Рагоза (пісар гаспадарскі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рагоза
Нараджэнне XIV стагоддзе
Смерць не раней за 1432
Дзейнасць дзяржаўны служачы

Рагоза (2-я палова XIV ст. — пасля 1432) — пісар найвышэйшы рускі вялікіх князёў Вітаўта і Свідрыгайлы.

На думку Сяргея Палехава, Рагоза быў русінам або доўга жыў на Русі, што пацвярджае яго мянушка, добра зразумелая з русінскай мовы. Падобныя прозвішчы былі распаўсюджаны як у літоўскай, так і ў маскоўскай частцы Русі.[1]

Пэўны час Палехаў лічыў[2], што Рагоза паходзіў з Чарнігаўскай зямлі, якой працяглы час валодаў Свідрыгайла перад вялікім княжаннем, але, паводле самога даследчыка, думка грунтавалася на кантэксце і даволі няпэўнай крыніцы[3]. Пазней Палехаў выявіў кароткае апісанне ліста вялікага князя Вітаўта да вялікага магістра, якое праясняе асобу Рагозы[3]. Ліст, напісаны ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада 1418 года, сам не захаваўся, тычыўся крадзяжу вопраткі, каштоўнасцяў і грошай вялікага князя падчас літоўска-ордэнскай сустрэчы ў Вялёне (13-22 кастрычніка 1418) трыма русінамі, якія збеглі ў Ордэн, акалічнасці падзей у лісце пацвярджае «наш найвышэйшы рускі пісар Рагоза» («unsir obirster Ruwssche schreiber Rahoza»)[4]. На думку Палехава, пацвярджэнне словамі Рагозы сведчыць, што русіны-злачынцы маглі быць яго падначаленымі, а таксама пра пэўны давер да яго вялікага князя Вітаўта[4].

Таксама Палехаў звяртае ўвагу на надаўчую грамату вялікага князя Вітаўта нейкаму Санку Андрэйкаву Радзевічу, выдадзеную 22.8.1424 года падчас падарожжа па Заходнім Падоллі. Грамата раней выдавалася Ежы Ахманскім, але ў польскай траслітарацыі, якая дакладна грамату не перадае. У правым ніжнім вуглу дакумента ёсць подпіс «Раг», перададзены Ахманскім як «Ra», які з веданнем месца Рагозы у канцылярыі, і пазнейшай традыцыі скарочаных подпісаў, можна дапусціць за яго подпіс. Такім чынам, напэўна, Рагоза заставаўся на службе і ў 1424 годзе.[5]

Пазней успамінаецца пад 1431—1432 гадамі як давераны вялікага князя Свідрыгайлы. На пачатку ліпеня 1431 года пасланы разам з пісарам гаспадарскім да вялікага магістра па пытаннях сустрэчы[6]. У сярэдзіне жніўня 1431 года — разам з панам Андрушкам Няміравічам пасланы да караля Ягайлы па пытанні спынення баявых дзеянняў у вайне на Валыні, 6 верасня ён паручыўся каралю за вялікалітоўскіх палонных[1]. У канцы студзеня 1432 года, разам з навагародскім намеснікам Петрашам Мантыгірдавічам і сакратаром гаспадарскім, Рагоза вёў перамовы з палякамі пра ахоўныя граматы (глейты) для ордэнскіх і малдоўскіх паслоў, якія, па словах вялікага князя Свідрыгайлы, мусілі ўзяць удзел у польска-літоўскай сустрэчы запланаванай на 2 лютага, але ахоўных грамат ім не выдалі[1]. Пасля Рагоза крыніцамі не ўспамінаецца. Усё гэта дазволіла Рымвідасу Пятраўскасу сцвярджаць[7], што Рагоза быў набліжаным вялікага князя Свідрыгайлы[1]. На думку Палехава, вялікі князь Свідрыгайла «успадкаваў» Рагозу разам з канцылярыяй вялікага князя Вітаўта[8].

Не ясна, ці тоесны гэты Рагоза і Рагоза Якшыч, які ў сярэдзіне XV ст. атрымаў 10 «чалавек» ад вялікага князя Казіміра Ягелончыка[1].

Зноскі

  1. а б в г д Polechow 2019, p. 203.
  2. Полехов 2015, с. 189.
  3. а б Polechow 2019, p. 204.
  4. а б Polechow 2019, p. 205.
  5. Polechow 2019, p. 210.
  6. Polechow 2019, p. 202.
  7. Petrauskas 2003, p. 283.
  8. Polechow 2019, p. 211.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]