Перайсці да зместу

Родэрых фон Эркерт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Родэрых фон Эркерт
ням.: Roderich von Erckert
Дата нараджэння 15 снежня 1821(1821-12-15)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 12 снежня 1900(1900-12-12)[1][2] (78 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці антраполаг, мовазнавец, этнограф, картограф, афіцэр, military writer, этнолаг, вайсковец
Навуковая сфера Georgian Military Road[d]
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ро́дэрых фон Э́ркерт (таксама вядомы як Родрыг Фёдаравіч Эркерт, Родэрых д'Эркерт; ням.: Roderich von Erckert; 15 снежня 1821, Кульм — 12 снежня 1900, Берлін) — нямецкі і расійскі ваенны дзеяч (генерал-лейтэнант), картограф, этнограф і статыстык. Аўтар прац па гісторыі, этнаграфіі і дэмаграфіі заходніх губерняў Расійскай імперыі (у тым ліку беларускіх зямель) і Каўказа.

Нарадзіўся 15 снежня 1821 года ў горадзе Кульм у Прусіі (сучасны горад Хелмна ў Польшчы) у дваранскай сям'і. Атрымаў спецыяльную адукацыю ў галіне геадэзіі і інжынерыі як ваенны картограф. Да 1850 года служыў афіцэрам у прускай арміі. Пазней працягнуў ваенную кар'еру ў Расіі, куды быў пераведзены па асабістай рэкамендацыі прускага караля Фрыдрыха Вільгельма IV[3].

Ваенная служба ў Расійскай імперыі пачалася для яго ў Маскоўскім палку. У пачатку 1860-х гадоў быў накіраваны ў Паўночна-Заходні край, дзе камандаваў 5-й стралковай брыгадай. Ваенная служба не перашкаджала яго навуковым інтарэсам, якія ахоплівалі этнічныя даследаванні, лінгвістыку, статыстыку і картаграфію. У красавіку 1860 года ён стаў сапраўдным сябрам Рускага геаграфічнага таварыства (РГТ), а таксама з'яўляўся членам Ваенна-тапаграфічнага дэпо — адной з вядучых картаграфічных устаноў імперыі. Гэта давала яму доступ да ўрадавых архіўных матэрыялаў і статыстычных даных[4].

У 1880-я гады праходзіў службу на Каўказе, даслужыўшыся да звання генерал-лейтэнанта. Пасля выхаду ў адстаўку ў 1894 годзе пакінуў Расію і пераехаў жыць у Берлін, дзе далучыўся да Берлінскага геаграфічнага таварыства і цалкам прысвяціў свой час навуковай рабоце[3].

Памёр 12 снежня 1900 года ў Берліне.

Навуковая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Этнаграфічнае мадэляванне заходніх губерняў

[правіць | правіць зыходнік]
Этнаграфічная карта заходніх тэрыторый Расійскай імперыі з «Этнаграфічнага атласа заходнерускіх губерняў і суседніх абласцей» Родэрыха Эркерта. Эркерт тэндэнцыйна адмаўляў існаванне «каталіцкага беларуса», адносячы такога або да палякаў, або да літоўцаў, што сустракала жорсткую крытыку з боку тагачаных даследчыкаў.

Вясной 1863 года на фоне нацыянальна-вызваленчага паўстання Родэрых фон Эркерт апублікаваў на французскай мове «Этнаграфічны атлас правінцый, цалкам або часткова населеных палякамі» (фр.: Atlas Ethnographique des Provinces Habitées en Totalité ou en Partie par des Polonais). Пазней у тым жа годзе атлас быў перавыдадзены на рускай мове пад іншай назвай — «Этнаграфічны атлас заходнерускіх губерняў і суседніх абласцей». У 1864 годзе ў якасці тэкставага дадатку да атласа выйшла кніга «Погляд на гісторыю і этнаграфію заходніх губерняў Расіі»[5].

Абодва выданні мелі выразную палітычную афарбоўку. Французскае выданне было разлічана на еўрапейскага чытача і мела на мэце абвергнуць аргументы польскіх эмігрантаў аб тым, што Паўночна-Заходні край з’яўляецца выключна польскім. У ім аўтар імкнуўся паказаць, што палякі не з’яўляюцца дамінуючай этнічнай групай на гэтых тэрыторыях, штучна павялічваючы плошчу рассялення беларусаў і ўкраінцаў. Рускае выданне, наадварот, было арыентавана на ўнутраную расійскую аўдыторыю і мела на мэце прадэманстраваць расійскім уладам маштаб «польскай пагрозы», каб абгрунтаваць неабходнасць жорсткай палітыкі дэпаланізацыі і русіфікацыі[6][7].

Метадалогія і канфесійны крытэрый

[правіць | правіць зыходнік]

Галоўным метадалагічным прынцыпам Р. фон Эркерта пры вызначэнні этнічнай прыналежнасці насельніцтва стала веравызнанне, а не мова. Ён прама заяўляў, што нішто ў заходніх губернях не вызначае рысаў, якія аддзяляюць рускую народнасць ад польскай, так выразна, як рознае веравызнанне. Такім чынам, усіх рыма-каталікоў Заходняга края аўтар аўтаматычна залічваў да палякаў, а ўсіх праваслаўных — да рускіх[8].

Такое атаясамліванне прывяло да таго, што значная колькасць беларускіх сялян і дробнай шляхты каталіцкага веравызнання апынулася ў атласе ў ліку палякаў. Аўтар катэгарычна адмаўляў існаванне «каталіцкага беларуса», сцвярджаючы, што мясцовы прасталюдзін называе сваю мову простай, а сябе — рускім ці літвінам, але ніколі не беларусам[9][8]. Беларусаў ён лічыў толькі адным з адгалінаванняў рускага народа і на сваёй карце аб'яднаў велікарусаў, беларусаў і ўкраінцаў у адзінае «славянскае племя»[5].

Этнаграфічны падзел беларусаў

[правіць | правіць зыходнік]

Нягледзячы на аб’яднанне ўсходніх славян, унутры іх Р. фон Эркерт вылучыў асобныя рэгіянальныя групы беларусаў. Этнічная тэрыторыя была падзелена ім на тры часткі. Да першай ён аднёс так званых «сапраўдных беларусаў» (усходнюю групу), якія насялялі Віцебскую (без Дынабургскага, Рэжыцкага і Люцынскага паветаў), Магілёўскую, усходнюю частку Мінскай і заходнюю частку Смаленскай губерняў[10]. Другую групу склалі «чарнарусы», якія жылі ў заходняй частцы Мінскай і паўночнай частцы Гродзенскай губерняў. Трэцяя група — «падляшане» — насяляла заходнюю частку Гродзенскай губерні і лічылася даследчыкам найбольш апалячанай часткай беларусаў[11].

Дэмаркацыйная лінія паміж беларусамі і «літвінамі», пад якімі разумеліся ўласна літоўцы, была праведзена ім прыблізна па лініі Ліда — Ашмяны — Смаргонь. Паўднёвыя тэрыторыі — Пружаны, Кобрын, Брэст і правабярэжжа Прыпяці (Заходняе Палессе) — Р. фон Эркерт аднёс да ўкраінскіх этнічных тэрыторый, што пасля неаднаразова аспрэчвалася беларускімі даследчыкамі, у прыватнасці М. В. Доўнар-Запольскім[12][13].

Крытыка сучаснікаў

[правіць | правіць зыходнік]

Метадалогія і высновы Р. фон Эркерта выклікалі вострую крытыку з боку іншых даследчыкаў. Ваенны статыстык і ўраджэнец Гродзеншчыны П. В. Баброўскі асудзіў выкарыстанне выключна канфесійнага крытэрыю, даказваючы, што галоўным фактарам размежавання народаў з'яўляецца родная мова і традыцыйная культура. Ён адзначаў, што шматлікія сяляне-каталікі размаўляюць па-беларуску і не могуць быць прылічаны да палякаў[8]. Даследчык С. В. Шалковіч звярнуў увагу на штучнасць тэрміна «чарнарусы», адзначыўшы, што такога племені ў рэчаіснасці не існуе, а назва сустракаецца выключна ў польскай літаратуры[14]. Сучасныя даследчыкі ацэньваюць працы Эркерта як псеўданавуковыя і прапагандысцкія, створаныя для абгрунтавання імперскай геапалітыкі[15].

Каўказазнаўства

[правіць | правіць зыходнік]

Пазней Р. фон Эркерт стаў адным з пачынальнікаў еўрапейскага каўказазнаўства. Удзельнічаў у складанні манументальнай працы «Этнаграфічнае апісанне народаў Расіі» (1857) пад рэдакцыяй Г.-Т. Паўлі. У сваёй фундаментальнай кнізе «Мовы каўказскай расы» (ням.: Die Sprachen des kaukasischen Stammes; 1895) ён апублікаваў першыя ў еўрапейскім мовазнаўстве матэрыялы па некаторых дагестанскіх мовах, у тым ліку па цахурскай і карацінскай.

  • Erckert R. von. Carte éthnografique de l’Empire de Russie, Kiepert, Berlin, 1862.
  • Erckert R. von. Atlas Ethnographique des provinces habitées en totalité ou en partie par des Polonais. — St. Pétersbourg, 1863.
  • Эркерт Р. Ф. Этнографический атлас Западно-Русских губерний и соседних областей. — Санкт-Петербург, 1863.
  • Эркерт Р. Ф. Взгляд на историю и этнографию западных губерний России: (с атласом). — Санкт-Петербург, 1864.
  • Erckert R. von. Der Ursprung der Kosaken, vorzüglich nach neuesten russischen Quellen. — Berlin, 1882.
  • Erckert R. von. Der Kaukasus und seine Völker. — Leipzig, 1887.
  • Erckert R. von. Die Sprachen des kaukasischen Stammes. — Wien, 1895.
  • Erckert R. von. Wanderungen und Siedelungen der germanischen Stämme in Mitteleuropa. — Berlin, 1901.
  1. 1 2 3 4 Kallías: der Online-Katalog des Deutschen Literaturarchivs Marbach — Марбах-на-Некары: German Literature Archive Marbach. Праверана 6 лютага 2025.
  2. 1 2 3 4 Wolkenhauer W. Erckert, Roderich von // Biographisches Jahrbuch und Deutscher Nekrolog / Hrsg.: A. Bettelheim — B. — Т. 5. — S. 74. Праверана 6 лютага 2025.
  3. 1 2 Petronis 2007, с. 199.
  4. ↑ Petronis 2007, с. 199—200.
  5. 1 2 Унуковіч 2020, с. 385.
  6. ↑ Petronis 2007, с. 201—203.
  7. ↑ Андрэеў 2022.
  8. 1 2 3 Камзолава 2020, с. 498.
  9. ↑ Унуковіч 2020, с. 388.
  10. ↑ Снігірова 2023, с. 69.
  11. ↑ Унуковіч 2020, с. 388-389.
  12. ↑ Церашковіч 2004, с. 86.
  13. ↑ Снігірова 2023, с. 70.
  14. ↑ Унуковіч 2020, с. 389.
  15. ↑ Petronis 2007, с. 208—209.