Рагвалод

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Рагвалод
ст.-рус.: Рогъволодъ
Rahvałod, Rahnieda (Połacak). Рагвалод, Рагнеда (Полацак).jpg
князь полацкі
945-947 — 978
Пераемнік Ізяслаў Уладзіміравіч

Нараджэнне X стагоддзе
Смерць 978
Полацк
Род Ізяславічы Полацкія
Дзеці 2 сыны; дачка Рагнеда
Дзейнасць арыстакрат
Гады службы згадваецца ў 978
Commons-logo.svg Рагвалод на Вікісховішчы

Рагвалод (ст.-рус. Рогъволодъ, Роговолодъ; ? — 978) — першы гістарычна вядомы князь полацкі (940-я — 978). Бацька Рагнеды і праз яе пачынальнік роду полацкіх князёў Ізяславічаў.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

У артыкуле 980 года «Аповесць мінулых часоў» (XII ст.) паведамляе, што «Рагвалод прыйшоў з-за мора, і меў уладу сваю ў Полацку» («Рогъволодъ перешелъ изъ заморья, имяше волость свою Полотьске»). Іншых звестак пра паходжанні Рагвалода ў крыніцах няма. У «Аповесці мінулых часоў» разам з Рагвалодам названы тураўскі князь Тур, многія даследчыкі лічаць гэта не выпадковым і выказваюць думкі пра іх агульнае паходжанне.

Імя[правіць | правіць зыходнік]

У 1879 годзе дацкі мовазнавец В. Томсен паказаў, што імёны Рогволодъ і Рогнѣдь — стараславянская транскрыпцыя распаўсюджаных скандынаўскіх імёнаў Рагвалд (стар.-паўн. Ragnvald) і Рагнейдзь (Ragnheiðr)[1]. З таго часу пераважная большасць даследчыкаў, у т. л. сучасныя А. А. Мельнікава, А. А. Рыдзеўская, Т. М. Джаксан і іншыя, трымаюцца такога меркавання.

Да 2-й паловы XIX ст., пачынаючы з М. І. Кастамарава, выказвалася і меркаванне, што імёны Рогволодъ і Рогнѣдь славянскага паходжання. Імя Рогволодъ прапаноўвалі выводзіць ад спалучэння фармантаў -рог і -валод (параўн.: валодаць) і давалі тлумачэнне: «той, хто валодае рогам», у значэнні «той, хто валодае ўладай», — праводзячы паралель з імем Усевалад. Да такога меркавання далучаліся гісторыкі П. В. Галубоўскі, М. І. Кастамараў, М. В. Доўнар-Запольскі і інш. З сучасных даследчыкаў такую магчымасць не адмаўляе Л. В. Аляксееў, як не адмаўляе ён і скандынаўскага паходжання гэтых імён[2]. Прыхільнікі гэтага меркавання ёсць і цяпер, у асноўным у ненавуковым асяродку. Каб зняць супярэчнасць з паведамленнем «Аповесці мінулых часоў», якое ўскосна ўказвае на скандынаўскае паходжанне Рагвалода, яны сцвярджаюць, што прыход з-за мора неабавязкова сведчыць пра скандынаўскае паходжанне.

Славянскае паходжанне імён Рогволодъ і Рогнѣдь лічыцца малаверагодным. Праблемай гіпотэзы славянскага паходжання імён з’яўляецца адсутнасць прамых славянскіх паралеляў, а таксама іншых славянскіх імён з фармантам -рог. У свой час гісторык С. А. Гедэонаў прыводзіў чэшскую паралель Рагаўлад (Rohovlad)[3]. Аднак Рагаўлад бытавала толькі ў межах аднаго шляхецкага роду Букувак і было не імем, а мянушкай, а пазней прозвішчам, і паходзіла ад рагоў, выяўленых на родавым гербе.

Пазней імем Рагвалод названы старэйшы з унукаў полацкага князя Усяслава Брачыславіча — Рагвалод-Васіль Барысавіч, а імем Рагнеда — Рагнеда Мсціслаўна, пры гэтым вядомыя яе сёстры таксама названы скандынаўскімі імёнамі Мальмфрыда і Інгеборга.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паводле Маскоўскага зводу 1479 года, Рагвалод з’явіўся ў Полацку ў часы кіеўскага князя Святаслава Ігаравіча (945—972), чыя ўвага была адцягнутая далёкімі паўднёвымі паходамі[4]. Напэўна, не пазней за лета 971 года, калі Святаслаў пасадзіў свайго сына Уладзіміра ў Ноўгарадзе, бо ўжо тады «Рагвалод трымае і ўладарыць, і княжыць у Полацкай зямлі». Магчыма, і да 947 года, калі кіеўская княгіня Вольга, перамагла ятвягаў, займалася справамі Пскова, ставіла пагосты па Мсце і Лузе і, паводле падання, пабудавала Віцебск — наведала землі вакол, але не Полацк, адзін з буйнейшых гарадоў у рэгіёне. Таму выказана думка, што Вольга тады ўжо не валодала Полацкай зямлёй, а ўмацоўвала межы з ёю.

У 2-й палове 975 года ў канфлікце з князем кіеўскім Яраполкам Святаславічам загінуў яго брат, оўруцкі князь Алег Святаславіч. Другі Яраполкаў брат — Уладзімір Святаславіч, спалохаўся і ў канцы 975 года ўцёк з Ноўгарада «за мора». Яраполк паставіў у Ноўгарадзе свайго намесніка і пасаднікаў і ўладарыў Руссю адзін. Вясной 978 года Уладзімір з наёмнай дружынай вярнуўся з-за мора ў Ноўгарад, забіў намесніка і прагнаў пасаднікаў Яраполка, сказаўшы: «Ідзіце да майго брата і скажыце: Уладзімір ідзе на цябе, будзь гатовы з ім біцца». Абодва браты, відавочна, пачалі шукаць саюзнікаў, таму і Яраполк, і Уладзімір прыслалі сватоў у Полацк[5].

Рагвалод, відаць, палічыў такі саюз выгодным і прыняў яго. Паводле Тацішчава, Рагвалод пачаў ваяваць наўгародскія воласці — якія менавіта застаецца дыскусійным. Тым часам паміж Полацкай і Наўгародскай зямлёй былі вялікія нічыйныя абшары. Адзінае месца, дзе княствы, верагодна, межавалі — вярхоўі Ловаці. Таму, думаюць, на гэтыя землі і мог быць скіраваны напад Рагвалода. Яраполк паслаў на дапамогу Рагвалоду сваё войска, каб не даць Уладзіміру ваяваць «Крыўскую зямлю». Разам з ваяводамі адправіў і паслоў, каб схіліць брата да міру.

Уладзімір таксама паслаў у Полацк сватоў, але Рагнеда была ўжо змоўлена за Яраполка. Паводле летапісу, Рагвалод запытаўся дачку: «Ці хочаш за Уладзіміра?», — а яна адказала: «Не хачу разуць рабычыча, а хачу Яраполка». Нават калі гэтыя абразлівыя словы і былі сказаныя 12-гадовай Рагнедай, наўрад ці яны належаць ёй самой, і наўрад ці менавіта яны былі прычынай для вайны. Рагвалод у барацьбе паміж Уладзімірам і Яраполкам стаў на бок апошняга, што немінуча вяло да вайны Ноўгарада з Полацкам, якая, магчыма фактычна ўжо і вялася Рагвалодам, а адказ Рагнеды быў толькі своеасаблівай дэкларацыяй намераў полацкага князя[6]. Праўда, нельга выключаць, словы прычыніліся да жорсткасці расправы з полацкай княжацкай сям’ёй.

Уладзімір з войскам з варагаў, наўгародцаў, чудзі і крывічоў прыйшоў пад Полацк, калі Рагнеду ўжо сабралі да Яраполка. Рагвалод выйшаў супраць Уладзіміра, але быў разбіты і зачыніўся ў горадзе, мабыць, у спадзяванні дачакацца кіеўскіх войскаў. Уладзімір узяў Полацак, недзе ў маі 978 года, «і паланілі Рагвалода і сыноў яго, і жонку яго, і дачку. І зневажаў Дабрыня [дзядзька Уладзіміра] яго, і прыгадаў Рагнедзе, як назвала князя рабычычам, і загадаў Уладзіміру быць з ёю перад бацькам і маці. Пасля Уладзімір забіў бацьку, братоў і маці яе, а саму ўзяў у жонкі».

Бой з войскам Рагвалода і ўзяцце горада, мусіць, дорага абышліся войску Уладзіміра. Паводле В. М. Тацішчава, які спасылаўся на Іаакімаўскі летапіс, калі Уладзімір у Полацку даведаўся пра набліжэнне кіеўскіх войскаў, то спалохаўся і хацеў бегчы ў Ноўгарад. Дабрыня ж, ведаючы, што Яраполк не падабаецца паганцам, стрымаў пляменніка і паслаў да яраполкавых ваявод дары, прапануючы перайсці на свой бок. Ваяводы абяцалі перайсці і выканалі сваё абяцанне ў бітве пры «рацэ Друці, у трох днях шляху ад Смаленска». Яраполк застаўся без войска, якое часткай перайшло на бок Уладзіміра, а часткай было знішчанае. Такім чынам, ваяводы Яраполка спазняліся да Полацка, мусіць на 5—10 дзён.

Пасля гэтага Уладзімір і Дабрыня з войскам пайшлі на Кіеў. Неўзабаве Яраполк быў здрадліва забіты. Уладзімір 11 чэрвеня 978 года абвешчаны кіеўскім князям.

Спрэчныя пытанні[правіць | правіць зыходнік]

Прыхільнікі славянскай версіі паходжання Рагвалода і яго сям’і звяртаюць увагу на апісаны ў летапісе звычай разуваць жаніха — не скандынаўскі і агулам не германскі звычай, а таксама, што ў германцаў не было звычаю адвозу нявесты да жаніха. Ставіцца пад сумнеў, ці маглі Рагвалод і Рагнеда, калі былі скандынавамі, так хутка засвоіць славянскія звычаі.

Аднак вядома, што скандынавы ў Нармандыі, Данелагу і Сіцыліі хутка пераймалі мясцовыя звычаі і мову — у другім і нават першым пакаленні. Выказваецца меркаванне, што Уладзімір не забіў Рагнеду разам з бацькамі і братамі, а ўзяў за жонку, толькі каб атрымаць за ёю спадчанныя правы на Полацк, што быццам сведчыць пра такія правы Рагвалода — князя мясцовага і славянскага паходжання.

Таксама паўстае пытанне пра згаданага побач з Рагвалодам у летапісе Тура, князя тураўскага — некаторыя даследчыкі лічаць іх роднымі братамі і з гэтага выводзяць іх супольны радавод[7]. Сляды Рагвалода і Тура знаходзяць нават у Францыі, дзе апошні нібыта заснаваў горад Тур.

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

  • Паштовая марка Рэспублікі Беларусь «Рагвалод — князь полацкі» (1993).
  • Памятныя манеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь «Рагвалод Полацкі. Рагнеда» (з серыі «Умацаванне і абарона дзяржавы»). Наміналы: 1 рубель (медна-нікелевая), 20 рублёў (срэбная); дызайн: С. Заскевіч (Беларусь); чаканка: ЗАТ «Літоўскі манетны двор», Вільнюс, Літва; выпуск у зварот: 9 лістапада 2006[8].

Зноскі

  1. Der Ursprung der russischen Staates. 14, 7.
  2. Алексеев, Л. В. Полоцкая земля в IX—XIII вв. : Очерки истории Северной Белоруссии / Л. В. Алексеев. — Москва : Наука, 1966. — С. 238.
  3. С. А. Гедэонаў спасылаецца на Časopis Českého museum, т. VI, с. 65.
  4. Заяц, 2013, с. 19
  5. Франклин, Шепард, 2009, с. 225-226
  6. Самонова М. Н. Полоцкое княжество в системе… С. 6;
  7. Канавалаў…
  8. Памятныя манеты «Рагвалод Полацкі і Рагнеда» Архівавана 31 сакавіка 2015. // Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Łatyszonek, O., Bely, A. On the Scandinavian origin of Rahvalod // Annus Albaruthenicus — Год беларускі. — 2005. — № 6.
  • Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества Х — XIII вв. — Москва, 1975.
  • Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды / Мікола Ермаловіч; Прадм. М. А. Ткачова. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1990. — 365,[2] с.: іл. — С. 67—80. — ISBN 985-6026-01-6.
  • Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ — ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. — Мінск, 1998. — 260 с.
  • Заяц Ю. А. Полоцкий княжеский дом: правовой аспект взаимоотношений князей Полоцкого и Киевского домов (985—1129 гг.) // Матэрыялы па археалогіі Беларусі. Даследаванні сярэдневяковых старажытнасцей Цэнтральнай Беларусі (памяці Ю. А. Заяца) / Навук.рэд.: В. М. Ляўко. — Вып. 24. — Мінск: «Беларуская навука», 2013.
  • Коновалов Ю. В. Русско-скандинавские связи середины IX — середины XI вв. Архівавана 7 чэрвеня 2008. // Историческая генеалогия. Вып. 5. — Екатеринбург — Париж, 1995. — С. 42—59.
  • Навіцыян Г. Князь, які «прішелъ и-заморья»: гіпотэза паходжаньня Рагвалода Архівавана 13 сакавіка 2016. // ARCHE. — 2006. — № 9 (49). — С. 137—142. — Эл. версія на старонцы ARCHE.
  • Самонова М. Н. Полоцкое княжество в системе династических связей и политических взаимоотношений Руси со Скандинавией и Польшей в XI — начале XIII в. // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы: науч. сб. Вып. 5. — Минск: РИВШ, 2012. — 244 с. — С. 6-24;
  • Самонова М. Н. Рогволод и Рогнеда: скандинавские корни династии // Alba Ruscia: белорусские земли на перекрестке культур и цивилизаций (X—XVI вв.) / Отв. ред. А. В. Мартынюк. — М.: Квадрига, 2015. — С. 8-26.
  • Самонова М. Н. Рагвалод, Торвальд, Эймунд: скандынаўскі след у гісторыі Полацкага княства // Беларускі гістарычны часопіс. — 2019. — № 3. — С. 3-11.
  • Франклин С., Шепард Д. Начало Руси. 750-1200 = The Emergence of Rus: 750—1200 / Simon Franklin and Jonathan Shepard. — London; New York: Longman, 1996. — 450 p. (Longman History of Russia). / Авторизованный перевод с английского: Д.М. Буланин, Н.Л. Лужецкая. — СПб: Дмитрий Буланин, 2009. — 671 с. — ISBN 0-582-49091-X. — ISBN 978-5-86007-629-7.
  • Штыхаў Г. Рагвалод // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 43. — ISBN 985-11-0214-8.