Ракападобныя

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Рак, жывёла)
Jump to navigation Jump to search
Ракападобныя
Paralithodes camtschaticus, 1.jpg
Камчацкі краб
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Crustacea Brünnich, 1772

Класы
Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  83677
NCBI  6657
EOL  2598871
FW  82629

Ракападобныя, ракі (Crustacea) — падтып (раней разглядаўся як клас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Даўжыня ад долей міліметра да 80 см, маса да 15 кг і больш. Сегментацыя цела ракападобных адрозніваецца самай вялікай разнастайнасцю сярод іншых членістаногіх. Колькасць сегментаў, якія ўваходзяць у склад іх цела, вагаецца ад 5-8 да 50. Сегменты могуць часткова зрастацца адзін з адным. Цела, як правіла, мае 3 аддзелы: галаву, грудзі і брушка, укрыта кутыкулай. У некаторых прымітыўных форм грудны і брушны аддзелы практычна неадрозныя адзін ад аднаго[1].

На галаве 2 пары вусікаў (антэнулы і антэны), верхнія сківіцы (мандзібулы) і 2 пары ніжніх сківіц (максілулы і максілы). Органы зроку — фасетачныя вочы, часам няпарнае вока. Органы раўнавагі — статацысты. Нервовая сістэма складаецца з брушнога нервовага ланцужка. Крывяносная сістэма незамкнёная. Дыхаюць жабрамі або ўсёй паверхняй цела.

Пашырэнне[правіць | правіць зыходнік]

Вядомы з кембрыю (больш за 500 млн г. назад). Адрозніваецца 5—9 тыпаў (падкласаў), у т. л. ракушкавыя (Ostracoda), жабраногія (Branchiopoda), максілаподы (Maxillopoda), цэфалакарыды (Cephalocarida), вышэйшыя ракі (Malacostraca); каля 50 тысяч відаў.

Пашыраны ва ўсіх марскіх і прэсных вадаёмах. Жывуць у тоўшчы вады і на дне вадаёмаў, некаторыя на сушы (макрыцы (Oniscidea), некаторыя трапічныя крабы). На Беларусі каля 100 відаў з атраду галінаставусых (Cladocera), дзесяціногіх ракападобных (Decapoda), карпаедаў (Branchiura), раўнаногіх (Isopoda), жабраногаў (Branchiopoda), разнаногіх (Amphipoda), ракавінкавых (Ostracoda).

Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]

Дыханне жабернае. Крывяносная сістэма незамкнутая, у буйных відаў на спінным баку грудзей ёсць сэрца з парнымі адтулінамі і сасудамі, якія ад яго адыходзяць. Органы выдзялення — парныя выдзяляльныя залозы. Нервовая сістэма, як і ва ўсіх членістаногіх, уключае каляглотачнае нервовае кольца, брушны нервовы ланцужок і нервы, якія ад іх ады ходзяць.

Большасць ракаў раздзельнаполыя, ёсць гермафрадыты, некаторым уласцівы партэнагенез. Развіццё пераважна з ператварэннем. Лічынка — наўпліус.

Пераважна ўсёедныя. Многія ракі (бакаплавы, весланогія рачкі (Copepoda), цыклопы (Cyclopoida), эўфаўзіевыя (Euphausiacea), мізіды (Mysida), галінаставусыя, кумавыя (Cumacea) і інш.) — корм для рыб, вадаплаўных птушак, водных млекакормячых. Некаторыя — паразіты або прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. Многія (пераважна планктонныя формы) — біялагічныя меліяратары.

Промысел і развядзенне[правіць | правіць зыходнік]

Амары, крабы, крэветкі, лангусты, рачныя ракі і інш. — аб’екты промыслу і развядзення.

Зноскі

  1. Круглова О. Ю. Класс Crustacea — Ракообразные: метод. рекомендации. В 2 ч. Ч. 1. Низшие ракообразные — Мн.: БГУ, 2014. — С 3.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Біялогія: вучэб. дапам. для 8-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / Л. В. Камлюк, А. С. Шалапёнак; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — 3-е выд., дап. — Мінск : Нар. асвета, 2010. — 222 с.: іл. ISBN 978-985-03-1367-6
  • Гігянік Ю. Ракападобныя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13), ISBN 985-11-0035-8.
  • Чумакоў Л. Ракі. Малюскі. П’яўкі: Таямнічыя жыхары вадаёмаў. Нарысы. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2007. — 73 с.: іл. — (Зямля мая). ISBN 978-985-02-0966-5