Рокаш (гурт)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Рокаш
Rokash end 2011.JPG
Асноўная інфармацыя
Жанр неа-фолк
Гады 2004-па сённяшні дзень
Краіна Flag of Belarus.svg Беларусь
Горад Мінск
Мова песень беларуская
Склад Паліна Дулінец
Лявон Казакоў
Ася Очкіна
Болт
Вікторыя Бузько
Commons-logo.svg Рокаш на Вікісховішчы

Рокаш (Rokash) — мінскі музычны гурт. Стыль: неа-фолк, акустычны фолк-рок.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Ідэя стварэння гурта «Рокаш» з'явілася яшчэ напрыканцы 2003 году, калі чацвёрка сяброў, аб’яднаных агульнымі поглядамі на гісторыю, музыку, мову і лад жыцця вырашыла паспрабаваць свае сілы ў музычнай сферы. Гурт пачыналі Стась Багданаў, Мікола Ліпневіч, Мікола Маркоўнік і Лявон Казакоў. Першапачатковай канцэпцыяй патэнцыяльнага гурта быў стыль beerfolk, ці піўны фолк. На працягу 2003 года Лявонам былі напісаныя некалькі песень у гэтай стылістыцы. Але існавала праблема са складам — гэтыя песні фактычна не было каму граць, у гурце ад пачатку было два ўдарніка і два вакаліста.[1]

Дзякуючы Алене (Decadence) і Наташы (Venomous Butterfly) у студзені 2004 года ўдзельнікі гурта пазнаёміліся з гітарыстам Алесем Акульчыкам, што і стала сапраўдным стартам для гурта. Дзякуючы яму пачалі стварацца першыя мелодыі. Акрамя гэтага быў здзейснены канцэптуальны паварот у ідэйнай афарбоўцы песень. Поруч са старымі бірфолкавымі тэмамі пачынаюць з'яўляцца новыя кампазыцыі, якія мелі патрыятычную, сярэднявечную і, у некаторых выпадках, нават філасофскую афарбоўку. Самай яскравай песняй гэтага перыяду можна назваць «Баляду пра ліцьвіна», якая на доўгі час стала візітоўкай «Рокаша». Разам з тым моцна адчуваецца недахоп інструментаў. Пачынаюцца пошукі чалавека, які мог бы граць на якім-небудзь духавым інструменце. Нарэшце, летам 2005 года адзін з сяброў, Паша Грабчыкаў, знаёміць гурт з флейтысткай Вольгай Драпезай. Дзякуючы яе прыходу ужо пачынае фармавацца індывідуальны саўнд «Рокаша». У гэты ж час астатнія ўдзельнікі гурта пакрысе пачынаюць асвойваць новыя інструменты. Усіх здзіўляе Мікола Ліпневіч, які за кароткі час здолеў навучыцца граць на блок-флейтах. У той жа час Лявон пачынае аздабляць песні гукамі варгану. Старыя кампазіцыі атрымоўваюць новую афарбоўку.[1]

Менавіта ў верасні 2004 году на сярэднявечным фэсце «Беларусь сярэднявечная», які праводзіўся Рыцарскім родам снежнага барсу ў Мінску, адбываецца дэбютнае выступленне гурта «Рокаш». Некаторыя ўдзельнікі гурта не любяць узгадваць гэты канцэрт, гурт апынуўся не падрыхтаваным да выступлення. «Рокаш» адыграў дваццаціпяціхвілінную праграму, у якую ўваходзілі наступныя песні: «Наша піва», «Карчма», «Хмяльны бранль», «Баляда пра ліцьвіна» і сярэднявечная кампазіцыя «In taberna». Гэты канцэрт акрэсліў асноўныя недахопы гурта. Працягваліся інтэнсіўныя рэпетыцыі.

Нарэшце, узімку 2005 году адбылася падзея, якая аказалася каласальным штуршком у развіцці гурта. Дзякуючы Вользе ў гурце з'явілася Паліна Дулінец, з чыім яркім і запамінальным голасам найдалей і пачаў асацыявацца гурт «Рокаш». Апроч цудоўнага вакалу, Паліна мела нешэраговыя кампазітарскія здольнасці. З'яўляецца шэраг новых кампазіцый на вершы Лявона і музыку Паліны. З новай праграмай гурт выступае на шэрагу імпрэзаў таварыства «Этна», на вечарыне-ўшанаванні памяці славутага польскага музыканта Чэслава Немана і інш.

У сакавіку 2005 года «Рокаш» прымае ўдзел у конкурсе маладых выканаўцаў сярэднявечнай музыкі «У гонар каралевы Боны». На гэтым фэсце гурт атрымоўвае спэцыяльны прыз ад радыёканала «Культура» — некалькі гадзінаў запісу на студыі, а таксама спецыяльным дыпломам за лепшы вакал была адзначаная Паліна Дулінец. Вясною-летам 2005 года гурт прымае ўдзел у шэрагу фэстаў і імпрэзаў, найбольш значнымі з якіх можна назваць фэст «Замак Гедыміна» ў Лідзе, Лошыцкі фэст у Мінску, гурт грае ў мінскім клубе «Рэактар» на разагрэве ў «Стары Ольса», прадстаўляе на выставе «СМІ ў Беларусі» радыёканал «Культура». З'яўляюцца новыя песні. Найбольш значнымі з іх сталі «Стары замак» і «Запалі агонь». Напрыканцы лета на студыі канала «Культура» робіцца запіс некалькіх песень. Восенню з найбольш значных імпрэзаў можна адзначыць удзел у фэсце сярэднявечнай культуры «Legenda Autuna», на дні беларускага пісьменства ў Камянцы, на рыцарскім фэсце «Беларусь сярэднявечная-2», дзе «Рокаш» цалкам рэабілітаваўся за мінулагодні не вельмі ўдалы выступ, на канцэрце «Сярэднявечныя каляды». Зімою 2006 года з гурта, па асабістых прычынах, сыходзіць адзін са стваральнікаў гурта і вакалістаў Мікола Маркоўнік.[1]

Ствараюцца новыя кампазыцыі. Гурт прымае ўдзел у шэрагу супольных канцэртаў. У чэрвені 2006 года важнай падзеяй у развіцці гурта стаў удзел у фэсце «Spotkania Folkowe „Z wiejskiego podwórza“», які адбыўся ў польскім горадзе Чэрэмшув. Там «Рокаш» граў на адной сцэне з такімі знакавымі калектывамі ўсходнееўрапейскай фолкавай музыкі, як «Ilgi» (Латвія), «Paniks» (Сербія-Венгрыя), «Teksoj Banda» (Украіна), «Sarakina» (Польшча) і інш. На зваротным шляху разам з беларускім гуртом «Ліцьвінскі хмель» «Рокаш» даў канцэрт у польскім горадзе Гайнаўка. Восенню 2006 года «Рокаш» прымае ўдзел у шэрагу супольных канцэртаў з рознастылёвымі гуртамі беларускай андэграўнднай сцэны. Сярод найбольш важных з такіх імпрэзаў можна адзначыць dark-art fest «Memento Mori III», «Vox Femina: tribute to Flёur», «Folk Haloween party» і інш. Менавіта ў гэты час канчаткова фармуецца адыход ад medieval-folk у бок такіх стыляў, як neofolk, acoustіс folk-rock. Паступова творчасць гурта пачынае выходзіць за межы Беларусі. Восенню 2006 года адбылося выступленне ў Вільнюсе, а ў студзені 2007 года гурт «Рокаш» з поспехам даў канцэрт у культавым маскоўскім клубе «Археология». У гэты ж час у гурт прыходзіць ударнік і перкусіяніст Міхаіл Кінчын (Маўс).[1]

У ліпені 2011 года гурт выдаў свой дэбютны дыск «Запалі агонь».[2]

Напрыканцы 2014 года «Рокаш» выпусціў EP, які складаўся з чатырох новых песень. Гэты рэліз музыкі прымеркавалі да 10-годдзя гурта.[3]

Дыскаграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • «Запалі Агонь» (альбом, 2011)
  • «Пад знакам крумкача» (EP, 2014)[3]

Удзел у зборніках[правіць | правіць зыходнік]

Склад[правіць | правіць зыходнік]

  • Паліна Дулінец — спеў, аўтар музыкі
  • Лявон Казакоў — спеў, варган, аўтар тэкстаў
  • Ася Очкіна — клавішы
  • Вікторыя Бузько — флейта
  • Болт — гітара

Былыя удзельнікі[правіць | правіць зыходнік]

  • Станіслаў Багданаў — перкусія
  • Міхаіл Кінчын — ударныя, перкусія
  • Вольга Драпеза — флейта
  • Аляксей Яфрэменка — ударныя
  • Аляксандр Акульчык — гітара
  • Мікалай Ліпневіч — блок-флейта, перкусія
  • Наталля Ісаева — флейта
  • Мікіта Васількаван — ударныя
  • Артур Мартынаў — ударныя

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]