Перайсці да зместу

Ракаўская кераміка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ракаўская кераміка — лакальная з’ява беларускай культуры, традыцыйны народны ганчарны промысел у Ракаве (цяпер Валожынскі раён Мінскай вобласці). Ракаўская кераміка вылучалася адметнымі формамі, роспісам ангобам, выкарыстаннем палівы і вырабам ляпных цацак.

Ганчарная вытворчасць у Ракаве вядома з крыніц пачатку XVI стагоддзя. Імаверна, першыя майстры перасяліліся сюды з Івянца, бо ў ваколіцах Ракава (за 3-5 км, каля вёсак Кучкуны, Гервелі і іншых) былі паклады якаснай гліны[1].

Стан на 1930-я гады

[правіць | правіць зыходнік]

Ракаў быў адным з буйнейшых цэнтраў ганчарства Заходняй Беларусі. Штогадовы выпуск прадукцыі складаў каля 350 000 адзінак. Па аб’ёмах вытворчасці Ракаў амаль удвая перавышаў Івянец (126 000 адзінак) і саступаў толькі Гарадной на Палессі.[1]

Паводле даследаванняў супрацоўніка Навукова-даследчага інстытута Усходняй Еўропы (INBEА) у Вільні Б. Корсака, у 1934 годзе ў Ракаве ганчарствам займаліся 15 сем’яў (13 хрысціянскіх і 2 яўрэйскія). Для 10 сем’яў гэта быў асноўны заробак, для 5 — дадатковы да сельскай гаспадаркі. 10 сем’яў былі беззямельныя, у 5 хрысціянскіх сем’яў было 5-20 га ўласнай зямлі (20 га толькі ў адной). У майстэрнях працавала 3-5 наёмных рабочых; штотыдзень агульная колькасць занятых складала 30-50 чалавек. Ганчароў было агулам 20, астатнія работнікі займаліся падрыхтоўкай сыравіны і іншымі тэхналагічнымі працэсамі. Апроч наёмных работнікаў, часова працавала 10 вучняў. Навучанне вучняў доўжылася да 3 гадоў, а рабочы дзень складаў 8-10 гадзін. Вытворчасць размяшчалася ў спецыяльных будынках, дзе былі печы для абпалу і 2-5 ганчарных кругоў. Кругі былі простай канструкцыі, дзе ніжняе кола круцілі нагамі.[1]

Дзённы заробак работнікаў залежаў ад працы. Ганчар атрымліваў за 1 капу гаршкоў залежна ад іх памеру — 0,5-3 злотых. Цягам дня здольны ганчар мог вырабіць адну капу гаршкоў вялікага памеру, дзве — сярэдняга і да трох коп маленькіх. Работнікам, якія гатавалі паліву, палівалі посуд, складалі вырабы ў печ, вымалі з печы і падобнае гаспадар плаціў 0,5-1 злотых. У 1928-1930-х гадах ганчар зарабляў штодзённа 8-15 злотых.[1]

Ганчары набывалі гліну ў сялян з Кучкуноў, Гервеляў і іншых вёсак па цане 0,8-1,25 злотых за фуру; з адной фуры можна было вырабіць паўкапы-капу (30-60 штук) гаршкоў сярэдняга памеру. Майстры традыцыйна рабілі запасы гліны на зіму (па 200—400 фур), бо лічылі, што перамарожаная гліна ў рабоце лепшая за свежавыкапаную.[1]

Ганчарныя прадпрыемствы працавалі цэлы год, апроч часу сяўбы і жніва, калі значна змяншаецца колькасць вырабленага посуду, бо працавалі толькі члены сям’і і беззямельныя работнікі. Цягам года такі перыяд складаў 4 месяцы. За гэты час кожнае прадпрыемства абпальвае 2 печы посуду. Цягам астатніх 8 месяцаў нармальнай працы кожная майстэрня абпальвае ў сярэднім штотыдзень адну печ. Печы ў ганчароў былі рознай ёмістасці, у 11 майстэрнях печ у сярэднім змяшчала 6 коп посуду, у астатніх — да 10 коп.[1]

На абпал адной печы ёмістасцю 6 коп трэба было каля 2 кубічных метры дрэва, якое каштавала прыкладна 7 злотых. Дрэва набывалі на месцы або прывозілі з наваколля за 2 км. На паліву 6 коп гаршкоў трэба было 2 пуды волава па 9 злотых, агулам 18 злотых. Цана паліванага гаршка на месцы залежна ад памеру была 4-20 грошаў. У 1928—1930 годзе прадпрымальнікі за капу паліваных гаршкоў залежна ад памеру плацілі 10-25 злотых.[1]

Свае вырабы ганчары прадавалі пераважна перакупшчыкам з ваколіц у радыусе 80 км. У Ракаве продажам паліванай керамікі займалася 10 сем’яў перакупшчыкаў, са студзеня да жніўня яны прадавалі 5-6 коп. У астатнія месяцы кераміку ў іншыя мясцовасці не вывозілі з прычыны кепскіх дарог, а калі вывозілі, то толькі ў бліжэйшыя ваколіцы. За адзінку паліванага посуду перакупшчык браў залежна ад памеру 10-50 грошаў. Некалькі вытворцаў-ганчароў прадавалі свае вырабы не толькі перакупшчыкам на месцы, але і самастойна на кірмашах у розніцу.[1]

Вытворцы-ганчары, якія збываюць свой посуд перакупшчыкам на месцы, маюць пасведчанні катэгорыі VIII, а калі самі прадаюць вырабы ў розніцу — катэгорыі IV.[1]

Найбольшы попыт на ганчарны посуд быў у жніўні-студзені. Ракаўская кераміка прадавалася ў радыусе каля 100 км, у тым ліку ў Кабыльніках, Свіры, Міхалішках, Ашмянах, Смаргоні, Вішневе, Крэве, Даўгінаве, Докшыцах, Вілейцы, Маладзечна.[1]

У 1936 годзе ў Ракаве праводзіла ганчарныя курсы Віленскае таварыства дапамогі дамашнім рамёствам і народным промыслам.[1]

Ракаўская кераміка вылучалася адметнымі формамі, роспісам ангобам, выкарыстаннем палівы і вырабам ляпных цацак[1]. Для палівы выкарыстоўвалі волава[1]. Выраблялі:

  • Гаспадарчы посуд: збанкі для малака і міскі (самыя масавыя вырабы), макоўніцы, талеркі, кубачкі, падстаўкі, вазоннікі для кветак, рукамыйнікі.

  • Дэкаратыўныя і фігурныя вырабы: попельніцы, а таксама арыгінальныя сасуды ў выглядзе мядзведзяў, бараноў і ільвоў.
  • Цацкі: дробная гліняная пластыка ў наіўна-рэалістычнай стылістыцы.
[1]

Ракаўскія майстры выпрацавалі своеасаблівую стылістыку пластычнага рашэння, якая грунтавалася і на даўніх традыцыях рамяства, і на арыгінальнасці падыходу да паказу местачковага побыту пачатку XX ст. Майстры не імкнуліся да анатамічнай дакладнасці ў фігурных вырабах, лёгкі гратэск, гумарыстычная ці сентыментальная афарбоўка ў спалучэнні з умелай стылізацыяй надавалі вырабам характар арыгінальных скульптурных твораў.[1]

Савецкі час і заняпад

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, у 1939 годзе створана арцель «Чырвоны ганчар».[1]

Падчас Другой сусветнай вайны промысел амаль спыніўся, многія майстры загінулі. З 1945 да канца 1950-х гадоў працавала арцель «3-га ліпеня», якая выпускала гаспадарчы посуд і гладкую тэракотавую кафлю. Для палівы тым часам ужывалі свінец, якога шмат засталося на палях баёў. Да пачатку 1960-х гадоў саматужная вытворчасць у Ракаве згасла, не вытрымаўшы канкурэнцыі з масавымі фабрычнымі вырабамі.[1]

У XXI ст. традыцыйны промысел не існуе. У дамах жыхароў Ракава дагэтуль ёсць вырабы старых майстроў, у тым ліку рэдкія гліняныя самавары. Адраджаецца цікавасць да ракаўскіх традыцый сярод маладых майстроў, што вызначае новы, другасны ўзровень развіцця керамічнага мастацтва.[1]

Узоры керамічных цацачных вырабаў ракаўскіх майстроў наіўна-рэалістычнай стылістыкі 1920—1930 гадоў захоўваюцца ў калекцыя дробнай пластыкі Музея старажытнабеларускай культуры.[1]

  • Вольга Лабачэўская Ганчарная вытворчасць у мястэчка Ракаў у 1934 годзе // Поліэтнічная культура беларускага мястэчка. — Ракаў: 2000. — 4 снежня (артыкул кепска распазнаны, там сумесь алфавітаў, не толькі лацінскае «і» замест кірылічнага, але іншыя літары і невядомыя знакі Юнікоду)
  • Сахута Я. М. Ракаўская кераміка // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя. — Мн., 1989. — С. 425—426.
  • Сахута Я. М. Беларуская народная кераміка. — Мн., 1987. — С. 71-79.
  • Янушкевіч Ф. Фарміраванне традыцый ракаўска-івянецкай керамікі // Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук. 1982. № 4. — С. 84-85;