Раскіданае гняздо (спектакль, Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Раскіданае гняздо»
Афіша/постар/сцэна
Сцэна са спектакля
Жанр трагедыя
Заснаваны на п’есе Янкі Купалы
«Раскіданае гняздо»
Кампазітар Вольга Кашынская
Рэжысёр Раман Цыркін
Харэограф Алена Масунова
Акцёры М. Кліменка
А. Чыжык
Н. Скамарохава
А. Спірыдовіч
Н. Бакавец
А. Бычкоўскі
В. Рослікава
Я. Гарбачэўскі
Я. Кузьмянкоў і інш.
Краіна Беларусь
Мова беларуская
Год 24 лістапада 2007[1]
Пастаноўкі Мазырскі драматычны тэатр
Узнагароды лаўрэат IX Міжнароднага фестывалю «Этна-Дзіа-Сфера» (Мукачава, Украіна, 2008)

«Раскіданае гняздо» — спектакль, пастаўлены рэжысёрам Раманам Цыркіным у Мазырскім драматычным тэатры імя Івана Мележа па аднайменнай п’есе Янкі Купалы. Спектакль акрэслены як «сцэнічны варыянт Р. Цыркіна» і прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння Я. Купалы. Прэм’ера адбылася 24 лістапада 2007 года.[1]

У спектаклі найбольш заўважальныя змены ў параўнанні з літаратурнай першаасновай адбыліся з вобразам Незнаёмага і ў стаўленні стваральнікаў спектакля да ідэі рэвалюцыі. Калі Янка Купала ў 1913 годзе бачыў у рэвалюцыі сродак нацыянальнага і сацыяльнага вызвалення беларускага народа ад імперскага прыгнёту, пачатак шляху да свабоднай і незалежнай Беларусі («На вялікі сход, па Бацькаўшчыну!»), то Р. Цыркін, ведаючы з гісторыі, што прынеслі беларускаму сялянству і інтэлігенцыі наступствы бальшавісцкай рэвалюцыі 1917 года, атаясамлівае змагара-агітатара, які з’яўляецца на руінах хаты Зяблікаў, з Д’яблам (нібыта паказвае вобраз Незнаёмага і яго ідэі праз прызму «Бесаў» Ф. Дастаеўскага).[2]

Акцёры[правіць | правіць зыходнік]

Водгукі[правіць | правіць зыходнік]

" Ён [Незнаёмы] выходзіць на падмосткі ў традыцыйным, вядомым па карцінках, адзенні — чорным трыко і гэткім жа чорным д’ябальскім каўпаку. Яго словы і пра сход, і пра супраціў — гэта спакушэнне. Сваёй ахвярай Незнаёмы выбраў Сымона. Разыгрываецца даволі вялікая сцэна — не столькі славесная, колькі пластычная. Незнаёмы ў сваёй «агітацыі» выкарыстоўвае разнастайныя сродкі — парады, абяцанні, пагрозы, псіхалагічны і фізічны націск (каларытны ў ролі Андрэй Спірыдовіч іграе віртуёзна). І ўсё дзеля аднаго — спакусіць, забраць чалавечую душу. [...] Ідзе складаная, цяжкая ўнутраная барацьба. І калі ўрэшце Сымон рашыўся — гэта стала яго душэўным зломам. Ён панік, як у народзе кажуць, «скіс». І ціха, малазаўважна падаўся ў бок спакусніка. Амаль адразу ж падмосткі ахапіла віхурыстае полымя. Яно шалёна бушавала, нішчачы ўсё існае. І калі агонь заціх, сцэна была абсалютна пустая. Невядома, дзе Сымон, ці выйшаў ён жывым з пякельнага вогнішча. Дзе іншыя людзі?
Анатоль Сабалеўскі[3]
"
" Рэжысёр [...] паспрабаваў адшукаць у творы Купалы тыя «сцяжынкі», якія прывялі б нас, гледачоў, ад побытавага пласту п’есы і яе фальклорна-сімвалісцкага ўспрыняцця да перафармулёўкі пытання «Хто вінаваты?» на «Чаму так атрымалася?». Нездарма патэтычны «рэвалюцыянер» Незнаёмы ў выкананні Андрэя Спірыдовіча ў спектаклі набыў рысы ўсюдыіснага настойлівага чорта, які сваім назаляннем не дае Сымону спакойнага жыцця, проста-такі штурхаючы хлопца да неўласцівых яму ўчынкаў.
Таццяна Команава[4]
"

Зноскі

  1. а б в Раскіданае гняздо (старонка спектакля). Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа. Праверана 31 снежня 2012.
  2. Кавалёў, Сяргей. Рэцэпцыя творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа ў сучасным беларускім тэатры. Villa Sokrates (18 красавіка 2011). Праверана 31 снежня 2012.(недаступная спасылка)
  3. Анатоль Сабалеўскі ...І будуць панаваць // Мастацтва : часопіс. — Мінск: 2008. — № 7. — С. 47. — ISSN 0208-2551.(недаступная спасылка)
  4. Таццяна Команава Што дадаць да «высокай пробы»? // Культура : газета. — Мінск: 2008. — № 48.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]