Раўнінныя апачы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Раўнінныя апачы
(Naʼishandine)
William S. Soule - Pacer.jpg
Вярхоўны правадыр, фота XIX ст.
Агульная колькасць 1429 (2014 г.)
Рэгіёны пражывання Аклахома
Мова раўнінная апачы
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы іншыя апачы, наваха

Раўнінныя апачы, часам апачы-каёва (саманазва: Naʼishandine) — народ з групы апачы, карэнныя жыхары ЗША. У нашы дні жывуць пераважна ў штаце Аклахома. На федэральным узроўні афіцыйна вызнаюцца як племя апачы з Аклахомы (англ.: Apache Tribe of Oklahoma).

Агульная колькасць у Аклахоме (2014 г.) - 1 429 чал.[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Сучасныя назвы раўнінныя апачы і апачы-каёва маюць позняе паходжанне. Яны ўзніклі ў выніку падабенства мовы народа Naʼishandine з апачы, што жылі на поўдні ЗША. Першыя даследчыкі меркавалі, што яны вылучыліся з ліку астатніх апачы і наваха пасля ўварвання каманчаў. Аднак міфы саміх раўнінных апачы кажуць, што яны насялялі Вялікія раўніны на поўнач ад астатніх паўднёвых атабаскаў, недзе ў раёне Скалістых гор, і падзяляліся на 2 галіны.

Галоўнымі заняткамі здаўна былі вандроўнае паляванне і збіральніцтва. У 1681 г. яны ўпершыню былі ўзгаданы ў французскіх пісьмовых крыніцах на тэрыторыі Ілінойс пад назвай Gattacka. У 1719 г. яны былі зафіксаваны на поўдні Аклахомы.

У XVIII ст. асвоілі конегадоўлю і мігрыравалі на поўдзень, дзе ўступілі ў абарончы саюз з каёва. Гэта аказала моцны ўплыў на раўнінных апачы, якія перанялі многія рысы культуры саюзнікаў, але захоўвалі сваю тоеснасць. У 1820 г., калі былі ўсталяваны першыя кантакты з амерыканцамі, раўнінныя апачы жылі ў Тэхасе. У 1837 г. заключылі мірнае пагадненне з ЗША. У далейшым удзельнічалі ў ваенных дзеяннях супраць амерыканскіх пасяленцаў і арміі ЗША на баку каёва і каманчаў. Аднак зацягнутыя ваенныя дзеянні і паражэнні прывялі да разрыву з каёва і перасялення да шаенаў і арапаха. У 1867 г. зноў далучыліся да каёва.

У 1872 г. дэлегацыя правадыроў раўнінных апачы наведала Вашынгтон, дзе дамовілася пра вылучэнне зямель для земляробства. Канчаткова межы рассялення раўнінных апачы ў Аклахоме былі замацваны толькі ў 1901 г. У 1892 г. яны моцна пацярпелі ад эпідэміі адзёру, так што ў 1905 г. у жывых засталося толькі 155 чалавек.

У нашы дні прызнаны на федэральным узроўні як нацыя і маюць самакіраванне. У 1972 г. была прынята племянная Канстытуцыя. Галоўныя заняткі — жывёлагадоўля і атрыманне даходаў ад здачы племянных зямель у арэнду.

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

У старажытнасці раўнінныя апачы займаліся пешым вандраваннем і існавалі дзякуючы паляванню і збіральніцтву. Асваенне конегадоўлі і перасяленне на поўдзень прывялі да фарміравання культуры конных паляўнічых на бізонаў, якая развівалася ў залежнасці ад саюзнікаў-каёва. Напрыклад, яны карысталіся аднолькавай мовай жэстаў. Уплыў каёва тлумачыўся малалікасцю раўнінных апачы. Іх колькасць ніколі не перавышала 350 чалавек.

Галоўнай сацыяльнай адзінкай качэўнікаў-конегадоўцаў стала пашыраная сям'я. Многія мужчыны аддавалі перавагу шлюбу з некалькімі жанчынамі, звычайна сёстрамі, і жылі ў іх сем'ях. Кожная сям'я мела асабісты рытуальны вігвам. Адна ці некалькі сем'яў складалі тэрытарыяльную паляўнічую групу. Падчас вайны фарміраваліся большыя па ліку групы, прычым раўнінныя апачы фарміравалі іх разам з каёва. На чале тэрытарыяльнай і ваеннай груп стаялі правадыры. Ваенны правадыр заўсёды абіраўся мужчынамі. Улада тэрытарыяльнага правадыра часам перадавалася па спадчыне, але не была безумоўнай і магла аспрэчвацца іншымі кандыдатамі.

Захаванню мовы і тоеснасці садзейнічалі штогадовыя танцавальныя рэлігійныя абрады. Вылучаліся 4 танцавальныя таварыствы: дзіцячае Kasowe, мужчынскае Manatidie, Klintidie для паважаных старых і патаемнае Izuwe.

Фальклор і традыцыйныя рэлігійныя вераванні падобныя на каёва. Разам з гэтым, у казках і легендах прысутнічаюць агульныя для ўсіх паўднёвых атабаскаў трэкстэр Каёт і пачварны гігант Пугач.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова раўнінных апачы адносіцца да паўднёвай групы атабаскіх моў. У нашы дні не выкарыстоўваецца ў паўседзённасці. Апошні яе носьбіт памёр у 2008 г.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйныя рэлігійныя вераванні раўнінных апачы былі заснаваны на анімістычных уяўленнях. Найбольш вядомым рытуальным святам з'яўляўся штогадовы танцавальны збор прадстаўнікоў розных груп. З 1872 г. сярод раўнінных апачы пачала дзейнічаць пратэстанцкая місія. У нашы дні большасць вернікаў спавядае хрысціянства.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]