Ракаўскае прадмесце

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Забудова вуліцы Ракаўскай XIX — пачатку XX стст.

Ракаўскае прадмесце — гістарычны раён Мінску, размешчаны ўздоўж старадаўняга Ракаўскага шляху. Тут знаходзіліся вуніяцкая царква, кармеліцкі кляштар, Петрапаўлаўскі манастыр, ад якога захавалася Петрапаўлаўская царква. Падчас гітлераўскай акупацыі частка раёна ўваходзіла ў склад Мінскага гета.

На захадзе ад Ракаўскага прадмесця размяшчаецца Раманаўская Слабада, на поўначы — Татарская Слабада (Пятніцкае прадмесце), на ўсходзе — мінскае Замчышча, на поўдні — цэнтральны раён Нізкі Рынак.[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла, адноўленая ў першапачатковым выглядзе

Ракаўскае прадмесце — адзін з найстарэйшых раёнаў Мінску, які пачаў засяляцца ў XI ст. як гандлёва-рамесніцкі пасад старажытнага горад Полацкага княства. Паводле сведчанняў беларускага падарожніка і краязнаўцы Паўла Шпілеўскага яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. менчукі адносілі Ракаўскае прадмесце разам з Нізкім Рынкам, Траецкая гарой і Пятніцкім (Татарскім) канцом да менскага Старога Горада.[2]

У пачатку XX ст. Ракаўскае прадмесце ўваходзіла ў другую паліцэйскую частку горада. Праз прамесце праходзілі Ракаўская, Нямігская (цяпер вул. Няміга), Нямігска-Ракаўская (Віцебская), Уваскрасенская (Вызвалення).[3]

У 19681973 менскія ўлады знеслі большую і найбольш каштоўную частку гістарычнай забудовы былога прадмесця ў сувязі з рэканструкцыяй Нямігі. Захаваліся некаторыя камяніцы, што не прымыкалі непасрэдна да колішняй Нямігскай вуліцы.

Археалагічныя раскопкі[правіць | правіць зыходнік]

Археолагі выявілі старажытнае прадмесце на тэрыторыі паміж вуліцамі Ракаўскай, Нямігай, Віцебскай і Вызвалення. Пласт шэрага і цёмнашэрага колеру, насычаны рэшткамі драўлянай забудовы XVIXIX стст. і прадметамі матэрыяльнай культуры, даследаваў у 1976, 1979, 1980 гг. Валянцін Собаль. Найвялікшая таўшчыня пласта ўздоўж вуліцы Няміга дасягала каля 4,5 м, паступова яна памяншаецца каля вуліцы Раманаўская Слабада да 1—1,5 м. У раёне вуліц Віцебскай, Ракаўскай і Вызвалення таўшчыня пласта складае 0,5—2 м.

Тэрыторыя Ракаўскага прадмесця, паводле археалагічных даследаванняў, была заселена ў XV ст. Знойдзеныя ганчарны горан і каробчатая кафля канца XVI ст., упрыгожаная раслінавымі і геаметрычнымі ўзорамі, кавалкі гліняных прэсформаў, пры дапамозе якіх выціскалі ўзор на вонкавай пласціне кафлі. Сярод знаходак — побытавая кераміка XVXVIII стст. Большая частка вырабаў пакрытая палівай зялёнага або карычневага колераў. Трапляюцца чорнаглянцаваныя міскі, талеркі, збаны, а таксама посуд, упрыгожаны ангобнай роспісай пад празрыстую зялёную паліву. Знойдзеныя абутак, жалезныя прылады, шкляны посуд, манеты Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі.[4]

Старыя адрасы[правіць | правіць зыходнік]

Канец ХІХ — пачатак ХХ стст.[5][правіць | правіць зыходнік]

  • Рог Кацярынінскай і Ракаўскай. Кацярынінская (Жоўтая) царква. Будавалася ў 16111613. Да загаду Кацярыны II 1795 года аб перайменаванні называлася Петрапаўлаўскай. У 1870-я праводзілася рэканструкцыя яе на мэце падагнаць вонкавы выгляд храма ў адпаведнасць з існымі расійскімі канонамі. Пасля рэстаўрацыі (19721979) будынак займалі Архіў навукова-тэхнічнай дакументацьгі і Архіў-музей літаратуры і мастацтва рэспублікі (Ракаўская, 4). Ад 1992 года храм дзейнічае як царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла Беларускай Праваслаўнай Царквы.
  • Нямігская, 9, дом Шабада. Прадстаўніцтва акцыянернага таварыства мальцаўскіх машынабудаўнічых заводаў у Літве-Беларусі. Будынак стаяў на левым баку сучаснай вуліцы Нямігі, прыблізна паміж пачаткам праспекта Пераможцаў і канцом вуліцы Камсамольскай.
  • Нямігская, 14, дом Давідзон. Тытунёвая фабрыка купчыхі Р. М. Цукерман-Давідзон. Пабудаваная ў 1883 годзе. Выпускала махорку, нюхальны тытунь. Частка вырабаў прадавалася ва ўласнай крамцы. У 1913 годзе на прадпрыемтсве працавалі дынама-машына і газавы рухавік. Размяшчалася прадпрыемства ў раёне Нямігі, паміж сучаснымі праспектам Пераможцаў і вуліцай Раманаўская Слабада.
  • Рог Нямігскай, 26, і Новараманаўскай. Начлежны прытулак для бедных прыезжых яўрэяў. Будынак стаяў на рагу сучасных вуліц Нямігі і Рэвалюцыйнай.
  • Рог Ракаўскай і Няміга-Ракаўскай, дом Дам'е. Шпалерная фабрыка І. С. Шыфрановіча. Саўладальнік — Ліфшыц. Заснаваная ў 1892 годзе. У 1898 годзе з'явіўся паравы кацёл (дагэтуль вытворчасць была цалкам ручной). У 1906 годзе з'явіліся паравая машына (45 конскіх сіл) і дынама-машына. У 1912 годзе паміж кампаньёнамі пачаліся грашовыя рознагалоссі, і фабрыка спачатку трапіла ў рукі да Сыркінай, а праз рок — да Гельфанда. Цяпер у гэтым будынку размешчаны хлебазавод № 1 (Ракаўская, 25).
  • Ракаўская, 8, дом Рубінштэйна. Другая мужчынская аднакласае прыходскае вучылішча. У 19011906 гадах пры ім працавала мужчынская нядзельная школа, арганізаваная К. Ізмайловіч. Будынак збярогся (Ракаўская, 14).
  • Ракаўская, 13, дом Чэрчыса. У 19051906 у глядзельнай зале будынка наладжваліся рэвалюцыйныя сходы. Будынак збярогся (Ракаўская, 17), рэстаўруецца.
  • Ракаўская, 26, дом Поляка. Шпалерная фабрыка А. С. Эпштэйна. Уступіла ў дзеянне ў 1898 годзе. У крызісвым 1901 года гаспадар спыніў выплаты ўласных пазыковых абавязацельстваў, але, дзякуючы нечай падтрымцы, здолеў выйсці з цяжкага становішча. Тады на прадпрыемстве дзейнічаў газавы рухавік. У 1909 годзе Эпштэйн разам з сынам стварылі суполку і ўзвялі на Вялікай Татарскай вуліцы новы корпус для другой фабрыкі. Закупілі спецыяльнае вытворчае абсталяванне і паравую машыну. Але ў 1911 годзе на новай фабрыцы здарыўся пажар, пасля чаго яна закрылася. У 1912 годзе ў старым будынку надбудавалі другі паверх, перанеслі туды частку ўцалелага пасля пажару абсталявання. У савецкі перыяд на базе шпалерні Эпштэйна ўзнікла шпалерная фабрыка імя В. Вароўскага (1924). Зараз старыя памяшканні рэстаўрыруюцца (Ракаўская, 28—30). У тым жа будынку ад 1910 года знаходзілася і абутковая фабрыка «Праца» Г. I. Гольдберга, Ф. Я. Бенцмана, Л. Н. Гурвіча. У 1913 годзе на ёй меўся электрарухавік магутнасцю 40 конскіх сіл. У красавіку 1905 года прайшоў рабочы страйк.
  • Уваскрасенская. Талмуд-Тора (рэлігійная школа па вывучэнні законаў юдайскай веры і асноваў яўрэйскай граматы). Размяшчалася ў некалькіх двухпавярховых камяніцах, мела сад і ўласны адасоблены двор. Захаванасць будынкаў не вызначаная.

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

У цяперашні час пра існаванне прадмесця сведчыць Ракаўская вуліца. Мінскія ўлады распрацавалі дзяржаўную праграму па рэстаўрацыі старой забудовы, частка яе ўжо рэалізаваная.

Вуліцы і плошчы[3][6][правіць | правіць зыходнік]

Цяперашняя назва Першапачатковая назва Былыя назвы
Віцебская вуліца Наваракаўская вуліца[7] Няміга-Ракаўская вуліца
Нямігска-Ракаўская вуліца
Нямігскі завулак
Вызвалення вуліца Уваскрасенская вуліца Татарская вуліца
Уваскрасенскі завулак
Вялікая Татарская вуліца
Кальварыйская вуліца Кальварыйская вуліца Кальварыйска-Ракаўская вуліца
Кальварыйскі тракт
Максіма Танка вуліца Новая вуліца[7] Навакрасная вуліца
Танкавая вуліца (19281998)
Мельнікайтэ вуліца Высокая вуліца[7] Глухоўская вуліца (частка)
Людамонцкі завулак (частка)
Глухая вуліца
Татарская Глухая вуліца
Ратамская вуліца (да 1976)
Няміга вуліца Нямігская вуліца Няміга-Школьная вуліца (частка)
Няміга-Раманаўская вуліца (частка)
Кацярынінская вуліца (частка, 18661926)
Кастуся Каліноўскага вуліца (частка, 19261940-я)
Ракаўская вуліца Ракаўская вуліца Юраўская вуліца (частка)
Новафранцысканская вуліца (частка)
Астроўскага вуліца (19371993)
Шпалерная вуліца Уваскрасенская вуліца Уваскрасенскі завулак
Вызвалення вуліца
Юбілейная плошча Юбілейная плошча Плошча 25 Кастрычніка
Безыменны праезд да хлебазавода Юрава-Завальная вуліца Завальная вуліца
Не існуе Нямігска-Ракаўская вуліца

Зноскі

  1. «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 196—197
  2. Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому края. Мн., 1992. // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 459
  3. 3,0 3,1 Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Мінска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіум», 4 чэрвеня 2008.
  4. В. Е. Собаль. Ракаўскае прадмесце // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 552
  5. Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с.
  6. Вячеслав Бондаренко. Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы // «Минск старый и новый»
  7. 7,0 7,1 7,2 План губернского города Минска (1858) // Т. А. Карповіч. Культурнае жыццё Мінска I паловы XIX стагоддзя. Мінск, «Рыфтур», 2007. С. 4—5. ISBN 978-985-6700-57-9

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]