часу вострая неабходнасць у рабочых факультэтах ўжо адпала, паколькі сістэма агульнай і спецыяльнай сярэдняй адукацыі ў БССР была наладжана. Рабочы факультэт быў скасаваны ў 1939 г.[2]

На рабфаку працавалі ўніверсітэцкія выкладчыкі.