Радыё 101,2

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Радыё 101,2
Выява лагатыпа
Горад Мінск
Краіна Беларусь
Фармат беларускамоўны
Музычны фармат рок і поп-музыка
Частата 101,2 FM
Час вяшчання 8:00 — 18:00 (10 гадзін)
Дата пачатку вяшчання 21 ліпеня 1995 (28 гадоў)
Дата канца вяшчання 31 жніўня 1996 (27 гадоў)
Замяніў Беларуская маладзёжная (Беларускае радыё)
Заменены Пілот ФМ  (руск.) (БРСМ)
Заснавальнік Фонд Сораса
Уладальнік Open Society Foundations[d]
Кіраўнікі Жанна Літвіна
Дзмітрый Новікаў
Рэдакцыя размяшчалася ў будынку па вул. Рэвалюцыйнай, 8

Радыё 101,2 FM («Радыё 101 і 2, Гарадскі канал») — беларускамоўная радыёстанцыя, якая працавала ў Мінску на частаце 101,2 МГц з 21 ліпеня 1995 года да 31 жніўня 1996 года, калі была зачынена[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Радыё 101,2 фактычна з’яўлялася спадкаемніцай радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная». Працэс рэгістрацыі новай беларускай FM-радыёстанцыі пачаўся ў 1994 годзе праз некалькі месяцаў пасля ліквідацыі «Беларускай Маладзёжнай». Радыёстанцыя была зарэгістравана ў чэрвені 1994 года напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. У канцы жніўня 1994 года Савет Фонда Сораса задаволіў заяўку на выдаткаванне сродкаў на перадатчык для радыёстанцыі. У эфір радыёстанцыя выйшла 21 ліпеня 1995 года пасля мантажу радыёперадатчыка, рамонту памяшкання радыё, і абсталявання студыі[2].

Вяшчанне[правіць | правіць зыходнік]

Вяшчанне радыёстанцыі працягвалася з 8 гадзіны раніцы да 18 гадзіны вечара. Аўтарскія перадачы і эфіры на радыё вяліся толькі па-беларуску за выключэннем інтэрв’ю ў жывым эфіры, калі суразмоўнікі кепска валодалі беларускай мовай. Музычная палітыка радыёстанцыі вызначалася пераважна асабістымі густамі вядоўцаў і гукарэжысёраў[3]. Запісы новых праграм і праграмных заставак адбываліся пасля сканчэння эфіру і нярэдка ўначы.

Радыё 101,2 першым распачало практыку выступаў музычных гуртоў у жывым эфіры, якая ладзілася ў межах праграмы Касі Камоцкай «ПраРок».

Вяшчанне ажыццяўлялася з студыі радыёстанцыі, якая размяшчалася на другім паверсе па вуліцы Рэвалюцыйнай, 8а ў Мінску. Радыёперадатчык размяшчаўся па вуліцы Камуністычнай, 6. Магутнасці перадатчыка хапала на тое, аб ахапіць вяшчаннем Мінск і некалькі дзясяткаў кіламетраў вакол. Найбольшая адлегласць ад Мінска, на якой было магчыма чуць радыё, складала 70—80 кіламетраў. З гэтай прычыны радыёстанцыя пазіцыянавала сябе таксама пад назвай «Гарадскі канал».

Міжнароднае супрацоўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Першапачаткова фанатэка радыё складалася пераважна з асабістых архіваў гукарэжысёраў і падарункаў калегаў з польскіх радыёстанцый, але пазней Радыё 101,2 падпісалася на рассылку зборнікаў новых хітоў ад амерыканскай кампаніі TM Century, а таксама павялічвала свой музычны архіў праз супрацоўніцтва з Бі-Бі-Сі. Акрамя гэтага з Сусветнай службай Бі-Бі-Сі ў 1995 годзе быў падпісаны дагавор, у адпаведнасці з якім радыё запісвала, перакладала і выпускала ў эфір выпускі навін Бі-Бі-Сі, а таксама шэраг ліцэнзійных музычных праграм[4]. Таксама дагавор быў падпісаны з рускай службай «Нямецкай хвалі», а гадзіна эфіру радыёстанцыі штодня адводзілася пад вяшчанне Беларускай службы Польскага Радыё.

У 1996 годзе на хвалях Радыё 101,2 прайшоў Польскі дзень, дзякуючы чаму шырэйшае кола слухачоў у Беларусі змагло пазнаёміцца з дэмакратычнымі пераўтварэннямі ў заходняй суседкі[5].

Фінансавае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Для прыцягнення рэкламадаўцаў на радыё была ўведзеная дзённая «хіт-гадзіна» з вызначаным мінімумам «папулярных» песень, якія мусілі прагучаць за пэўны прамежак часу.

Улетку 1996 года радыёстанцыя выйшла на самаакупнасць. Камерцыйны дырэктар радыё Зміцер Бандарэнка зазначаў, што паводле сацыялягічных даследаванняў інфармацыйныя выпускі Радыё 101,2 слухалі да 80% усіх FM-слухачоў[2]. Магчыма, прычынай гэтага стала тое, што радыё шырока асвятляла беларускія палітычныя падзеі.

Закрыццё[правіць | правіць зыходнік]

30 жніўня 1996 года рэдакцыя Радыё 101,2 па факсе атрымала паперу з Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь за подпісам кіраўніка дзяржаўнай інспекцыі па электрасувязі БелГІЭ[ru] А. Ніканава спыніць экплуатацыю перадатчыка на частаце 101,2 МГц з 1 верасня 1996 года «ў мэтах пазбягання перашкод у прыёмных каналах ЦС РТС „Алтай“»[2].

Цягам усяго дня 31 жніўня супрацоўнікі радыё перад выпускамі навін зачытвалі тэкст заявы з папярэджаннем пра хуткае гвалтоўнае спыненне сваёй працы. Вяшчанне было спынена роўна а 20-й гадзіне.

Літоўская асацыяцыя радыё і тэлебачання  (літ.), «Рэпарцёры без межаў», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Аб’яднаная грамадзянская партыя асудзілі закрыццё радыё напярэдадні рэфэрэндуму 1996 года[6]. Выканаўчы дырэктар Амерыканскага камітэта абароны журналістаў Уільям А. Орм накіраваў Генеральнаму сакратару Савета Еўропы Даніэлю Таршысу  (англ.) ліст, у якім выказаў занепакоенасць з нагоды «нападак урада на незалежную прэсу Беларусі», у тым ліку на Радыё 101,2[6].

Пасля спынення перадатчыка супрацоўнікі радыё ладзілі вулічныя пікеты і дамагаліся адказаў афіцыйных уладаў, але вынікаў гэта не дало.

Дырэктар радыёстанцыі Дзмітрый Новікаў пракаментаваў закрыццё радыёстанцыі 101,2 наступным чынам:

" Наша грамадства спаралізаванае савецкімі комплексамі і стэрэатыпамі. Найперш: беларускае — горш за расійскае. Мы зламалі гэты стэрэатып… Таму нас і зачынілі, бо спужаліся развіцця — незалежнасці ў галовах. "

Перыяд пасля закрыцця станцыі[правіць | правіць зыходнік]

Пасля закрыцця радыёстанцыі ў яе студыі былі запісаныя супольныя музычныя праекты «Народны Альбом» і «Я нарадзіўся тут».

Праз пэўны час частата 101,2 FM была перададзеная для вяшчання іншым радыёстанцыям. З 2003 года на частаце 101,2 МГц працуе радыёстанцыя «Пілот ФМ  (руск.)», якая належыць Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі.

Супрацоўнікі[правіць | правіць зыходнік]

Дырэктары — Жанна Літвіна і Дзмітрый Новікаў. Дырэктар рэкламнага аддзела, камерцыйны дырэктар — Дзмітрый Бандарэнка[7]. Дыктары — Вольга Бабак, Ірына Курапаткіна. Аўтарскія праграмы «ПраРок» (Кася Камоцкая), «Вавілонская бібліятэка» (Юрась Бушлякоў), «Музыка тоўстых» (Дзмітрый Падбярэзскі), «Квадракола» (Лявон Вольскі), «Бізнес-актуаліі» (Вольга Караткевіч). Музычны рэдактар і гукарэжысёр Сяргей Лабандзіеўскі.

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

Музычны крытык Зміцер Падбярэзскі ў 2000 годзе сведчыў, што прыклад Радыё 101,2 давёў грамадскасці, што беларускае можа быць прыбытковым, бо «справа ў якасці музыкі і прафесіяналізму ды-джэяў»[8].

Дадатковыя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

  • Ад самага пачатку вяшчання Радыё 101,2 была ўведзеная прынцыповая адмова ад рускамоўных песень у эфіры. Выключэнні рабіліся толькі для анансавання канцэртаў расійскіх гуртоў, інфармацыйнымі фундатарамі якіх з’яўлялася радыё, або падчас жывых інтэрв’ю з расійскімі музыкантамі.
  • Першай песняй, якая прагучала ў эфіры Радыё 101,2 21 ліпеня 1995 года была «We’re Not Gonna Take It» гурта Twisted Sister, а апошняй — 31 жніўня 1996 года — «I’ll Be Back Again» гурта The Beatles.

Зноскі

  1. Biener, Hansjörg. Radio for Peace, Democracy and Human Rights (англ.)(недаступная спасылка). Універсітэт Эрлангена — Нюрнберга (2009). Архівавана з першакрыніцы 9 верасня 2017. Праверана 3 красавіка 2020.
  2. а б в Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». 15 гадоў таму ўпершыню выйшла ў эфір Радыё 101.2 (Дадалося аўдыё) . Беларуская асацыяцыя журналістаў (21 ліпеня 2010). Архівавана з першакрыніцы 3 кастрычніка 2011. Праверана 3 красавіка 2020.
  3. Дзюба, Дзяніс; Адзінец, Сьвятлана. 15 гадоў таму было зачынена незалежнае Радыё 101,2 (недаступная спасылка). Еўрапейскае радыё для Беларусі. TUT.BY (31 жніўня 2011). Архівавана з першакрыніцы 3 красавіка 2020. Праверана 3 красавіка 2020.
  4. Мінскевіч, Серж. Радыё 101 і 2, Гарадскі канал . TUT.BY. Архівавана з першакрыніцы 8 сакавіка 2005. Праверана 3 красавіка 2020.
  5. Польскае радыё для замежжа: пра нас Архівавана 7 чэрвеня 2017. // radyjo.net
  6. а б МОНИТОРИНГ ФОНДА ЗАЩИТЫ ГЛАСНОСТИ: ИЮЛЬ - СЕНТЯБРЬ'96 (руск.)(недаступная спасылка). Фонд абароны галоснасці  (руск.). Архівавана з першакрыніцы 28 верасня 2007.
  7. Канферэнцыя Хартыі’97
  8. Сьнежань - час падвядзеньня вынікаў музычнага году. Сьнежань у беларускае папулярнае музыцы пазначаны шэрагам імпрэзаў і прэзэнтацыяў. Вынікі музычнага году абмяркоўваюць карэспандэнт "РР" Севярын Квяткоўскі й Зьміцер Падбярэзскі . Беларускае Радыё Рацыя. TUT.BY (14 снежня 2000). Архівавана з першакрыніцы 18 ліпеня 2014. Праверана 8 студзеня 2021.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]