Ручнік

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Украінскія ручнікі

Ручні́к — прадаўгаваты выраб з тканага палатна — утылітарнага, дэкаратыўнага і традыцыйна-абрадавага прызначэння; від тканін мастацкіх. Вядомы ў народным побыце з глыбокай старажытнасці з пашырэннем ткацтва. Памеры беларускіх ручнікоў: даўжыня пераважна 1,5 — 3 м і шырыня 25 — 30 см.

На ўсёй тэрыторыі Беларусі пашыраны серабрыста-белыя, тканыя ў 2—3 ніты ручнікі, а таксама ўзорыстатканыя, так званыя дэкаратыўныя, тканыя ў 4—8 (часам да 12) нітоў ручнікі, якія пашырыліся з узнікненнем пераборнай і закладной тэхнік ткацтва. Ручнікі ткуць на кроснах, аздабляюць натыканнем, вышыўкаю (процяг, крыжык, лічаная гладзь, мярэжка, ланцужок, гафт і інш.), карункамі, махрамі. Выразнасць узору дэкаратыўнага ручніка падкрэсліваецца рытмічным чаргаваннем геаметрычных элементаў, а таксама камбінаваннем рознай пражы асновы і ўтку — адбелены і суравы кужаль, кужаль і бавоўна, бавоўна і каляровы шоўк. Канцы аздабляюць белымі карункамі («зубы»), а таксама размешчанымі ўпоперак палатна чырвонымі і чырвона-чорнымі арнаментальнымі шляпкамі з баваўняных нітак «горынь». У канцы 19 — пач. 20 ст. з пашырэннем анілінавых фарбавальнікаў і фабрычных нітак (асабліва на поўдні Беларусі) пашырылася паліхромнае аздабленне, у арнаментыцы частымі сталі зааморфныя і раслінныя матывы. Пры стылявым адзінстве беларускіх ручнікоў вылучаюцца іх лакальныя асаблівасці, якія тэрытарыяльна суадносяцца з межамі народных строяў, і блізкія арнаментыкай да мясцовых абрусоў.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Фадзеева, В.Я. Ручнік / В.Я. Фадзеева // Этнаграфія беларусаў: Энцыкл. — Мінск : БелСЭ, 1989. — С. 435—437.
  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т., Т. 4. Ручнік / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ им. Петруся Бровки, 1987. — Т. 4. — 740 с. — 9 500 экз.