Іваноўскія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Род Іваноўскіх)
Іваноўскія
Герб «Рагаля», зменены
Герб «Рагаля», зменены
Месца паходжання Вялікае Княства Літоўскае
Падданства Вялікае Княства Літоўскае, Расійская імперыя, Польская Рэспубліка (1918—1939)
Маёнткі Сядзібна-паркавы комплекс Іваноўскіх (Галавічполе), Сядзібна-паркавы комплекс Вадэйкаў (Галавічполе)

Іваноўскія — шляхецкі род у Вялікім Княстве Літоўскім і Расійскай імперыі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Самыя раннія дакументальныя звесткі з гісторыі гэтай сям’і сягаюць сярэдзіны XVII стагоддзя і звязаны з асобай Крыштафа Іваноўскага, патомнага ўладара маёнткаў Пурпішкі і Гайжуны ў Вількамірскім павеце ў Літве. Аднак этымалогія прозвішча паказвае, што пачынальнікам роду павінен быць нейкі Іван, а гэта сведчыць, хутчэй, пра яго беларускія карані. Ужо ў XVI ст. можна было сустрэць Іваноўскіх ад Ковеншчыны да Менска і Воршы, гэта значыць, на розных абшарах Вялікага Княства, дзе за дзяржаўныя заслугі іх продкі атрымлівалі пасады і надзелы.

Фамільнай эмблемай стаў герб «Рагаля». Ён належаў не толькі згаданаму Крыштафу Іваноўскаму, але і Міхалу Іваноўскаму, менскаму гарадскому старасту, што ў тагачасных умовах сведчыла пра кроўную еднасць. У XVIII стагоддзі Менскае староства заставалася ў руках гэтай сям’і. Апрача Міхала, пасаду старасты з 1745 года займаў Юзаф Іваноўскі, які раней быў менскім гараднічым і даводзіўся родным братам гарадскому суддзі, што памёр прыкладна ў 1741 годзе. Пасля смерці Юзафа гарадскім старастам у Менску стаў яго сын Ігнацы, які займаў гэтую пасаду амаль дваццаць гадоў, да канца існавання Рэчы Паспалітай. Захаваліся сведчанні і пра Міхала Іваноўскага, ковенскага чашніка, якога Аўгуст III прызначыў падкаморным (камергерам) каралеўскага двара; а таксама — пра Антона, які падпісаў акт абрання Станіслава Аўгуста ад Вількамірскага павета.

Крыштаф, апрача Пурпішак і Гайжунаў у карэннай Літве, меў яшчэ фальварак Забалоцце ў тагачасным Наваградскім ваяводстве. Гэты фальварак амаль да канца XVIII стагоддзі быў сядзібай Іваноўскіх. У 1720 яго пераняў у спадчыну сын Крыштафа, Міхал, які ў 1750 перадаў яго сыну Дамініку, той, у сваю чаргу, у 1776 пакінуў Забалоцце сваім сынам Юзафу і Людвіку, а яны прадалі яго ў 1790 князю Радзівілу. Гэтак Іваноўскія пазбыліся традыцыйнага радавога маёнтка. Неўзабаве сын Юзафа, Тамаш, за прыналежную яму частку спадчыны купіў фальварак Руда Яворская ў Слонімскім павеце. Маёнтак, відаць, быў не дужа вялікі, бо два яго сыны — Вінцэнт і Станіслаў — пазней не падзялілі яго між сабой. Паводле адвечнага звычаю, ён перайшоў у спадчыну да старэйшага сына, Вінцэнта, Станіслаў жа мусіў шукаць свайго лёсу ў іншым месцы.

Станіслаў Іваноўскі нарадзіўся ў 1819 годзе ў Рудзе Яворскай, ажаніўся з Антанінай, адзінай дачкой Юрыя Андрэевіча Рыла-Быкоўскага, уладальніка фальварка Лябёдка ў воласці Старыя Васілішкі Лідскага павета Віленскай губерні. У адрозненне ад Іваноўскіх, якія не сядзелі доўга на адным гняздзе, Быкоўскія гаспадарылі ў Лябёдцы некалькі стагоддзяў. Паводле «Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых краін славянскіх», гэты фальварак пад назвай Дварэц быў падараваны прывілеем Жыгімонта I ад 7 лістапада 1510 г. двараніну яго, Івашку Рыла-Быкоўскаму, і з таго часу перадаваўся ад бацькі да сына і не выходзіў з валодання сям’і. Гэты адносна невялікі маёнтак і атрымала ў спадчыну Антаніна і да самай сваёй смерці заставалася яго ўладальніцай. Такім чынам, Станіслаў вымушаны быў пагадзіцца на другарадную ролю ў Лябёдцы. Ён памёр у 1900 годзе, галоўным яго клопатам была і заставалася гаспадарка.

Пасля заўчаснай смерці Антаніны (яна памерла ў 1852 г., маючы 35 гадоў) маёмасныя меркаванні схілілі яго да шлюбу з Каралінай Клімантовіч, а пасля яе смерці ў 1856 г. ужо 58-гадовы Станіслаў ажаніўся трэці раз з дужа маладзейшай за сябе Станіславай Губарэвіч з суседняга фальварка Галавічполь. У выніку Лябёдка павялічылася за кошт часткі гэтага фальварка.

Леанард Іваноўскі

Адзіным сынам Станіслава і Антаніны быў народжаны 1845 годзе Леанард Іваноўскі, які пасля смерці маці стаў паўнапраўным гаспадаром Лябёдкі. Бацька накіраваў Леанарда спачатку ў віленскую гімназію, пасля — у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, які той скончыў у 1868 г., атрымаўшы ступень інжынера-тэхнолага. Затым, аж да 1891 г., Леанард працаваў на прамысловых будоўлях Сібіры, Урала ды іншых аддаленых рэгіёнаў Расеі, каля 15 гадоў правёў у мясцовасці Краснае  (руск.) Навахапёрскага павета Варонежскай губерні.

У 1874 г. Леанард Іваноўскі пабраўся шлюбам з Ядвігай Райхль з ваколіц Пятркова. Леанард атрымаў за жонкай у якасці пасагу частку маёнтка, неўзабаве прадаў гэтую зямлю і за выручаныя грошы павялічыў гаспадарку ў Лябёдцы. Сам ён з жонкай вярнуўся ў Краснае. У 1876—1887 гадах у сям’і Леанарда і Ядвігі нарадзілася пяцёра дзяцей: Ежы, Вацлаў, Тадэвуш, Алена і Станіслаў. Паводле метрычных запісаў рымска-каталіцкай парафіі ў Старых Васілішках, Ежы нарадзіўся ў Красным, а рэшта дзяцей — у Лябёдцы. Гэтае тлумачыцца традыцыяй, паводле якой месцам нараджэння дзяцей лічылася сямейнае гняздо, а не часовае прыстанішча бацькоў.

Сядзіба Іваноўскіх, 1933 год

Пасля 1891 года Іваноўскія некалькі гадоў правялі ў Варшаве. Самае позняе ў 1899 г. Леанард Іваноўскі ўладкаваўся ў Пецярбургу. Тут ён дасягнуў вяршыні сваёй прафесійнай кар’еры: стаў правадзейным дзяржаўным саветнікам, членам Тэхналагічнага камітэта Галоўнага акцызнага ўпраўлення і кіраўніком яго капітальнага аддзела, а таксама членам Дзяржаўнай Рады па справах харчовых прадуктаў. Першая сусветная вайна прымусіла амаль 70-гадовага Леанарда вярнуцца ў Лябёдку, дзе ўжо была завершаная будоўля новай сядзібы.

Апошнім уласнікам маёнтку Лябёдка Іваноўская да 1939 года быў Станіслаў Іваноўскі. Пад канец 1939 года амаль уся сям'я Іваноўскіх сабралася ў Вільні. Апрача Вацлава, Тадэвуша і Станіслава, з Лябёдкі прыбыла Сабіна з дзецьмі Сцяпанам, Вацлавам і Ганнай  (польск.) ды яшчэ з сястрой Аленай Скіндэр, мужа якой вывезлі на ўсход. Яны баяліся, што як «эксплуататараў» іх рэпрэсуюць савецкія ўлады, і таму схаваліся за новай літоўскай мяжой. Мясцовыя шукальнікі скарбаў разбілі іх фамільны склеп, прах нябожчыкаў быў выкінуты з трунаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. — Мн., 2006. ISBN 985-6530-40-7
  • Лаўрэш Л. Лябёдка Іваноўскіх. Дакументальная аповесць // Новы Замак. 2019. № 8. С. 194—212.; 2020. № 9. С. 180—219.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]