Перайсці да зместу

Расійска-амерыканская кампанія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Расійска-амерыканская кампанія
руск.: Подъ Высочайшимъ Его Императорскаго Величества покровительствомъ Россійская Американская компанія
Заснаванне 1799
Скасавана 1867
Заснавальнікі Grigory Shelikhov[d] і Nikolai Rezanov[d]
Краіна
Размяшчэнне Іркуцк, Санкт-Пецярбург
Адрас
Галіна гандаль, каланізацыя

Пад Найвышэйшым Яго Імператарскай Вялікасці заступніцтвам Расійская Амерыканская кампанія, скарочана Расійска-амерыканская кампанія (руск.: Под Высочайшим Его Императорского Величества покровительством Российская Американская компания, Российско-американская компания) — расійская каланіяльная кампанія, заснаваная ў 1799 г. згодна з указам Паўла I. Займалася гандлем і стварэннем расійскіх калоній на поўначы ціхаакіянскага рэгіёна (Аляска, Курыльскія астравы, Камандорскія астравы, Каліфорнія, Гаваі). Была ліквідавана пасля продажу Аляскі ў 1867 г.

У 1741 г. расійская экспедыцыя Вітуса Берынга даследавала Алеуцкія астравы і паўвостраў Аляска, дзе былі знойдзены вялікія папуляцыі марскіх футравых звяроў. З 1743 г. гэтыя землі пачалі наведвацца караблямі расійскіх прамыслоўцаў, якія займаліся гандлем з алеутамі і эскімосамі, здабычай вушастых цюленяў і каланаў, часам зімавалі на астравах. Аднак канкурэнцыя паміж прамыслоўцамі выклікала ўзаемныя сутычкі і злоўжыванні ў адносінах да абарыгенаў. У 1778 г. паўночная частка Ціхага акіяна была даследавана брытанскай экспедыцыяй Джэймса Кука[1], што выклікала занепакоенасць у расійскіх афіцыйных колаў.

Адным з найбольш выбітных расійскіх прамыслоўцаў, якія асвойвалі берагі Курыльскіх астравоў і Паўночнай Амерыкі, быў іркуцкі купец Рыгор Іванавіч Шэліхаў (17471795)[2], заснавальнік прыватнай Паўночна-Усходняй кампаніі (1783 г.). У 1783 — 1784 гг. ён узначальваў гандлёвую экспедыцыю на Аляску, падчас якой стварыў сталае паселішча на востраве Кадзьяк. Падобна іншым здабытчыкам, Р. І. Шэліхаў жорстка абыходзіўся з мясцовым насельніцтвам. 14 жніўня 1784 г. чальцы яго экспедыцыі забілі ад 500 да 1000 сугпіят, што ратаваліся каля скалы Ава’ук[3][4]. Тым не меней, у 1788 г. ён быў узнагароджаны залатым медалём і срэбранай шпагай.

Да сярэдзіны 1790-х гг. канкурэнты Р. І. Шэліхава здолелі сканцэнтраваць капітал і выступіць супольна са скаргамі на яго кампанію. У 1794 г. была прызначана інспекцыя Паўночна-Усходняй кампаніі на чале з прыдворным дваранінам Мікалаем Пятровічам Рэзанавым (17641807 гг.)[5], аднак яна скончылася жаніцьбай М. П. Рэзанава з дачкой Р. І. Шэліхава. Пасля яго смерці М. П. Рэзанаў атрымаў у спадчыну маёмасць прамыслоўца. У другой палове 1790-х гг. намаганні іркуцкіх прамыслоўцаў у асваенні ўзбярэжжа Аляскі былі аб’яднаны. Пры падтрымцы М. П. Рэзанава пры двары быў прадстаўлены праект супольнай кампаніі, якая павінна была мець падтрымку дзяржавы і атрымаць поўную манаполію ў Паўночнай Амерыцы. Кацярына II аднеслася да яго з падазрэннем. Толькі ўлетку 1799 г. Павел I выдаў указ аб стварэнні Расійска-Амерыканскай кампаніі. У канцы 1799 г. ён у жалаванай грамаце вызначыў яе правы і прывілеі[6]. Кампанія магла на працягу 20 гадоў манапольна карыстацца месцамі здабычы і ўстановамі ад 55° паўночнай шыраты на Алеуцкіх, Курыльскіх і іншых астравах, рабіць новыя адкрыцці, карыстацца ўсім, што знаходзіцца ў нетрах і на зямлі, засноўваць паселішчы, наймаць усякага стану свабодных людзей.

У кастрычніку 1800 г. Павел I падпісаў указ аб пераездзе кіраўніцтва кампаніі з Іркуцка ў Санкт-Пецярбург[7]. У 1802 г. адным з яе галоўных акцыянераў стаў Аляксандр I.

Дом Расійска-амерыканскай кампаніі ў Санкт-Пецярбургу. Сучасны выгляд

Кіраванне Расійска-амерыканскай кампаніі здзяйсняла рада дырэктараў на чале з першасным дырэктарам. Да 1867 г. на гэтай пасадзе змянілася 5 чалавек. Рада дырэктараў першапачаткова знаходзілася ў Іркуцку. У пачатку XIX ст. пераехала ў Санкт-Пецярбург. Паседжанні рады адбываліся ў Доме Расійска-амерыканскай кампаніі (пабудаваны ў 1805 г., перабудаваны ў 1853 г. і 1909 г.) на набярэжнай ракі Мойка[8]. Фармальна рада выбіралася на паседжанні акцыянераў. У рэчаіснасці дырэктары прызначаліся імператарам. З самога пачатку існавання кампаніі заступніцтва імператара з’яўлялася моцным аргументам у спрэчках паміж першасным дырэктарам і сібірскімі кампаньёнамі, якія імкнуліся да павелічэння прыбыткаў. Першасны дырэктар заўсёды імкнуўся адстойваць інтарэсы дзяржавы, нават у тых выпадках, калі яны не абяцалі вялікіх прыбыткаў для акцыянераў. Дырэктары Расійска-амерыканскай кампаніі неслі адказнасць за скарб, вэксалі, тавары і маёмасць, складалі штогадовыя справаздачы. У сталы кіруючы апарат кампаніі таксама ўваходзілі канторшчык, бухгалтар, касір, іншыя служачыя, што працавалі пры канторы.

У 1799 г. была створана пасада паўнамоцнага карэспандэнта кампаніі з правам хадайніцтва перад імператарам. Першай асобай на гэтай пасадзе быў Мікалай Пятровіч Рэзанаў. Пасля яго смерці ў 1807 г. яе па прапанове дырэктараў заняў Мікалай Пятровіч Румянцаў, у той час міністр фінансаў Расіі. У 1811 г. Аляксандр I прызначыў міністэрства ўнутраных спраў апекаваць Расійска-амерыканскую кампанію з боку дзяржавы. У 1821 г. быў зацверджаны новы статут Расійска-амерыканскай кампаніі. Служба ў ёй прыраўновалася да дзяржаўнай. Міністру фінансаў дазвалялася ўмешвацца ў яе працу ў выпадку адступлення ад статута. Спыняўся свабодны продаж акцый. Стваралася Асаблівая рада з ліку акцыянераў, што арганізоўвала паседжанні разам з радай дырэктараў[9]. Разам са статутам былі апублікаваны «Правілы Руска-амерыканскай кампаніі»[10], якія рэгламентавалі дзейнасць, структуру, правы і абавязкі, забаранялі прымус і ясак у дачыненні да кантынентальных плямён Аляскі.

У статуце 1844 г. усе дырэктары кампаніі былі прыраўнаваны да VI класнага чына табеля аб рангах[11]. Акрамя таго, стваралася пасада чальца выканаўчай улады, які выбіраўся акцыянерамі, займаўся выкананнем даручэнняў у Маскве і Ніжнім Ноўгарадзе, дзе кампанія атрымоўвала асноўны таваразварот, а таксама адказваў за арганізацыю плаванняў.

Апарат Расійска-амерыканскай кампаніі ў калоніях узначальваў галоўны кіраўнік. Першым гэту пасаду займаў прадпрымальнік, выхадзец з купецкага саслоўя Аляксандр Андрэевіч Баранаў (17471819 гг.), стаўленік сям’і Шэліхавых[12]. Ён заснаваў крэпасць Новаархангельск, куды перанёс каланіяльную адміністрацыю з Іркуцка. А. А. Баранаў называў сябе расійскім Пісара і імкнуўся да актыўнага пашырэння калоній[13]. У 1818 г., калі ўплыў сям’і Шэліхавых у кампаніі скараціўся, і пад уздзеяннем хваробы, ён аставіў пасаду і памёр падчас вяртання ў Расію. Пасля прыняцця статута 1821 г. галоўныя кіраўнікі прызначаліся на 5 гадоў з ліку афіцэраў ВМФ. Іх абавязкамі былі прадстаўленне штогадовых справаздач імператару, прызначэнне і зрушэнне каланіяльных служачых, падрыхтоўка інструкцый ураду, арышт іншаземных суднаў, што незаконна вялі дзейнасць у расійскіх калоніях, клопаты пра карэннае насельніцтва і бяспеку каланістаў[9]. Пры галоўным кіраўніку дзейнічала рада. Яе склад у розныя гады быў адрозным. Галоўнаму кіраўніку падпарадкоўвалася сетка гандлёвых кантор на чале з аканомамі. Ніжэйшы пласт каланіяльных служачых і мясцовых кіраўнікоў складалі старшыны, правадыры і памочнікі. Гандлёвыя аперацыі здзяйсняліся ў калоніях з дапамогай скураных марак, намінаваных у расійскіх рублях[14], але часцей ужываўся натуральны абмен. Адной з распаўсюджаных «валют» у калоніях была гарэлка[15].

Новаархангельск, 1837 г.

Аляска з’яўлялася асноўнай тэрыторыяй, дзе Руска-амерыканская кампанія вяла каланіяльную дзейнасць. Першапачаткова расійскія прамыслоўцы цікавіліся ёю для здабычы футравых звяроў, што прыносіла вялізарныя прыбыткі. Так, другая экспедыцыя В. Берынга здабыла футра на паўмільёна рублёў[16]. Патрэба ў паўночнаамерыканскім футры расла ў сувязі з рэзкім памяншэннем футравай здабычы ў Сібіры. Яно патрабавалася прамыслоўцам для выплаты натуральных падаткаў ураду, а таксама для гандлёвых аперацый з Кітаем. Менавіта таму першасным месцам, адкуль дзейнічалі арганізатары прыватных экспедыцый на Аляску, быў Іркуцк. Аднак здабыча часцяком вялася неашчадна. За перыяд паміж 1742 г. і 1800 г. расійскімі здабытчыкамі было знішчана каля 464 000 каланаў[17], так што прамыслоўцам для атрымання прыбыткаў прыходзілася рухацца далей на ўсход уздоўж Алеуцкіх астравоў і паўвострава Аляска. Рух на поўнач быў абмежаваны адсутнасцю водных шляхоў у цэнтральныя раёны Аляскі, акрамя Юкана, а таксама беднымі харчовымі рэсурсамі. Значную частку футра здабывалі абарыгены. Але з-за жорсткай эксплуатацыі і выпадкова занесеных хвароб іх колькасць у раёнах дзеянняў прамыслоўцаў моцна паменшылася. Калі да кантактаў з рускімі колькасць алеутаў была каля 12 — 15 тысяч чалавек, то ў 1800 г. іх засталося толькі 2 500 чалавек[18]. Такім чынам, з самага пачатку сваёй дзейнасці Руска-амерыканская кампанія сутыкнулася з шэрагам праблем, што склаліся да яе ўтварэння.

Бой паміж тлінкітамі і рускімі ў 1804 г. Малюнак 1988 г.

У 1802 г. галоўнае кіраўніцтва Руска-амерыканскай кампаніі даслала кіраўніку А. А. Баранаву інструкцыю, паводле якой рэкамендавала спыніць даследаванні на поўнач ад паўвострава Аляска і сканцэнтраваць намаганні на поўдні, а таксама прадпісвала пабудаваць крэпасць на 55° паўночнай шыраты[19]. Спроба замацавацца на паўднёвым усходзе Аляскі прывяла да вайны з індзейцамі тлінкітамі. У 1804 г. А. А. Баранаў заснаваў на землях тлінкітаў Новаархангельск, што стаў з 1808 г. адміністрацыйным цэнтрам расійскіх калоній у Паўночнай Амерыцы[20]. Хаця ў 1812 г. прадстаўнікі Руска-амерыканскай кампаніі пабудавалі крэпасць Рос у Каліфорніі, далейшае пашырэнне сферы дзейнасці на поўдні было замаруджана. Канчаткова паўднёвыя і ўсходнія межы расійскіх валоданняў былі вызначаны ўказам Аляксандра I у 1821 г., дагаворам паміж Расіяй і ЗША ў 1824 г. і дагаворам паміж Расіяй і Вялікабрытаніяй у 1825 г. З аднаго боку, гэта тлумачыцца процідзеяннем іншых каланіяльных дзяржаў і мясцовага насельніцтва, з іншага — магчымасцямі самой Расійска-амерыканскай кампаніі, якая мела недахоп чалавечых, фінансавых і ваенных рэсурсаў. Прамыслоўцы кампаніі працягвалі эксплуатаваць пераважна рэсурсы прыбярэжных тэрыторый Аляскі, багатыя футрам. Калі яны скарачаліся, то цікавасць да прысутнасці там знікала. Інакш кампанія атрымоўвала фінансавыя згубы. Так, другі галоўны кіраўнік калоній Сямён Іванавіч Яноўскі скардзіўся на тое, што падтрыманне Новаархангельскага паселішча, дзе каланы дагэтуль былі амаль вынішчаны, патрабавала болей за паўмільёна рублёў штогадова[21].

Пасля 1819 г. Расійска-амерыканская кампанія пачала асваенне кантынентальнай часткі Аляскі. Палітыка заваявання і прымусу ў дачыненні да плямён тубыльцаў была выціснута неэквівалентным таварным абменам і патэрналісцкай апекай. Асабліва паказальныя змены ў адносінах з тлінкітамі. У 1818 г. было абвешчана замірэнне. Тлінкіты паступова ператварыліся ў пастаўшчыкоў свежай правізіі, для іх былі паднятыя расцэнкі на футра. У 1831 г. кошт паставак з боку тлінкітаў склаў 8000 рублёў. Прадстаўнікі гэтага народа асмеліліся сяліцца на традыцыйных тэрыторыях каля Новаархангельска[22]. У 18381840 гг. і ў 1842 г. экспедыцыі Расійска-амерыканскай кампаніі даследавалі рэчышча Юкана[23]. У Нулаце была пабудавана гандлёвая факторыя, што праіснавала да 1851 г., пакуль не была знішчана індзейцамі атабаскамі[24].

У 1839 г. Расійска-амерыканская кампанія была вымушана здаць у арэнду частку сваіх гандлёвых факторый уздоўж узбярэжжа Аляскі свайму галоўнаму канкурэнту — брытанскай кампаніі Гудзонава заліва. З-за прахалоднага мясцовага клімату самастойнае забеспячэнне рускіх каланістаў сельскагаспадарчымі прадуктамі было немагчымым, а з-за аддаленасці транспартыроўка прадуктаў, зброі і гандлёвых тавараў з Расіі — вельмі дарагімі. Іх перавоз з еўрапейскай часткі Расіі праз Сібір каштаваў ад 540 да 630 срэбраных рублёў за тону, дастаўка марскім шляхам з Кранштата праз Атлантычны, Індыйскі і Ціхі акіяны — ад 193 да 254 рублёў. Для параўнання: кампанія Гудзонава заліва траціла на перавоз тавараў з Вялікабрытаніі ад 50 да 78 рублёў у эквіваленце[25]. Некаторы час Расійска-амерыканская кампанія спрабавала вырашыць пытанне праз арганізацыю марскіх экспедыцый. У 18041840 гг. было арганізавана 25 экспедыцый, у тым ліку 15 кругасветных. Выдатнымі мараплаўцамі і даследчыкамі былі галоўныя кіраўнікі калоній Пётр Ягоравіч Чысцякоў[26] і Фердынанд Пятровіч Урангель[27]. Тым не меней, розніца коштаў у параўнанні з канкурэнтамі заставалася вялікай. Брытанскія і амерыканскія гандляры самастойна наведвалі ўзбярэжжа Аляскі, прадавалі свае тавары як каланістам, так і індзейцам. Спробы прадстаўнікоў Расійска-амерыканскай кампаніі парушыць гэты бізнес натыкнуліся на праблему недахопу харчавання. Такім чынам, манаполія кампаніі стала ўмоўнай. Яна была вымушана пагаджацца на супрацоўніцтва з канкурэнтамі.

Напярэдадні Крымскай вайны ў 1853 г. Мікалай Мікалаевіч Мураўёў, генерал-губернатар Усходняй Сібіры, прапанаваў Мікалаю I прадаць Аляску[28], паколькі рана ці позна прыйдзецца саступіць яе ЗША.

Японскія малюнкі 1805 г. з выявамі пасольства М. П. Рэзанава

Далёкі Усход цікавіў Расійска-амерыканскую кампанію адначасова як месца здабычы і транзітная тэрыторыя. Багатым на футравых жывёл рэгіёнам былі Курыльскія астравы. У 1768 г. расійскія падданыя дасягнулі вострава Уруп, дзе знайшлі каланаў. З 1770 г. Уруп наведвалі расійскія прамыслоўцы. Яны не толькі вялі здабычу, але збіралі ясак і рабавалі карэнных насельнікаў — айнаў[29]. У 1775 г. па ініцыятыве ўладаў на Курыльскія астравы выправілася прыватная экспедыцыя, у арганізацыі якой удзельнічаў Р. І. Шэліхаў. Яна дасягнула Японіі, аднак наладзіць там перагаворы не здолела. У 1794 г. Паўночна-Усходняя кампанія заснавала на поўдні Урупа паселішча, дзе планавала займацца земляробствам. Сярод каланістаў былі алеуты. Вопыты з пасевамі аказаліся няўдалымі. Да 1807 г. паселішча было канчаткова закінута[30].

Для каланізацыі Курыльскіх астравоў і суседняга Сахаліна, а таксама бесперабойнага забеспячэння расійскіх валоданняў на Далёкім Усходзе патрабавалася згода Японіі, якая мела свае прэтэнзіі на астравы і магла стаць выгоднай гандлёвай базай. У 1802 г. галоўнае кіраўніцтва Расійска-амерыканскай кампаніі звярнулася да Аляксандра I з запытам аб арганізацыі марской экспедыцыі з Кранштата на Далёкі Усход. Планавалася, што яна даставіць у Японію пасольства для перагавораў. Яго ўзначаліў найважнейшы акцыянер Расійска-амерыканскай кампаніі і адказны за сувязі з імператарскім дваром М. П. Рэзанаў. У 1804 г. экспедыцыя на чале з І. Ф. Крузенштэрнам дасягнула Нагасакі. Але перагаворы М. П. Рэзанава з японцамі скончыліся поўнай паразай[31]. Раз’юшаны М. П. Рэзанаў ўручыў японцам рэзкі мемарандум[29] і аддаў загад караблям кампаніі «Юнона» і «Авось» рабіць напады на японскія паселішчы на Сахаліне і Ітурупе. Ён быў выкананы[32]. Расійскія ўлады палічылі яго пірацкім рэйдам, але арганізатары не былі асуджаны.

У 1808 г. Аляксандр I даў дазвол Расійска-амерыканскай кампаніі ствараць калоніі на Сахаліне, які кампанія так і не выкарыстала[33]. У 18251828 гг. яна стварыла паселішчы здабытчыкаў на Камандорскіх астравах[34], у 1828 г. — на Урупе[30]. Значную частку пасяленцаў складалі алеуты і крэолы. Паселішча на Урупе праіснавала да 1875 г., пакуль востраў не быў перададзены Японіі. Паселішча на Медным было ліквідавана толькі ў 1970 г. Паселішча на востраве Берынга існуе і ў нашы дні.

Галоўны шлях дастаўкі здабытага ў паўночнаамерыканскіх калоніях футра праходзіў праз Ахоцкі порт. У 17991821 гг. праз яго ўвезлі 76 % футра[35]. Расійска-амерыканская кампанія адчыніла ў ім сваю верф, вяла гандаль. З Ахоцка футра перавозілася ў Якуцк з дапамогай якуцкіх клуначных караванаў па вельмі складанаму шляху, таму з канца 1820-х гг. кампанія пачала шукаць іншыя прыдатныя гавані для транзіту. У 18441845 гг. быў пабудаваны порт у Аяне, адчынены тракт ад Аяна да Якуцка[36]. Яшчэ адным важным расійскім портам на ціхаакіянскім узбярэжжы, дзе дзейнічала Расійска-амерыканская кампанія, быў Петрапаўлаўск-Камчацкі. У ім спыняліся і зімавалі судны кампаніі, працаваў афіцыйны прадстаўнік — камісіянер. У 18031806 гг. паміж служачымі кампаніі і мясцовым губернатарам адбыўся канфлікт, уладжаны М. П. Румянцавым на карысць служачых[37]. Прычынай было імкненне кампаніі ўсталяваць гандлёвую манаполію на Камчатцы. У 18211828 гг. па прапанове галоўнага кіраўніцтва ўрад забараніў іншаземцам гандаль на паўвостраве, але Расійска-амерыканская кампанія так і не здолела забяспечыць стабільныя пастаўкі неабходных тавараў і харчу. Імперскі ўрад некалькі разоў разглядаў пытанне аб перадачы Камчаткі пад кантроль кампаніі. З 1848 г. ён абавязаў судны кампаніі забяспечваць Петрапаўлаўск соллю.

Аднак галоўным канчатковым рынкам футра была не Расія, а Кітай. Цынскі ўрад праводзіў палітыку ізаляцыі, таму доўгі час гандаль паміж дзвюма краінамі абмяжоўваўся кірмашом у Кяхце. У канцы 1830-х гг. на ім збывалася да 75 % футра, здабытага ў расійскіх калоніях[35]. Гандаль быў менавым. Асноўным прадуктам, што Расійска-амерыканская кампанія атрымоўвала з Кітая, з’яўляўся чай. Пасля Крымскай вайны ўрад Расіі лібералізаваў гандаль чаем, адбылася манетызацыя гандлю ў Кяхце. Для кампаніі згубілі сваю прывабнасць Кяхцінскі кірмаш і дастаўка туды тавараў, а разам з гэтым і асваенне ціхаакіянскага ўзбярэжжа Расіі. Замест гэтага ўсталёўваўся прамы марскі шлях паміж паўночнаамерыканскімі калоніямі і Кітаем. Ужо ў перыяд кіравання А. А. Баранава кампанія спрабавала абысці забарону марскога гандлю з дапамогай замежных пасрэднікаў. Нарэшце, пасля паражэння ў Першай опіумнай вайне імперыя Цын адкрыла 5 портаў для міжнароднага наведвання, і Расійска-амерыканская кампанія пачала рабіць прамыя гандлёвыя рэйсы ў Шанхай з 1848 г. Акрамя таго, быў наладжаны марскі гандаль з Нью-Ёркам. Хаця паўстанне тайпінаў, а потым зніжэнне коштаў на чай у Расіі адмоўна адбіліся на даходах, кампанія працягвала весці гандлёвыя аперацыі праз Шанхай да сваёй ліквідацыі ў 1867 г.[38]

У 18511853 гг. урад Расійскай імперыі абавязаў кампанію фінансаваць ваенна-даследчыцкую экспедыцыю ў вусце Амура[35]. Экспедыцыя пацвердзіла прывабнасць далёкаўсходніх тэрыторый, што фармальна належалі імперыі Цын. Яны былі анексаваны Расіяй. Для іх асваення патрабаваліся значныя сродкі і чалавечыя рэсурсы. Па іроніі, гэта стала адной з зачэпак для адмовы ад паўночнаамерыканскіх калоній і ліквідацыі Расійска-амерыканскай кампаніі.

Паселішча Рос у 1841 г.

Прамыслоўцы Расійска-амерыканскай кампаніі наведвалі ўзбярэжжа Каліфорніі з 1803 г., дзе займаліся здабычай каланаў. Да 1812 г. тут было здабыта каля 21000 футраў[39]. У 1806 г. М. П. Рэзанаў наведваў іспанскія калоніі ў Каліфорніі для закупкі харчавання для Новаархангельска[40]. Менавіта яму належала ідэя заснавання расійскага паселішча на гэтых землях. У 1812 г. Іван Аляксандравіч Кускоў (17651823 гг.), старэйшы памочнік галоўнага кіраўніка, заснаваў калонію, якая пазней стала вядома як Рос, або Форт Рос. У яе склад уваходзілі крэпасць Рос і асноўнае паселішча каля яе, порт Румянцава, станцыя для здабычы цюленяў на Фаралонавых астравах і 3 невялікія земляробчыя паселішчы-ранча. Асноўнымі заняткамі каланістаў былі здабыча футра і сельская гаспадарка. Толькі ў 1818 г., калі ўзнікла спрэчка з іспанцамі з-за тэрыторый, адміністрацыя калоніі заключыла пагадненне з мясцовымі індзейцамі кашая аб перадачы зямель, на якіх знаходзіўся Форт Рос, у валоданне кампаніі[41].

Калонія ў Каліфорніі не была вялікай. У 1820 г. яе агульная колькасць насельніцтва была 260 чалавек, у 1821 г. — 175 чалавек, у 1833 г. — 293 чалавекі, у 1836 г. — 260 чалавек, увогуле не перавышала 300 чалавек[42]. Каланісты еўрапейскага паходжання і крэолы жылі ў крэпасці або ў дамах каля яе. Паміж крэпасцю і акіянам сяліліся алеуты і эскімосы з Аляскі. Каля паселішча Рос да 1830-х гг. склалася індзейскае паселішча. Улетку яно значна павялічвалася за лік прымусова сагнаных індзейцаў, што ўдзельнічалі ў зборы ўраджаю. Падчас працы яны атрымоўвалі ежу і часам — вопратку. Спробы супраціўлення з іх боку перарываліся рэпрэсіямі і высылкай на Аляску[43]. У 18141815 гг. прамыслоўцы практычна знішчылі тубыльцаў вострава Сан-Нікалас, якія выступілі супраць здабычы футравых жывёл на іх тэрыторыі[44]. Наогул, сацыяльны статус каліфарнійскіх індзейцаў быў самым нізкім у паўночнаамерыканскіх калоніях Расіі.

У 1841 г. Форт Рос быў ліквідаваны па рашэнню галоўнага кіраўніцтва Расійска-амерыканскай кампаніі з-за стратнасці. Гісторыкі лічаць, што важнай прычынай ліквідацыі было нявызначанае прававое становішча калоніі. Супраць яе існавання выступалі спачатку іспанскія ўлады, а потым улады незалежнай Мексікі, у склад якой у 1821 г. увайшла Каліфорнія. Існуе версія пра злоўжыванні кіраўнікоў калоніі, што прывялі да стратных паказчыкаў у афіцыйнай дакументацыі[39]. 120 служачых пакінулі Форт Рос разам з рухомай маёмасцю яшчэ ў 1840 г. У канцы 1841 г. было падпісана пагадненне з Джонам А. Сатэрам, грамадзянінам Мексікі швейцарскага паходжання, аб продажы яму нерухомай маёмасці за 30 000 долараў з растэрміноўкай на 4 гады[45]. З-за матэрыяльных праблем і амерыкана-мексіканскай вайны Дж. А. Сатэр затрымаў выплаты на большы тэрмін. Цікава, што ў выніку ён расплаціўся золатам[39], што было знойдзена на набытых ім землях.

Рэшткі крэпасці Лізаветы

Расійскія караблі, што здзяйснялі марскую вандроўку паміж Кранштатам і Аляскай, пачалі наведваць Гавайскія астравы з 1804 г. Яны разглядаліся як магчымая база для зімоўкі суднаў Расійска-амерыканскай кампаніі, а таксама месца для закупкі харчу. Да 1810 г. гавайскі правадыр Камехамеха I аб’яднаў архіпелаг пад сваёй уладай і абвясціў яго каралеўствам[46]. Ён лагодна адносіўся да прапаноў весці гандаль з Расійска-амерыканскай кампаніяй і нават падтрымліваў зносіны з А. А. Баранавым.

У 1815 г. судна Расійска-амерыканскай кампаніі «Берынг» пацярпела крушэнне каля вострава Каўаі і было захоплена разам з грузам мясцовым правадыром Каўмуаліʻі. Для вызвалення карабля і груза на Гавайскія астравы з Новаархангельска прыбыў служачы кампаніі Георг Антон Шэфер. Перагаворы з Камехамеха I не далі істотных вынікаў, і ў 1816 г. на іншым судне кампаніі ён адплыў да Каўаі. Служачы быў урачыста прыняты Каўмуаліʻі. Вынікамі сустрэчы сталі вяртанне маёмасці Расійска-амерыканскай кампаніі, перадача ёй манаполіі на вываз каштоўнага сандалавага дрэва, зварот Каўмуаліʻі да Аляксандра I з прапановай усталяваць расійскі пратэктарат і патаемнае пагадненне аб вайне супраць Камехамеха I. Тэксты гэтых дакументаў Г. А. Шэфер накіраваў у Новаархангельск і Кантон для найхутчэйшага апавяшчэння галоўнага кіраўніцтва кампаніі. У чаканні станоўчых адказаў ён пабудаваў на Каўаі дом для будучай канторы Расійска-амерыканскай кампаніі і з дапамогай мясцовых жыхароў пачаў будаўніцтва крэпасцяў Аляксандра, Лізаветы і Барклая. Аднак яго намаганні не знайшлі падтрымкі ні ў Новаархангельску, ні ў Расіі. 24 лістапада 1816 г. Ота Кацэбу пры сустрэчы з Камехамеха I заверыў караля, што Расія не збіраецца захопліваць Гаваі. Улетку 1817 г. Г. А. Шэфер пакінуў падначаленых яму служачых у Ганалулу і выехаў на амерыканскім караблі.

У 1818 г. Г. А. Шэфер безвынікова паспрабаваў сустрэцца з Аляксандрам I у Ахене. Ён быў звольнены з Расійска-амерыканскай кампаніі. Было падлічана, што яго ўчынак нанёс шкоду на суму 200 000 рублёў[47]. Прапанова авалодаць Гавайскімі астравамі паступала ад расійскага консула П. Добела ў 1820 г. пасля яго знаёмства з мемуарамі Г. А. Шэфера ў прадстаўніцтве Шведскай Ост-Індскай кампаніі, аднак яна не разглядалася расійскім урадам.

15 мая 1867 г. Аляксандр II падпісаў дагавор з ЗША аб перадачы апошнім Аляскі за 7 мільёнаў 200 тысяч долараў. Да ЗША перайшлі 1 мільён 519 тысяч км² сухапутных тэрыторый. Расія бязвыплатна перадавала ЗША ўсю маёмасць Расійска-амерыканскай кампаніі і абавязвалася вывесці з Аляскі свае ваенныя сілы. Карэннае насельніцтва пераводзілася пад юрысдыкцыю ЗША, рускія жыхары і каланісты атрымлівалі права на працягу 3 гадоў пераехаць у Расію. Расійска-амерыканская кампанія пры гэтым ліквідавалася, хаця выплаты яе даўгоў і абавязкаў акцыянерам зацягнуліся да 1888 г. і ў выніку не былі зроблены да канца[28].

Прычыны продажу Аляскі і ліквідацыі Расійска-амерыканскай кампаніі маглі быць наступнымі[48]:

  • Геаграфічная аддаленасць паўночнаамерыканскіх калоній, цяжкасці ў забеспячэнні іх з метраполіі
  • Суровы клімат і, як вынік, немагчымасць шырокага развіцця сельскай гаспадаркі для забеспячэння харчаваннем
  • Знаходкі золата на Алясцы і ў прылеглых раёнах, што магло справакаваць наплыў замежных золаташукальнікаў і страту калоній
  • Супраціў расійскай каланізацыі і варожасць да рускіх з боку шматлікіх і ваяўнічых індзейцаў Аляскі
  • Малалікасць рускага насельніцтва на Алясцы з-за панавання ў метраполіі прыгоннага права і процідзеянне Расійска-амерыканскай кампаніі перасяленню ў калоніі буйнога кантынгенту выхадцаў з метраполіі
  • Дрэннае кіраванне з боку дырэктараў, іх капітулянцкі настрой з-за адсутнасці перспектыў трывалай каланізацыі
  • Цяжкае эканамічнае становішча кампаніі, што патрабавала пастаянных дзяржаўных субсідый у заключны перыяд яе дзейнасці
  • Востры бюджэтны дэфіцыт у метраполіі і патрэба ў прыцягненні дадатковых фінансавых сродкаў
  • Гандлёва-эканамічная экспансія амерыканцаў і брытанцаў
  • Пагроза масавага перасялення на Аляску амерыканскіх і брытанскіх пасяленцаў і рэлігійных меншасцяў, яе адчужэнне ў выніку «паўзучай» амерыканскай і брытанскай каланізацыі
  • Ваенная пагроза расійскім калоніям з боку замежных дзяржаў (у першую чаргу Вялікабрытаніі) у выніку саслаблення Расіі пасля Крымскай вайны
  • Імкненне Расіі шляхам продажу Аляскі зблізіцца з ЗША для процідзеяння Вялікабрытаніі
  • Напрамак асноўнага патоку расійскай каланізацыі на Далёкі Усход і Сахалін, пачатак заваёвы Сярэдняй Азіі
  • Марскі (акіянічны) характар асваення Аляскі ў адрозненне ад традыцыйнай для Расіі «кантынентальнай» каланізацыі Сібіры
  • Ідэалагічны фактар: ідэі пра «кантынентальнае», а не «марское» развіццё Расіі, уплыў дактрыны Манро, масіраваная прапаганда ў расійскай прэсе супраць Расійска-амерыканскай кампаніі
  • Суб’ектыўны фактар: пазіцыя шэрагу вызначальных постацяў у расійскім урадзе, што імкнуліся па тых ці іншых прычынах пазбавіцца ад заакіянскіх уладанняў імперыі
  • Ліберальныя рэформы ў Расіі, якія выклікалі, з аднаго боку, вострую крытыку Расійска-амерыканскай кампаніі, а з другога — патрэбы новых дзяржаўных капіталаўкладанняў
  • Агульная сацыяльна-эканамічная адсталасць Расіі, якая была не ў стане канкураваць з вядучымі капіталістычнымі дзяржавамі ў ціхаакіянскім рэгіёне

Зноскі

  1. Lost Villages of the Eastern Aleutians
  2. Шелихов Григорий Иванович
  3. Refuge Rock — Awa'uq Massacre
  4. Massacre at Refuge Rock, Awa’uq (Alaska)
  5. Резанов, Николай Петрович — ИРКИПЕДИЯ
  6. ОБРАЗОВАНА РОССИЙСКО-АМЕРИКАНСКАЯ КОМПАНИЯ
  7. А. В. Гринёв. Как Российско-американская компания стала петербуржской Архівавана 31 ліпеня 2021.
  8. ДОМ РОССИЙСКО-АМЕРИКАНСКОЙ КОМПАНИИ
  9. а б Степанова Е. Е. Органы управления Российско-американской компании
  10. Гринев, А. Индейцы тлинкиты в период Русской Америки. — Новосибирск: Наука, 1991. С. 143
  11. А. Н. Ермолаев. Главное правление Российско-американской компании: Состав, функции, взаимоотношения с правительством, 1799—1871
  12. Александр Андреевич Баранов
  13. ЧТО СИБИРЬ, ЧТО АЛЯСКА — ДВА БЕРЕГА
  14. Марки Российско-Американской Компании. Каталог
  15. История Русской Америки: пушной промысел, столкновения с индейцами и продажа Аляски
  16. Hector Chevigny, PROMYSHLENNIKI
  17. Ryan Jones. Sea otters and savages in the Russian Empire: the Billings Expedition, 1785—1793
  18. History — Aleutian Pribilof Islands Association
  19. Русские пришли: История Русской Америки
  20. The History of Sitka, Alaska
  21. Гринев, А. Индейцы тлинкиты в период Русской Америки. — Новосибирск: Наука, 1991. С. 139—140
  22. Гринев, А. Индейцы тлинкиты в период Русской Америки. — Новосибирск: Наука, 1991. С. 146—147
  23. THOMAS J. TURCK, DIANE L. LEHMAN TURCK, Trading Posts along the Yukon River: Noochuloghoyet Trading Post in Historical Context(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 24 мая 2013. Праверана 6 жніўня 2021.
  24. 1800-1869 THE RUSSIANS AND ENGLISH MEET Архівавана 25 ліпеня 2021.
  25. Alaska under the Russians—Industry, Trade and Social Life
  26. ЧИСТЯКОВ Петр Егорович
  27. ФЕРДИНАНД ВРАНГЕЛЬ
  28. а б История продажи Аляски США. Досье
  29. а б История Сахалина и Курильских островов с древнейших времен до начала XXI столетия / М. С. Высоков, А. А. Василевский, А. И. Костанов, М. И. Ищенко. Ответственный редактор М. С. Высоков. — Южно-Сахалинск: Сахалинское книжное издательство, 2008. — С. 305—306
  30. а б Шубин В. Поселения Российско-американской компании на Курильских островах // Русская Америка, 1799—1867 : материалы междунар. конф. «К 200-летию образования Российско-американской компании 1799—1999». Москва, 6-10 сент. 1999 г. — М., 1999. — С. 220—239
  31. Посольство Н. П. Резанова в Японию (1803—1805)
  32. Зайцев Д. М. Инцидент Хвостова и Давыдова: взгляд из Японии
  33. А. Н. Ермолаев. Российско-американская компания и освоение острова Сахалин
  34. История — Алеутский район(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 26 ліпеня 2021. Праверана 9 жніўня 2021.
  35. а б в А. Н. Ермолаев. Российско-американская компания и ее роль в освоении Дальнего Востока
  36. Павел Казарян. Якутско-Аянский тракт
  37. Блинов С., Пасецкий В. Граф Н. П. Румянцев и Русская Америка // Русская Америка, 1799—1867 : материалы междунар. конф. «К 200-летию образования Российско-американской компании 1799—1999». Москва, 6-10 сент. 1999 г. — М., 1999. — С. 183—196
  38. А. Н. Ермолаев. Морская торговля Российско-американской компании с Китаем в 1848—1863 гг.
  39. а б в О продаже русской колонии Форт Росс в Калифорнии
  40. Одиссея Николая Резанова
  41. Erik Hirschmann. The Kashaya Pomo and Their Relations with the Russian-American Company at Fort Ross, California, 1812—1841
  42. Истомин А. А. Этносоциальная стратификация в российской колонии Росс в Калифорнии (1812—1841)
  43. Истомин, А. А. Индейская политика Российской колониальной администрации в Калифорнии в 1821—1841 годах // Власть в аборигенной Америке / Отв. ред. А. А. Бородатова, В. А. Тишков. — М.: Наука, 2006. — С. 500—524
  44. Murder, Massacre, and Mayhem on the California Coast, 1814−1815: Newly Translated Russian American Company Documents Reveal Company Concern Over Violent Clashes
  45. Explorers and Settlers (Fort Ross) — National Park Service
  46. Political History — Hawaiian Kingdom
  47. Н. Н. Болховитинов. Русские на Гавайях (1803—1825)
  48. Андрей Гринёв. Российский политаризм как главная причина продажи Аляски
  • Болховитинов, Н. Русско-американские отношения и продажа Аляски (1834—1867) — М.: Наука, 1990. ISBN 5-02-008997-4
  • Gibson, J. Imperial Russia in Frontier America: The Changing Geography of Supply of Russian America, 1784—1867. Oxford University Press, 1976. ISBN 9780195018769