Рудольф Гейдэнгайн

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Рудольф Гейдэнгайн

Рудольф Петэр Генрых Гейдэнгайн (29 студзеня 1834, Марыенвердэр13 кастрычніка 1897, Брэслау) — нямецкі фізіёлаг і гістолаг. Прафесар універсітэта ў Брэслау (з 1859). У 1856 Гейдэнгайн устанавіў уплыў сілы пастаяннага току на эфект раздражнення ім рухальных нерваў. Аналізуючы т. зв. тонаматорны феномен — павольнае танічнае скарачэнне мышц языка з перарэзаным рухальным нервам пры раздражненні перыферычнага канца адчувальнага язычнага нерва, - Гейдэнгайн паказаў, што ён абумоўлены пабочным дзеяннем сасудапашырэння. Адкрыў тармозячы ўплыў раздражнення пэўных кропак кары вялікіх паўшар'яў на шкілетную мускулатуру. Выявіў залежнасць цеплаўтварэння ў мышцах ад умоў іх дзейнасці - кровазвароту, нагрузкі, інтэнсіўнасці раздражнення і інш; зарэгістраваў вылучэнне цяпла пры адзіночным мышачным скарачэнні. Устанавіў актыўную ролю нырачнага эпітэлія ва ўрынаўтварэнні і адпаведных клетачных элементаў арганізма - у лімфаўтварэнні і ўсмоктванні з кішак. Сын — Марцін Гейдэнгайн.