Русіфікацыя Беларусі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Замена беларускіх вулічных шыльдаў на рускамоўныя. Мінск, 2011 г.

Русіфікацыя (па-руску: русский + па-лацінску: -fico «раблю») — лучнасць захадаў уладаў Расійскай імперыі, а пазней СССР і Рэспублікі Беларусь[1][2], скіраваных на насаджэнне рускай нацыянальна-палітычнай перавагі на землях, заселеных іншымі народамі, з мэтай наступнай іх асіміляцыі і дасягнення перавагі рускіх мовы і культуры на дадзенай тэрыторыі.

У Расійскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]

28 мая 1772 года адразу па першым падзеле Рэчы Паспалітай расійская імператрыца Кацярына II падпісала Наказ, паводле якога ўсе губернатары «былых польскіх» (гэта значыць — беларускіх) губерняў абавязваліся складаць свае выракі, пастановы і загады толькі на рускай мове. Жыхарам дазвалялася карыстацца сваёй мовай і сваімі законамі толькі калі гэта не краналася сферы ўлады. 8 мая 1773 года Кацярына II падпісала чарговы Наказ «Аб заснаванні ў Беларускіх губернях губернскіх і правінцыйных земскіх судоў», дзе было яшчэ раз пазначана пра абавязковае выкарыстанне ў справаводстве толькі рускай мовы[3].

Кацярына II імкнулася да аб'яднання далучаных земляў з іншымі часткамі імперыі, але рабіла гэта асцярожна і паступова. Па здушэнні паўстання 1794 года гэтая палітыка праводзілася больш упарта і настойліва з ужываннем карных захадаў[4]. Расія афіцыйна адмаўляла беларускую нацыю і беларускую мову; чыноўнікі беларускага паходжання звальняліся з дзяржаўных устаноў і замяняліся расійскімі[5].

Павел I, імператар расійскі і Аляксандр I не прымалі значных захадаў супраць распаўсюджвання польскай культуры і мовы, таму польскі ўплыў на беларускіх землях па яго вынішчэнні ў часы Кацярыны II дастаткова хутка аднавіўся і да канца першай чвэрці XIX ст. перавышаў рускі.

Карыкатура на адкрыццё помніка Мураўёву-вешальніку ў Вільні, 1898

Па прыходзе да ўлады ў снежні 1825 года Мікалая I наступ на беларускую і польскую культуру аднавіўся і асабліва ўзмацніўся па здушэнні паўстання 1830—1831 гадоў. Палітыка Мікалая I была накіраваная на вяртанне больш узмоцненай русіфікацыі і ўніфікацыі земляў Беларусі[4]. 16 верасня 1831 года ўтварыўся адмысловы «Заходні камітэт», задачай якога з'яўлялася «зраўняць Заходні край ва ўсіх адносінах з унутранымі вялікарускімі губернямі»[4]. Міністр унутраных спраў Расійскай імперыі Пётр Валуеў падрыхтаваў для Камітэту адмысловы «Нарыс пра сродкі абрусення Заходняга края»[6].

25 чэрвеня 1840 года Мікалай I выдаў указ, паводле якога ўсе справы як ва ўрадавай, так і ў судовай частцы, не вылучаючы спраў дваранскіх і дэпутацкіх сходаў, а таксама ўвогуле ўсе акты, якога б роду і наймення яны не былі, трэба было пісаць толькі на рускай мове. У афіцыйнай дакументацыі забаранялася карыстацца словамі «Беларусь» і «беларусы». Беларусь атрымала назву «Паўночна-Заходні край», адначасна скасоўвалася дзеянне Статута Вялікага Княства Літоўскага[5].

Апроч таго, Мікалай I зацвердзіў пастанову пра перасленне ў Беларусь «выхадцаў з унутраных губерняў, якія прынясуць з сабой у гэты край, які цураецца Расіі, нашу мову, звычай, прыхільнасць рускіх да трона»[7].

За Аляксандрам II назіраліся пэўныя паслабленні ў русіфікацыйных працэсах, але палітыка ўніфікацыі і інтэграцыі заходніх губерніяў з іншымі тэрыторыямі Расійскай імперыі ўсё яшчэ працягвалася[4].

Па здушэнні паўстання 1863—1864 гадоў працэс расіізацыі ўзначаліў генерал-губернатар М. Мураўёў. Асаблівую ўвагу начальнік «Паўночна-заходняга края» надаваў расіізацыі адукацыі, шырока вядомым з'яўляецца яго дэвіз:

Што не дарабіў рускі штык — даробіць рускія школа і царква

Мураўёў запрасіў у Вільню прадстаўніка кансерватыўнага кірунку ў «заходне-русізме» Ксенафонта Гаворскага і спрыяў пераносу яго кіеўскага выдання «Веснік Паўднёва-Заходняй і Заходняй Расіі» пад новай назвай «Веснік Заходняй Расіі». Аднак, нягледзячы нават на ўвядзенне абавязковай падпіскі для духавенства і службоўцаў, часопіс не карыстаўся папулярнасцю, і ў 1871 годзе яго закрылі.

Звяртаючыся да беларускага дваранства Мураўёў казаў:

Забудзцеся пра наіўныя летуценні і мары, панове, і помніце, што калі вы не зробіцеся тут сваімі думкамі і пачуццямі рускімі, вы будзеце іншаземцамі і мусіце тады пакінуць гэты край

Апроч таго, істотнымі фактарамі расіізацыі ў «Паўночна-заходнім краі» з'яўляліся падвышаныя (параўнальна з метраполіяй) аклады і разнастайныя прывілеі для чыноўнікаў-выхадцаў з цэнтральнай Расіі, а таксама расійскае войска, шматлікія гарнізоны якога стала размяшчаліся ў беларускіх гарадах і мястэчках[8].

У СССР[правіць | правіць зыходнік]

У адпаведансці з савецкай камуністычнай тэорыяй працэс зліцця ўсіх народаў Савецкага Саюза ў адну нацыю мусіў адбывацца на падставе ўзаемнага скрыжоўвання нацыянальных элементаў усіх народаў, у тым ліку мовы. Насамрэч гэты працэс праводзіўся толькі на падставе рускай нацыянальнай базы — на базе рускіх гісторыі, культуры, мовы і патрыятызму[9].

Кампанія супраць беларускай мовы была ўзнятая ў СССР у пачатку 1930-х гадоў. Палітыка русіфікацыі беларускай мовы знайшла сваё канкрэтнае адлюстраванне ў выдадзенай у 1931 годзе пад рэдакцыяй дырэктара Інстытуту Філасофіі Беларускай Акадэміі Навук акадэміка С. Я. Вальфсона «Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі». Практычным завяршэннем першага этапу кампаніі русіфікацыі беларускай мовы зрабілася ўрадавая пастанова Савету народных камісараў БССР за 28 жніўня 1933 года «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу», якая датычыла не толькі правапісу, але і фанетычных і марфалагічных асаблівасцей беларускай мовы.

У 1950 годзе Сталін пісаў[10]:

Мы будзем мець справу не з дзвюма мовамі,... а з сотнямі нацыянальных моў, з якіх у выніку доўгага эканамічнага, палітычнага і культурнага супрацоўніцтва нацый будуць выдзяляцца спачатку найбольш узбагачаныя адзіныя занальныя мовы, а потым занальныя мовы зліюцца ў адну супольную міжнародную мову,...якая... будзе новай мовай, што ўбярэ ў сябе найлепшыя элементы нацыянальных і занальных моў.

Адной з прадбачаных Сталіным занальных моў мусіла паўстаць на базе рускай мовы.

Цягам усёй русіфікацыйнай кампаніі, якая пачалася ў 1930-х гадах ва ўсіх нерускіх мовах Савецкага Саюза адбываўся прыблізна адначасна аднолькавы працэс з аднолькавай рэакцыяй на яго з боку асобных народаў. Калі разгледзіць славянскія нерускія мовы СССР — беларускую і ўкраінскую — то ў звязку са сваяцтвам гэтых моў русіфікацыйны працэс у кожнай з іх з'яўляўся ідэнтычным ва ўсіх дэталях. У працэсе русіфікацыі неславянскіх моў — цюрскіх, моў народаў Каўказу, мовы балцкіх народаў — існавалі пэўныя фармальныя і колькасныя розніцы ад русіфікацыйнага працэсу ў беларускай альбо ўкраінскай мовах, але асноўныя мэты, на якія быў скіраваны гэты працэс, заставаліся аднолькавымі.

Рэалізацыя моўнай палітыкі ў БССР праводзілася ў двух кірунках, якія ўзаемна дапаўняюць адзін адно, але паслядоўна вялі да поўнай нівеляцыі беларускай мовы:

  1. Звужэнне сферы ўжывання беларускай мовы ў публічным жыцці і замена яе рускай;
  2. Усебаковая русіфікацыя дапушчанай да публічнага ўжывання беларускай мовы.

Кепская сітуацыя склалася з выданнем беларускамоўных кніг. Беларускамоўныя кнігі трымаліся на складах, не пушчаліся ў продаж, а потым спісваліся ў якасці затаваранай нехадавой прадукцыі, якую ніхто не хоча чытаць. Разам са змяншэннем тыражаў і колькасці беларускамоўнай друкаванай прадукцыі, павялічвалася колькасць і ўдзельная вага рускамоўнай. У 1946 годзе тыраж часопісаў на рускай мове ў БССР складаў 1%, 1955 годзе ён дасягнуў 31%. У 1970 годзе агульны тыраж беларускамоўных кніг складаў 9 мільёнаў асобнікаў, рускамоўных — 16 мільёнаў[11].

26 мая 1983 была прынятая пастанова ЦК КПСС і Савету Міністраў СССР, аб павелічэнні на 15% заробку настаўнікаў рускай мовы ў беларускамоўных школах. Пастанова прадугледжвала са студзеня 1984 года павелічэнне на 15% стаўкі настаўнікаў падрыхтоўчых і другіх-трэціх класаў, якія ведалі рускую мову, і настаўнікаў рускай мовы і літаратуры ў 4—11 класах агульнаадукацыйных школ усіх тыпаў[11].

Рэспубліка Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Кнігавыданне[правіць | правіць зыходнік]

Станам на 2014 год у краіне на беларускай мове выдавалася толькі 10-11 % кніг, пра што 3 лютага 2015 года заявіла міністр інфармацыі Лілія Ананіч. Усяго ў 2014 годзе выйшла 11613 найменняў кніг агульным накладам 31,2 мільёна асобнікаў, па прыкладных падліках было толькі 3,4 мільёны кніг выйшлі на беларускай мове. Міністр адзначыла, што гэтыя лічбы адлюстроўваюць рэальны моўны стан кнігавыдання ў краіне[12].

Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Дашкольныя ўстановы[правіць | правіць зыходнік]

У дзіцячых садках па-беларуску ў 2014 годзе навучалася 11 % дашкольнікаў (45 тысяч чалавек), а ў 2013 годзе іх было яшчэ 11,4 %[13]. У Мінску ў беларускамоўныя групы запісаныя менш за 3 тысячы дзетак, што складае ўсяго 3,2% ад агульнай колькасці[14].

2010 2014
колькасць,

тыс. чал.

доля колькасць,

тыс. чал.

доля
усяго навучэнцаў 384 410,6
па-беларуску, з іх: 49,2 12,8% 43,1 10,5%
Мінск 3,1 3,8% 2,9 3,2%
Брэсцкая вобласць 9,8 16,8% 9,1 14,7%
Віцебская вобласць 4,7 10% 3,8 7,8%
Гомельская вобласць 5,6 9,7% 4,8 7,9%
Гродзенская вобласць 8,8 19% 8,3 18,2%
Мінская вобласць 13 24,2% 10,4 18,2%
Магілёўская вобласць 4,3 10,4% 3,6 8,2%

Сярэдняя адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

У школах адносна высокі паказчык (14,5%) трымаецца за кошт вясковых школ, так сярод 135 тысяч беларускамоўных школьнікаў толькі 14 500 вучацца ў гарадах. Але і гэта лічба імкліва памяншаецца[14], так за перыяд з 2004 да 2014 года доля беларускамоўных вучняў скарацілася з 24,8 % да 15 % (142 тысяч чалавек)[13]. У 2013 годзе такіх налічвалася 16,4 %. Самы нізкі паказчык па Мінску[13], дзе ў 20132014 на­ву­чаль­ным го­дзе ў 148 кла­сах з бе­ла­рус­кай мо­вай на­ву­ча­лі­ся ўся­го 1,6 % ад агуль­най коль­кас­ці мін­скіх школь­ні­каў, што ў 1,5 ра­за менш, чым было за пяць га­доў да таго[15]. Толькі за перыяд з 2011 да 2014 года ў асоб­ных ра­ё­нах Беларусі ў да­школь­ных уста­но­вах, шко­лах і гім­на­зі­ях уво­гу­ле знік­лі бе­ла­рус­ка­моў­ныя кла­сы і групы[15].

2010 2014
колькасць,

тыс. чал.

доля колькасць,

тыс. чал.

доля
усяго навучэнцаў 940,4 931,3
па-беларуску 178,4 19% 135,1 14,5%
Мінск 2,3% 3,9 2,3%
Брэсцкая вобласць 24,5% 32,4 20,6%
Віцебская вобласць 18,6% 13,1 12,1%
Гомельская вобласць 18% 18,7 12,8%
Гродзенская вобласць 21,8% 18,1 16,9%
Мінская вобласць 31,9% 35,7 25,7%
Магілёўская вобласць 16,9% 13,5 12,7%

Сярэдняя спецыяльная адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Колькаць навучэнцаў у беларускамоўных каледжах у перыяд з 2010 года па 2014 год скарацілася ў дзесяць разоў і складае ўсяго 300 чалавек. Яшчэ 21 800 (16,9%) чалавек навучаюцца па-руску і па-беларуску, што на практыцы азначае, што выкладанне адзінкавых дысцыпліны на беларускай мове[14].

2010 2014
колькасць,

чал.

доля колькасць,

чал.

доля
усяго навучэнцаў 167 600 129 000
па-беларуску 3 200 1,9% 300 0,2%

Вышэйшая адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

У Рэспубліцы Беларусь не існуе аніводнай вышэйшай навучальнай установы, дзе б выкладанне вялося па-беларуску. Па-беларуску вышэйшую адукацыю ў 2014 атрымліваў усяго 1 з 670 студэнтаў, агулам гэта складае каля 600 чалавек, у той час як яшчэ ў 2013 годзе гэта лічба была каля 700 чалавек[13]. Паводле іншых звестак, на беларускай мове станам на 2014 год навучаецца ўсяго 300 чалавек, што азначае скарачэнне ў 6 разоў усяго за адну пяцігодку[14].

2010 2014
колькасць,

чал.

доля колькасць,

чал.

доля
усяго 442 900 362 900
па-беларуску 1 700 0,4% 300 0,1%

Помнікі і памятныя знакі[правіць | правіць зыходнік]

23 чэрвеня 2017 году на доме па адрасе вуліца Савецкая 17 (сярод краязнаўцаў і гісторыкаў вядомы як «дом Абрампольскага») з'явілася памятная шыльда, якая сведчыць, што ў доме ў 1922 годзе знаходзіўся Аддзел аховы рэвалюцыйнай законнасці народнага камісарыяту юстыцыі БССР (ОГПУ, папярэднік НКВД). Адначасова з гэтым улады праігнаравалі факт, што ў гэтым доме жыла беларуская мецэнатка Магдалена Радзівіл, якая фінансава дапамагала выдаваць першыя кнігі Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага і адкрывала беларускія школкі. Памятная шыльда, прысвечаная Магдалене Радзівіл, на доме адсутнічае. Акурат пасля таго, як у Доме Абрампольскага разьмясьцілі першую ў БССР пракурорскую ўстанову, у краіне пачалася першая хваля рэпрэсій. Па класіфікацыі гісторыка Ўладзіміра Адамушкі, прыведзенай у кнізе «Палітычныя рэпрэсіі 20–50-х гадоў у Беларусі», яна працягвалася з 1923 да 1928 году. У тагачаснай Беларусі, якая на 1923 год была па тэрыторыі меншая за сучасную ў чатыры разы, а на 1928 — амаль удвая, арыштавалі прыкладна столькі ж людзей, колькі і па ўсёй Расіі. Згодна з падлікамі гісторыкаў, маштабы рэпрэсій у Беларусі ў першай палове 20-х гадоў значна перавышалі тыя, якія адбываліся на іншых тэрыторыях СССР. У сярэднім жыхар Беларусі меў у 20 разоў больш шанцаў быць рэпрэсаваным, чым жыхар РСФСР. Першымі пракурорамі БССР, якія не толькі працавалі ў доме Абрампольскага, але і жылі там, былі Адольф Гентнер (займаў пасаду з 1925 па 1928 гады), Маісей Сегаль (1925–1928), Максім Ляўкоў (1929–1931). Усе яны пазьней таксама сталі ахвярамі рэпрэсій. Усталяванне шыльдаў карнаму акупацыйнаму органу сведчыць пра працяг русіфікацыі Беларусі і прывівання беларусам расійска-цэнтрычнага светапогляду[16].

Бізнес[правіць | правіць зыходнік]

Выкарыстанне беларускай мовы ў гандлі было абмежавана Тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза 022—2011, паводле якога (п. 1 арт. 4.1) усе тавары павінны абавязкова маркіравацца на рускай мове[17].

Глядзіце таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Галоўная бяда беларусаў у Беларусі — мова // Новы Час
  2. Аляксандар Русіфікатар // Наша Ніва
  3. Дакументы i матэрыялы па гiсторыi Беларусi. Т. 2. — Мн., 1940.
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 Вячаслаў Швед. Эвалюцыя расійскай урадавай палітыкі адносна земляў Беларусі (1772—1863 г.) // «Гістарычны Альманах». Том 7, 2002.
  5. 5,0 5,1 Мікалай Крыжаноўскі. Жывая крыніца ты, родная мова // «Народная Воля» № 65—66, 1 мая 2008.
  6. Миллер А. И. Планы властей по усилению русского ассимиляторского потенциала в Западном крае // «Украинский вопрос» в политике властей и русском общественном мнении (вторая половина XIХ века). — СПб: Алетейя, 2000.
  7. 1831. Нацыянальна-вызваленчае паўстанне супроць царызму
  8. Калі ў Беларусі пасяліліся рускія?
  9. Русіфікацыя //
  10. И. Сталин. Марксизм и вопросы языкознания. — Москва, 1950.
  11. 11,0 11,1 Беларуская Атлантыда: без бар’ераў. Русіфікацыя // «Радыё Свабода», 13 снежня 2007.
  12. Лічба дня: 11 % кніг, якія выходзяць у краіне, выдаюцца на беларускай мове
  13. 13,0 13,1 13,2 13,3 Русіфікацыя нарастае: па-беларуску навучаецца кожны сёмы школьнік і толькі 1 з 670 студэнтаў
  14. 14,0 14,1 14,2 14,3 Страшныя лічбы русіфікацыі: з 2010 года колькасць белмоўных вучняў зменшылася на 43 тысячы, белмоўнае студэнцтва практычна ліквідавана. Наша Ніва
  15. 15,0 15,1 Скараціць нельга пакінуць // Звязда
  16. На дом, дзе жыла Магдалена Радзівіл, павесілі шыльду пра супрацоўнікаў ОГПУ // Беларуская служба радыё Свабода
  17. У Беларусі забароненыя этыкеткі на беларускай мове?

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]