Перайсці да зместу

Раман Уладзіміравіч Падаляка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Раман Уладзіміравіч Падаляка
Дата нараджэння 9 сакавіка 1981(1981-03-09) (44 гады)
Месца нараджэння
Адукацыя
Прафесія акцёр
Тэатр

Раман Уладзіміравіч Падаля́ка (нар. 9 сакавіка 1981(1981-03-09), Мінск) — беларускі акцёр тэатра і кіно, рэжысёр, удзельнік незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы»[1].

Нарадзіўся 9 сакавіка 1981[2] года ў Мінску[3]. Скончыў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа[3], затым тэатральны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці «Акцёрскае мастацтва драматычнага тэатра і кіно» (курс Народнага артыста Беларусі Валера Раеўскага) ў 2002 годзе. З 2002 года працаваў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы (Купалаўскім тэатры)[2], стаў адным з найбольш пазнавальных акцёраў тэатра[1].

Пасля фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года і масавага гвалту да пратэстоўцаў, калектыў Купалаўскага тэатра 13 жніўня абвясціў забастоўку з патрабаванне пераліку галасоў і спынення гвалту. У адказ улады 17 жніўня звольнілі дырэктара тэатра Паўла Латушку[4]. 26 жніўні 2020 года ў знак пратэсту ў ліку амаль 60 калег (акцёраў, рэжысёраў, музыкантаў) Раман Падаляка звольніўся з Купалаўскага тэатра[4][5][6]. Быў адным з заснавальнікаў незалежнай трупы «Купалаўцы»[6].

У верасні 2020 года ўдзельнічаў у адзіным жывым паказе спектакля «Тутэйшыя» ў Мінску, які адбыўся ў рэжыме сакрэтнасці на пляцоўцы «ОК16»[7]. З прычыны фактычнай забароны на прафесію ў Беларусі, «Купалаўцы» перайшлі ў анлайн-фармат[6], паводле Падалякі, выхад на YouTube стаў вымушаным крокам, які, аднак, даў калектыву рэкордную аўдыторыю — сотні тысяч праглядаў (толькі «Тутэйшыя» сабралі больш за 300 тысяч)[8] [5]. У сакавіку 2021 года Падаляка адзначаў, што ў новых умовах акцёры сталі больш універсальнымі, выконвалі функцыі ўсяго тэатральнага механізма ва ўмовах салідарнасці[8]. Сваю нацыянальную ідэю ў сакавіку 2021 года Падаляка акрэсліваў як «вярнуцца дадому гаспадарамі» і працаваць ва ўмовах свабоды[8].

З 2022 года жыве і працуе ў Польшчы.

Найбольшую вядомасць Раману Падаляку прынесла роля Густава-Конрада ў спектаклі «Дзяды» паводле Адама Міцкевіча (пастаноўка «Тэатра Ч»)[1], за гэтую ролю атрымаў прыз у намінацыі «Лепшая мужчынская роля» на Міжнародным фестывалі «VASARA-2013» у Друскініках (Літва)[9]. Станам на май 2015 года спектакль паказаны больш за 15 разоў у розных краінах.

Па-за межамі тэатра стаў вядомы адной з галоўных роляў у фільме «Жыве Беларусь!» (2012)[3].

Сярод найлепшых роляў у Купалаўскім тэатры: Андрэй («Страсці па Аўдзею» Уладзіміра Бутрамеева), Эмануэль («Барух-Эмануэль» Дзмітра Плакса), Ратнік («Князь Вітаўт» Аляксея Дударава), Уцякін, Недзім («Саламея» Сяргея Кавалёва), Гайдук («Ідылія» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча), Муж, Гаспадар купэ («Мы і ЯНО» Аркадзя Аверчанкі), Карл («Эрык XIV[sv]» Юхана Стрындберга), Студэнт («С. В.» паводле Антора Чэхава «Вішнёвы сад»), Іван Цярэшка («Балада пра каханне» Васіля Быкава), Якаб Рундзіс («Вольга» Лаўры Руаханен[en]), Тоні («Маці[cs]» Карала Чапека).[10]

У рэпертуары Купалаўскага тэатру 2020 года іграў ролі: Васіль («Людзі на балоце» паводле Івана Мележа), Граф («Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча), Барыс Аляксеевіч Трыгорын («Чайка[ru]» Антона Чэхава), Ігнат («Дзве душы» Максіма Гарэцкага), Лука Лукіч Хлопаў («Рэвізор» Мікалая Гогаля), Пан Альберт («Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» паводле Яна Баршчэўскага).[2]

Пасля жніўня 2020 года Раман Падаляк быў адным з заснавальнікаў незалежнай трупы «Купалаўцы»[6], яе нефармальным творчым лідарам, на яго прыпала асноўная рэжысёрская праца ў незалежным калектыве[8][1]. Рэжысёр паспяховых пастановак:

  • «Шэпт» — дакументальнае сцэнічнае падарожжа паводле кнігі Сяргея Лескеця, прысвечанае традыцыям беларускага знахарства[1], праца над гэтым праектам была часткай планаў калектыву «Купалаўцаў» на 2023 год[7].

Станам на 2023 год Раман Падаляка і калектыў планавалі працяг працы з сучаснымі аўтарамі (Златкоўскай, Лескецем, Чарнухам) і развіццё аўдыяпраектаў[7]. Працягвае ўдзельнічаць у новых пастаноўках трупы, сярод якіх эксперыментальны спектакль «Камедыя Юдзіфі», прэзентаваны на YouTube 20 студзеня 2024 года[5].

  1. а б в г д е 7 беларусаў, якія робяць сусветны тэатр — Sojka (англ.). sojka.io. Праверана 27 студзеня 2026.
  2. а б в Раман Падаляка Архівавана 18 кастрычніка 2020. на сайце Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
  3. а б в Матафонаў, Аляксандар. Тэатар. Раман Падаляка . Радыё Свабода (9 кастрычніка 2015). Праверана 28 студзеня 2026.
  4. а б Из Купаловского театра уволены 58 актеров и сотрудников Архівавана 3 верасня 2020.
  5. а б в Свабода, Радыё. «Купалаўцы» анансавалі новы экспэрымэнтальны спэктакль. Прэм’ера на Youtube — сёньня, 20 студзеня . Радыё Свабода (20 студзеня 2024). Праверана 27 студзеня 2026.
  6. а б в г Што з Купалаўскім тэатрам і акторамі, якія з яго сышлі? (руск.). dw.com. Праверана 27 студзеня 2026.
  7. а б в “Купалаўцы”: останавливаться нельзя (руск.). Арт.Контекст. Праверана 27 студзеня 2026.
  8. а б в г Еўрарадыё. Чым займаецца незалежная трупа “Купалаўцы” і дзе іх шукаць? | Чем занимается труппа "Купаловцы"? (2 сакавіка 2021). Праверана 27 студзеня 2026.
  9. Раман Падаляка атрымаў узнагароду за ролю ў спектаклі “Дзяды”. Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Kamunikat.org. Праверана 28 студзеня 2026.
  10. Раман Падаляка Архівавана 25 лістапада 2020.