Перайсці да зместу

Раста

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Раста
Характарыстыка
Даўжыня 100 км
Басейн 1 290 км²
Расход вады 6,8 м³/с
Вадацёк
Выток каля в. Аляксандраўка Дрыбінскі раён
  Каардынаты 54°05′35″ пн. ш. 30°38′27″ у. д.HGЯO
Вусце Проня
  Каардынаты 53°36′12″ пн. ш. 30°56′15″ у. д.HGЯO
Размяшчэнне
Водная сістэма Проня  Сож  Дняпро  Дняпроўскі ліман[d]

Краіна
physical
Раста
Раста
— выток, — вусце

Раста, Рэста, Рыста, Рэкта — рака ў Магілёўскай вобл., правы прыток ракі Проня (басейн Дняпра).

Варыянты назвы — Рэста, Рыста, Рэкта.

На думку У. Тапарова, да гэтага ж шэрагу належаць такія гідронімы на Верхнім Падняпроўі, як Рэхта, Рыхта, Рышты. Усе гэтыя формы ўзыходзяць да балцкага абазначэння арэха: літ. riešutas, лат. rieksts, пруск. reisis[2].

На думку М. Фасмера, рачная назва Рэкта паходзіць ад слова ракатаць і азначае «шумная рака»[3].

На думку А. Сабалеўскага, назвы Рэкта, Рэхта роднасныя са ст.-іран. назвай ракі Rahā, ст.-інд. rasa «раса, паток», слав. роса, орошати, старажытнай назвай Волгі Ра[4].

На думку Э. Мурзаева, назва ракі Рэхта ў Пасожжы паходзіць ад украінскага рехта «прыток ракі»[5].

Б. Махоцін назвы тыпу Рэкта звязвае са словам рака[6].

На думку А. Трубачова, і ў балцкай і ў славянскай назва арэха атрыманая шляхам словаўтварэння ад этымалагічна адной асновы, якая прадстаўлена ў літ. rišti «звязваць, развязваць» і слав. *rěšiti «(раз)вязаць». Гэта грунтуецца на тым, што плады ляснога арэха растуць звязкамі, гронкамі[7].

Даўжыня 100 км. Плошча вадазбору 1290 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 6,8 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,6 %. Пачынаецца каля вёскі Аляксандраўка Дрыбінскага раёна, вусце за 2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Харанеў Слаўгарадскага раёна. Цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне.

Мост цераз раку

Асноўныя прытокі: Рудзея, Будлянка, Хоцінка (справа), Плясна, Відлінка Вілейка, Доўгі Мох, Рудзея (злева).

Даліна добра распрацаваная, глыбокаўрэзаная, трапецападобцая, пераважная шырыня 0,6—1 км. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія, часам стромкія, вышынёй 10—15 м. Пойма двухбаковая, слабазабалочаная. Паверхня яе ў вярхоўі роўная, у сярэднім цячэнні куп′істая, у ніжнім узгорыстая, парэзаная меліярацыйнымі каналамі (шырыня 0,3—0,4 км). У разводдзе затапляецца на глыбіню 0,5—1,5 м на 5—10 сутак. Рэчышча свабодна меандруе, умерана звілістае, ніжэй вёскі Харкаўка Чавускага раёна трапляюцца невялікія астравы. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя, вышынёй 0,8—1,5 м. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў пачатку красавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем ад 2,3 м у верхнім цячэнні да 3,2 м у ніжнім. Замярзае ў пачатку снежня, крыгалом у канцы сакавіка. Веснавы ледаход у сярэднім 5 сутак.

На рацэ каля вёскі Зарэсце ў 1981 г. створана вадасховішча Зарэсце.

  1. Geographic Names Server — 2018.
  2. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 204-205.
  3. М. Фасмер. Этимологический словарь русского языка. Т. 3. Москва, 1987. С. 465.
  4. А. И. Соболевский. Русско-скифские этюды. ИОРЯС, XXVII. 1924. С. 280.
  5. Э. М. Мурзаев Словарь народных географических терминов. Москва, 1984. С. 481
  6. Б. А. Махотин. К живым истокам: Смоленщина в географических названиях. Смоленск, 1989.
  7. О. Н. Трубачев. Заметки по этимологии и сравнительной грамматике // Этимология. 1968. Москва, 1971. С. 65.