Руская мова

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Руская мова
Саманазва:

русский язык

Краіны:

Сцяг Расіі Расія;
краіны былога СССР, дыяспара Заходняй Еўропы, Ізраіля, ЗША, Канады

Рэгіёны:

першапачаткова — цэнтр еўрапейскае Расіі,
цяпер — Расія, а таксама дыяспара краін былога СССР і краін Захаду

Афіцыйны статус:
Арганізацыя, якая рэгулюе:

Інстытут рускай мовы РАН

Агульная колькасць носьбітаў:

167 млн.[1]

Рэйтынг:

8[1]

Класіфікацыя
Катэгорыя:

Мовы Еўразіі

Індаеўрапейская сям'я

Балта-славянская галіна (гіпотэза)
Славянская група
Усходнеславянская падгрупа
Руская мова
Пісьменнасць:

кірыліца (рускі алфавіт)

Моўныя коды
ISO 639-1:

ru

ISO 639-2:

rus

ISO 639-3:

rus

Гл. таксама: Праект:Лінгвістыка

  Краіны, дзе руская мова з'яўляецца афіцыйнай або адной з афіцыйных

  Прыкметная колькасць рускамоўнага насельніцтва

Ру́ская мова[2], сустракаецца варыянт расе́йская мова (саманазва: русский язык) — усходнеславянская мова славянскае галіны ў складзе індаеўрапейскай моўнай сям'і.

Руская мова родная для 167 мільёнаў чалавек, з якіх каля 137 мільёнаў пражывае ў Расіі. Руская мова з'яўляецца дзяржаўнай мовай у Расіі, Беларусі (побач з беларускай мовай), афіцыйнай мовай у Казахстане (побач з казахскай мовай у якасці дзяржаўнай), Кыргызстане (побач з кыргызскай мовай у якасці дзяржаўнай). Руская мова з'яўляецца таксама афіцыйнай у непрызнаных утварэннях Абхазія, Паўднёвая Асеція і Прыднястроўе, а таксама ў аўтаномнай Гагаузіі (Малдова).

Арфаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Рускі алфавіт
Аа Бб Вв Гг Дд Ее Ёё
Жж Зз Ии Йй Кк Лл Мм
Нн Оо Пп Рр Сс Тт Уу
Фф Хх Цц Чч Шш Щщ Ъъ
Ыы Ьь Ээ Юю Яя

З часоў апошняй рэформы beru рускае арфаграфіі ў 1918 годзе ў склад рускага алфавіта ўваходзяць 33 літары. З іх 10 літар выкарыстоўваюцца для перадачы галосных гукаў: а, е, ё, и, о, у, ы, э, ю і я (пры гэтым дадзеных літар менш у параўнанні з колькасцю ўласна галосных). Астатнія 23 літары перадаюць зычныя гукі, пры гэтым літары ъ і ь выкарыстоўваюцца не для адлюстравання асобных самастойных гукаў, а з'яўляюцца індыкатарамі цвёрдасці альбо мяккасці наяўных зычных (больш падрабязная інфармацыя ў артыкуле: руская фанетыка). Арфаграфія рускае мовы мае досыць архаічны характар (не адлюстроўваюцца змены ненаціскных галосных, аглушэнне фінальных зычных, выпадзенне зычных і г.д.), яе гісторыя налічвае некалькі стагоддзяў, сама арфаграфія засноўваецца пераважна на этымалагічным прынцыпе.

Акрамя набору літар, у часы савецкае ўлады руская мова зведала іншыя істотныя змены ў арфаграфіі (напрыклад, скарачэнне ўжывання злучка, прыбранне кропак з абрэвіятур). У 1920—1930-я гг. у рамках усесавецкае палітыкі лацінізацыі моў народаў СССР выказваліся прапановы па пераводзе рускага алфавіта на лацінскую аснову, але самі падобныя праекты існавалі яшчэ з часоў Расійскай імперыі. Змены ў арфаграфіі і арфаэпіі (прытым даволі значныя) працягваюцца і дагэтуль (змены тапонімаў, варыяцыйнасць ужывання націску, роду і г.д., засваенне інтэрнацыяналізмаў).

Асноўныя рысы[правіць | правіць зыходнік]

Руская мова адносіцца да індаеўрапейскае сям'і моў. Унутры гэтай сям'і яна ўваходзіць у славянскую галіну. Руская мова традыцыйна адносіцца да ўсходнеславянскай групы моў і ўтварае з беларускай ды ўкраінскай мовамі дыялектны кантынуум.

Гісторыя рускае мовы прасочваецца прынамсі з канца першага тысячагоддзя н.э., калі славянскія плямёны Усходняй Еўропы пачалі засяленне сучасных паўднёва-заходніх рэгіёнаў Расіі. Праз пэўны час з праславянскае мовы вылучаецца сукупнасць дыялектаў, на аснове якіх развіваецца літаратурная мова, вядомая ў лінгвістыцы і гістарыяграфіі пад тэрмінам старажытнаруская мова. Славянскія гаворкі Маскоўскага княства і некаторых іншых суседніх пазней пачынаюць развівацца ў рускую мову, у той час як прыкладна з ХІІІ ст. на землях ВКЛ развіваецца ўласная народная мова і яе літаратурны стандарт (гл. старабеларуская мова).

Лексіка[правіць | правіць зыходнік]

Кантакты насельніцтва цэнтральнай Расіі з грэчаскамоўнай літаратурай і суседнімі цюркскімі дзяржавамі становяцца прычынай узбагачэння рускай лексікі элінізмамі і цюркізмамі (якія часам пранікалі і на ўзровень карэннай лексікі, але іх уплыў неістотны). Нягледзячы на частае асвятленне ў публіцыстыцы, а таксама гістарычныя кантакты, доля запазычанняў фіна-ўгорскага паходжання вельмі малая і адносіцца найперш да дыялектызмаў або да спецыфічных культурных паняццяў (тайга, тундра). З XVIIIХІХ стст. у рускую мову пранікае вялікая колькасць галіцызмаў (французскія запазычанні) і германізмаў (з нямецкай мовы), частата іх тагачаснага выкарыстання залежала ад функцыянальнага стылю мовы ці адукаванасці носьбіта. Вядомыя запазычанні з іншых славянскіх моў, але іх уплыў адносіцца ў асноўным толькі да адпаведных культурных рэалій. Як і ў іншых шматлікіх славянскіх мовах, у лексіку рускай мовы ўваходзяць інтэрнацыяналізмы англійскага, лацінскага ды грэчаскага паходжання.

Урэшце, абсалютная большасць лексікі сучаснай рускай мовы мае славянскую этымалогію.

Фанетыка, фаналогія[правіць | правіць зыходнік]

Гукавы лад рускай мовы вылучаецца наяўнасцю сінкопы (выпадзення) галосных, леніцыі (аслабленне вымаўлення зычнага) і апакопы (выпадзенне якіх-небудзь канчатковых гукаў ці спалучэнняў). Распаўсюджаны пераход ненаціскнога о, а і многіх іншых галосных у шва beru (/ə/) або /i/, што амаль не распаўсюджана ў іншых усходнеславянскіх. Як і ў іншых усходнеславянскіх, адзначаецца аглушэнне фінальных зычных і сэнсаадрознівальная роля палаталізацыі зычных (напрыклад, плот, але плоть). З прычыны архаічнасці рускай арфаграфіі ўсе дадзеныя рысы, акрамя апошняй, не адлюстроўваюцца на пісьме (напрыклад, шва пазначаецца як о або а ў залежнасці ад паходжання ў корані слова, напрыклад, молоко).

Ужо ў часы старажытнарускае мовы вядомыя пераходы некаторых груп зычных, дакладней, змена іх становішча ў слове, што адбылося гэтак жа, як у будучых украінскай і беларускай мовах.

Марфалогія, сінтаксіс[правіць | правіць зыходнік]

Марфалогія ў цэлым блізкая іншым усходнеславянскім мовам, хоць і мае свае адметнасці. Сінтаксіс праяўляе значна большае падабенства.

Дыялекты[правіць | правіць зыходнік]

Дыялекталагічная карта рускай мовы (у т.л. дыялекты захаду, якія раней лічыліся дыялектамі беларускай мовы, а таксама дыялекты ўкраінскае мовы на поўдні). Жоўтыя, аранжавыя адценні — паўднёвыя дыялекты, зялёныя — паўночныя, ружовыя — пераходныя. На карте відно гістарычнае перамяшчэнне некаторых цэнтральных гаворак далей, на поўдзень і ўсход.

Традыцыйна ў складзе рускае мовы вылучаюць дзве дыялектныя групы — паўднёвую і паўночную, якія дзеляцца на дыялекты, дыялекты, у сваю чаргу, распадаюцца на асобныя гаворкі, арэал якіх абмежаваны групай вёсак ці паселішчаў. У расійскім мовазнаўстве дасавецкага перыяду пераважалі погляды, згодна з якімі ўласна руская мова складала т.зв. вялікарускую гаворку «рускае мовы», сам жа тэрмін руская мова (руск.: русскій языкъ) уключаў у сябе не толькі ўласна рускую мову (вялікарускую гаворку), а таксама беларускую ды ўкраінскую мовы, якія зніжаліся да статуса гаворак рускае мовы (у шырокім паняцці). Падобных канцэпцый таксама прытрымліваліся мовазнаўчыя школы заходніх краін, але з развіццём мовазнаўства і гістарыяграфіі такія погляды былі прызнаны састарэлымі.

У мовазнаўстве СССР існавала тэндэнцыя вызначэння меж дыялектаў рускае мовы з дыялектамі іншых усходнеславянскіх моў на аснове выключна меж саюзных рэспублік, БССР і УССР з РСФСР; такая практыка захоўваецца і ў сучасных рускіх даследаваннях па рускай мове. У часы Расійскай імперыі дыялекты захаду і поўдня сучаснай Расіі практычна паўсюдна адносіліся да беларускіх і ўкраінскіх дыялектаў (то бок, дыялекты Смаленшчыны, Браншчыны, Туда, Кубані і г.д.). У цяперашняй рускай мовазнаўчай практыцы гэтыя дыялекты, як і ў часы СССР, лічацца дыялектамі рускай мовы, ва Украіне, краінах Захаду і (часам) у Беларусі — адпаведна дыялектамі беларускае ці ўкраінскае моў.

Дыялекты рускае мовы, за выключэннем дыялектаў беларускае мовы на захадзе Расіі і дыялектаў украінскае мовы на поўдні, умоўна дзеляцца на гаворкі ранняга і позняга фарміравання. Першыя ўключаюць у сябе дыялекты цэнтральнай Расіі, на аснове якіх спрадвеку фарміравалася руская мова, другія — дыялекты паўночнай Расіі, Каўказа, Сібіры, Далёкага Усходу і дыяспары, якія фарміраваліся па засяленні этнічнымі велікарусамі тых ці іншых тэрыторый. Усе дыялекты рускае мовы з'яўляюцца ўзаемназразумелымі.

Некаторыя гаворкі на захадзе і поўдні Расіі дэманструюць пэўныя пераходныя рысы між беларускай і ўкраінскай мовамі адпаведна.

Літаратурная руская мова заснавана на гаворках цэнтральнае Расіі, якія належаць да паўднёвых дыялектаў. Асобным чынам вылучаюць таксама маўленне жыхароў Масквы і Санкт-Пецярбурга, якія адрозніваюцца галоўным чынам у лексіцы, радзей — у фанетыцы.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. 1,0 1,1 Рэйтынг моў па колькасці носьбітаў // Этналог (англ.) 
  2. У беларускамоўнай лінгвістычнай літаратуры пачатку ХХ ст. — таксама расійская мова.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Руская мова // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 464. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (Т. 13).
  • Филин Ф. П. Русский язык // Лингвистический энциклопедический словарь. — М.: «Советская энциклопедия», 1990. — С. 429—430.
  • Лопатин В. В., Улуханов И. С. Руский язык // Языки мира: Славянские языки — М.: Academia, 2005. — С. 444—513. — ISBN 5-87444-216-2.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Вікіпедыя

Вікіпедыя мае раздзел, напісаны
на рускай мове