Рэгіянальная групоўка войск Беларусі і Расіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
РГВ Беларусі і Расіі
Гады існавання
  • з 2000 (функцыянаванне);
  • з 2022 (разгортванне)
Краіна
Тып групоўка войск
Складаецца з
Функцыя прыкрыццё мяжы
Колькасць

Заяўлены план[1] (сярэдзіна кастрычніка 2022):

  • 15 000
  • 15 000

Заяўлена аб разгортванні (канец кастрычніка 2022):

Дыслакацыя тэрыторыя Рэспублікі Беларусь

Рэгіянальная групоўка войск (РГВ) Беларусі і Расіі, таксама Рэгіянальная групоўка войск Саюзнай дзяржавы[4] — сумеснае аб’яднанне Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. З’яўляецца галоўным ваенным інструментам Саюзнай дзяржавы ў справе забеспячэння абароны[5]. Кампаненты кантынгенту пачалі функцыянаваць у 2000 годзе[6], але самі сілы разгорнуты ў 2022 годзе.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

З пачатку 1990-х гадоў Беларусь і Расія развівалі двухбаковае супрацоўніцтва ў ваеннай сферы, чаму спрыяла членства дзвюх дзяржаў у АДКБ і Саюзнай дзяржаве. Пытанне кансалідацыі абаронных патэнцыялаў паўстала практычна адразу. Прычынамі таго сталі падобныя вектары ўнутранага развіцця краін, адзінства вайсковых стандартаў і ваенных арсеналаў[5].

Упершыню рэгламентаванне РГВ было прапісана ў пагадненні 1997 года «Аб сумесным забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі ў ваеннай сферы». У 1998 годзе зацверджана Канцэпцыя сумеснай абароннай палітыкі, у якой былі вызначаны яе склад, асновы планавання, прымянення, кіравання і забеспячэння[5]. У аб’яднанне, згодна з дамоўленасцямі 1999 года, увайшла ўся беларуская армія і расійскія часці ў Калінінградскай вобласці і тагачаснай Маскоўскай ваеннай акрузе[4]. Практычнай рэалізацыяй прымаемых сумесных рашэнняў стала камандна-штабная гульня, якая прайшла ў кастрычніку 2000 года на базе Акадэміі Генштаба РФ, падчас чаго адпрацоўваліся пытанні прымянення Аб’яднанай расійска-беларускай групоўкі[7].

Важным крокам па ўмацаванні абароннага патэнцыялу Саюзнай дзяржавы стала з’яўленне ў 2009 годзе[2] адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА. З таго часу штогод праводзіліся тактычныя вучэнні падраздзяленняў ВПС і войск СПА Беларусі з баявой стральбой на расійскіх палігонах, адным з напрамкаў узаемадзеяння было нясенне сумеснага баявога дзяжурства. За ўвесь перыяд сумеснай дзейнасці праведзена серыя вучэнняў і трэніровак, падчас якіх вырашаны задачы аператыўнай сумяшчальнасці беларускага і расійскага элементаў РГВ, вызначаны аптымальны баявы склад групоўкі, створаны ўсе неабходныя сістэмы[6].

Аспекты ўзаемадзеяння армій дзвюх дзяржаў адпрацоўваліся на вучэннях «Захад», «Шчыт Саюза», «Шчыт Айчыны», «Узаемадзеянне»[5][7]. Улады штогод прымалі планы сумесных мерапрыемстваў па забеспячэнні функцыянавання групоўкі, ператварыўшы яе ў галоўны ваенны інструмент Саюзнай дзяржавы па забеспячэнні абароны[5]. На 2016 год у яе ўвайшлі ў поўным складзе УС РБ і 20-я расійская армія  (руск.) Заходняй ваеннай акругі  (руск.)[5].

Сітуацыя[правіць | правіць зыходнік]

Пасля 2014 года, у святле расійска-ўкраінскага крызісу, адбылося ўзаемнае нарошчванне актыўнасці НАТА на тэрыторыі Польшчы і Прыбалтыкі і Расіі на тэрыторыі Заходняй ваеннай акругі і Беларусі[5].

У лютым 2022 года Рэспубліка стала плацдармам для ўварвання ва Украіну, у прыватнасці, для аперацый на кіеўскім кірунку, з якога вясной адбылося адступленне расійскай арміі. На канец чэрвеня ў краіне заставаліся каля 1,5 тысячы байцоў УС РФ (па даных прадстаўніка Галоўнага ўпраўлення разведкі ўкраінскага МА Вадзіма Скібіцкага). Частка з іх затым была перакінута на Данбас. На беларускай тэрыторыі дыслакаваўся паветраны кампанент, супрацьпаветраная абарона, падраздзяленні спецыяльнага прызначэння і ракетных войск. Мелася там і нямала тэхнікі. Яна выкарыстоўвалася для ўдараў па Украіне (перыядычна расіяне здзяйснялі ракетныя і авіяцыйныя атакі на пазіцыі праціўніка). Скібіцкі ўдакладніў[8]:

" Гаворка ідзе пра самалёты Су-34  (руск.), Су-30 – якія ўжываюць, у тым ліку, з тэрыторыі Беларусі супраць нашых паўночных раёнаў для запуску ракет «паветра – зямля». Застаецца адзін дывізіён ракетнага комплексу «Іскандэр», што перыядычна высоўваецца да мяжы з Украінай. У пачатку вайны менавіта яны наносілі ўдары па нашай тэрыторыі. Гэта значыць, ёсць верагоднасць іх прымянення супраць Украіны. І трэцяе — гэта кампанент супрацьпаветранай абароны. Яшчэ да пачатку вайны былі разгорнуты комплексы С-400, заходзілі С-300. "

У сувязі з гэтым на беларуска-ўкраінскай граніцы склалася напружаная сітуацыя. З украінскага боку да памежжа сцягнулі сілы ў 25 тысяч камбатантаў з УСУ і іншых ваенізаваных фарміраванняў[9]. Ваенны эксперт Юрый Кнутаў аб становішчы ў рэгіёне адзначыў[10]:

" Украіна прыбрала са свайго боку памежнікаў. Там цяпер размешчаны 15 тысяч вайскоўцаў тэрытарыяльнай абароны, якія вядуць сябе вельмі абуральна. Перыядычна страляюць у бок Беларусі з аўтаматаў. Калі з’яўляюцца беларускія пагранічнікі, яны страляюць уверх над іх галовамі. Праведзена мінаванне ўздоўж мяжы, падарваны масты. "

У гэтым раёне беларусы практычна не мелі вайсковых сіл. Адпаведна, былі прыняты меры і перакінуты войскі, напрыклад, з Паўночна-Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання. Адначасна на заходніх межах адбылося чарговае ўзмацненне альянсу НАТА. Неспакой для беларуска-расійскага кіраўніцтва выклікала актыўная мілітарызацыя Польшчы: у прыватнасці, на яе тэрыторыі знаходзіліся 25 тыс. амерыканскіх вайскоўцаў; дзве траціны сухапутных войск Польшчы  (руск.) сабраны менавіта ля межаў Беларусі і Калінінградскай вобласці. Са слоў палкоўніка запасу, прафесара Акадэміі ваенных навук РФ  (англ.) Аляксандра Ціханскага, такія дзеянні «вядуць да эскалацыі на гэтым участку мяжы Саюзнай дзяржавы, паколькі парушаюць баланс сіл»[9].

Кантынгент[правіць | правіць зыходнік]

З верасня 2022 года беларускія часці ВПС і СПА сумесна з расійскімі падраздзяленнямі ПКС і СПА пачалі ахову паветранай прасторы Саюзнай дзяржавы. На беларускай тэрыторыі створаны два цэнтры сумеснай баявой падрыхтоўкі ВПС і войскаў СПА. Над Рэспублікай з баявой нагрузкай пад прыкрыццём яе авіяцыі выляталі расійскія ракетаносцы Ту-22М3 і Ту-160[3].

10 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абвясціў аб стварэнні рэгіянальнай групоўкі войск на аснове беларускіх узброеных сіл. Ужо 15-га першыя эшалоны з расійскімі вайскоўцамі прыбылі ў Рэспубліку. 17 кастрычніка міністр абароны Віктар Хрэнін паведаміў, што аб’яднанне прыступіла да выканання задач па ўзброенай абароне[11][12]. У сухапутны складнік уключаны танкавыя, артылерыйскія, мотастралковыя і іншыя падраздзяленні[1]. Было прынята рашэнне аб размяшчэнні расійскіх знішчальнікаў МіГ-31, здольных несці гіпергукавыя ракеты «Кінжал»  (руск.), і знішчальнікаў-бамбардзіроўшчыкаў Су-30СМ[4].

Па даных Мінабароны Беларусі, з кастрычніка ў склад аб’яднання на тэрыторыі краіны размешчаны каля 9 тысяч расійскіх вайскоўцаў[3] (да 170 танкаў, да 200 баявых браніраваных машын і да 100 гармат), прадстаўленыя пераважна танкавымі падраздзяленнямі і ПДВ[4]. Згодна з планам, агульная колькасць РГВ павінна была налічваць 30 000 чалавек, па 15 тысяч ад кожнай дзяржавы[1]. Аднак УС Беларусі ўключылі ў аб’яднанне ў полным складзе. Паводле заявы Лукашэнкі, на той момант іх колькасць складала 70 000 чалавек[2]. Краіна мела магчымасць мабілізаваць да 500 тысяч чалавек, у тым ліку каля 120 тысяч байцоў беларускай тэрабароны. На ўзбраенні знаходзілася каля 1600 танкаў (эксплуатаваліся больш за 600, астатнія на захоўванні), 2500 бронемашын (дзеючых 886 БМП і 192 БТР), 1500 артылерыйскіх сістэм[13].

Да канца лістапада адбыліся рознага роду вучэнні, у тым ліку з баявой стральбой і пускамі зенітных кіраваных ракет, прайшлі тактыка-спецыяльныя заняткі, адпрацаваны пытанні інжынернага абсталявання раёнаў і рубяжоў, арганізацыі сувязі і ахоўвання[14]. Асноўныя сілы пастаўлены на прыкрыццё мяжы з украінскага і польскага кірункаў[1].

Аналітыка[правіць | правіць зыходнік]

На фоне разгортвання групоўкі ў беларускіх і іншых СМІ паднялося абмеркаванне верагоднасці новага расійскага наступлення на Украіну з боку Беларусі, у тым ліку з непасрэдным удзелам беларускай арміі. Медыя казалі аб магчымай мабілізацыі. Аднак палітолаг і аналітык Арцём Шрайбман падвергнуў дадзеную інфармацыю сумневу, так як для прэзідэнта Лукашэнкі на тое куды менш прычын, чым было ў пачатку ўварвання. Уступленне краіны ў вайну, як запэўніваў эксперт, можа скончыцца разгромам самых баяздольных беларускіх войскаў. Плюс да ўсяго, спасылаючыся на тэлефонныя і анлайн-апытанні, Шрайбман акцэнтаваў увагу на нежаданне грамадства ўдзельнічаць у канфлікце. Прычыну разгортванне РГВ ён бачыў менавіта ў пагрозе для ўрада Лукашэнкі, паколькі беларуская апазіцыя актыўна мілітарызуецца на фоне расійска-ўкраінскіх падзей. У сувязі з гэтым дзеючая ўлада асцерагаецца ваенных і дыверсійных нападаў[15].

Ваенны эксперт Вадзім Казюлін не выключаў, што армія Беларусі афіцыйна ўмяшаецца ў вайну ва Украіне. У сваю чаргу, як адзначаў эканамічны і ваенны аглядальнік Аляксандр Алесін, стварэнне кантынгенту не накіравана супраць Украіны, паколькі гэта адказ на дзеянні блока НАТА, які разгарнуў свае сілы ў Польшчы і Балтыі. РГВ заклікана перасцерагаць альянс ад неабдуманых крокаў, дэманструючы сур’ёзнасць Саюзнай дзяржавы. Алесін галоўным праціўнікам для беларускай арміі назваў Польшчу. Таксама ён не адкінуў магчымасць абароны ад украінскіх дыверсійна-разведвальных груп, бо «Кіеў даўно лічыць Беларусь саюзніцай Расіі ў гэтым канфлікце, таму што мы прадстаўляем расіянам сваю ваенную інфраструктуру і тэрыторыю»[16].

Асобныя афіцыйныя асобы Украіны выказвалі асцярогі з нагоды магчымасці ўступлення арміі Рэспублікі ў вайну на паўночнай мяжы. У прыватнасці, саветнік кіраўніка офіса прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага Аляксей Арастовіч распавядаў, што ў краіне пачалася «частковая прыхаваная мабілізацыя». Тым не менш, паводле яго слоў, верагоднасць прамога ўдзелу беларускіх узброеных сіл у канфлікце, хоць і не нулявая, але вельмі нізкая. Падобнага меркавання прытрымліваліся таксама аналітыкі Інстытута вывучэння вайны  (англ.) (ISW)[17].

Як паведамлена 17 кастрычніка на інфармацыйным брыфінгу Пентагона па сітуацыі ва Украіне, ЗША не бачаць якіх-небудзь фактараў, якія паказвалі б на тое, што РГВ можа аказаць нейкі ўплыў на канфлікт[18].

Зноскі

  1. а б в г Какого размера и против кого: Лукашенко объявил о развертывании совместной с Россией группировки
  2. а б в Региональная группировка войск и сил Беларуси и России: что это такое?
  3. а б в Второй фронт СВО: ударные возможности группировки войск России и Беларуси
  4. а б в г Что такое региональная группировка войск Союзного государства? И кто сегодня защищает рубежи Беларуси?
  5. а б в г д е ё Н. А. Дунец Военно-политические аспекты функционирования региональной группировки войск Беларуси и России // Белорусский государственный университет, Минск. — 25 октября 2016.
  6. а б Военное сотрудничество Российской Федерации и Республики Беларусь Архівавана 26 снежня 2021. (сайт российского посольства в Беларуси)
  7. а б Созыкин М. В. Создание и развитие коалиционной российско-белорусской группировки войск на рубеже ХХ-ХХI вв // Вестник Российского университета дружбы народов. Серия: Государственное и муниципальное управление : журнал. — №3. — 2017. — с. 289—296.
  8. В Беларуси находятся 1,5 тысячи российских бойцов: какие это подразделения и есть ли резервы
  9. а б Владимир Крапоткин. Полковник Тиханский: Совместная группировка войск усилит безопасность Союзного государства // Евразия. Эксперт : журнал. — 13 октября 2022.
  10. Российские войска прибыли в Белоруссию, чтобы НАТО не расслаблялось
  11. Лукашенко объявил о создании совместной с Россией группировки войск. Киеву грозит новое наступление со стороны Беларуси? (руск.). Meduza. Праверана 19 кастрычніка 2022.
  12. Региональная группировка войск начала выполнять задачи по защите Союзного государства. TACC. Праверана 19 кастрычніка 2022.
  13. На поверхности. Белоруссия, оценив угрозы НАТО, встала в боевой строй с РФ
  14. Хренин: Беларусь уверена в помощи России в случае нападения
  15. Артём Шрайбман. Новая константа. Чего ждать от переброски российских войск в Беларусь // Carnegie Endowment for International Peace : официальный сайт фонда. — 18 октября 2022.
  16. Алёна Задорожная, Рафаэль Фахрутдинов, Олеся Отрокова.Зачем Москва и Минск создали военную группировку в Белоруссии // Взгляд : интернет-издание. — 10 октября 2022.
  17. Беларусь начала переброску военной техники после визита Шойгу // The Moscow Times : газета. — 7 декабря 2022.
  18. Пентагон прокомментировал развертывание группировки войск Беларуси и России

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]