Рандэль (паэзія)

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Рандэль, паэзія)
Перайсці да: рух, знайсці

Рандэ́ль (фр.: rondel, ад rond — круглы) — адна з так званых цвёрдых форм лірычнай паэзіі. З'явіўся ў Францыі ў XIV стагоддзі.

Складаецца з 13 радкоў, мае наступную структуру: парадак рыфм — A-B-b-a a-b-A-B a-b-b-a-A, дзе вялікімі літарамі вызначаны супадаючыя радкі. Вылучаецца таксама падвоены рандэль, які складаецца з 16 радкоў з рыфмоўкай A-B-B-A a-b-A-B a-b-b-a A-B-B-A.

Узнік гэты верш у старафранцузскай паэзіі, затым перайшоў у англійскую і іншыя еўрапейскія літаратуры. У канцы XIX — пачатку XX ст. рандэль даволі часта выкарыстоўвалі сімвалісты. У беларускую літаратуру рандэль увёў Максім Багдановіч. Прыкладам можа быць яго верш «На могілках» (1913):

Амур і сумны і прыгожы
Стаіць з павязкай на вачах
Ля склепу. Часам лёгкі пах
Сюды даносіцца ад рожы.
Паўсюль крыжы, вянкі... Чаго жа
Тут, дзе магілы, сцень і прах,
Амур і сумны і прыгожы
Стаіць з павязкай на вачах?
І ціха думаў я: быць можа,
Любоў, палёгшы ў трунах,
Перамагла і смерці жах!
Спачніце ж! Вечна на старожы
Амур і сумны і прыгожы.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]