Рэчытатыў

Рэчытаты́ў (італ.: recitativo ад італ.: recitare) дэкламаваць)[1] — тып вакальнай, радзей інструментальнай мелодыкі, якая ўвасабляе інтанацыі, рытміку і агульную структуру натуральнай гаворкі, захоўваючы фіксаваны музычны строй; таксама назва раздзела ў оперы ў XVII — XIX стагоддзях, які папярэднічаў арыі (А. Скарлаці, І. С. Бах, В. А. Моцарт, Дж. Вердзі і інш.). Рэчытатывы адрозніваюцца паводле моўнага прататыпу.
У фальклоры розных народаў гэта абрадавыя песні, плачы-галашэнні і інш.
У старажытнай культавай музыцы была пашырана псалмодыя . Аднаўленне яе асаблівасцей сустракаецца і ў оперы («Аіда» Дж. Вердзі).
Кампазітарамі неапалітанскай опернай школы (А. Скарлаці і інш.) распрацаваны два тыпы рэчытатыву:
- secco («сухі», перадаваў інтанацыі бытавой мовы),
- accompagnato («акампаніраваны», арыентаваўся на эмацыянальную аратарскую ці тэатральную мову).
Рэчытатыў у інструментальнай музыцы паявіўся пад уплывам оперы (Ф. Банпорці , Дж. Тарэлі, І. Кунаў і інш.). Пазней семантычныя магчымасці інструментальнага рэчытатыву ўзбагачаліся за кошт пераўтварэння ім новых інтанацыйных прататыпаў — культавай псалмодыі, фальклорнага рэчытатыву, кантраснай і медытатыўнай унутранай мовы[2].
У XIX стагоддзі індывідуалізацыя кампазітарскіх стыляў адбілася і на оперным рэчытатыве (А. Барадзін, Р. Вагнер, Дж. Вердзі, М. Глінка, А. Даргамыжскі, М. Мусаргскі, П. Чайкоўскі і інш.). М. Рымскі-Корсакаў выкарыстоўваў таксама «сказавы» і «былінны» тыпы рэчытатыву.
У XX стагоддзі з’явіліся асаблівыя формы рэчытатыву (А. Берг , М. Гнесін , А. Шонберг і інш.): «музычнае чытанне» (Sprechstimme) і «гаворкападобныя спевы» (Sprechgesang).
У беларускай музыцы рэчытатыў прадстаўлены ў сольных і ансамблевых нумарах першых беларускіх опер (быў невыразны, часам пераважаў дэкламацыйны пачатак). Багатыя магчымасці рэчытатыву ў операх А. Багатырова, С. Картэса, Ю. Семянякі, Дз. Смольскага, А. Туранкова, Я. Цікоцкага, дзе ён гнутка адлюстроўвае эмацыянальны стан герояў, адценні розных сітуацый у працэсе развіцця дзеяння[2].
У беларускіх операх XX стагоддзя рэчытатыў нярэдка напісаны ў стылі рускай класікі XIX стагоддзя з захаваннем традыцыйных форм: рэчытатыўныя сцэны, аб’яднанне рэчытатыву з наступнай арыяй ці арыёза («Кветка шчасця» А. Туранкова, паст. 1937; «У пушчах Палесся» А. Багатырова, паст. 1939). Выкарыстоўваецца і сучасны паводле стылю і форм рэчытатыў («Джардана Бруна» С. Картэса, паст. 1977).
Магчымасці інструментальнага рэчытатыву шырока выкарыстаны ў беларускай сімфанічнай музыцы[2].
Зноскі
- ↑ Слоўнік іншамоўных слоў : у 2 т. / А. М. Булыка. — Мінск : БелЭн, 1999. — Т. 2 : М—Я. — 1999. — С. 336—337. — 736 с. — ISBN 985-11-0153-2.
- ↑ а б в Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 37. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 37. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Рэчытатыў // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. — Т. 2. — 571 с. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0259-8.