Рэльеф Беларусі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Рэльеф Беларусі

Рэльеф Беларусі раўнінны.

Агульная характарыстыка[правіць | правіць зыходнік]

Беларусь знаходзіцца на Усходне-Еўрапейскай раўніне. Рэльеф тэрыторыі Беларусі характарызуецца перавагай плоскіх і спадзіста-хвалістых раўнін і нізін, рачных далін і градава-ўзгоркавых комплексаў рознага памеру і канфігурацыі. Абсалютныя вышыні вагаюцца ад 345 м (гара Дзяржынская) на Мінскім узвышшы да 80 м у даліне Нёмана каля мяжы з Літвой. Сярэдняя вышыня паверхні Беларусі 160 м над узроўнем мора.

Большасць узвышшаў, на якія прыпадае 1/3 тэрыторыі, размешчана ў заходняй і цэнтральнай частцы краіны і мае абсалютныя выіііыні 200—300 м. Глыбіня расчлянення паніжаных міжрэччаў звычайна не перавышае 5 м, на прыўзнятых раўнінных тэрыторыях павялічваецца да 5—10 м, на ўзвышшах да 10—40 м і больш. У шэрагу выпадкаў ваганні вышыні могуць быць да 50—100 м (за кошт эразійнага ўрэзу). Густата расчлянення (даўжыня эразійнай сеткі на 1 км² тэрыторыі) на нізінах складае 0—0,2 км/км², на больш прыўзнятых раўнінах — да 0,3—0,5 км/км², на схілах краявых град і каля буйных рачных далін 1—2, радзей 3— 3,5 км/км².

Рэльефаўтваральнымі з'яўляюцца пераважна адклады чацвярцічнага перыяду (уласна ледавіковыя марэны, патокава-ледавіковыя і азёрна-ледавіковыя). Магутнасць іх вагаецца ад некалькіх метраў да 300 м і больш (у сярэднім 75—80 м). Ступень дэнудацыйнага пераўтварэння, марфалагічныя асаблівасці і ўзрост рэльефу змяняюцца ў напрамку з поўначы на поўдзень.

У паўночнай частцы пераважае ледавіковы рэльеф паазерскага зледзянення з мноствам азёр (каля 3 тыс.), бяссцёкавых катлавін, плоскіх забалочаных нізін, акаймаваных і падзеленых групамі ўзгоркаў і сістэмамі звіліста-разгалінаваных краявых град. Абсалютныя вышыні вагаюцца пераважна ад 120—170 м на нізінах і раўнінах да 250 м у межах узвышшаў і град. У цэнтральнай частцы рэгіёна рэльеф дэнудаваны, пераважна ледавіковы сожскага ўзросту. Развіта сістэма краявых узвышшаў і платопадобных раўнін, якія з'яўляюцца часткай водападзелу басейнаў Балтыйскага і Чорнага мораў. Абсалютныя вышыні дасягаюць 200—250 м і больш. На поўдні пашыраны дэнудаваны рэльеф сожскага і дняпроўскага ўзросту, а таксама алювіяльны і азёрна-алювіяльны рэльеф паазерска-галацэнавага ўзросту. Абсалютныя вышыні 120—185 м, зрэдку перавышаюць 200 м. Найбольш нізкія ўзроўні зямной паверхні на ўсёй тэрыторыі рэгіёна прыстасаваны да рачных далін, самыя буйныя з якіх працягваюцца на сотні кіламетраў, з'яўляюцца па сутнасці інтразанальнай катэгорыяй рэльефу. Рэкі Беларусі належаць да басейнаў Чорнага (дрэніруецца 58% тэрыторыі краіны) і Балтыйскага мораў. У далінах буйных рэк Чарнаморскага басейна звычайна вылучаюцца 2—3-узроўневая пойма і 2 надпоймавыя тэрасы, у рэк Балтыйскага басей-на — 2—3-узроўневая пойма, 2—3 цыклавыя надпоймавыя тэрасы і некалькі лакальных тэрасавых узроўняў (да 8—9 у Нёмана).

Найбольш прыпаднятая цэнтральная частка Беларусі — Беларуская града. Тут размешчана Мінскае ўзвышша, на якім знаходзіцца найвышэйшы пункт Беларусі — гара Дзяржынская (345 м); вышыню больш за 300 м маюць яшчэ шэраг пунктаў — горы Лысая, Маяк і інш. Трохі саступаюць Мінскаму ўзвышшу па абсалютных вышынях Навагрудскае (г. Замкавая — 323 м), Ашмянскае, Віцебскае ўзвышшы. Найбуйнейшыя нізіны на тэрыторыі Беларусі: Палеская, Нёманская, Полацкая, Нарачана-Вілейская.

Раўнінны краявід у Віцебскай вобласці

Асаблівасці рэльефу Беларусі цесна звязаныя з геалагічнай будовай тэрыторыі. Да прыпаднятых участкаў крышталічнага падмурка прымеркаваныя ўзвышшы. Тэрыторыі з глыбокім заляганнем крышталічнага падмурка звычайна занятыя нізінамі.

Першасны выгляд зямной паверхні на значнай частцы тэрыторыі Беларусі відазменены, а месцамі і поўнасцю знішчаны пазнейшымі эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі і асабліва тэхнагеннай дзейнасцю. Створаныя чалавекам формы (кар'еры, дамбы, катлаваны, адвалы і інш.) часта па сваіх памерах супастаўныя з формамі натуральнага рэльефу, а па сумарнай плошчы займаюць 4—5% усёй тэрыторыі. Інтэнсіўнае антрапагенавае ўздзеянне на зямную паверхню прыводзіць да знікнення многіх характэрных форм рэльефу (озы, камы, краявыя ледавіковыя грады і інш.), і гэта робіць вельмі актуальнай дзейнасць па абгрунтаванні і вылучэнні геамарфалагічных помнікаў прыроды, заказнікаў і запаведнікаў.

Фарміраванне рэльефу[правіць | правіць зыходнік]

Вырашальным жа фактарам фарміравання рэльефу Беларусі сталі ледавікі. На працягу апошніх 500—600 тыс. гадоў тэрыторыя Беларусі выпрабавала не менш 5 злядненняў. Ледавікі насоўваліся на тэрыторыю Беларусі, галоўным чынам, са Скандынавіі. Найбольш працяглым было Дняпроўскае злядненне, якое пакрывала ўсю тэрыторыю Беларусі. Апошняе злядненне — Паазерскае; ледавік, які пакінуў тэрыторыю Беларусі каля 10 тыс. гадоў назад, займаў толькі поўнач Беларусі.

Ледавіковыя адклады, транспартаваныя ледавіком, называюць марэнай. Марэнныя адклады на Беларусі складаюцца з пяску і гліны, жвіру, галькі, валуноў. Старажытныя ледавікі сфарміравалі марэнныя ўзгоркі, узвышшы, грады і раўніны. Найбольш характэрныя марэнныя формы рэльефу для Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі (Беларуская града, Віцебскае ўзвышша, Браслаўская града і інш.). Патокамі адталых ледавіковых вод створаныя водна-ледавіковыя (флювіягляцыяльныя) раўніны і нізіны (Цэнтральнабярэзінская раўніна і інш.). Іх паверхня складзеная пераважна пясчанымі адкладамі, плоская і слабахвалістая, часта забалочаная. Пасля раставання ледавіка ўзнікалі буйныя прыледавіковыя азёры. Пазней яны былі спушчаны па рэках. Цяпер на іх месцы — азёрна-ледавіковыя нізіны (Полацкая нізіна і інш.).

Даліна ракі Ула

Яшчэ адным фактарам фармірвання сучаснага рэльефу Беларусі была дзейнасць рэк, якія сфарміравалі рачныя даліны. Буйныя рэкі маюць даліны шырынёй у некалькі кіламетраў. Найбольшай шырынёй адрозніваюцца даліны рэк на Палессі, так шырыня даліны Прыпяці дасягае 75 км.

Сучасны рэльеф змяняецца пад дзеяннем не толькі прыродных, але і антрапагенных фактараў. У месцах здабычы карысных выкапняў узнікаюць кар'еры, а з адвалаў пустой пароды ўтворацца тэрыконы (напр., адыходы калійнай вытворчасці каля Салігорска).

Тыпы і формы рэльефу[правіць | правіць зыходнік]

Таксанамічныя адзінкі класіфікацыі рэльефу Беларусі:

  • клас,
  • група,
  • тып,
  • падтып,
  • форма.

Асноўныя генетычныя тыпы рэльефу:

  • ледавіковы,
  • водна-ледавіковы,
  • азёрна-ледавіковы,
  • алювіяльны,
  • азёрна-алювіяльны,
  • флювіяльны,
  • суфазійна-карставы,
  • эолавы,
  • азёрна-балотны,
  • схілавы,
  • гравітацыйны,
  • тэхнагенны.

Геамарфалагічнае раянаванне[правіць | правіць зыходнік]

Па асаблівасцях прасторавай дыферэнцыяцыі будовы зямной паверхні на тэр. Беларусі вылучаны 4 геамарфалагічныя вобласці:

  • Беларускага Паазер'я,
  • Цэнтральнабеларускіх узвышшаў i град (Заходне i Усходне-Беларуская падвобласці),
  • раўнін i нізін Перадпалесся,
  • нізін Палесся.

Вобласць Беларускага Паазер'я вызначаецца пашырэннем плоскіх забалочаных азёрна-ледавіковых нізін і раўнін, мноствам азёр і бяссцёкавых катлавін. Паверхня рэгіёна ў цэлым мае катлавінападобную форму, а ўзнятыя краі створаны ледавіковымі градамі і ўзвышшамі паазерскага зледзянення, якія цягауцца і па-за межы Беларусі — на тэрыторыю Расіі і Літвы. Паўднёвая мяжа вобласці ў асноўным супадае з мяжой пашырэння апошняга ледавіковага покрыва. Абсалютныя адзнакі вышынь у цэнтральнай частцы 120—160 м, па далінах рэк — 100—125 м. Больш узвышаная ўсходняя частка (вышэй за 150 м). Краявыя грады і ўзвышшы дасягаюць 200—260 м над узроўнем мора, а на Віцебскім узвышшы — амаль 300 м. Даволі шырока прадстаўлены формы краявога ледавіковага рэльефу — грады, увалы, узгоркі; найболь вялікія з іх Браслаўская града, Гарадоцкае ўзвышша, Віцебскае ўзвышша і Свянцянскія грады. Палосы краявога рэльефу падзелены азёрна-ледавіковымі, флювіягляцыяльнымі і марэннымі нізінамі і раўнінамі. Азёрна-ледавіковыя нізіны і раўніны пашыраны ўздоўж даліны Заходняй Дзвіны і ў басейне р. Лучоса. Іх паверхня найбольш паніжана на захадзе. Знешнюю аднастайнасць азёрна-ледавіковых нізін парушаюць камавыя ўзгоркі вышынёй 7—8 м, зрэдку 15—20 м, озавыя грады вышынёй 10 м, зрэдку да 30 м. Характэрны таксама ўзгоркава-дзюнныя масівы вышынёй да 20 м. Да краявых частак былых прыледавіковых басейнаў прымеркаваны плоскія абразійныя пляцоўкі шырынёй да 5—7 км з дакладна выяўленым уступам. Па перыферыі Полацкага і Лучоскага прыледавіковых азёр і іншых вадаёмаў у межах паазерскага ледавіка пашыраны флювіягляцыяльныя дэльты вышынёй 2—10 м. Каля берагавых зон сустракаюцца своеасаблівыя кальцавыя формы рэльефу — пінго (гідралакаліты, булгуняхі). Тэрыторыя Беларускага Паазер'я дрэніруецца густой сеткай рэк, якія належаць да басейнаў Заходняй Дзвіны і Нёмана. Рачныя даліны маладыя, вузкія і глыбокія. Паазер'е налічвае каля 3 тыс. азёр. Катлавіны іх маюць разнастайнае паходжанне (падпруднае, лагчыннае, экзарацыйнае, тэрмакарставае, эразійнае і складанае) і дасягаюць максімальных для Беларусі памераў. Гл. таксама Паазёрская ландшафтная правінцыя.

Узгорысты краявід над Нарачанскімі азёрамі

Вобласць Цэнтральнабеларускіх узвышшаў і град характарызуецца развіццём найбольш магутных краявых ледавіковых утварэнняў сожскага ўзросту. Пераважае дэнудацыйны градава-ўзгоркавы рэльеф са спадзістымі вяршынямі і глыбокім эразійным расчляненнем. На краявых утварэннях часта сустракаюцца лёсападобныя адклады, з якімі звязана пашырэнне яроў і суфазійных упадзін. Даліны рэк выпрацаваныя, алеч сустракаюцца вузкія і глыбокія, з камяністым дном і парогамі. Абсалютныя адзнакі вышынь дасягаюць 200—250 м. Самыя высокія — гара Дзяржынская (345 м), г. Лысая (342 м). Паводле будовы рэльефу, вобласць падзяляецца на падвобласці: Заходне-Беларускую (характэрны найбольшыя абсалютныя і адносныя вышыні, разнастайнасць ледавіковых форм, шматлікія гляцыядыслакацыі) і Усходне-Беларускую (рэльеф пераважна платопадобны, зніжаюцца абсалютныя вышыні і памяншаецца гарызантальная і вертыкальная расчлянёнасць). Асноўная прычына — розніца ў тэктанічнай будове. Заходняя частка вобласці прымеркавана да Беларускай антэклізы, усходняя — да Аршанскай упадзіны, што выявілася ў асаблівасцях даледавіковага і ледавіковага рэльефу і дынаміцы ледавікоў. Найбольш абсалютныя вышыні звязаны з краявымі ледавіковымі ўтварэннямі (Мінскае ўзвышша, Ашмянскае ўзвышша, Навагрудскае ўзвышша, Слонімскае ўзвышша, Ваўкавыскае ўзвышша, Гродзенскае ўзвышша, Капыльская града і інш). Амаль для ўсіх краявых узвышшаў характэрны развіццё гляцыядыслакацый, адорвеняў мелавых і іншых парод. Асабліва вялізныя гляцыядыслакацыі выяўлены ў межах Гродзенскага, Ваўкавыскага і Мінскага ўзвышшаў. Значныя плошчы заняты марэннымі раўнінамі з абсалютнымі вышынямі 145—190 м. Рэльеф пераважна спадзіста-хвалісты, зрэдку дробнаўзгоркавы, сустракаюцца тэрмакарставыя ўпадзіны, лагчыны сцёку талых вод, якія месцамі наследуюцца невялікімі рэкамі, камы, озы і краявыя грады вышынёй да 10—12 м. На марэннай раўніне ва ўсх. частцы Беларусі нярэдка залягае покрыва лёсападобных адкладаў, што абумовіла шырокае развіццё яроў, лагчын, прамывін, урэзаных на глыбіню да 20—30 м, суфазійных упадзін дыяметрам 100—200 м і глыбінёй да 2—3 м. Ніжэй марэннай раўніны амаль усюды пашыраны ўчасткі флювіягляцыяльных паверхняў з абсалютнымі вышынямі 135—170 м і ваганнямі адносных — 3—5 м. На асобных участках захаваліся забалочаныя і зарастаючыя азёрныя катлавіны. Характэрнымі элементамі рэльефу з'яўляюцца эолавыя грады і ўзгоркі, лагчыны сцёку, месцамі моцна забалочаныя. Самы нізкі гіпсаметрычны ўзровень у межах вобласці займаюць ледавіковыя і азёрна-алювіяльныя нізіны і раўніны, плошчы якіх невялікія. Гідрасетка адносіцца да басейнаў Балтыйскага і Чорнага мораў. Азёр на тэрыторыі вобласці параўнальна мала.

Вобласць раўнін і нізін Перадпалесся з'яўляецца пераходнай араграфічнай ступенню паміж узвышшамі цэнтральнай Беларусі і Палескай нізінай. Сучасны рэльеф утварыўся ў выніку акумулятыўнай, экзарацыйнай і дыслацыруючай дзейнасці ледавікоў у сожскі і дняпроўскі час. Пашыраны зандравыя (флювіягляцыяльныя) раўніны, якія акаймоўваюць з поўдня пояс буйнейшых на тэрыторыі краіны ўзвышшаў і град. Краявыя комплексы пашыраны на невялікіх плошчах і маюць абсалютныя адзнакі вышынь 170—200 м, радзей 210—220 м. Ніжэй размешчаны ўчасткі марэнных раўнін з абсалютнымі вышынямі 160—180 м. Іх рэльеф спадзіста-хвалісты з ваганнямі адносных вышынь да 2—3 м, зрэдку дробнаўзгорысты з ваганнямі вышынь да 5—7 м. Ва ўсходняй частцы вобласці марэнная паверхня часта перакрываецца лёсападобнымі адкладамі, на якіх развіваюцца суфазійныя ўпадзіны і ярыста-лагчынная сетка. Паўсюдна трапляюцца тэрмакарставыя і карставыя ўпадзіны, лагчыны сцёку талых вод. Ніжэй марэннай раўніны — участкі флювіягляцыяльных (зандравых) раўнін, якія на тэрыторыі Перадпалесся з'яўляюцца пераважнымі. Іх спадзістахвалістая паверхня мае абсалютныя вышыні 140—180 м, часта моцна забалочаная. Сустракаюцца асобныя грады краявога рэльефу, камы і озы вышынёй да 5—7 м. Дадатныя формы рэльефу таксама ўтвораны эолавымі працэсамі (вышыня град і дзюн не перавышае 10 м). Ва ўсходняй частцы вобласці водна-ледавіковыя адклады перакрыты лёсападобнымі, у сувязі з чым тут пашыраны суфазійныя ўпадзіны, ярыста-лагчынныя сістэмы. Паўсюдна трапляюцца тэрмакарставыя ўпадзіны і затарфаваныя лагчыны сцёку. Многія лагчыны ўнаследаваны рэкамі. Ніжэй флювіягляцыяльных раўнін і нізін паўсюдна сустракаюцца плоскія, спадзістахвалістыя, моцна забалочаныя азёрна-алювіяльныя паверхні з абсалютнымі вышынямі 130—160 м. Шмат рэшткавых зарастаючых азёр, зрэдку трапляюцца эолавыя грады і ўзгоркі вышынёй да 5 м. Тэрыторыя Перадпалесся дрэніруецца густой сеткай рэк, якія адносяцца да басейнаў Прыпяці, Бярэзіны, Дняпра, Сажа, у меншай ступені Заходняга Буга і Нёмана. Рачныя даліны выпрацаваныя, шырокія і асіметрычныя. Азёр мала.

Вобласць Палескай нізіны вызначаецца шырокім развіцём моцна забалочаных алювіяльных, азёрна-алювіяльных і водна-ледавіковых раўнін з разнастайнымі формамі эолавай акумуляцыі. Узвышаныя ўчасткі краявых ледавіковых утварэнняў, марэнных і водна-ледавіковых раўнін (за выключэннем Мазырскага ўзвышша і Загароддзя) маюць абмежаванае пашырэнне, але ўтвараюць выцягнутыя ў субшыротным напрамку палосы, якія надаюць рэльефу Палесся хвалісты характар. Рачныя даліны шырокія, поймы дасягаюць значных памераў. Паводле тэктанічнай будовы вобласць падзяляюць на 2 падвобласці: Беларускае Палессе (сфарміравалася пераважна на тэр. з адносна глыбокім заляганнем крышталічных парод) і Украінскае Палессе (характарызуецца больш высокім заляганнем крышталічнага фундаменту). Каркас рэльефу, яго хвалістасць створаны ў асноўным ледавіковымі працэсамі дняпроўскага часу; ва ўтварэнні паўн. краю нізіны прымаў удзел ледавік сожскага часу, паўднёвага — тэктанічныя рухі. Максімальныя абсалютныя вышыні звязаны з краявымі ўтварэннямі, сярод якіх вылучаюцца Мазырскае ўзвышша і Загароддзе. У межах Мазырскага ўзвышша абсалютныя вышыні дасягаюць максімальных для Палесся адзнак — 220,7 м (каля в. Булаўкі Мазырскага р-на), а адносныя вышыні — да 80 м. Характэрная асаблівасць Мазырскага ўзвышша — інтэнсіўная расчлянёнасць ярыста-лагчыннай сеткай (20—30 шт/км²). Найбуйнейшыя лагчыны маюць даўжыню да 3 км і глыбіню ўрэзу да 70 м. Для краявых ледавіковых утварэнняў Загароддзя характэрны градавы рэльеф з плоскімі вяршынямі і спадзістымі схіламі. Пераважаюць абсалютныя вышыні 140—175 м, адносныя — 10—15 м. Ніжэй краявых ледавіковых утварэнняў размешчаны спадзістахвалістыя марэнныя раўніны з абсалютнымі вышынямі 150—160 м (распаўсюджаны абмежавана). Ярусам ніжэй (125—150 м) пашыраны спадзістахвалістыя і плоскія, часта забалочаныя водна-ледавіковыя раўніны і нізіны. На флювіягляцыяльных паверхнях шмат эолавых узгоркаў, град, дзюн вышынёй да 10 м, палёў перавеяных пяскоў. Найбольш нізкі ярус займае плоская, участкамі слабахвалістая паверхня азёрных і азёрна-алювіяльных забалочаных нізін, сярод якіх размешчаны зарастаючыя азёры, затарфаваныя лагчыны і катлавіны былых азёр. Тэрыторыя Палескай нізіны дрэніруецца пераважна рэкамі басейна Прыпяці і ў меншай ступені прытокамі Сажа, Дняпра і Буга.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Мацвееў А. В., Нечыпарэнка Л. А. Рэльеф Беларусі // БЭ ў 18 т. Т. 18. Кн. 2. Рэспубліка Беларусь. — Мн.: БелЭн, 2004.
  • Мацвееў А. В., Якушка В. П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994. 72 с.
  • Геоморфология Беларуси: учеб. пособие для студ. геогр. фак. /О. Ф. Якушко, Л. В. Марьина, Ю. Н. Емельянов; под ред. О. Ф Якушко. Мн., 2000. 172 с.
  • Матвеев А. В., Гурский Б. Н., Левицкая Р. И. Рельеф Белоруссии. — Мн.: Университетское, 1988.
  • Фізічная геаграфія Беларусі: вучэб. дап. для студ. геагр. фак. / пад рэд. Б. М. Гурскага, К. К. Кудло. — Мн., 1995. 192 с.