Род Ямантавічаў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Ямантавічы (Ямантовічы) — княжацкі род літоўскага паходжання. Паходжанне роду ў XIII-е ст. дакладна не прасочваецца[1]. Герб Ямантавічаў не вядомы. Пазней празваныя Ямантавічы-Падбярэзскія каб адрозніваць ад Падбярэзскіх, іх нашчадкаў па кудзелі, але не князёў і ад сваіх папярэднікаў на Падбярэззі — кн. Друцкіх-Падбярэзскіх. Нашчадкі Ямантавічаў, шляхцічы Падбярэзскія, спрабавалі узяць сабе княжацкі тытул і прозвішча Друцкія[2], з-за гэтага ўсе тры роды ўладальнікаў Падбярэззя нярэдка блытаюць.

Першы вядомы прадстаўнік роду Ямант Тулунтавіч, паводле Т. Нарбута, быў сынам Гудры Гінвілавіча і нашчадкам Гедруса, але гэтыя звесткі малаверагодныя. Яшчэ да Крэўскай уніі быў праваслаўным[3], паводле Каяловіча, з хросным імем Васіль, але, напэўна, Каяловіч змешвае яго з Васілём Барэйкавічам.

Ямант Тулунтавіч пэўна вядомы з 1390 года, калі разам з Вітаўтам выехаў да Ордэна ў Прусію. У верасні 1395 года Вітаўт даручыў Яманту разам з Васілём Барэйкавічам кіраваць далучаным Смаленскім княствам. У 1398 годзе, між іншымі князямі, староста (намеснік) клецкі Ямант быў сведкам Салінскага дагавора з Ордэнам. Тым часам захаваў і намесніцтва смаленскае, тытулуецца ім сярод палеглых у бітве на Ворскле (1399).

Сынамі Яманта, напэўна, былі Сямён (Сенька) (узг. 1401—1411) і Міхаіл (пам. нядоўга перад 1422). Сямён быў смаленскім намеснікам, прынамсі ў 1441—1445 гадах, пра яго нашчадкаў нічога не вядома. Міхаіл меў прынамсі двух сыноў, з іх на імя вядомы толькі Ямант-Якаў (Яшка) (узг. 1450—1464). Верагодна, сынамі Яманта-Якава былі невядомыя Ю. Вольфу браты князі Іван і Фёдар Ямантавічы[4], якія каля 1455 года размежавалі свой маёнтак Падбярэззе з маёнткам Івана Іллініча Варанцэвічы, прычым апошні атрымаў сяло Мікулінскае і два з паловай селішчы ў нейкім "горадзе Коч". Напэўна, сынам Яманта-Якава быў кн. Сямён Ямантавіч Падбярэзскі (узг. з 1506), які набыў шмат маёнткаў, але безпатомна памёр найпазней у 1540 годзе. Таксама Ямант-Якаў меў дачку Юліянію.

Паводле Ю. Вольфа, па мячы род Ямантавічаў згас на Сямёне Ямантавічы Падбярэзскім не пазней за 1540 год[5], але сам Ю. Вольф у іншым месцы пад 1548 годам згадвае гаспадарскага баярына Лаўрына Іванавіча Ямантавіча, які наехаў на маёнтак князёў Свірскіх.[6]

Да смерці перад 1540 годам князь Сямён Ямантавіч Падбярэзскі валодаў маёнткам Падбярэззе (з «прысёлкамі» Перавалочня, Астрашапкі, Башарова, Палюдава) каля Друцка, Бачэйкавым у Полацкай зямлі, часткай «даннікаў» на Грушцы (пазнейшая Грушка-Гапонаўская, цяпер Гапонавічы Крупскага раёна) і ў Ельнянах (цяпер мясціны на стыку Крупскага і Талачынскага раёнаў — р. Еленка, в. Еленка і Ільяні), а таксама часткамі валасцей Басея за Дняпром і Зарэмцы (з суседнімі Лагамі) за Бярэзінай.[7]

Зноскі

  1. Насевіч В. Л. Генеалагічныя табліцы…
  2. Нарбут А. Н. Генеалогия Белоруссии. Выпуск 2 (XVI—XVIII вв.). — М., 1994. — С. 120.
  3. Насевіч В. Беларускія землі ў…
  4. Варонін, В. Новыя даныя аб землеўладанні магнацкага роду Іллінічаў у XV ст. // Мірскі замак і замкі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Праблемы рэстаўрацыі і музеефікацыі. Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя. Г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці 4 чэрвеня 2005 года. — Мн.: Белпрынт, 2006. -- 128-132.
  5. Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy… S. 152;
  6. Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy… S. 506;
  7. Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy… S. 152—153, 672—673.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Tęgowski Jan Kilka słów o rodowodzie kniaziów Jamontowiczów Podbereskich w świetle nowych źródeł // Zapiski Historyczne. Poświęcone Historii Pomorza i Krajów Bałtyckich. — Тom LXXX, Rok 2015, Zeszyt 3. — S. 39-50;
  • Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. — Warszawa, 1895. — S. 151—153;
  • Насевіч В. Беларускія землі ў складзе Вялікага княства Літоўскага. 1440—1470 гг. // Вялікі гістарычны атлас Беларусі у 3-х т. — Т. 1. — Мінск: Белкартаграфія, 2009. — С. 70-71;
  • Насевіч В. Л. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12-18 ст. — Мн.: БелЭН, 1993.