Рацібор (баярын Усевалада Яраславіча)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рацібор
Нараджэнне XI стагоддзе
Званне ваявода

Рацібор, хроснае імя Клімент (сяр. XI ст. — пасля 1113) — бліжні баярын Усевалада Яраславіча. Тысяцкі кіеўскі (1073, 1113 — пасля 1113), пасаднік тмутараканскі (1079—1081), пасаднік пераяслаўскі (пасля 1093 — 1113).

Вядомы з 1078 года калі Усевалад Яраславіч стаў вялікім князем кіеўскім, а Рацібор кароткі час быў пры ім кіеўскім тысяцкім. Пасля няўдалага паходу Алега і Рамана Святаславічаў супраць Усевалада і зняволення Алега, Усевалад у 1079 годзе паслаў Рацібора пасаднікам у Тмутаракань, каб трымаць гэты горад князёў-ізгояў у сваіх руках, але ўжо ў 1081 годзе Рацібора выгналі адтуль.[1]

Па смерці Усевалада Рацібор пераехаў да яго сына Уладзіміра ў Пераяслаў, быў ўплывовым яго дарадцам і, напэўна, пераяслаўскім пасаднікам. Два палавецкія ханы, Ітлар і Кітан, прыехалі ў 1095 годзе ў Пераяслаў прадаць Уладзіміру мір і менавіта Рацібор угаварыў Уладзіміра парушыць слова і знішчыць ханаў разам з іх дружынамі. Рацібор прысутнічаў на Віцічаўскім з'ездзе 1100 года і быў сярод «мужоў», якія перадалі князю Давыду Ігаравічу волю князёў. Калі Уладзімір Усеваладавіч заняў велікакняжацкі сталец ў 1113 годзе, Рацібор зноў стаў кіеўскім тысяцкім і ўдзельнічаў у радзе на Берастове, дзе былі рэгламентаваны ліхвярскія працэнты («рэзы»), халопства і закупніцтва.[1]

Памёр пасля 1113 года, больш звестак у пісьмовых крыніцах пра яго не захавалася. Напэўна Рацібор быў вельмі ўплывовым вяльможам і вёў актыўную дзейнасць пра што сведчаць помнікі сфрагістыкі і нумізматыкі.[1]

Станам на сярэдзіну 2011 года зарэгістравана 18 знаходак віслых пячатак баярына Рацібора ад сямі варыянтаў матрыц. Тапаграфія знаходак вельмі шырокая, так ў Крыме знойдзена 4 асобнікі, у Кіеве — 2, Кіеўскай вобласці — 2, Палтаўскай вобласці — 1, Ноўгарадзе — 2, Смаленску — 1, Курскай вобласці — 1, ва Украіне без дакладнага месца — 5 асобнікаў. Пячаткі, верагодна, належаць да перыядаў калі Рацібор быў тмутараканскім і пераяслаўскім пасаднікам.[1]

Таксама, станам на сярэдзіну 2011 года, зарэгістравана 15 асобнікаў манет Рацібора ад розных матрыц з выявамі ідэнтычнымі пячаткам Рацібора. Асноўнае месца знаходак манет Рацібора — Таманскі паўвостраў, такім чынам, іх трэба аднесці да перыяду пасадніцтва Рацібора ў Тмутаракані.[1]

Меў сыноў Ольбега і Фаму.

Зноскі

  1. а б в г д Жуков И. Вислые печати…

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Жуков И. Вислые печати боярина Ратибора // Нумізматика і фалеристика. — 2011. — № 3 (липень-вересень). — С. 5-6.
  • Янин В. Л., Гайдуков П. Г. Актовые печати Древней Руси. Т.3. — С.121. — № 68, 69.