Рымскае права

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Рымскае права — прававая сістэма, якая існавала ў Старажытным Рыме і ў Візантыйскай імперыі з VIII стагоддзя да н.э. па VIII стагоддзе н.э., а таксама галіна прававой навукі, якая займаецца яе вывучэннем.

Рымскае права стала ўзорам ці правобразам прававых сістэм многіх іншых дзяржаў, з'яўляецца гістарычнай асновай рамана-германскай (кантынентальнай) прававой сям'і.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Інстытуцыі і Дыгесты.
CORPUS IURIS CIVILIS. Выданне П. Кругера і Т. Момзена. Берлін, 1889.

Першыя ўказанні на форму звычаёвага права Рыма і яго прававых інстытутаў могуць быць знойдзены ў заключэннях па судовых справах, якія дайшлі да нас. Першыя крыніцы пісанага права Рыма, якія дайшлі да нас  — законы рымскіх цароў. Адзін з найбольш значных — Збор законаў дванаццаці табліц (лац.: Leges duodecim tabularum), які перанёс многія палажэнні Законаў Салона, адносіцца да сярэдзіны V стагоддзя да н.э. Да III стагоддзя да н.э. рымскае права ўжо выразна аддзялялася ад рэлігійных нормаў.

У 367 годзе да н.э. законам Цывілія Цэкса была ўведзена пасада прэтара. Прэтар выбіраўся штогод, кандыдаты на гэту пасаду складалі прэтарскія эдыкты, якія апісвалі іх стаўленне да праваўжывання і разуменне яго прынцыпаў. Прэтар мог у меру неабходнасці папаўняць прабелы ў крыніцах права і прызнаваць старыя законы неадпаведнымі сучасным рэаліям. Прэтарскае права ўнесла вялікі ўнёсак у развіццё Рымскай сістэмы права.

Адзіным помнікам поўнай старажытнарымскай навуковай сістэмы права з'яўляюцца Інстытуцыі Гая (II стагоддзе н.э.). У 426 г. н.э. імператар Валентыніян III прызнаў яго меркаванні нароўні з меркаваннямі Папініяна, Ульпіяна, Мадэсціна і Паўла крыніцай права, якімі трэба карыстацца суддзям пры вынясенні рашэнняў.

Дыгесты Юстыніяна на доўгі час сталі асноўнай пісанай крыніцай права ў Рыме. Істытуцыянальная кансерватыўнасць права ў перыяд Рымскай імперыі дазволіла развіць надзвычай распрацаваную юрыдычную тэхніку і скласці высока-сістэматызаваныя крыніцы права, аказала дабратворны ўплыў на прававую навуку. Рэцэпцыя рымскага прыватнага права адыграла ключавую ролю ў развіцці рамана-германскай і вытворных прававых сем'яў і дазволіла ўмацавацца еўрапейскай прававой навуцы.

Прынцыпы[правіць | правіць зыходнік]

Асноўным прынцыпам Рымскага права з'яўляецца сцвярджэнне, што дзяржава ёсць вынік усталяванай дамоўленасці паміж грамадзянамі дзяржавы ў мэтах вырашэння ўсіх прававых пытанняў паводле загадзя прынятых агульным кансенсусам правілаў. Гэты прынцып Рымскага права лёг у аснову такой формы ўлады як Рэспубліка, якая з'яўляецца на сённяшні дзень самай распаўсюджанай формай улады.

Рымская правасвядомасць разглядае справядлівасць, якая выводзіцца з раўнапраўя, як асноўны прынцып праварэалізацыі. «Ius est ars boni et aequi» — абвяшчае афарызм Цэльса-малодшага, які перакладаецца як «Права ёсць мастацтва (навука) добрага і роўнага», а не справядлівага, насуперак распаўсюджанаму меркаванню. (aequus, a, um — роўны). Казуістычнасць Рымскага права засноўваецца на ўсведамленні высокай ролі судовай улады; «Я маю іск — значыць я маю права» — апісвае гэта стаўленне да судовай улады рымскае выслоўе. Утылітарызмам названы разгляд карысці (utilitas) як сэнсу права, уласцівы рымскаму стаўленню да права: «Карысць — маці добрага і справядлівага».

Галіны[правіць | правіць зыходнік]

Першае, вядомае нам апісанне адрознення прыватнага (jus privatum) і публічнага права (jus publicum), належыць рымскаму юрысту Ульпіяну: «Публічнае права — тое права, якое адносіцца да карысці Рымскай дзяржавы, прыватнае — тое права, якое адносіцца да карысці прыватных асоб».

Jus publicum[правіць | правіць зыходнік]

Публічнае права — нормы права, якія ахоўваюць інтарэсы грамадства ў цэлым, вызначаюць прававое становішча дзяржавы і яго органаў. Для яго характэрны прынцып, што нормы рымскага публічнага права не могуць быць зменены пагадненнем прыватных асоб, таму нормы публічнага права з'яўляюцца імператыўнымі (абавязковымі).

Рымскае публічнае права мела ў сваёй структуры 3 раздзелы: правы і абавязкі чыноўнікаў, правы і абавязкі святароў і крымінальнае права.

У адрозненне ад рымскага прыватнага права, рымскае публічнае права, якое яшчэ называлася Jus publicum, не мела такога вялікага значэння для станаўлення прававых сістэм Заходняй Еўропы.

З развалам рымскай дзяржавы забываецца і публічнае права, рымскае ж прыватнае права запазычаецца іншымі дзяржавамі. Гэты працэс запазычання прынята называць рэцэпцыяй.

Jus privatum[правіць | правіць зыходнік]

Jus privatum грунтуецца на адносінах да прыватнай уласнасці. Еўрапейскімі лібертарыстамі было перанята рымскае стаўленне да ўласнасці як да важнай прыкметы свабоды і павагі асобы.

Рымскае прыватнае права пранесла свае базавыя інстытуты і прынцыпы праз тысячагадовую гісторыю і ў выніку стала базай для сучаснага прыватнага права. Гэта было шмат у чым звязана з вывучэннем Corpus Juris Civilis ва ўніверсітэтах Еўропы. Прыватнае права Рыма дагэтуль паўсюдна мае велізарнае значэнне ў прававой навуцы як каркас для вывучэння грамадзянска-прававых галін права сучасных дзяржаў.

Jus civile[правіць | правіць зыходнік]

Jus Quiritum (руск.: права квірытаў) або jus civile (грамадзянскае права) — права, суб'ектамі якога з'яўляюцца квірыты (грамадзяне Рыма) і іншыя лаціны. Квірыцкае права з'явілася ў эпоху Рэспублікі ў Рыме. Такім чынам, jus civile з'яўляецца найстаражытнай часткай рымскага прыватнага права. Яму ўласцівыя прымітывізм і прастата канструкцый.

Крыніцамі jus civile з'яўляюцца юрыдычныя звычаі Старажытнага Рыма (напрыклад, кадыфікаваны юрыдычны звычай — Законы Дванаццаці Табліц) і законы, прынятыя Народным сходам.

Сродкам абароны іскаў у jus civile былі толькі законныя іскі.

Jus gentium[правіць | правіць зыходнік]

Jus gentium (права народаў) — права, складзенае зыходзячы з выяўленых сусветных прававых прынцыпаў, для вырашэння спрэчак паміж жыхарамі залежных земляў і замежнікамі, якія знаходзяцца на падкантрольнай тэрыторыі Рыма.

Jus honorarium[правіць | правіць зыходнік]

Jus honorarium (лац.: honores — ганаровая пасада).

З'яўленне гэтага права было выклікана тымі ж прычынамі, што і jus gentium. Суб'ектамі права з'яўляліся толькі рымскія грамадзяне.

Крыніцамі jus honorarium з'яўляюцца эдыкты магістратаў (прэтараў, курульных эдылаў, кіраўнікоў правінцый). Такім чынам, jus honorarium уяўляе сабой сукупнасць прэтарскага (jus praetorium) і эдыльнага права.

Jus honorarium быў шмат у чым падобны з jus civile, таму дзве гэтыя сістэмы непазбежна збліжаліся.

Заканатворчасць[правіць | правіць зыходнік]

У Рымскай Рэспубліцы была распрацавана трохэтапная законатворчая працэдура. Правам заканадаўчай ініцыятывы валодаў кожны магістрат. Законапраект вывешваўся ім на Рымскім форуме, дзе рымляне маглі азнаёміцца з ім і абмеркаваць яго. Усе прапановы па змяненні законапраекта маглі быць перададзены самому магістрату. Затым народны сход усеагульным галасаваннем прымаў ці адхіляў законапраект. Сенат, як выканаўчы орган Рыма, ажыццяўляў праверку працэдуры прыняцця, пры адсутнасці парушэнняў закон набываў сілу. Некаторы час гэта працэдура з той ці іншай доляй фікцыі захоўвалася і ў Рымскай імперыі. Затым законатворчая функцыя ўмацавалася ў руках імператара пры некаторым удзеле сената.

Закон меў пастаянную структуру і складаўся з:

  1. praescriptio — уступнай часткі, якая апісвала матывы прыняцця, імя магістрата, які склалаў закон, і дату прыняцця.
  2. rogatio — асноўнай часткі, якая змяшчала функцыянальную частку закона.
  3. sanctio — санкцыі, якая называла адказнасць за парушэнне нормаў, усталяваных законам.

Рэцэпцыя рымскага права[правіць | правіць зыходнік]

Варвары, якія ўтварылі пасля падзення Рымскай імперыі новыя дзяржавы ў Галіі і Іспаніі, працягвалі ўжываць рымскае права. У гэтых дзяржавах складаліся зборнікі рымскага права (Leges romanae), найбольш вядомы з якіх, Lex Romana Visigothorum, ці Breviarium Alaricianum, быў складзены ў вестгоцкай дзяржаве пры Аларыху II, у 506 г. Ён быў адзіным сродкам азнаямлення з рымскім правам аж да аднаўленні ў XI стагоддзі яго сістэматычнага вывучэння. Меншае значэнне мелі Edictum Theodorici — зборнік, складзены паміж 511 і 515 гг. для лацінамоўнага і германскага насельніцтва остгоцкай дзяржавы і Lex Romana Burgundionum, або Papian, складзены каля 517 г. у Бургундскай дзяржаве.

Рымскае права актыўна ўжывалася ў паўднёвай Францыі і сярэдняй Італіі. У 529—534 гадах у Візантыі быў складзены Кодэкс Юстыніяна (Corpus juris civilis). Ён меў велізарнае значэнне для далейшага развіцця рымскага права.

Навуковыя заняткі па рымскім праве пачаліся ў Італіі ў XII стагоддзі і асабліва ўзмацніліся ў Францыі ў XVI стагоддзі. Яны праводзіліся ва ўніверсітэтах, перш за ўсё ў Балонскім. Даследчыкаў рымскага права называлі гласатарамі.

Цікавасць да рымскага права была звязана з тым, што з узмацненнем каралеўскай улады з'явілася імкненне кіраўнікоў прыслабіць значэнне народных прававых звычаяў у судах. У сувязі з гэтым каралеўскаю ўладай прызначаліся суддзі, знаёмыя з рымскім правам. Развіццё эканамічных адносін патрабавала рэгулявання з боку больш дасканалага права, чым прававыя звычаі. Пры гэтым не толькі кожная мясцовасць, але і кожная сацыяльная група жыла па сваіх прававых звычаях. Нарэшце, каталіцкая царква таксама падтрымлівала рымскае права як больш дасканалае ў параўнанні з прававымі звычаямі язычніцкіх часоў. Рымскае права наўзамен невыразных і спрэчных звычаяў прапанавала цалкам вызначанае, пісанае права — lex scripta, адзінае для ўсіх тэрыторый і саслоўных груп і здольнае рэгуляваць самыя складаныя адносіны гандлёвага абароту.

Апроч гэтых агульных прычын, у Германіі рэцэпцыі рымскага права спрыяла тое, што Свяшчэнная Рымская імперыя лічылася спадчынніцай ранейшай Рымскай імперыі. У ёй у 1495 г. быў заснаваны агульнаімперскі суд (Reichskammergericht). Пры вырашэнні спраў ён перш за ўсё павінен быў ужываць рымскае права, і толькі затым ён павінен быў прымаць да ўвагі «добрае» нямецкае права, на якое спашлюцца бакі. Так дзеянне рымскага права было санкцыянавана заканадаўча. Затым падобныя правілы былі ўведзены і ў іншых судах германскіх земляў. У сувязі з гэтым да канца XVI—XVII ст. рымскае права было рэцыпавана ў Германіі прама і непасрэдна.

Але быўшы рэцыпавана і стаўшы непасрэдным законам, рымскае права зведала змены. Абноўленае рымскае права атрымала назву «сучаснае рымскае права» (usus modernus Pandectarum, heutiges römisches Recht).

Затым у найбольш буйных дзяржавах Германіі ўзнікла імкненне да кадыфікацыі грамадзянскага права шляхам перапрацоўкі рымскага і нацыянальнага права ў нешта адзінае. Так, у 1756 г. у Баварыі быў выдадзены «Codex Maximilianeus Bavaricus», а ў 1794 г. у Прусіі было выдадзена Прускае земскае ўлажэнне (Preussisches Landsrecht). У Францыі нацыянальнае і рымскае права былі аб'яднаны пры стварэнні Кодэкса Напалеона (1804 г.), які, у сваю чаргу, стаў узорам для пераймання пры кадыфікацыі грамадзянскага права ў іншых дзяржавах.

Такім чынам, рымскае права аказала такі ж аб'яднаўчы ўплыў на юрыспрудэнцыю і заканадаўства еўрапейскіх народаў, як лацінская мова — на іх навуку.[1][2]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Покровский И. А. История римского права // § 45. Рецепция римского права
  2. Шершеневич Г. Ф. Учебник русского гражданского права. Т. 1. // § 4. История гражданского законодательства на Западе

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]