Рабінавая ноч

Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Начная навальніца.

Рабінавая (арабінавая, вераб’іная) ноч[1] ― ва ўсходніх славян назва навальнічнай ночы, якая абавязкова чакаецца ўлетку. На працягу ўсёй ночы неба скаланаюць грымоты, бліскаюць маланкі, лье праліўны дождж, дзьме моцны вецер, узнікаюць віхуры. Згодна з народным павер’ем, у гэту ноч з пекла на свет выходзілі ўсё злыя сілы, якія нібыта спраўлялі сваё галоўнае гадавое свята.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Выраз вядомы ў беларускай, рускай і ўкраінскай літаратурных мовах і дыялектах: бел.: рабінавая ноч, руск.: воробьиная ночь, укр.: гороби́на ніч. Усе тры назвы, верагодна, узыходзяць праз серыю фанетычных трансфармацый і народна-этымалагічнага збліжэння да адзінай праформы рабіная ноч, зафіксаванай у старажытнарускай мове пачынаючы з XV стагоддзя[2].

Першапачатковая форма спалучэння ― «рабіная ноч», гэта значыць «рабая, пярэстая ноч», ― ноч з маланкамі, з ветрам і навальніцай. Рабая, падобная вераб’ю, ноч, калі цемра перамяжоўваецца бліскавіцамі. У гэтыя ночы вераб’і вылятаюць з гнёздаў, трывожна цвыркаюць, неспакойна збіраюцца ў чародкі і г. д. На аснове выразу «рабіная ноч» пазней, у выніку этымалагічнага перараджэння, атрымаўся размоўны абарот «рабінавая ноч», а затым і «вераб’іная ноч». Ва ўкраінскай мове, напрыклад, выраз «горобина ніч» азначае не толькі «вераб’іны», але і «рабінавы»[3][4].

Упершыню паняцце «рабінная ноч» сустракаецца ў летапісе пры апісанні бітвы паміж дружынамі Яраслава Мудрага і яго брата Мсціслава (1024):

«И бывши нощи рябинной, бысть тма и гром бываше и молния и дождь… И бысть сеча зла и страшна, яко посветяаше моления, тако блещашеся оружие их, и еликоже молния осветяше, толико мечи ведяху, и тако друг друга секаше, и бе гроза велика и сеча силна»[5].

Здагадку аб дадзеным выразе выказаў савецкі славіст Ф. П. Філін[ru]: ён, які існуе і цяпер у смаленскіх і беларускіх гаворках, трапіў у кіеўскае кайнэ з крывіцкіх зямель[6].

А. М. Фінкель звязаў яго з са словам рабы (бел.: пярэсты)[7].

Ва ўкраінскай мове выраз «горобина ніч» звязваецца з паводзінамі вераб’ёў падчас навальніцы:

«На працягу лета бывае некалькі бурных начэй, з градам, ліўнямі і навальніцамі, і гэтыя ночы называюцца вераб’інымі. Лівень бывае моцным да такой ступені, што выганяе вераб’ёў з іх сховішчаў, і небаракі лётаюць цэлую ноч, жаласліва чылікаюць»[8].

Канстанцін Паустоўскі ў аповесці «Гераічны паўднёвы ўсход» пісаў:

«— Ведаеце, як называюцца такія ночы з бесперапыннай маланкай? ― Не, ― адказала Клава. ― Вераб’іная. Таму што ад яркіх выбліскаў вераб’і прачынаюцца, пачынаюць кідацца ў паветры, а потым, калі маланкі згасаюць, разбіваюцца ў цемры аб дрэвы і сцены.»

Беларуска-польскі этнограф Часлаў Пяткевіч у нарысе пра Беларускае Палессе пісаў:

«Рабок (верабей) ёсць героем усім вядомай рабінавай ночы, у часе якой бура расцярушвае, рассейвае рабкоў, якія трымаюцца чародкамі. Рабінавая ноч бывае між прачыстымі (другая палавіна жніўня — першы тыдзень верасня). Перуны б’юць адзін за адным, страшэнны лівень лье … а бліскавіца блісь ды блісь, здаецца, што ўвесь свет гарыць. У гэтую ноч рабкі як паразлятаюцца…, то ўжо так і жывуць па адным. Таму гэтая ноч завецца рабінавая»[9].

Не выключана, што выраз Рабінавая ноч таксама можа быць звязана з вобразам рабіны. Сапраўды, такія ночы бываюць у пару цвіцення рабіны і паспявання яе ягад.

Час Рабінавай ночы[правіць | правіць зыходнік]

У розных месцах час «Рабінавай ночы» вызначаецца па рознаму. У цэнтральнай еўрапейскай частцы Расіі гэты час, калі цвіце рабіна або перыяд з 19-га па 22-га чэрвеня, калі надыходзіць самая вялікая працягласць дня ― 17 гадзін 37 хвілін, а ноч доўжыцца 6 гадзін 23 хвіліны. Старыя смаленскія і беларускія павер’і кажуць, што Рабінавая ноч надыходзіць каля Успення (15 жніўня па старым стылі) або паміж Ільіным днём і Калядамі Багародзіцы (8 верасня па старым стылі). Строга вызначанага часу такіх начэй няма: у адных месцах іх 1-3 у годзе, у іншых 5-7 (гэта залежыць ад мясцовасці і асаблівасцяў прыроды). На Кіеўшчыне і Жытоміршчыне, напрыклад, гэта была ноч напярэдадні Івана Купалы або Пятрова дня, у некаторых месцах сяляне лічылі, што гэты час, калі зацвітае папараць. Таксама Рабінавай ноччу часцяком называюць звычайную ноч з моцнымі навальніцамі, бліскавіцамі[10].

Рабінавая ноч як містычная з’ява[правіць | правіць зыходнік]

Дамавы верабей.

Паводле адных меркаванняў, у Рабінавую ноч розная нечысць страшыла хрышчоных людзей, паводле другіх — наадварот, усе стыхіі прыроды ядналіся, каб знішчыць нячыстую сілу. Кожны забіты ці пакалечаны ў гэту ноч перуном лічыўся нядобрым чараўніком[11].

На паўднёвай Украіне асэнсаванне «Рабінавай ночы» адбывалася на аснове народнай этымалогіі мовы: там такой (Вараб’інай) ноччу называлі ноч на 1 верасня (дзень Сімяона Стоўпніка), калі «чорт мерае вераб’ёў». Яны збіваюцца ў вялікія чароды ў адно месца, і там чэрці адмераюць іх чацьверыкамі, падграбаюць да сябе і высыпаюць ў пекла. Хто не ўвайшоў у меру ― тых адпускае. Пакаранне такое вераб’ям за тое, што яны падносілі цвікі, калі распіналі Хрыста. За тое ж у іх і лапкі «звязаныя вяровачкай» ― вераб’і не ходзяць, а падскокваюць. У Беларусі «Рабінавая ноч» лічылася адначасова і часам разгулу ўсялякай нечысці, і як час, калі гром і маланка (лічыцца, што гэта так б’е Пярун) забіваюць нядобрых чараўнікоў і нячыстую сілу[12]. На працягу ўсёй гэтай ночы скалынае гром, граюць маланкі, лье доўгі дождж, дзьме моцны вецер. Вераб’і пачынаюць спалоханна ўзлятаць, б’юцца аб дрэвы і падаюць на зямлю. Паводле вясковых павер’яў, у гэтую ноч з пекла выходзяць і ўсе нячысцікі, якія нібыта спраўляюць сваё галоўнае свята ў годзе. Па адным з меркаванняў, у Рабінавую ноч нечысць палохала людзей, па іншых усе сілы прыроды ядналіся знішчыць нячыстую сілу, якая распладзілася за лета пасля Купалля. Кожны пакачеланы ці забіты маланкай ў Рабінаваю ноч лічыўся калдуном. Каб маланка не спаліла хату або гаспадарчыя пабудовы, перад ноччу вешалі абярэг ― які-небудзь брудны абрус, у іншых мясцінах да даху прывязвалі чырвоныя ніткі. На Палессі думалі, што ад моцнага ветру ў гэтую ноч рабчыкі разлятаюцца па лесе і да самага такавання жывуць паасобку.

Таксама меркавалася, што навальніца ў Рабінаваю ноч нібыта патрэбна для спялення ягад рабіны, калі ж ягады не спелі — чакалі благога заканчэння лета і халоднай восені; калі ж ягада не паспела ― чакалі дажджлівага канца лета і наступнай халоднай восені[13].

У літаратуры і мастацтве[правіць | правіць зыходнік]

Вобраз Рабінавай (вераб’інай) ночы адлюстраваны ў аповесцях Я. Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», І. С. Тургенева «Першая любоў», А. М. Рэмізава «Вераб’іная ноч», А. С. Серафімовіча «Вераб’іная ноч», К. Паўстоўскага «Гераічны паўднёвы ўсход», В. Каверына «Вераб’іная ноч», В. Д. Маракова «Рабінавая ноч»[14] і іншых. Рабінавая (вераб’іная) ноч прысутнічае ў п’есах Т. Міціньскага «Рабінавая ноч»[15], Т. Габэ «Аўдоцця Рязаночка», А. Дударава «Вераб’іная ноч», І. Ілюхова «Вераб’іная ноч», у апавяданні Ул. Караткевіча «Паром на бурнай раце».

Мастацкі фільм «Рабінавыя ночы» (1984), Свярдлоўская кінастудыя. Шматлікія вершы і песні з назвамі «Рабінавая ноч» (Вераб’іная ноч) ― на рускай, украінскай і беларускай мовах. Папулярная ва Украіне песня «Горобина ніч» на вершы Ліліі Залатаношы, выкананая Аксанай Білазір: «Не в тому річ, не в тому річ, що горобина плаче ніч…». Сяргеем Курохіным у 1993 годзе напісана «Вераб’іная араторыя». На тэму «Рабінавай ночы» напісаны карціны мастакоў Н. Ермакова, Г. Вашчанкі, А. Гурэнкова.

Зноскі

  1. К. Крапіва. Беларуска-рускі слоўнік (бел.) / Пад рэд. А.Лукашанца; НАН Беларусі, Ін-т мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. — 4. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2012. — ISBN 978-985-11-0613-0.
  2. Топорков 1995, с. 433.
  3. Коваль У. Г. Да паходжання фразеалагізма рабінавая (вераб’іная) ноч // Беларуская лінгвістыка : зборнік. — 1994. — В. 43. — С. 38-40.
  4. Бирих А. К., Мокиенко В. М., Степанова Л. И. Воробьиная ночь // Русская фразеология. Историко-этимологический словарь. — М.: 2005. Архівавана з першакрыніцы 25 лютага 2009.
  5. Новгородская Четвертая летопись. ПСРЛ, т.4. Праверана 1848.
  6. Філін Ф. П. Лексіка беларускай літаратурнай мовы старажытнарускай эпохі // Учёные Записки педагогического института им. А. И. Герцена. — Л.: 1949. — Т. 80. — С. 258-259.
  7. Фінкель А. М. Вераб'іная ноч // Вопросы языкознания. — М.: 1956. — № 4. — С. 92-95.
  8. «Словарь малорусского наречия, составленный А. Афанасьевым-Чужбинским», СПб., 1855
  9. Янкоўскі Ф. М. Беларуская фразеалогія. Фразеалагізмы, их значэнне, ужіванне. Слоўнік. — Мн., 1968. — 451 с.
  10. Агапкина Т. А., Топорков А. Л. Воробьиная (рябиновая) ночь в языке и поверьях восточных славян // Славянский и балканский фольклор. — М.: 1989. — С. 230—253.
  11. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
  12. Васілевіч У. А. Рабінавая ноч // Этнаграфія Беларусі. — Мн.: 1989. — С. 419.
  13. Азимов Э. Г. Полесские поверья о вихре // Полесье и этногенез славян. — М.: 1983.
  14. Валеры Маракоў. Рабінавая ноч (бел.) / Л. У. Маракоў. — Мінск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-.
  15. Нелепко Е. П. Мотивы белорусского фольклора в драме Тадеуша Мициньского «Рябиновая ночь» // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні: зб. навуковых артыкулаў. — Гродно: Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, 2010. — С. 314—321.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Аксамітаў А. С. Беларуская народная міфалогія як крініца ўтварэння фразеалагічных адзінак // Problemy frazeologii europejskiej. II: Frazeologia a religia /Pod redakcija A. M. Lewickiego i W. Chlebdy. ― Warszawa: Energeia, 1997. S. 75.
  • Васілевіч У. А. Рабінавая ноч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 184. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
  • Демидович П. Из области верований и сказаний белорусов // Этнографическое обозрение. ― М., 1896. № 1. Кн. 28. С. 91—120.
  • Коваль У. І. Народныя ўяўленні, павер’і і прыкметы: Даведнік па ўсх.-слав. міфалогіі. ― Гомель: Беларус. агенцтва навукова-тэхн. і дзелавой інфарм., 1995. С. 177.
  • Матвеев Л. Т. Основы общей метеорологии. Физика атмосферы. ― Л., Гидрометеоиздат, 1965.
  • Топорков А. Л. Воробьиная ночь // Славянские древности: Этнолингвистический словарь / Под ред. Н. И. Толстого; Институт славяноведения РАН. — М.: Международные отношения, 1995. — Т. 1. — С. 433—434. — ISBN 5-7133-0703-4..

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]