Перайсці да зместу

Паўзуны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Рэптыліі)
Паўзуны

Alligator sinensis

Agkistrodon contortrix

Geochelone pardalis

Гатэрыя
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Reptilia Laurenti, 1768

Даччыныя таксоны

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  173747
EOL  4658568
FW  36322

Паўзуны́, рэптыліі (Reptilia) — клас вышэйшых пазваночных (амніёт).

Вядомы з сярэдняга карбону (каля 300 млн гадоў назад). Паходзяць ад стэгацэфалаў, мелі 2 галоўныя эвалюцыйныя ствалы — зверападобных (далі пачатак млекакормячым) і дыяпсід (архазаўраў і лепідазаўраў, якія далі пачатак птушкам). Найбольш разнастайныя былі ў мезазойскую эру (каля 200—150 млн г. назад), калі сярод іх з’явіліся марскія (іхтыязаўры і інш.) і лятаючыя (птэразаўры) формы.

Выдзяляюць 4 сучасныя атрады: кракадзілы, лускаватыя, чарапахі і дзюбагаловыя; больш за 8 тыс. відаў.

Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найбольш у тропіках і субтропіках. Жывуць у розных біятопах: ад сухіх адкрытых месцаў да рознага тыпу лясоў, балот і вадаёмаў. Некаторыя ўпадаюць у зімовую або летнюю спячку. На Беларусі сустракаюцца 7 відаў: вераценніца ломкая, гадзюка звычайная, мядзянка, вуж звычайны, чарапаха балотная, яшчарка жывародная і яшчарка порсткая.

Даўжыня ад некалькіх сантыметраў (некаторыя яшчаркі) да 10 м (некаторыя змеі), маса ад некалькіх грамаў да 500 кг і больш (некаторыя кракадзілы, чарапахі). Цела ўкрыта рагавой луской, пласцінкамі або панцырам. Канечнасці пяціпальцыя, у некаторых відазмененыя (марскія чарапахі, хамелеоны) або рэдукаваныя (змеі, некаторыя яшчаркі). Паўзуны — пайкілатэрмныя жывёлы. Сэрца трохкамернае (у кракадзілаў чатырохкамернае). У галаўным мозгу — зачаткавая кара (неапалеум). Сярод эмей і яшчарак ёсць ядавітыя. Пераважна драпежнікі, некаторыя чарапахі і яшчаркі расліннаедныя. Раздзельнаполыя. Размнажаюцца яйцамі, многім уласціва яйцажыванараджэнне і жыванараджэнне; некаторым змеям і яшчаркам уласцівы партэнагенез. У паўзуноў назіраецца хомінг.

Асобныя віды — аб’екты промыслу. Прэпараты змяінага яду выкарыстоўваюцца ў медыцыне.

Вывучае паўзуноў герпеталогія.

Шкілет рэптылій мае касцявыя (храстковыя) тканкі, якія з’яўляюцца апорай цела або асобных яго частак і выконваюць ахоўную і іншыя функцыі. Складаецца з восевага шкілета (пазваночніка), чэрапа, паясоў канечнасцей і свабодных канечнасцей. У змей паясы канечнасцей і свабодныя канечнасці адсутнічаюць.

Чэрап рэптылій складаецца суцэльна з касцей, за выключэннем нязначнай колькасці храстковых элементаў у слыхавой і нюхавай абласцях. Для яго характэрна наяўнасць даху з покрыўных касцей. У выніку разрастання паднябенных адросткаў міжсківічных і верхнясківічных касцей, а таксама развіцця паднябенных касцей у кракадзілаў і чарапах утвараецца другаснае косцявое паднябенне, якое падзяляе насаглотку і ротавую поласць. У цэлым развіццё чэрапа ў розных груп рэптылій звязана з характарам харчавання і іншымі асаблівасцямі біялогіі.

Пояс пярэдніх канечнасцей у рэптылій акасцянелы. Характэрным з’яўляецца наяўнасць крыжападобнага надгрудніка, які звязвае грудзіну з ключыцамі. Тазавы пояс утвораны дзвюма безназоўнымі касцямі, якія паявіліся ў выніку зліцця падуздышнай, сядалішчнай і лабковай касцей. Правыя і левыя лабковыя і сядалішчныя косці злучаюцца храстковай перамычкай і ўтвараюць закрыты таз. Пяціпальцыя канечнасці пабудаваны паводле тыповага наземнага тыпу. Іх будова ў розных відаў і груп паўзуноў знаходзіцца ў прамой залежнасці ад спосабу перамяшчэння.

Мышачная сістэма

[правіць | правіць зыходнік]

Мышачная сістэма рэптылій складаецца з гладкай мускулатуры, якая абслугоўвае ўнутраныя органы, і папярочна-паласатай або шкілетнай мускулатуры, што забяспечвае перамяшчэнне цела і яго асобных частак у прасторы.

Мускулатура ў рэптылій дыферэнцыраваная і ўскладненая. Адбываецца амаль поўнае расчляненне сегментальнай мускулатуры на асобныя мышцы і групы мышцаў. Так, спінная мускулатура дзеліцца на 3 групы мышцаў, якія выгінаюць і фіксуюць пазваночнік. Развіваецца магутная жавальная мускулатура. У сувязі са з’яўленнем шыйнага аддзела дыферэнцыруецца шыйная мускулатура, якая кіруе рухамі галавы і шыі. У змей спінная мускулатура добра развіта і ўскладнена. У чарапах у сувязі з абмежаваннем рухомасці спіны яна ў значнай меры рэдуцыруецца. Мускулатура канечнасцей ускладняецца, забяспечваючы больш разнастайныя іх рухі. Стужкападобныя мышцы тулава не толькі выгінаюць цела, але і ўдзельнічаюць у руху канечнасцей. У некаторых рэптылій (змей, яшчарак) з’яўляецца падскурная мускулатура, якая зменьвае становішча рагавых лускавінак і ўдзельнічае ў перамяшчэнні цела. У сувязі з рэберным дыханнем развіваецца характэрная для ўсіх амніётаў міжрэберная мускулатура, якая адыгрывае важную ролю пры дыханні. Хуткія і складаныя рухі рэптылій запатрабавалі стабілізацыі становішча ўнутраных органаў за кошт узмацнення мышцаў брушнога прэса.

Дыхальная сістэма

[правіць | правіць зыходнік]

У рэптылій органамі дыхання служаць лёгкія, у большасці з іх скура сухая і ў газаабмене не ўдзельнічае. Лёгкія яшчарак і змей маюць ячэйкавыя ўнутраныя сценкі, якія значна павялічваюць дыхальную паверхню. У чарапах і кракадзілаў унутраная поласць лёгкіх падзелена сістэмай перагародак, якія надаюць лёгкім губкавую будову. У водных чарапах, якія маюць панцыр, функцыю дадатковых органаў дыхання выконваюць нарасці глоткі і анальныя пузыры з вельмі развітой капілярнай сеткай. У рэптылій удасканалены паветраносныя шляхі і механізм дыхання. Ад гартані ў іх адыходзіць трахея (дыхальнае горла), яна дзеліцца на 2 бронхі, што вядуць у лёгкія. Вентыляцыя лёгкіх забяспечваецца за кошт усмоктвальнай работы грудной клеткі, якая расшыраецца ў выніку скарачэння міжрэбернай і брушной мускулатуры. Інтэнсіўнасць дыхання залежыць ад знешняй тэмпературы і стану жывёл. З павышэннем тэмпературы частата дыхання звычайна ўзрастае, што, відаць, звязана не толькі з павелічэннем абмену рэчываў, але і з некаторай тэрмарэгуляцыяй арганізма.

Крывяносная сістэма

[правіць | правіць зыходнік]

Крывяносная сістэма рэптылій адрозніваецца амаль поўным раздзяленнем малога і вялікага кругоў кровазвароту, а значыць, і патокаў артэрыяльнай і вянознай крыві. Сэрца мае 2 адасобленыя перадсэрдзі і раздзелены няпоўнай перагародкай жалудачак. Артэрыяльны конус рэдуцыраваны, а вянозная пазуха зліваецца з правым перадсэрдзем. З жалудачка выходзяць 3 самастойныя сасуды: з правай (вянознай) часткі — лёгачная артэрыя, з левай (артэрыяльнай) часткі — правая дуга аорты, а ад сярэдзіны — левая дуга аорты. Левая і правая дугі аорты, якія абгінаюць сэрца, зліваюцца ў спінную аорту. У правую дугу аорты і адыходзячыя ад яе сонныя і падключычныя артэрыі паступае артэрыяльная кроў, у левую — мяшаная, а ў лёгачную артэрыю — вянозная. Асноўная маса крыві, якая паступіла ў спінную аорту, разносіцца да ўсіх органаў і тканак. Вянозная кроў ад унутраных органаў і задніх аддзелаў цела збіраецца ў заднюю полую вену, а з пярэдніх аддзелаў — у пярэднюю полую вену. Полыя вены ўпадаюць у вянозную пазуху. У левае перадсэрдзе выліваюць кроў лёгачныя вены, якія могуць у некаторых відаў аб’ядноўвацца ў адзін сасуд. У нырках і печані ўтвараюцца варотныя сістэмы.

Нервовая сістэма

[правіць | правіць зыходнік]

Нервовая сістэма рэптылій складаецца з цэнтральнай нервовай сістэмы (галаўнога і спіннога мозга), перыферычных нерваў і сімпатычнай нервовай сістэмы. Паўшар’і пярэдняга мозга развіты, у асноўным за кошт павелічэння мазгавога купала і паласатых цел. Кара з шэрага мазгавога рэчыва — зачатак другаснага мазгавога паднябення (неапаліум). Пярэдні мозг разам з карой сярэдняга мозга выконвае ролю асноўнага асацыятыўнага цэнтра, які вызначае характар паводзін. Прамежкавы мозг зверху прыкрыты паўшар’ямі пярэдняга мозга. Акрамя эпіфіза ад яго даху адыходзіць асобны святлоадчувальны (парыетальны) орган, які мае структуры, аналагічныя вочным, што рэагуюць на хуткае зацямненне як магчымую небяспеку. Мяркуюць, што ён можа служыць рэцэптарам, што рэгіструе сезонныя змяненні светлавога рэжыму. Сярэдні мозг мае больш развітыя зрокавыя долі. Прадаўгаваты мозг утварае ў рэптылій выгін у вертыкальнай плоскасці, характэрны для ўсіх амніётаў. Рэптыліі маюць 11 пар галаўных нерваў. Вегетатыўная (сімпатычная і парасімпатычная нервовыя сістэмы) каардынуе работу вегетатыўных сістэм арганізма.

Мочапалавая сістэма

[правіць | правіць зыходнік]

Мочапалавая сістэма прадстаўлена ныркамі, палавымі залозамі (ганадамі), вываднымі пратокамі і вонкавымі органамі.

У рэптылій органамі выдзялення служаць тазавыя ныркі. Іх нефроны губляюць сувязь з цэламічнай вадкасцю. Большае развіццё атрымліваюць баўменавы капсулы, бо ўся нагрузка па рэгуляцыі водна-салявога абмену прыходзіцца на іх. Ад вольфавага канала, які выконвае ў самцоў амфібій змешаную функцыю, аддзяляецца ўласна мачаточнік, а сам канал выконвае ў рэптылій толькі функцыю семяправода. Мачаточнікі адкрываюцца ў клааку. Сюды ж адкрываецца і мачавы пузыр. У самак вольфаў канал рэдуцыруецца. Мача рэптылій складаецца ў асноўным з эмульсіі мачавой кіслаты. У дарослых рэптылій мача з мачаточнікаў пападае ў клааку, а з яе ў мачавы пузыр, пры напаўненні якога праз клааку выкідваецца вонкі. Сценкі мачавога пузыра здольныя да ўсмоктвання вады і раствораных рэчываў з мачы.

Парныя палавыя залозы (ганады) ляжаць у поласці цела па баках пазваночніка. Яйкавод самак (мюлераў канал) уяўляе сабой танкасценную трубку, якая адкрываецца лейкай у поласць цела, а другім канцом — у клааку. У сценках яйкавода ёсць залозы, якія выпрацоўваюць яйкавыя абалонкі: бялковую, падшалупінную і шалупінную. Бялковая абалонка з’яўляецца своеасаблівым запасам вады для зародка, які развіваецца (у змей і яшчарак яна адсутнічае). Астатнія абалонкі ахоўваюць яйка ад механічных пашкоджанняў, расцякання, пранікнення хваробатворных мікраарганізмаў і інш. Семяннікі ў рэптылій маюць прыдаткі, якія ўяўляюць сабой астатак тулаўнай ныркі. Праз канальцы прыдатка семянная вадкасць трапляе ў вольфаў канал. Для рэптылій (акрамя гатэрыі) характэрна наяўнасць органа спароўвання, паколькі апладненне ў іх унутранае. Ён ўяўляе сабой парныя вырасты задняй сценкі клаакі, якія ў перыяд узбуджэння выварочваюцца вонкі.

Пераважная большасць дарослых рэптылій з’яўляецца драпежнікамі і корміцца чарвямі, малюскамі, казуркамі, млекакормячымі дробных і сярэдніх памераў і некаторымі іншымі жывёламі. Спосабы здабычы ежы разнастайныя, але сярод іх можна вылучыць два асноўныя — «атаку з засады» (пасіўнае чаканне ахвяры ў месцах, дзе яе вялікая колькасць) і актыўны пошук. Напрыклад, гадзюка часцей атакуе ахвяру з засады, а вуж аддае перавагу актыўнаму перамяшчэнню ў пошуках здабычы. Большасць рэптылій у харчаванні аддаюць перавагу той ці іншай групе корму. Спецыялізацыя харчавання звычайна падкрэслівае характар месцапражыванняў і спосаб жыцця жывёл. Так харчовы спектр балотнай чарапахі складаецца з дробных насельнікаў вадаёмаў — ручайнікаў, лічынак стракоз, жукоў-плывунцоў, камароў, чарвей, малюскаў, часам з апалонікаў і дарослых амфібій. Разнастайныя і спосабы заглытвання ежы. Гадзюка спачатку забівае ахвяру сваім ядавітым сакрэтам, які мае звышхуткае таксічнае дзеянне, каб яна не рухалася. Пасля ўкусу мыш паралізуецца ўжо на 2-5-й хвіліне, а яшчэ праз 2-4 хвіліны гіне. Мядзянкі і вужы заглытваюць сваю ежу жыўцом. Склад харчовага рацыёну і колькасць патрэбных кармоў вызначаюць месца амфібій і рэптылій у харчовых ланцугах, а адпаведна — становішча і ролю ў біяцэнозах. Харчовыя патрэбы рэптылій залежаць ад іх памераў, полу, узросту, перыяду года і іншых фактараў. Порсткая яшчарка за 1 летні дзень паядае 10-12 жукоў сярэдніх памераў (шчаўкуны) або 40-60 дробных. Змеі кормяцца 1-2 разы на тыдзень, што звязана, верагодна, з адносна буйнымі памерамі здабычы. Змеі, якія ліняюць, а таксама самкі з эмбрыёнамі, што развіваюцца (гадзюкі), у корме патрэбы не маюць, а доўгі час існуюць за кошт назапашаных пажыўных рэчываў. У некаторых відаў амфібій і рэптылій бывае канібалізм — паяданне асобін свайго віду.

Павышэнне тэмпературы асяроддзя павялічвае інтэнсіўнасць харчавання. Тэмпературны оптымум дзеяння стрававальных ферментаў у рэптылій вышэйшы, чым у амфібій. Напрыклад, ператраўліванне буйной здабычы змеямі працякае нармальна толькі пры дастаткова высокай тэмпературы асяроддзя, а пры нізкіх тэмпературах рэзка запавольваецца або спыняецца, што можа выклікаць харчовае атручэнне і гібель жывёліны. Рэптыліі пры нізкіх тэмпературах здольныя да працяглага галадання. Некаторыя змеі і чарапахі ва ўмовах эксперыменту жылі без ежы 1-2 гады; яшчаркі ў актыўным стане могуць абыходзіцца без ежы многія тыдні.

Каля 150 відаў і падвідаў у Чырвонай кнізе МСАП.

  • Паўзуны́, рэптыліі // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 568. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Дарафееў А., Конюшка В., Ляшко А. Рыбы, земнаводныя, паўзуны. — Мн., 1981.
  • Земнаводныя. Паўзуны: Энцыклапедычны даведнік. — Мн., БелЭн, 1996. — ISBN 985-11-0067-6