Радковыя спевы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Маленькая стыхіра Пяцідзясятніцы ў выкананні ансамбля Хронас

Радковыя спевы — від старарускага царкоўнага шматгалосся ў XVIXVII стст. Назва ад спосабу запісу: партыі, запісаныя крукамі, размяшчаліся адна пад адной над радком тэксту. На Украіне і Беларусі вядомы з пачатку XVI ст., у Расіі з другой паловы XVI ст.

Рэпертуар радковых спеваў склаўся на аснове песнапенняў, пераважна гімнічнага характару, царкоўных зборнікаў Ірмалой, Актоіх, Святы (адсюль радкі названыя ірмалойнымі, актойнымі або святочнымі). У залежнасці ад колькасці радкоў радковыя спевы былі 2-, З- і 4-галосыя, мелі лінеарную меладычную прыроду і апіраліся на народныя падгалосачна-контрапунктычнае шматгалоссе; як асноўны голас выкарыстоўваліся песнапенні знаменнага спеву. Гэты голас называўся пуцём і быў ніжнім у 2-, ніжнім ці другім знізу ў З- і 4-галосых напевах. 2- і 3-галосыя радковыя спевы блізкія да шматгалосся, пашыранага ў беларускім народным выканальніцтве на поўдні Мінскай, у Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Для іх характэрна першаснасць мелодыі і другаснасць сугуччаў. Дыяпазон і тэмбр голасу не улічваліся. У 2-галоссі радковых спеваў ёсць аналогіі з гетэрафоніяй усходне-славянскай традыцый народнай песні. Найбольш пашыраны 3-галосыя радковыя спевы, тыповыя для народна-песеннага і кантавога шматгалосся. З развіццём шматгалосай традыцыі ускладняліся падгалосачныя, лінеарныя і акордавыя формы.

Дзямественная стыхіра Вялікадня ў выкананні ансамбля Хронас

Запісваліся радковыя спевы знаменнай і дзямественнай натацыямі. Крукі, або знамёны, паказвалі колькасць гукаў і кірунак руху напеву, але не заўсёды пазначалі канкрэтныя рытмічныя працягласці. Асноўная тэндэнцыя знаменных радковых партытур — адвольнае выкарыстанне больш простых знакаў безлінейнай натацыі. Характэрныя палеаграфічныя прыкметы — двайныя пазначэнні (літары светлага і простага сагласій у спалучэнні з дадатковым знакам — коскай злева ці справа). Першы (дзямественнік) і 3-і (пуць) безлінейныя радкі пісалі чорнай тушшу, 2-і (ніз) і 4-ы (верх) — кінавар'ю.

Радковыя спевы падрыхтавалі глебу для партэсных спеваў і выцеснены імі на Беларусі ў другой палове XVI ст., у Расіі — у сярэдзіне XVII ст.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]