Рэлігійная арганізацыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Рэлігійная арганізацыя — гэта рэлігійная група, арыентаваная на дасягненне ўзаемазвязаных спецыфічных мэтаў і фарміраванне фармалізаваных структур. Паняцце сацыялогіі рэлігіі, якое пазначае структураваныя стасункі паміж вернікамі ў межах сваёй супольнасці.

Тыпы рэлігійных арганізацый[правіць | правіць зыходнік]

Тыпалогія рэлігійных арганізацый[правіць | правіць зыходнік]

Тыпалогія па Э. Трольчу[правіць | правіць зыходнік]

Э. Трольч разглядае палярныя тыпы рэлігійных арганізацый: царква і секта. Ён не згаджаецца з азначэннем секты як часткі, якая адкалолася ад афіцыйнай арганізацыі. Секта разумеецца як цалкам аўтаномнае сацыяльнае ўтварэнне, са сваімі законамі, мэтамі, патрэбамі і рашэннямі. Э. Трольч разглядае згаданыя тыпы па шэрагу крытэраў: стаўленне да аскезы, сродак цэнтрацыі, форма рэлігіі, парадак прымання рашэнняў.

Царква накіравана на ўніверсалізм па сродках цэнтрацыі на самой установе царквы, транслюе свецкую рэлігію, аскеза разглядаецца ў якасці асабістага далучэння да наступных узроўняў духоўнага развіцця, рашэнні прымаюцца на аснове іерархіі інстытута і спасылаюцца ад вышэйшых пасад ніжэйшым. Таму ў царкве асоба падначалена пасадзе. Царква імкнецца зліцца з дзяржаўным інстытутам, таму прэзентуе свецкую рэлігію, ці рэлігію для міра. Рашэнні падначаленыя іерархіі, таму дэмакратызм ў прыняцці рашэнняў істотна абмежаваны. Ініцыяцыя адбываецца ў маленстве.

Секта — арганізацыя, якая цэнтравана не на структуры, а на носьбіце. Чалавек як носьбіт досведу разглядаецца ў якасці галоўнай мэты ўстановы. Па гэтай прычыне секты цэнтраваны не на ўніверсалізм, а на індывідуальнасць. Аскеза разглядаецца ў якасці альтэрнатывы існуючаму дзяржаўнаму і сацыяльнаму парадку, гэта духоўная апазіцыя, а не шлях да самаўзвышэння. Секта прэзентуе рэлігію для кліра, альбо сакральную, а не секулярную рэлігію, таму секта знаходзіцца ў апазіцыі да дзяржаўнай улады. Рашэнні ў арганізацыі прымаюцца дэмакратычным шляхам, ініцыяцыя праводзіцца над ужо свядомай асобай[1].

Тыпалогія па М. Веберу[правіць | правіць зыходнік]

Момантам з’яўлення рэлігійнай арганізацыі М. Вебер лічыць стварэнне згуртавання прыхільнікаў, іншымі словамі, суполкі. З’яўляецца яна шляхам стварэння групоўкі навучэнцаў вакол харызматычнага лідара. Пасля нараджэння арганізацыя займаецца праблемамі ўласнага эканамічнага забеспячэння і павелічэннем колькасці сяброў суполкі. Падчас жыцця харызматычнага лідара структура адрозніваецца дэмакратызмам у прыняцці рашэнняў, арганізацыя цэнтруецца на досведзе кожнага ўдзельніка сістэмы ці на вучэнні лідара. Сама наяўнасць ці структура арганізацыі не з’яўляецца свяшчэнным ці дамінантным для светапогляду ўдзельнікаў. Істотнымі з’яўляюцца словы лідара, сам лідар ці прыватны сакральны досвед кожнага ўдзельніка суполкі. У гэты час існавання арганізацыі няма дзялення яе на мір і клір. Новыя адэпты ініцыююцца па сваёй волі. Вучэнне не мае кананічнага характару і можа інтэрпрэтавацца кожным удзельнікам арганізацыі з пункту гледжання яго ўласнай свядомасці і прыватнага сакральнага досведу.

Пасля смерці лідара, на другім пакаленні паслядоўнікаў рэлігійнай плыні адбываецца рутынізацыя харызмы. Сістэма набывае выгляд інстытуцыялізаванай структуры з фармалізаванымі пасадамі, абавязкамі і ролямі ўдзельнікаў. Арганізацыя пачынае дзяліцца на мір і клір. Сама структура пачынае быць гарантам чысціні вучэння, свяшчэннасці самой сябе. Ініцыяцыя пачынае праводзіцца над несвядомымі ў прыняцці рашэнняў людзьмі (хрышчэнне немаўлят). У выніку структурызацыі і з’яўлення дыхатаміі мір-клір з’яўляецца шэраг праблем па захаванні чысціні ўласнай дактрыны:

  1. Прароцтва, як ірацыянальны і небяспечны для самога інстытута тып рэлігійнага досведу.
  2. Традыцыяналізм свецкіх колаў, як небяспека дамінавання прафанізацыі.
  3. Свецкі інтэлектуалізм, як небяспека ў неартадаксальным трактаванні склаўшагася канона, што можа выклікаць сепаратысцкія моманты ў арганізацыі.

Вебер робіць тыпалогію рэлігійных арганізацый на аснове наступных крытэрыяў: адносіны арганізацыі да свету і месца арганізацыі ў ім, а таксама форма павелічэння колькасці адэптаў.

Секта з’яўляецца пэўнай апазіцыяй свету, сімвалам незадаволенасці вернікаў сацыяльна-эканамічным становішчам, абурэннем неправамернасцю паміж тым, што павінна быць, і тым, што ёсць. Царква, наадварот, спрабуе зліцца з дзяржаўнымі інстытутамі ці быць з імі ў гарманічным існаванні. Царква на прынцыпах універсалізма і свяшчэннасці ўласна інстытута, а не асобы павялічвае колькасць адэптаў арганізацыі і ўздзейнічае кампенсаторна на незадаволеныя колы. Секта, наадварот, аб’ядноўвае толькі пэўную эліту, якая становіцца ў апазіцыю соцыуму і парадкам, у ім прынятым.[2]

Тыпалогія па Р. Нібуру[правіць | правіць зыходнік]

У даследаваннях рэлігійнага поля Злучаных Штатаў Амерыкі Рэйнхольд Нібур прыйшоў да высновы, што на згаданай культурнай прасторы ў выніку шматлікасці сектаў і цэркваў мела магчымасць нарадзіцца выключна новая арганізаця, якая мае якасці як царквы, так і секты. Р. Нібур уводзіць у навуковы ўжытак новы тып рэлігійнай арганізацыі — дэнамінацыя.

Пад дэнамінацыяй Р. Нібур разумее такі тып рэлігійнай арганізацыі, які ў сваім існаванні па сваіх задачах выйшаў з арганізацыйнага асяроддзя секты, але па прычыне канкурэнцыі з боку такіх жа па колькасці рэлігійных арганізацый не здольны ўліцца ў арганізацыйнае асяроддзе царквы.

Даследуючы антагенез секты, Р. Нібур прыходзіць да разумення, што секты больш аднаго пакалення існаваць не могуць і абавязкова пераходзяць у дэнамінацыі ці знікаюць. Пад сектай Р. Нібур разумеў спробу пацвердзіць хрысціянскую клапатлівасць пра сацыяльную справядлівасць і роўнасць, што відавочна ўступае ў барацьбу з секулярнымі момантамі грамадства сацыяльна-эканамічнай стратыфікацыі. Дэнамінацыя з’яўляецца пэўным вяртаннем секты да каштоўнасцей секулярнага свету[3].

Тыпалогія па Г. Бекеру[правіць | правіць зыходнік]

На падставе сацыялагічных даследванняў Г. Бекер, акрамя секты, царквы і дэнамінацыі, выдзяляе культ і таемнае таварыства. У якасці крытэрыя ён абірае прыдатнасць рэлігійнай практыкі і ступень адкрытасці. Пад культам Г. Бекер разумеў тып рэлігійнай арганізацыі, які ўяўляе сабой невялікі рэлігійны гурт людзей, якія імкнуцца да асабістага містычнага досведу. Арганізацыя гуртуецца вакол харызматычнага лідара, рэлігійная практыка значна адрозніваецца ад гістарычна прынятай у грамадстве. Тып нестабільны. Існаванне арганізацыі пасля смерці лідара — праблематычна. Ад секты тып адрозніваецца экзатычнасцю рэлігійнай практыкі і таталітарызмам лідара.

Пад таемным таварыствам разумеецца такі тып рэлігійнай арганізацыі, які за сацыялагічную мэту свайго існавання ставіць сакрэтнасць свайго культа, вучэння ці існавання. У якасці анталагічнай прычыны можа быць шэраг рэлігійных мэтаў, у тым ліку перакрыжаваных з палітычнымі і эканамічнымі мэтамі таемнага таварыства.[3]

Тыпалогія па Дж. М. Інгеру[правіць | правіць зыходнік]

Асноўным крытэрыем па пабудове сваёй тыпалогіі рэлігійных арганізацый Дж. Інгер вылучаў узаемадзеянне рэлігійнай арганізацыі і дзяржавы. Пад дзяржавай ён разумеў усё грамадства цалкам, гэта значыць, усе класы або слаі, прадстаўленыя ў дзяржаве. У якасці рухаючай сілы па стварэнню рэлігійнай арганізацыі Інгер бачыў эканамічныя і сацыяльныя прычыны, аддаючы перавагу менавіта ім, а не псіхалагічным, філасофскім ці якім-небудзь іншым суб’ектыўным прычынам.

Дж. Інгер тыпалагізуе ўсе рэлігійныя арганізацыі на ўніверсальную царкву, эклесію, дэнамінацыю, секту і культ. Пад універсальнай царквой Інгер разумеў такую сацыяльную арганізацыю, якая арганічна ўліта ў дзяржаву і ўтварае з ёй трывалы сімбіоз. Па сваёй сутнасці ўніверсальны тып, які задавальняе рэлігійныя патрэбы прэвалюючай большасці і накіраваны да ўсіх сацыяльных класаў у грамадстве. Тып скіраваны на інтэграцыю як мага большага кола людзей і накіраваны на павелічэнне колькасці сваіх сяброў.

Пад эклесіяй разумеецца такі тып рэлігійнай арганізацыі, які ахоплівае ўсе сацыяльныя класы грамадства, але накіраваны на задавальненне інтарэсаў выключна кіруючай часткі (эліты). Тып арганізацыі накіраваны на кантроль грамадства рэлігійнымі метадамі з боку кіруючых колаў, якія не здольны аргументаваць ці забяспечыць трывалы кантроль іншымі метадамі.

Дэнамінацыя — тып рэлігійнай арганізацыі, які ў сваім існаванні абмежаваны нацыянальнымі, класавымі, расавымі ці, часам, рэгіянальнымі рамкамі. Тып знаходзіцца ў адноснай гармоніі з секулярнымі момантамі ў грамадстве. Адэпты арганізацыі прадстаўлены ўсімі існуючымі сацыяльнымі класамі.

Пад сектай разумеюцца невялікія, нестабільныя, не скіраваныя на кампраміс з дзяржавай і дамінуючай царквой рэлігійныя групоўкі. У якасці адэптаў такіх груповак выступаюць сярэдні і ніжэйшы слаі грамадства. Па стаўленні да дзяржавы і па дамінуючым у групоўцы сацыяльным класе Інгер выдзяляе наступныя падтыпы секты:

  1. Секты, якія складаюцца з прадстаўнікоў сярэдняга класу, якія прымаюць існуючы сацыяльны патэрн без асаблівай крытыкі.
  2. Секты, якія складаюцца з ніжэйшых сацыяльных слаёў, акцэнтуюць увагу на сацыяльным бяспраўі і беднасці, якія ставяць за мэту агрэсіўную барацьбу з пануючым сацыяльным парадкам.
  3. Секты, якія ўводзяць адэпта ў вырашэнні сацыяльных праблем у сферу трансцэндэнтнага. У гэтым падтыпе секты дамінуючае становішча аддаецца пасмяротнаму жыццю, чым жыццю дасмяротнаму. Прадстаўлены як сярэднім, так і ніжэйшым класам[4].

Зноскі

  1. Трельч Э. Церковь и секта // Религия и общество. Хрестоматия по социологии религии. — М.: Аспект Пресс, 1996. — С. 359—370.
  2. Вебер М. Социология религии // Избранное. Образ общества. — М., 1994. — С. 123—128.
  3. а б Гараджа В. И. Социология религии. — М.: Аспект Пресс, 1996. — 465 с.
  4. Йингер, Дж. М. Функциональный подход к религии // Религия и общество: Хрестоматия по социологии религии / сост. В. И. Гараджа, Л. Руткевич. — М.: Аспект Пресс, 1996. — С. 775.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]