Рундзі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Рундзі
(Barundi)
Burundi - Lake Tanganyika fisheries.jpg
Агульная колькасць 13201400 (2020 г.)
Рэгіёны пражывання Бурундзі
Мова кірундзі
Рэлігія анімізм, культ продкаў, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы сукума, баганда, баньяруанда, нколе, кіга

Ру́ндзі, бару́ндзі (саманазва Barundi) — афрыканскі народ, асноўнае насельніцтва Бурундзі. Болей за 1 млн рундзі жыве ў іншых краінах, у тым ліку Танзаніі, Угандзе, Руандзе . Агульная колькасць (2020 г.) — 13 201 400 чалавек[1][2]

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Асаблівасцю рундзі з’яўляецца тое, што яны падобна суседзям баньяруанда падзяляюцца на этнічныя або нават расава-сацыяльныя групы, што дысперсна насяляюць краіну Бурундзі, — тутсі, хуту і тва. Відавочна, гэтыя групы маюць рознае паходжанне. Тва лічацца нашчадкамі найбольш старажытнага насельніцтва — пігмеяў, якія за стагоддзі суіснавання з іншымі групамі згубілі родную мову і прыстасавалі сваю культуру да пазнейшых мігрантаў. У нашы дні яны складаюць каля 1 % жыхароў Бурундзі і ўяўляюць сабою найбольш сацыяльна не абароненую супольнасць, пазбаўленую правоў на зямлю і ўдзелу ў мясцовым самакіраванні. У 1 тысячагоддзі н. э. у раён Вялікіх азёр з захаду перасяліліся земляробы-банту. Яны сфарміравалі аснову сучаснай групы хуту, што складае большасць насельніцтва.

Значна болей спрэчнай з’яўляецца праблема паходжання тутсі. У XIX ст., калі пачаліся кантакты паміж рундзі і еўрапейцамі, тутсі з’яўляліся прывілеяваным пластом насельніцтва, якое адрознівалася ад хуту галоўным заняткам — жывёлагадоўляй і некаторымі антрапалагічнымі прыкметамі. Тутсі вышэй за хуту і маюць больш вузкія абрысы твару[3]. У канцы XVI ст. адзін з родаў тутсі стварыў дзяржаву Бурундзі. У XVIII ст. у ёй склалася кліентэла, калі тутсі выступалі ў якасці ўладальнікаў зямлі і патронаў залежных ад іх хуту. Шлюбы паміж дзвюмя групамі насельніцтва практыкаваліся, хаця не былі звычайнай справай. Разам з гэтым, тутсі і хуту размаўлялі на адной мове кірундзі, што паходзіць з моў банту, спавядалі адзіную рэлігію і прытрымліваліся аднолькавых звычаяў. Першыя еўрапейскія місіянеры палічылі тутсі нашчадкамі заваёўнікаў-хамітаў, што падначалілі сабе мірных земляробаў.

У 19161962 гг. Бурундзі апынулася пад фактычным каланіяльным кіраваннем Бельгіі. Бельгійскія ўлады фармальна прызнавалі роўнасць усіх груп насельніцтва, але на самой справе арыентаваліся на тутсі. Размежаванню тутсі і хуту садзейнічала ўвядзенне пашпартоў, дзе ўказвалася этнічнае паходжанне іх уладальнікаў. Пасля абвяшчэння незалежнасці Бурундзі ў 1962 г. узаемныя адносіны дзвюх груп суправаджаліся вострымі палітычнымі і ваеннымі канфліктамі. Грамадзянская вайна паміж імі была спынена толькі ў 2006 г.[4] На працягу канфліктаў другой паловы XX — пачатку XXI ст. працягваліся дыскусіі аб паходжанні тутсі. Частка палітыкаў і навукоўцаў працягвала прытрымлівацца версіі пра тое, што тутсі — нашчадкі пазнейшых мігрантаў-нілотаў з поўначы або ўсходу. У якасці доказу прыводзілася існаванне сярод тутсі родаў, якія паходзілі ад іншаземцаў баньяругуру і хіма. Другая частка сцвярджала, што тутсі мелі аднолькавае паходжанне з хуту, вылучыліся пасля сярэднявечча з-за розніцы ў занятках, уліванне ў іх шэрагі жывёлагадоўцаў іншаэтнічнага паходжання не было вызначальным, а самастойную тоеснасць тутсі набылі пад уплывам бельгійскай каланіяльнай палітыкі[5]. Сучасныя генетычыя даследаванні не вырашылі гэтай спрэчкі, паколькі даюць шырокую прастору для тлумачэнняў. Яны паказваюць, што генетычна тутсі і хуту аднолькава блізкія да суседзей-банту[6]. Але асобныя даследчыкі на прыкладах малых выбарак дэманструюць магчымасць паходжання тутсі па мужчынскай лініі ад нілотаў[7][8].

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйныя барабаны

Бурундзі мае высокую шчыльнасць насельніцтва, прычым большасць сканцэнтравана ў сельскай мясцовасці. Нават у нашы дні сельская гаспадарка з’яўляецца асновай эканомікі[9]. Экалагічныя ўмовы краіны дазваляюць сезонна выкарыстоўваць адныя і тыя ж землі ў якасці палеткаў і пашы. Традыцыйна земляробства лічылася галоўным заняткам хуту, а жывёлагадоўля — тутсі. Тутсі разглядаліся як уладальнікі зямлі, якім хуту былі абавязаны выплочваць даніну часткай ураджаю. Калі сям'я хуту трапляла ў цяжкае эканамічнае становішча, яны звярталіся да тутсі і атрымоўвалі ў карыстанне карову. Гэта рабіла хуту фармальна залежнымі ад патронаў-тутсі. Збяднелыя тутсі маглі страціць статак і таксама заняцца земляробствам, але звычайна атрымоўвалі падтрымку ад сваіх сваякоў і працягвалі займацца жывёлагадоўляй.

Адгонная жывёлагадоўля ніколі не давала вялікіх прыбыткаў. Большасць традыцыйнай ежы рундзі складаюць прадукты земляробства. Яны здаўна вырошчвалі проса, бабовыя, клубневыя і бананы. Дыета ўтрымоўвае пераважна вугляводы, адчуваецца недахоп бялку. У некаторых раёнах у мінулым гэта выклікала хваробу квашыяркор. Праблема бялкова-энергетычнага голаду вырашаецца часцей спажываннем рыбы, а не мяса. Найбольш важны раён рыбалоўства — узбярэжжа возера Танганьіка. Лясныя рэсурсы краіны бедныя, таму паляванне нават у мінулыя часы адыгрывала толькі дадатковую ролю ў забеспячэнні. Найбольш распаўсюджаныя рамёствы: пляценне, ганчарства і разьба па дрэву. Выраб керамікі здаўна лічыцца галоўным заняткам тва.

Распаўсюджаным відамі страў з’яўляюцца суп з бабовых і вадкая каша ўгалі́. Захоўваюцца некаторыя харчовыя табу накшталт забароны ўжывання малака разам з бабовымі. Ялавічыну ядуць пасля смерці кароў, потым саджаюць рогі ў зямлю побач з хацінай, каб атрымаць поспех. Папулярны напой — піва, які п’юць праз саломіну.

У Бурундзі толькі 2 дастаткова вялікія гарады. Асноўны від паселішча — буйная вёска з раскіданай планіроўкай. Блізкія сваякі звычайна селяцца побач, вядуць супольную гаспадарку, аднак у кожнай малой нуклеарнай сям’і ёсць свая хаціна. Традыцыйныя круглявыя жытлы будуюць з камянёў і гліны, крыюць саломай. Тутсі часцяком жывуць па-за межамі вёскі ў асобным родавым падворку ў акружэнні загонаў для кароў. Тва селяцца асобнымі групамі на ўскраінах вёсак.

Рундзі захоўваюць шчыльныя сваяцкія і рэгіянальныя сувязі, а таксама падзел па расава-сацыяльнай прыкмеце. Галоўнай грамадскай адзінкай з’яўляецца пашыраная сям’я на чале самага старога чальца-мужчыны або старэйшага брата. Сям’я аб’яднана супольнай гаспадаркай або ўзаемнай дапамогай, якая захоўваецца нават пасля пераезду чальцоў у іншую мясцовасць ці ў горад. Яны наведваюць сваякоў, удзельнічаюць у сямейных святах, аказваюць дапамогу ў гаспадарцы. У мінулым была пашырана палігінія. Сямейная маёмасць перадаецца па мужчынскай лініі, большую частку спадчыны атрымоўвае старэйшы сын. Галоўныя абавязкі жонкі — клопат пра хатнюю гаспадарку і дзяцей. Імёны дзецям даюць старэйшыя сваякі падчас спецыяльнай цырымоніі. Яны ўключаюць асабістае імя, сямейнае прозвішча і некалькі мянушак. Сем’і аб’ядноўваюцца ў роды. Найлепей родавая арганізацыя прадстаўлена сярод тутсі, якія вядуць сваю генеалогію на працягу некалькіх стагоддзяў. Роды могуць мець асабістыя сімвалы.

Для прыкладнога мастацтва характэрны роспісы на сценах з яркімі геаметрычнымі малюнкамі. Народная паэзія звязана з музычным мастацтвам, існуе «спеў шэптам» пад музыку з пераказам генеалагічных і гістарычных паданняў. У часы манархічнай улады сфарміравалася традыцыя карыенда ігры на барабанах, якія суправаджалі святочныя танцы.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Мова кірундзі адносіцца да групп моў банту, вельмі блізкая да мовы кіньяруанда. З’яўляецца афіцыйнай у Бурундзі, вывучаецца ў школах, выкарыстоўваецца ў сродках масавай інфармацыі і літаратуры.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная рэлігія заснавана на анімістычных вераваннях і кульце продкаў. Вярхоўным бажаством лічыцца стваральнік сусвету Іману. У мінулым існаваў яго асобны культ на чале жраца кірангу. У паўседзённым жыцці большую ролю адыгрывае шанаванне духаў прыроды і продкаў, якія з’яўляюцца заступнікамі жывых людзей перад Іману.

З канца XVIII ст. рундзі пазнаёміліся з ісламам дзякуючы гандлярам-суахілі, якія дзейнічалі ў раёне возера Танганьіка. Аднак манархі Бурундзі адмоўна адносіліся да распаўсюджання гэтай рэлігіі ў сваёй дзяржаве. Спроба каталіцкіх місіянераў распаўсюдзіць хрысціянства ў канцы XIX ст. таксама выклікала рэпрэсіі з боку валадара. Пад ціскам нямецкіх, а потым бельгійскіх каланіяльных уладаў хрысціянства пачало распаўсюджвацца толькі з пачатку XX ст., прычым хуту прымалі пераважна каталіцызм, а тутсі далучаліся да пратэстанцкіх канфесій.

У 2010 г. 88,9 % вернікаў спавядалі хрысціянства, прычым большасць складалі каталікі, 2,5 % — іслам, 8,09 % — традыцыйную рэлігію[10].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]