Радрыгес (востраў)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Радрыгес
Rodrigues Island topographic map-be.svg
19°43′00″ пд. ш. 63°25′00″ у. д.HGЯO
Акваторыя Індыйскі акіян
Краіна Flag of Mauritius.svg Маўрыкій
Радрыгес (востраў) (Індыйскі акіян)
Радрыгес
Радрыгес
Плошча 108 км²
Насельніцтва 41 669 чал.
Шчыльнасць насельніцтва 385,824 чал./км²
Заходні бераг
Заходні бераг
Commons-logo.svg Радрыгес на Вікісховішчы

Радрыгес (англ.: Rodrigues Island, фр.: île Rodrigues) — востраў у Індыйскім акіяне, частка Маскарэнскага архіпелага. Уваходзіць у склад Маўрыкія. Плошча - 108 км². Насельніцтва (2014 г.) — 41 669 чал. Адміністрацыйны цэнтр — горад Порт-Матарын.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Радрыгес знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы Індыйскага акіяна ў 582 км на паўночны ўсход ад Маўрыкія. Даўжыня — 18,7 км. Найбольшая шырыня — 8,57 км.

Востраў Радрыгес уяўляе сабою вяршыню вулканічнага плато, якое ўзнікла каля 2 — 4 мільёнаў гадоў таму на сутыку трох тэктанічных пліт. У глыбокай старажытнасці ўвесь востраў знаходзіўся пад вадой, таму значная частка яго паверхні сфарміравана вапняковымі адкладаннямі арганічнага паходжання. Ускраіны плато цягнуцца пад вадой вакол вострава на некалькі кіламетраў, у многіх месцах пакрыты каралавымі рыфамі з выхадамі дробных астравоў і скал, шырокай лагунай (каля 300 км²).

Цэнтральную частку вострава займае вулканічны хрыбет. Найвышэйшыя пункты — горы Ліман (398 м) і Сімецьер (341 м). Месцамі горы чаргуюцца з вузкімі і глыбокімі рачнымі далінамі. На паўночным захадзе вылучаецца разгалінаваная сетка карставых пячор. Карысныя выкапніпясок, вапняк, базальт.

Клімат трапічны пасатны. Сярэдняя тэмпература на працягу года трымаецца каля +21,4°C — +27,3°C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 1 104,5 мм. Востраў Радрыгес знаходзіцца ў зоне ўзнікнення і дзеяння трапічных цыклонаў, якія асабліва актыўны з лістапада да красавіка.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

У выніку ізаляванага характара вострава Радрыгес да прыходу чалавека тут сфарміраваўся своеасаблівы прыродны комплекс з высокай ступенню эндэмізма. Значную частку паверхні пакрывалі трапічныя лясы. Жывёльны свет не быў багатым, аднак востраў насялялі некалькі эндэмічных відаў кажаноў і наземная птушка накшталт. Пясчаныя берагі Радрыгеса здаўна вабілі марскіх чарапах.

Да канца XVIII ст. у выніку наўмыснага або ўскоснага ўмяшання чалавека лясы саступілі месца пашам і плантацыям. Захаваліся толькі некаторыя эндэмічныя віды раслін, у тым ліку мясцовая масліна Elaeodendron orientale, чорнае дрэва Diospyros egrettarum, "смуроднік" Foetidia mauritiana і г. д. У XVIII ст. было амаль знішчана ўсё пагалоўе марскіх чарапах і наземная птушка. Аднак у некаторых раёнах вострава можна сустрэць эндэмічных кажаноў.

У наш час для аднаўлення прыроды на востраве Радрыгес арганізаваны пітомнік мясцовай флоры, два запаведніка, вядзецца назіранне за наземнымі і марскімі відамі фаўны.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Некаторыя даследчыкі лічаць, што востраў Радрыгес быў вядомы сярэднявечным арабскім мараходам, і атаесамляюць яго з востравам Маразэ на арабскай карце XII ст. У 1507 г. востраў быў упершыню заўважаны ўдзельнікамі партугальскай экспедыцыі ў Індыйскі акіян на чале Трыстана да Куньі. У лютым 1528 г. ён зноў быў адкрыты партугальскім капітанам Дзьёгу Радрыгесам, у гонар якога і быў названы картографамі. На французскіх картах востраў некаторы час таксама пазначаўся як Іль-Марыяна.

У 1691 г. Радрыгес быў каланізаваны групай французскіх гугенотаў, аднак праз два гады не вытрымаўшы ізаляцыі пасяленцы пераехалі на Маўрыкій. У 1735 г. па загаду французскага губернатара Маскарэнскіх астравоў на Радрыгесе было заснавана паселішча чарапахаловаў. У 1792 г. было арганізавана яшчэ адно перасяленне французскіх каланістаў, што стварылі жывёлагадоўчыя фермы і плантацыйныя гаспадаркі. Яны пачалі ўвозіць для працы неграў-рабоў з Афрыкі і Мадагаскара.

У 1810 г. востраў Радрыгес быў далучаны да брытанскіх каланіяльных уладанняў. Пасля адмены рабства ў 1839 г. уладальнікі плантацый пачалі ўвозіць закантрактаваных рабочых з Індыі. Аднак, у адрозненні ад Маўрыкія, індыйская абшчына на Радрыгесе ніколі не складала большасць насельніцтва.

У 1968 г. востраў Радрыгес увайшоў у склад незалежнай дзяржавы Маўрыкій. У 2001 г. атрымаў унутраную аўтаномію.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Асноўныя галіны эканомікі вострава Радрыгес — рыбалоўства і сельская гаспадарка. Жыхары Радрыгеса трымаюць кароў, авечак і коз, вырошчваюць на продаж цыбулю, часнык і чырвоны перац. Развіццё прамысловасці стрымліваецца адноснай ізаляванасцю. Турызм прызнаецца важнай галіной у перспектыве. Распаўсюджаны традыцыйныя рамёствы — пляценне кошыкаў, гафт, прыгатаванне прыпраў і г. д. Хранічны дэфіцыт дзяржаўнага бюджэта пакрываецца з дапамогай Маўрыкія.

Кіраванне[правіць | правіць зыходнік]

Сцяг Радрыгеса

Востраў Радрыгес — частка дзяржавы Маўрыкій. З 20 лістапада 2001 г. на Радрыгесе дзейнічае асобны Рэгіянальны Сход з 18 прадстаўнікоў, якія абіраюцца мясцовымі жыхарамі ў выніку прамога галасавання. Рэгіянальны Сход з'яўляецца вышэйшым органам заканадаўчай і выканаўчай улады на востраве, аднак падпарадкоўваецца Нацыянальнаму Сходу і ўраду Маўрыкія. Пры Рэгіянальным Сходзе дзейнічае выканаўчая рада на чале старэйшага прадстаўніка Рэгіянальнага Схода. Старэйшы прадстаўнік абавязаны регулярна інфармаваць прэм'ер-міністра Маўрыкія аб дзейнасці мясцовых дзяржаўных устаноў і стане эканомікі Радрыгеса. Жыхары Радрыгеса таксама маюць права выбіраць прадстаўнікоў у Нацыянальны Сход Маўрыкія.

Ва ўрадзе Маўрыкія маецца пасада міністра па справах Радрыгеса.

Тэрыторыя вострава падзелены на 14 муніцыпальных зон. Найбуйнейшы населены пункт і галоўны адміністрацыйны цэнтр — горад Порт-Матарын.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Большасць жыхароў Радрыгеса складаюць крэолы — нашчадкі французскіх перасяленцаў і неграў-рабоў. Да нашых дзён захоўваецца высокі сацыяльны статус Rouge, крэолаў, якія лічацца прамымі нашчадкамі французаў. Распаўсюджаны крэольскі дыялект французскай мовы, аднак афіцыйны статус маюць літаратурная французская і англійская мова. На іх вядзецца дзяржаўнае справаводства і выкладанне ў школах. Большасць вернікаў — каталікі. Прычым, царква адыгрывае значны ўплыў на паўседзённае жыццё.

Крэольскі характар культуры Радрыгеса вызначаецца асаблівасцямі мясцовай кухні і фальклора. Жыхары Радрыгеса традыцыйна ўжываюць шмат рыбы і гародніны. Звычайна стравы маюць еўрапейскія назвы, аднак адрозніваюцца па смаку, што тлумачыцца прыхільнасцю радрыгесцаў да мясцовых спецый. У мінулым было пашырана вырошчванне кукурузы, што з'яўлялася асноўнай ежай. У наш час яе замяніў больш танны імпартны рыс.

Народная музыка Радрыгеса спалучае еўрапейскія і афрыканскія рысы. Адным з галоўных музычных інструментаў з'яўляецца барабан. Радрыгесцы аддаюць перавагу рытмічным музычным творам. Разам з гэтым, народныя музыканты выкарыстоўваюць акардэон і гітару. У вусным фальклоры пераважаюць генеалагічныя паданні і арыгінальныя пераказы біблейскіх гісторый.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]