Радзівілаўская карта

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Радзівілаўская карта выдання 1613 года, якое утрымлівае таксама карту Дняпра. Пад картамі таксама былі геаграфічныя і этнічныя апісанні
Радзівілаўская карта 1635 года выдання

Magni Ducatus Lithuaniae caeterumque regionum illi adiaciencium exacta descriptio («Падрабязнае апісанне Вялікага Княства Літоўскага і суседніх краін»[1], вядомая таксама, як Радзівілаўская карта — карта зямель Вялікага Княства Літоўскага ў масштабе 1:1 300 000 створаная пад кіраўніцтвам Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Карта была створана галандскім картографам і гравёрам Гесэлем Герыцам па малюнкам Тамаша Макоўскага. Першае выданне карты было надрукавана ў Амстэрдаме ў 1613 годзе, у друкарні Вілема Янсэна Блаў[2].

Радзівілаўская карта лічыцца шэдэўрам картаграфічнага мастацтва, з кропкі гледжання дакладнасці яна пераўзышла карты XVII і XVIII стагоддзяў. Шырока выкарыстоўвалася ў картаграфіі Усходняй Еўропы[3].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка, з 1579 года маршалак вялікі літоўскі, а пазней віленскі ваявода, зацікавіўся складаннем падрабязнай карты Вялікага Княства Літоўскага, якая б адпавядала існаваўшым на той час стандартам картаграфічнага мастацтва. Для гэтага ён сабраў каманду ў складзе кіеўскага ваяводы Канстанціна-Васіля Астрожскага, англійскага матэматыка і езуіта Якуба Босграве і мастака Тамаша Макоўскага[3].

Гэтыя людзі працавалі над картай з 1595 па 1599 гады. Зборам матэрыялаў і правядзеннем вымярэнняў займаўся Тамаш Макоўскі, які, верагодна, таксама падрыхтаваў і асноўны малюнак карты[4]. Геаграфічныя параметры былі часткова ўзяты з дакументаў валочнай памеры, зямельнай рэформы, ініцыянаванай у 1547 годзе каралевай Бонай Сфорца. На карце былі паказаныя 1020 населеных пунктаў, 357 з якіх упершыню прадстаўлены ў картаграфіі[5].

Першапачатковая медзярытавая карта была прызначана для размяшчэння на сцяне. Акрамя зямель Вялікага Княства Літоўскага ў межах з канца XVI стагоддзя, на карце былі паказаныя і суседнія тэрыторыі (значная частка Украіны, Герцагства Прусія, Курляндыя, частка Мазовіі і Малой Польшчы). Акрамя таго, на карце была размешчана складаўшаяся з дзвюх частак схема ніжняга Дняпра, аж да яго вусця разам з дадатковымі апісаннямі, напрыклад, дняпроўскіх парогаў. Дняпро быў важным камунікацыйным і транспартным шляхам для Вялікага Княства Літоўскага. Заходняя Дзвіна, таксама паказаная на карце, адыгрывала падобную ролю. Пад картамі было вычарпальнае геаграфічнае і этнічнае апісанне Вялікага Княства Літоўскага[2].

У пазнейшых выданнях карты Дняпра і ніжняе апісанне былі выдалены, а затым карта Вялікага Княства Літоўскага была надрукаваная асобна, у выглядзе квадрата памерам прыкладна 74×74 см[6].

У 1631 годзе Вілем Блаў таксама ўключыў карту ў свой атлас Appendix Theatri A.Ortelii et Atlantis G. Mercatoris. Каб палепшыць чытальнасць карты ў атласе, ён надрукаваў яе з чатырох медных пласцін і размясціў на чатырох асобных старонках. Карты Дняпра былі ўключаны ў атлас асобна. Усяго да 1670 года сям'я Блаў 17 разоў публікавала ў сваіх атласах Радзівілаўскую карту Вялікага Княства ў нязменным фармаце, з датай 1613[5].

Радзівілаўская карта выдзяляецца сваёй незвычайнай для таго часу дакладнасцю і багаццем геаграфічных дэталяў, якія суправаджаюцца шматлікімі апісаннямі і іканаграфічнымі сцэнамі. Аналіз дакладнасці размяшчэння паселішчаў паказвае, што яна такая ж ці больш дакладная, як на картах Вялікага княства складзеных да 1770 года[7]. Яшчэ адной асаблівасцю карты з'яўляюцца надзвычай дакладная і падрабязная гідраграфічная сетка. У выніку гэтага Радзівілаўская карта больш за сто гадоў лічылася найважнейшай крыніцай інфармацыі аб тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, а ў наш яна з'яўляецца каштоўнай гістарычнай крыніцай[2].

Фрагмент карты, на якім паказваецца міжрэчча Заходняй Дзвіны і Дняпра.

Зноскі

  1. Поўная назва: MAGNI DVCATVS LITHVANIAE, CAETERARVMQVE REGIONVM ILLI ADIACENTIVM EXACTA DESCRIPTIO. Ill[ustri]ss[i]mi ac Excell[enti]ss[i]mi Pri[n]cipis et D[omi]ni D[omini] Nicolai Christophori Radziwil, D[ei] G[ratia] Olycae ac in Nieswies Ducis, S[acri] Rom[ani] Imperii Principis in Szylowiec ac Mir Comitis et S[ancti] Sepulchri Hierosolimitani Militis etc. opera, cura et impensis facta ac in lucem edita. У перакладзе: Падрабязнае апісанне Вялікага Княства Літоўскагаі іншых сумежных з ім краін, справа завершана і апублікавана дзякуючы працы, намаганням і выдаткам Найслаўнейшага і Найсвятлейшага Князя і пана Мікалая Крыштафа Радзівіла Божай міласцю князя Свяшчэннай рымскай імперыі ў Алыцы і Нясвіжы, графа ў Шыдлоўцы і Міры і рыцара Труны Гасподняй ў Іерусаліме.
  2. 2,0 2,1 2,2 Jarosław Łuczyński Przestrzeń Wielkiego Księstwa Litewskiego na mapie radziwiłłowskiej Tomasza Makowskiego z 1613 roku w świetle treści kartograficznej i opisowej, Zapiski historyczne, tom LXXVIII, rok 2013
  3. 3,0 3,1 Algimantas Česnulevičius (2013). M. K. Radvila map in Middle Europe mapping context of the XVII century. p. 145–153. https://etalpykla.lituanistikadb.lt/object/LT-LDB-0001:J.04~2013~1400872544392/. 
  4. J. Jakubowski, Tomasz Makowski, sztycharz i kartograf nieświeski, Warszawa 1923
  5. 5,0 5,1 Znane i nieznane dziedzictwo księcia Mikołaja Krzysztofa Radziwiłła Sierotki – Echa Polesia. polesie.org.
  6. Maps1601-22.
  7. Jarosław Łuczyński, Analiza dokładności mapy Wielkiego Księstwa Litewskiego Tomasza Makowskiego z 1613 r., tzw. radziwiłłowskiej na podstawie siatki zniekształceń, Polski Przegląd Kartograficzny t. 33: 2001, nr 4, s. 365–371

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]