Роберт О’Хара Бёрк
| Роберт О’Хара Бёрк | |
|---|---|
| англ.: Robert O’Hara Burke | |
| Партрэт Роберта О’Хары Бёрка, каля 1860 года | |
| Род дзейнасці | даследчык, паліцэйскі |
| Дата нараджэння | 1821 |
| Месца нараджэння | Сент-Клеранс, графства Голуэй, Ірландыя |
| Дата смерці | 28 чэрвеня 1861 |
| Месца смерці | Купер-Крык, Аўстралія |
| Месца пахавання | |
| Грамадзянства | |
| Бацька | Джэймс Хардзіман Бёрк[d][2] |
| Маці | Эн О’Хара[d][2] |
| Альма-матар | |
| Узнагароды і прэміі |
Founder’s Medal[d] (1862) |
Ро́берт О’Ха́ра Бёрк (англ.: Robert O’Hara Burke, 6 мая 1821[3], графства Голуэй[d], Конахт[3] — 28 чэрвеня 1861[3] ці 1 ліпеня 1861[4], Купер-Крык (Аўстралія), Паўднёвая Аўстралія) — даследчык Аўстраліі і паліцэйскі, ураджэнец Ірландыі. У 1860—1861 гадах узначальваў даследчую экспедыцыю, падчас якой упершыню перасек аўстралійскі мацярык у мерыдыянальным напрамку.[5][6]
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў 1821 годзе ў Сент-Клерансе ў графстве Голуэй у Ірландыі, быў другім з трох сыноў Джэймса Хардзімана Бёрка і Эн О’Хары. Вучыўся ў Вулвіцкай акадэміі, пасля чаго паступіў у аўстрыйскую армію і служыў лейтэнантам кавалерыйскага палка. У чэрвені 1848 года па ўласным жаданні пакінуў ваенную службу і перайшоў у Ірландскую конную паліцыю.[6]
У 1853 годзе пераехаў у Аўстралію і ў красавіку таго ж года паступіў у паліцыю калоніі Вікторыя. Спачатку служыў выканаўцам абавязкаў інспектара ў Карлсруэ, у студзені 1854 года быў прызначаны старшым інспектарам у Бічварце, а ў 1858 годзе стаў кіраўніком паліцыі акругі Каслмэйн.[6]
Экспедыцыя Бёрка і Уілса
[правіць | правіць зыходнік]У 1860 годзе Каралеўскае таварыства Вікторыі арганізавала Віктарыянскую даследчую экспедыцыю. Яе кіраўніком прызначылі Бёрка.[7] Экспедыцыя павінна была перасекчы кантынент з поўдня на поўнач і даследаваць магчымую трасу для трансаўстралійскага тэлеграфа.[6][5]

Экспедыцыя выйшла з Каралеўскага парку ў Мельбурне 20 жніўня 1860 года.[6] Пасля прыбыцця да Купер-Крыка Бёрк выбраў для паходу на поўнач Уільяма Джона Уілса, Джона Кінга і Чарлза Грэя. 16 снежня чацвёра падарожнікаў выправіліся да заліва Карпентарыя, узяўшы шэсць вярблюдаў, аднаго каня і запас харчавання на тры месяцы.[8]
11 лютага 1861 года яны дасягнулі заліва Карпентарыя каля вусця ракі Фліндэрс, і такім чынам упершыню перасеклі аўстралійскі мацярык у мерыдыянальным напрамку.[5]
На зваротным шляху 17 красавіка памёр Чарлз Грэй. 21 красавіка Бёрк, Уілс і Кінг вярнуліся да лагера на Купер-Крыку і выявілі, што атрад Уільяма Браэ пакінуў яго ў тую ж раніцу, пакінуўшы ім невялікі запас харчавання.[8] Трое падарожнікаў вырашылі рухацца ўздоўж Купер-Крыка ў бок паселішчаў Паўднёвай Аўстраліі, аднак праз знясіленне не здолелі далёка адысці і засталіся ў раёне ракі.[6][8]

Бёрк памёр 28 чэрвеня 1861 года.[5] Неўзабаве памёр і Уілс. З чацвярых удзельнікаў паходу да заліва Карпентарыя выжыў толькі Джон Кінг. Яму дапамагалі мясцовыя абарыгены яндрувандха, якія забяспечвалі яго ежай і прытулкам. 15 верасня 1861 года Кінга знайшоў пошукавы атрад Альфрэда Уільяма Гавіта.[9]
Неўзабаве Гавіт знайшоў астанкі Бёрка і Уілса і пахаваў іх каля Купер-Крыка.[9] Пазней было вырашана перапахаваць даследчыкаў у Мельбурне з дзяржаўнымі ўшанаваннямі, і Гавіта паслалі забраць іх астанкі. У студзені 1863 года яны на працягу двух тыдняў знаходзіліся для развітання ў будынку Каралеўскага таварыства Вікторыі.[9] 21 студзеня 1863 года адбылося пахаванне Бёрка і Уілса на Мельбурнскіх агульных могілках.[9]
У літаратуры
[правіць | правіць зыходнік]Пра экспедыцыю Бёрка апавядае ў Жуль Верн сваім рамане «Дзеці капітана Гранта», дзе ставіць яго ў шэраг «вялікіх даследчыкаў» Аўстраліі.[10] У 1938 годзе ў Мінску выйшаў беларускі пераклад зроблены Гр. П. Кутылоўскім.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Find a Grave — 1996.
- 1 2 Lundy D. R. The Peerage
- 1 2 3 Store norske leksikon — 1978. — ISSN 2464-1480 Праверана 18 кастрычніка 2026.
- ↑ Find a Grave — 1996. Праверана 29 жніўня 2019.
- 1 2 3 4 Бёрк // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — С. 136. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- 1 2 3 4 5 6 Fitzpatrick, Kathleen. Burke, Robert O'Hara (1821–1861) // Australian Dictionary of Biography. — Vol. 3. — Melbourne University Press, 1969. (англ.)
- ↑ Burke and Wills expedition party // State Library Victoria. (англ.)
- 1 2 3 McLaren, Ian F. Wills, William John (1834–1861) // Australian Dictionary of Biography. — Vol. 6. — Melbourne University Press, 1976. (англ.)
- 1 2 3 4 Hutchinson, Debra. Victoria’s first state funeral // State Library Victoria. — 18.01.2013. (англ.)
- ↑ Жуль Вэрн. Дзеці капітана Гранта . knihi.com. Праверана 19 жніўня 2026.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Бёрк // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — С. 136. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- Верн Ж. Дзеці капітана Гранта / пераклад з другога рускага выдання Гр. П. Кутылоўскага. — Менск : Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, Дзіцячая літаратура, 1938.
- Fitzpatrick K. Burke, Robert O'Hara (1821–1861) // Australian Dictionary of Biography. — Vol. 3. — Melbourne University Press, 1969.
- McLaren I. F. Wills, William John (1834–1861) // Australian Dictionary of Biography. — Vol. 6. — Melbourne University Press, 1976.