Рака памяці
Помнік | |
Рака памяці | |
---|---|
53°54′06″ пн. ш. 27°33′38″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Скульптар | Канстанцін Селіханаў |
Дата заснавання | 2012 |
Дата пабудовы | 2012 год |
Рака памяці — мемарыяльны знак у памяць аб ахвярах тэракта 11 красавіка 2011 года ў Мінскім метро, размешчаны ля ўвахода на станцыю метро «Кастрычніцкая»
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Выбух на станцыі метро «Кастрычніцкая» ў Мінскім метрапалітэне прагрымеў 11 красавіка 2011 года. У выніку тэракта 11 чалавек загінулі на месцы, 4 памерлі ў бальніцах. Цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці атрымалі 315 грамадзян[1].
У верасні 2011 года па рашэнні Мінгарвыканкама «Аб увекавечанні памяці трагічна загінуўшых грамадзян на станцыі метро „Кастрычніцкая“» быў аб'яўлены адкрыты конкурс на стварэнне памятнага знака, пераможцам якога стаў скульптар Канстанцін Селіханаў з мемарыяльным знакам «Рака памяці»[1].
Помнік быў устаноўлены ля ўвахода на станцыю метро «Кастрычніцкая», на тым месцы, куды людзі прыносілі кветкі адразу пасля трагічных падзей[2], і дзе пазней знаходзілася часовая дошка памяці[1]. Адкрыццё адбылося ў гадавіну трагедыі, 11 красавіка 2012 года, у ім узялі ўдзел старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька, прадстаўнікі кіраўніцтва горада, родныя і блізкія загінулых. Акрамя таго каля ўваходу ў метро сабралася больш за дзвесце чалавек, многія з якіх усклалі кветкі да памятнага знака і запалілі памінальныя свечкі[3].
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Кампазіцыя «Рака памяці» выканана з бронзы, белага мармуру і чорнага граніту[1] і ўвасабляе своеасаблівы «партал» у мінулае і адначасова роздум пра будучыню[2]. Памеры помніка складаюць 3 м у даўжыню і 2,3 м у вышыню. На бронзавай стэле адлюстраваны 15 хваль, на грэбені якіх — прозвішчы 15 загінуўшых у трагедыі. Акрамя імёнаў кампазіцыя змяшчае таксама дату тэракта, якая сімвалізуе спынены час на электронным табло[1].
Зноскі
- ↑ а б в г д Два памятныя знакі ахвярам выбуху ў метро будуць адкрыты ў Мінску 11 красавіка(недаступная спасылка) // БЕЛТА
- ↑ а б Эстэтыка Памяці. І Надзеі… Архівавана 12 чэрвеня 2012. // Культура
- ↑ Мемарыяльны знак «Рака памяці» адкрыты ў гадавіну тэракта ў мінскім метро Архівавана 6 сакавіка 2016.