Рака Пціч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Пціч
Рака Пціч у Акцябрскім раёне
Рака Пціч у Акцябрскім раёне
Даўжыня 421 км
Расход вады 49,7 м³/с
Вадазбор 9470 км²
Краіна Беларусь
Commons
У ВікіСховішчы ёсць выявы з тэмай:
Пціч

Пціч — рака ў Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, левы прыток Прыпяці. Даўжыня 421 км. Вадазбор 9470 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 49,7 м³/с. Агульнае падзенне ракі 176 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,4 .

Асноўныя прытокі[правіць | правіць зыходнік]

Справа: Асачанка, Шаць, Зарудзеча, Даколька, Арэса, Альхоўка, Нямёгля.
Злева: Нератоўка, Няслаўка.

На рацэ[правіць | правіць зыходнік]

Гарадскія пасёлкі: Праўдзінскі, Глуск, Капаткевічы. Вёскі: Гарадок, Самахвалавічы, Бярозаўка і інш. Вадасховішчы: Воўкавіцкае.

Агульнае[правіць | правіць зыходнік]

Пачынаецца на вышыні 295 м над узроўнем мора за 1 км на захад ад в. Нарэйкі Дзяржынскага р-на, вусце за 1 км на ўсход ад в. Багрымавічы Петрыкаўскага р-на. Верхняе цячэнне ў межах Мінскага ўзвышша, сярэдняе — на захадзе Цэнтральнабярэзінскай раўніны, ніжняе — на нізіне Прыпяцкае Палессе. Разводдзе ў канцы сакавіка, у верхнім цячэнні каля 40 сутак, у ніжнім 84 сутак. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў пачатку красавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 1,4—3,2 м, найбольшая — 3,7 м. Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом у канцы сакавіка. У час веснавога разводдзя частка вады з Пцічы пераліваецца ў Свіслач праз Цітаўку і Трэмлю. Каля в. Лучыца Петрыкаўскага р-на (60 км ад вусця) найбольшы расход вады 800 м³/с (1931), найменшы 5,76 м³/с (1915).

Паводле будовы даліна і рэчышча падзяляюцца на 2 участкі: верхні (ад вытоку да в. Дараганава Асіповіцкага р-на, 203 км) і ніжні (ад в. Дараганава да вусця, 218 км). Даліна на ўсім працягу пераважна трапецападобная (шырыня ад 1,5 км да 5,5 км, у вытоку да 0,1 км), у нізоўі невыразная. Пойма двухбаковая, яе шырыня да в. Гарадзішча Мінскага р-на ад 60 м да 300 м, ніжэй 1—3 км, каля в. Пясчанка Асіповіцкага р-на да 5 км.

Рэчышча свабодна меандруе, разгаліноўваецца пратокамі, якія ўтвараюць астравы. Яго шырыня ў верхнім цячэнні да вусця р. Асачанка (85 км ад вытоку) 5—10 м, ніжэй 20—45 м, у ніжнім цячэнні 45—70 м.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.
  • Блакiтная кнiга Беларусi: энцыкл. / Рэдкал.: Н. А. Дзiсько i iнш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с.
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.