Рамуальд Сымонавіч Зянкевіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Рамуальд Зянкевіч)
Jump to navigation Jump to search
Рамуальд Сымонавіч Зянкевіч
Дата нараджэння 1 лютага 1811(1811-02-01)
Месца нараджэння
Дата смерці 11 верасня 1868(1868-09-11) (57 гадоў)
Грамадзянства
Род дзейнасці краязнавец
Навуковая сфера фалькларыстыка, этнаграфія, археалогія і педагогіка
Альма-матар
  • Віленскі ўніверсітэт[d]

Рамуальд Сымонавіч Зянкевіч (Зянькевіч) (польск.: Romuald Zienkiewicz, руск.: Ромуальд Зенкевич; 1 лютага 1811, Завілейскі павет, Віленская губерня, Расійская імперыя — 11 верасня 1868) — беларускі фалькларыст, этнограф, археолаг, краязнавец і педагог.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям’і арандатара, бацькоўскі фальварак, верагодна, знаходзіўся недзе паміж Свір’ю і Свянцянамі. Пачатковую адукацыю атрымаў у Свірскай парафіяльнай школе (1818—1820). Скончыў Віленскую гімназію (1826) і літаратурнае аддзяленне Віленскага ўніверсітэта (1830), працаваў настаўнікам і выхавальнікам у прыватных школах. У 1844 годзе атрымаў месца настаўніка Росенскай павятовай школы Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні, але неўзабаве з-за прагрэсуючай слепаты пакінуў працу. У пошуках работы Рамуальд Зянкевіч апынуўся на Палессі, знайшоў прытулак у Луніне Пінскага павета, рэзідэнцыі князёў Друцкіх-Любецкіх. Князь Эдвін Геранімавіч Друцкі-Любецкі (1828—1901) дазволіў Рамуальду Зянкевічу карыстацца сваёй бібліятэкай, архівам і кабінетам-музеем.

Навуковая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Рамуальд Зянкевіч запісваў песні, казкі, паданні, легенды, абрады і звычаі. У 1847 годзе ў часопісе Ю. Крашэўскага «Athenaeum» («Атэнэум») надрукаваў нарыс «Народныя песні, сабраныя на Піншчыне і перакладзеныя Р. Зянкевічам» («Народные песни, собранные на Пинщине и переведённые Р. Зенкевичем»), дзе разам з беларускім арыгіналам змяшчаў пераклад на польскую мову, што значна пашырала кола даследчыкаў беларускага фальклору і павышала вартасць яго працы. У зборніку «Народныя песні Піншчыны» («Piosenki gminne ludu Pińskiego», Коўна, 1851) змясціў беларускія песні, запісаныя над Пінай, Прыпяццю і Цной (звыш 200 песень), з дадаткам некалькіх песень з Валынскага Палесся, з Бугу, з ваколіц Любамля.

Рамуальд Зянкевіч — этнограф-аматар, але яго зборнік з’яўляецца першым зборам беларускіх песень, які, у адрозненне ад папярэдніх яму зборнікаў Я. Чачота, мае навуковае значэнне. Змест зборніка ў 1868 годзе быў перадрукаваны О. Кольбергам у 52-м томе «Беларусь — Палессе» «Поўнага збору прац».

Важнейшай у навуковай спадчыне Р. Зянкевіча з’яўляецца праца «Пра ўрочышчы і звычаі жыхароў Піншчыны, а таксама пра характар іх песень» (часопіс «Вiblіotека Warszawska» — 1852, т. 4; 1853, т. 1), дзе ён даў апісанне працоўных працэсаў, каляндарных і сямейных абрадаў, вераванняў і забабонаў. Упершыню расказаў пра старажытны веснавы абрад «куста», які суправаджаўся багатым і пышным рытуалам, пахавальныя абрады, памінальны абрад «дзяды».

Зянкевіч вывучаў Крэўскі замак, запісаў паданні пра яго г.зв. «падземныя хады», даў звесткі пра гарадзішча і старажытны вал каля Турава, зафіксаваў месца даўняга пабоішча каля Сташанаў над Ясельдай. Звяртаючыся да гісторыі засялення Палесся, абвяргаў сцверджанне пра тое, што ў VI стагоддзі на Палессі жылі будзіны, а славяне там з’явіліся значна пазней. Спасылаючыся на запісаныя ім назвы ўрочышчаў, абрады, звычаі і вераванні, сцвярджаў, што Піншчына заселена славянамі са старажытных часоў.

Таксама Рамуальд Зянкевіч цікавіўся археалогіяй. З-за дрэннага зроку раскопак не праводзіў, аднак у 1843 годзе, будучы на Ашмяншчыне, рабіў абмеры курганоў, гарадзішчаў, абарончых валоў і замчышчаў. Карыстаўся звесткамі аратых пра знаходкі старажытных рэчаў. Упершыню стварыў археалагічную карту Ашмянскага павета. У 1848 годзе ў часопісе «Атэнэум» апублікаваў працу «Пра курганы і гарадзішчы Ашмянскага павета» («О kurhanach i grodziskach powiatu Osmianskego»). Матэрыял Р. Зянкевіча пра Крэўскі замак выкарыстаў польскі гісторык М. Балінскі пры напісанні працы «Старажытная Польшча…».

У Вільні Р. Зянкевіч выдаў зборнікі «Рыфмаваныя спробы», «Вяселле, рыфмаваны перадшлюбны падарунак». У рукапісе засталіся «Гісторыя польскай літаратуры», якая заканчвалася раздзелам пра творчасць А. Міцкевіча, а таксама педагагічнай працы пра выхаванне моладзі з пералікам абавязкаў бацькоў і настаўнікаў. Аўтар працы «Сістэматычны агляд усіх навук».

Частка творчай спадчыны Р. Зянкевіча захоўваецца ў Вільнюсе ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літвы.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Piosenki gminne ludu Pińskiego / zebrał i przekładał Romuald Zieńkiewicz. — Kowno, 1851.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]