Перайсці да зместу

Рагвалод-Васіль Барысавіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рагвалод-Васіль Барысавіч
Выява князя на аверсе пячаткі Рагвалода-Васіля.
Выява князя на аверсе пячаткі Рагвалода-Васіля.
князь полацкі
1144 1151
Папярэднік Васілька Святаславіч
Пераемнік Расціслаў Глебавіч
1159 1162
Папярэднік Расціслаў Глебавіч
Пераемнік Усяслаў Васількавіч
князь друцкі
1158 пасля 1171
Папярэднік Глеб Расціславіч
Пераемнік Барыс Рагвалодавіч

Нараджэнне 1110-я
Смерць не раней за 1171
Род Рурыкавічы
Бацька Барыс Усяславіч
Жонка Ізяслаўна Рагвалодава[d][1]
Дзеці Глеб Рагвалодавіч і мерк. Барыс
Веравызнанне праваслаўе
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Рагвалод Барысавіч, у хрышчэнні Васіль (1110-я — пасля 1171) — князь полацкі (1144—1151; 1159—1162), князь друцкі (1158 — пасля 1171).

Сын полацкага князя Барыса Усяславіча, напэўна, старэйшы брат Івана і Звяніславы.

На думку Эдуарда Загарульскага, у 1128 годзе князь Барыс, напэўна, праз хваробу страціў дзеяздольнасць і стала пытанне пра ажыццяўленне ўлады ў Полацку. На гэта прэтэндаваў наступны паводле старшынства Усяславіч — князь Давыд, але палачане былі супраць, хацелі каб пры Барысе ўладарыў яго сын Рагвалод Барысавіч. Магчыма, паміж Давыдам і палачанамі з Рагвалодам адбываўся канфлікт. Напэўна, гэта і было «няпраўдай» Давыда праз якую вялікі князь кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў вялікі паход у Полацкую зямлю, але пэўна яго мэты невядомы. Палачане «ўзялі» князя Рагвалода і пайшлі з ім да вялікага князя Мсціслава, атрымаць санкцыю на ўладаранне пры бацьку, што Мсціслаў і дазволіў. На думку Загарульскага, Рагвалод тады быў зусім малады, бо выступае не самастойна, а як аб’ект дзеянняў палачан.

Неўзабаве, на пачатку 1129 года, князь Барыс памёр і Давыд урэшце сеў на полацкім стальцы. Тым самым 1129 годам вялікі князь Мсціслаў збіраў паход супраць полаўцаў, заклікаў і полацкіх князёў, пагатоў новы полацкі князь Давыд даводзіўся яму сватам. Паводле Васіля Тацішчава, полацкія князі кпліва адмовіліся. Таксама, паводле Тацішчава, пакуль Мсціслаў ваяваў з полаўцамі, полацкія князі (магчыма Давыд і Рагвалод) ваявалі паміж сабою, а нейкія з іх і нападалі на ўладанні Мсціслававых родзічаў. Вярнуўшыся з паходу, Мсціслаў адправіў ваявод у Полацкую зямлю, яны захапілі многіх полацкіх князёў, у тым ліку Давыда і Рагвалода, і прывезлі іх у Кіеў. У 1130 годзе над Полацкімі Ізяславічамі адбыўся «суд рускіх князёў», паводле яго выраку разам з сем’ямі іх выслалі ў Візантыю.

Князь Рагвалод Барысавіч, напэўна, разам з братам Іванам, вярнуўся з Візантыі ў 1139 годзе, але на полацкім стальцы тым часам сядзеў яго стрыечны брат — Васілька Святаславіч. Нягледзячы на старшынство, Рагвалод, мусіць, атрымаў нейкі невялікі ўдзел. Толькі пасля смерці князя Васількі (пачатак 1144 года) Рагвалод стаў полацкім князем, а вясною 1144 года ажаніўся з дачкой вялікага князя кіеўскага Ізяслава Мсціславіча.

Княжыў да 1151 года, калі палачане схапілі яго і перадалі менскім князям, якія пасадзілі Рагвалода ў турму. На полацкі сталец сеў Расціслаў Глебавіч. Толькі ў 1158 годзе менскія князі, паводле Тацішчава, пад пагрозай Юрыя Даўгарукага вызвалілі Рагвалода, з Менску ён паехаў у Слуцк. У Слуцку, уладанні чарнігаўскіх князёў, быў не доўга, адтуль дручане запрасілі яго на княжанне ў Друцк выгнаўшы з горада Глеба Расціславіча. Рагвалод пагадзіўся і паехаў у Друцк, насустрач яму выехала 300 дручан на чаўнах. Выгнанне Глеба Расціславіча з Друцка выклікала вайну менскіх Глебавічаў з Рагвалодам — Глебавічы аблажылі Друцк, але штурмы былі беспаспяховыя, урэшце яны заключылі мір паводле якога пакідалі яму Друцк і дадавалі яшчэ нейкія воласці, а ён адмаўляўся для іх ад Полацка.

У 1159 годзе палачане змовіліся і выгналі з Полацка князя Расціслава Глебавіча і зноў паклікалі Рагвалода Барысавіча, прасілі дараваць ім за колішнюю выдачу менскім князям. Гэта прычынілася новаму канфлікту з Глебавічамі, Рагвалод правёў супраць іх некалькі ваенных кампаній, але не вельмі паспяховых — у апошняй (1162) быў разбіты Валадаром Глебавічам. Параза была цяжкая, загінула шмат палачан, Рагвалод не вярнуўся ў Полацк, а паехаў у Друцк. На полацкім стальцы пры падтрымцы смаленскіх князёў сеў Усяслаў Васількавіч.

Апошні раз Рагвалод-Васіль згадваецца надпісам на так званым «Рагвалодавым камяні» пад 1171 годам, магчыма, жыў і да 1180 года, калі князем у Друцку названы яго сын Глеб Рагвалодавіч.

Некаторыя выданні называюць яго сынам таксама Расціслава Рагвалодавіча невядомых гадоў нараджэння і жыцця.[2]

Зноскі

  1. Данилевич В. Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV столетияКиев: 1896. — С. 84. — 260 с.
  2. История родов русского дворянства: В 2 кн. / авт.-сост. П. Н. Петров. — СПб., 1886. (Переизд.: — М.: Современник; Лексика, 1991. — ISBN 5-270-01515-3)
  • Алексеев, Л. В. Полоцкая земля: (очерки истории Северной Белоруссии) в IX—XIII вв. / Л. В. Алексеев; АН СССР, Ин-т археологии. — М.: Наука, 1966. — 295 с., 3 л. карт.: ил., карт. — С. 267—274.
  • Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ-ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. — Мн., 1998. − 260 с.
  • Штыхаў Г. Рагвалод Барысавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 43. — ISBN 985-11-0214-8.