Распад СССР
Распад СССР — працэсы сістэмнай дэзынтэграцыі, якія адбываліся ў эканоміцы, сацыяльнай структуры, грамадскай і палітычнай сферы Савецкага Саюза і прывялі да спынення Белавежскімі пагадненнямі існавання СССР 26 снежня 1991 года. Вынікам было аднаўленне незалежнасці краіні-заснавальніц СССР -- Беларуссю, Расіяй і Украінай, краінамі далучанымі да СССР -- Латвіяй, Літвой і Эстоніяй, а таксама з'яўленне новых незалежных нацыянальных дзяржаў[1].
У снежні 1991, спыніў сваё існаванне Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, і на палітычнай арэне з’явілася новае міжнароднае аб’яднанне — Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД).
Прычыны
[правіць | правіць зыходнік]Прычынамі былі — неразвязанасць у СССР нацыянальнага пытання, застой у эканоміцы і іншыя. Таксама важным быў фактар супрацьстаяння камуністычных партыйных функцыянераў Барыса Ельцына і Міхаіла Гарбачова, чый патэнцыял як дзеячаў да 1990 года зраўняўся.
Распад СССР стаў вынікам уздзеяння шэрагу аб’ектыўных і суб’ектыўных абставін. Дэзінтэграцыйныя працэсы пачаліся ў Савецкім Саюзе ў сярэдзіне 1980-х гадоў. У гэты перыяд у краіне пачаў адчувацца палітычны і эканамічны крызіс. Кіраўніцтвам СССР была зроблена спроба эканамічных рэформ, якія павінны былі забяспечыць пераход да рынку, але дзеянні рэфарматараў былі не да канца прадуманы і паслядоўныя. Старая эканамічная сістэма зведала сур’ёзны ўдар, а новая так і не была створана. Усё гэта прывяло да інфляцыі, дэфіцытнай стала ўся прадукцыя лёгкай прамысловасці і прадукты харчавання. У краіне рос забастовачны рух. Прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў і цэнтральны ўрад, які яўна не спраўляўся з задачай пераадолення эканамічнага спаду і рэфармавання эканомікі, з кожным годам страчвалі аўтарытэт як у народа, так і ў кіраўніцтва саюзных рэспублік.
У 1990 быў адменены 6-ы артыкул Канстытуцыі СССР, у якім агаворвалася «кіруючая роля КПСС». Дагэтуль ўжо адбывалася фарміраванне палітычных партый шырокага спектра. Многія партыі, створаныя ў рэспубліках, выступалі з нацыяналістычных пазіцый, заклікалі да выхаду са складу СССР. Праявіўся крызіс нацыянальна-дзяржаўнага ўладкавання СССР. Аказалася, што ў краіне ёсць нямала этнічных канфліктаў сярод якіх, напрыклад, грузіна-абхазскі, армяна-азербайджанскі. У абстаноўцы галоснасці гэтыя канфлікты аказаліся на паверхні. У шэрагу рэспублік абвастрыліся адносіны паміж тытульнымі нацыямі і рускімі, але ў кіраўніцтва краіны не было праграмы вырашэння нацыянальных праблем, умення своечасова і эфектыўна рэагаваць на абвастрэнне этнічных канфліктаў. Спробы вырашыць праблему з дапамогай войскаў не прывялі да станоўчых вынікаў.
Першы крок у напрамку да незалежнасці зрабілі прыбалтыйскія рэспублікі — Літва, Латвія, Эстонія. Яны разлічвалі на тое, што па-за СССР ім удасца дасягнуць большых поспехаў. У сакавіку 1990 Вярхоўны Савет Літвы аб’явіў аб узнаўленні дзяржаўнага суверэнітэту.
Кіраўніцтва СССР імкнулася захаваць непарушнасць краіны. З гэтай мэтай у красавіку 1990 года быў прыняты закон «Аб размеркаванні паўнамоцтваў паміж Саюзам ССР і суб’ектамі федэрацыі». Рэспублікам прадастаўляліся больш шырокія магчымасці ажыццяўляць адзін з адным эканамічнае супрацоўніцтва, уступаць у адносіны з іншымі дзяржавамі, прымаць удзел у рабоце міжнародных арганізацый пры захаванні пэўнай ступені кантролю з боку саюзнага цэнтра. Гэты заканадаўчы акт захоўваў адзінства СССР і стрымліваў выхад са складу самастойных рэспублік. Аднак у рэальным жыцці падзеі сталі развівацца па-іншаму.
Падзеі
[правіць | правіць зыходнік]На працягу 1990—1991 гадоў усе саюзныя і многія з аўтаномных рэспублік прынялі Дэкларацыі пра суверэнітэт.
У чэрвені-ліпені 1990 года дзяржаўны суверэнітэт абвясцілі Расійская Федэрацыя і Украіна. Пачатак палітычнай самастойнасці Беларусі быў пакладзены 27 ліпеня 1990 года. У гэты дзень Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. У ёй абвяшчалася вяршэнства на тэрыторыі рэспублікі Канстытуцыі Беларускай ССР і яе законаў.
Рэферэндум
[правіць | правіць зыходнік]Рэферэндум 17 сакавіка 1991 года ў Беларусі па пытанні захавання Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік быў часткай агульнасаюзнага рэферэндума па гэтым пытанні. У рэферэндуме прынялі ўдзел 6 126 983 чалавек, або 83,3 % грамадзян, якія мелі права ўдзельнічаць у галасаванні. "За" захаванне абноўленага СССР выказалася 82,7 % з тых, хто прыняў удзел у галасаванні, "не" адказалі 16,1 %, несапраўднымі прызнаны 1,2 % бюлетэняў.
Спроба захаваць СССР
[правіць | правіць зыходнік]Урад СССР абвясціў пра намер падпісаць новы саюзны дагавор, што фактычна ставіла пад сумнеў саюзны дагавор ад 1922 года. Нягледзячы на цяжкасці, да ліпеня 1991 года новы дагавор быў распрацаваны. Планавалася падпісаць яго 20 жніўня 1991 года, але жнівеньскі путч перарваў усе спробы.
Ва ўмовах эканамічнага і палітычнага крызісу 19-21 жніўня 1991 ў Маскве група вышэйшых дзяржаўных і палітычных кіраўнікоў зрабіла спробу спыніць перабудову шляхам увядзення надзвычайнага становішча ў краіне. Аднак іх дзеянні былі нейтралізаваны прыхільнікамі новага курсу. Жнівеньскія падзеі садзейнічалі рэзкаму паскарэнню палітычных працэсаў і змяненню палітычных сіл у краіне. На парадку дня стала пытанне аб самім існаванні СССР.
Канечны распад
[правіць | правіць зыходнік]Адна за адной рэспублікі абвяшчала поўны суверэнітэт. 24 жніўня гэта зрабіла УССР, 25 жніўня — БССР. Працэс стаў незваротны, ён імкліва развіваўся. У верасні 1991 года канечна сфарміравалася Рэспубліка Беларусь[2].
6 верасня 1991 года была прызнана незалежнасць Літвы[3], Латвіі[4], Эстоніі[5].
8 снежня 1991 года кіраўнікі Расіі Барыс Ельцын, Украіны Леанід Краўчук і Беларусі Станіслаў Шушкевіч падпісалі ў рэзідэнцыі Віскулі ў Белавежскай пушчы пагадненне аб дэнансацыі дагавора аб стварэнні Саюза ССР ад 1922 года і аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў, якое павінна было стаць прынцыпова іншым, у параўнанні з Савецкім Саюзам, аб’яднаннем рэспублік.
Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў Пагадненне аб утварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў 10 снежня 1991 года.
Кіраўнікі іншых рэспублік СССР, акрамя Латвіі, Літвы, Эстоніі, Грузіі, выказалі жаданне, каб іх дзяржавы сталі раўнапраўнымі членамі — заснавальнікамі СНД.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ У наш час дэ-факта — 19 дзяржаў (ці «дзяржаўных утварэнняў»), 15 з якіх з'яўляюцца членамі ААН, 2 — прызнаны некаторымі краінамі-членамі ААН (Расія і Нікарагуа), і 2 — не прызнаны ніводнай з краін-сяброў ААН
- ↑ Постановление Верховного Совета Республики Беларусь от 25 августа 1991 г. № 1019-XII(недаступная спасылка)
- ↑ Постановление Гос. совета СССР от 6 сентября 1991 г. N ГС-1
- ↑ Постановление Гос. совета СССР от 6 сентября 1991 г. N ГС-1
- ↑ Постановление Гос. совета СССР от 6 сентября 1991 г. N ГС-3
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Пастанова прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР «Аб рэзультатах галасавання на рэферэндуме СССР 17 сакавіка 1991 года ў Беларускай ССР па пытанню аб захаванні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік» N 711-ХII ад 7 красавіка 1991 года.