Рэпрадуктыўная сістэма чалавека
- Гэты артыкул утрымлівае інфармацыю па анатоміі чалавека. Пра агульную анатомію глядзіце артыкул: Рэпрадуктыўная сістэма.
Рэпрадуктыўная сістэма — комплекс органаў і сістэм, якія забяспечваюць працэс апладнення, спрыяюць узнаўленню чалавека.
Размнажэнне (рэпрадукцыя) чалавека адбываецца ў выніку ўнутранага апладнення, які завяршае палавы акт:
- Падчас палавога акту эрэгіраваны палавы член мужчыны ўводзіцца ў похву жанчыны. Па завяршэнні палавога акту адбываецца эякуляцыя — выкід спермы з пеніса ў похву.
- Сперматазоіды, якія змяшчаюцца ў сперме, рухаюцца па похве ў кірунку да маткі або фалопіевых труб для апладнення яйцаклеткі.
- Пасля паспяховага апладнення і імплантацыі зіготы, развіццё эмбрыёна чалавека адбываецца у матцы жанчыны на працягу прыблізна дзевяці месяцаў. Гэты працэс завецца цяжарнасцю, якая завяршаецца родамі.
- Падчас родаў мускулы маткі скарачаюцца, шыйка маткі пашыраецца і плод выштурхваецца з маткі.
- Немаўляты і дзеці практычна бездапаможныя і патрабуюць бацькоўскага клопату на працягу шматлікіх гадоў. На працягу першага года жыцця жанчына звычайна выкарыстоўвае малочныя залозы, размешчаныя ў грудзях, для выкормлівання немаўля.
Чалавек, як від, характарызуецца высокай ступенню палавога дымарфізму. Акрамя розніцы ў першасных палавых адзнаках (палавыя органы), ёсць розніца ў другасных палавых адзнаках і сексуальных паводзінах.
Мужчынская рэпрадуктыўная сістэма
[правіць | правіць зыходнік]Мужчынская рэпрадуктыўная сістэма — сістэма органаў, размешчаных звонку цела каля таза, якія бяруць удзел у рэпрадукцыі. Першасная функцыя мужчынскай рэпрадуктыўнай сістэмы складаецца ў выпрацоўцы мужчынскіх палавых гамет (сперматазоідаў) для апладнення яйцаклеткі.
Мужчынскія палавыя органы ўключаюць семяннікі (яечкі) з іх пратокамі, палавы член, а таксама дапаможны орган — прадсталёвую залозу. Яечкі (тэсцікулы) — парныя залозы, якія падвешаны ў машонцы на семявым канаціку. Вага кожнага яечка — 10 — 15 г. Маюць авальную форму, складаюцца з семявых канальчыкаў. Прамым прызначэннем яечкаў з’яўляецца выпрацоўка спермы — вадкасці, якая змяшчае мужчынскія палавыя клеткі — сперматазоіды. Акрамя гэтага, яечкі адказваюць за сакрэцыю мужчынскіх палавых гармонаў — андрагенаў.
Жаночая рэпрадуктыўная сістэма
[правіць | правіць зыходнік]Жаночую палавую сістэму падзяляюць на 2 групы органаў: вонкавыя і ўнутраныя. Да вонкавых палавых органаў адносяць: малыя і вялікія палавыя губы з размешчанымі на іх залозамі, клітар і ўваход у похву; да ўнутраных — похва, матка, матачныя трубы, яечнікі.
Рэпрадуктыўная сістэма жанчыны складаецца з органаў, размешчаных пераважна ўсярэдзіне цела ў тазавай вобласці. Яна складаецца з трох асноўных частак: похвы, у якую трапляе сперма, матка, у якой развіваецца зародак і яечнікі, у якіх адбываецца паспяванне яйцаклеткі. Грудзі таксама адносяцца да рэпрадуктыўнай сістэмы і адыгрываюць важную ролю ў постнатальным развіцці дзіцяці.
Похва адкрываецца вонкі праз вульву, якая ўключае вялікія і малыя палавыя губы, клітар і урэтру; падчас палавога акту гэта вобласць увільгатняецца выдзяленнямі з барталінавых залоз.
Дапаможная рэпрадуктыўная тэхналогія
[правіць | правіць зыходнік]Экстракарпаральнае апладненне (ад лац. Extra — звыш, па-за і лац. Corpus — цела, гэта значыць апладненне па-за целам, скар. ЭКА) — дапаможная рэпрадуктыўная тэхналогія, часцей за ўсё выкарыстоўваная ў выпадку бясплоддзя. Сінонімы: «апладненне ў прабірцы», «апладненне in vitro», «штучнае апладненне», у англійскай мове пазначаецца абрэвіятурай IVF (in vitro fertilisation).
Падчас ЭКА яйкаклетку здабываюць з арганізма жанчыны і апладняюць штучна ва ўмовах «in vitro» («у прабірцы»), атрыманы эмбрыён утрымліваюць ва ўмовах інкубатара, дзе ён развіваецца на працягу 2-5 дзён, пасля чаго эмбрыён пераносяць у паражніну маткі для далейшага развіцця[1].
Хваробы рэпрадуктыўнай сістэмы чалавека
[правіць | правіць зыходнік]Як і іншыя складаныя сістэмы органаў, рэпрадуктыўная сістэма чалавека паражаецца вялікай колькасцю захворванняў. Вылучаюць чатыры асноўныя катэгорыі хвароб:
- кангенітальныя ці прыроджаныя;
- пухліны;
- інфекцыі, які часта перадаюцца палавым шляхам;
- функцыянальныя парушэнні, выкліканыя фактарамі навакольнага асяроддзя, пашкоджваннем, псіхасаматычнымі фактарамі і аўтамуннымі захворваннямі. Найбольш вядомы від функцыянальных парушэнняў — гэта бясплоддзе, якое можа быць выклікана шматлікімі захворваннямі.[2]
Зноскі
Рэпрадуктыўная сістэма чалавека на Вікісховішчы |