Рытміка (літаратура)
Ры́тміка — раздзел вершазнаўства, які вывучае рытмічныя асаблівасці верша як моўнай сістэмы (асноўныя і дапаможныя рытмастваральныя кампаненты, сістэму паўтораў, паўзаў і г. д.), змястоўнасць вершаванага рытму, займаецца параўнальным даследаваннем рытму ў вершаваных творах розных літаратурных стыляў і напрамкаў. Рытм — адна з самых істотных асаблівасцей літаратурнага твора, і ўвасабляецца ён у больш-менш раўнамерным паўтарэнні асобных кампанентаў мастацкага тэксту праз пэўныя прамежкі (апавяданне і паказ учынкаў, напружанае і аслабленае дзеянне, трагічныя і камічныя сцэны, метафорыка і аўталогія і г. д.). Рытм — галоўная прымета верша.
Рытміка цесна звязаная з іншым раздзелам вершазнаўства — метрыкай. У беларускім вершазнаўстве канкрэтным аналізам рытмікі ўпершыню заняўся М. Багдановіч. У 70-я гады XX ст. пашырэнне набыў статыстычны метад даследавання рытмічных з'яў беларускага верша. Аднак грунтоўнае даследаванне рытмікі беларускага верша па сутнасці толькі пачынаецца.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.