Перайсці да зместу

Раман Міхайлавіч Цымбераў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Р. Цымбераў)
Раман Міхайлавіч Цымбераў
руск.: Роман Михайлович Цимберов
Род дзейнасці паэт, выдавец, гандляр кнігамі, эканаміст, выкладчык універсітэта
Дата нараджэння 8 чэрвеня 1981(1981-06-08)
Месца нараджэння
Дата смерці 10 лютага 2026(2026-02-10) (44 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Альма-матар

Рама́н Міха́йлавіч Цы́мбераў (руск.: Роман Михайлович Цимберов; 8 чэрвеня 1981(1981-06-08), Ейск, Краснадарскі край10 лютага 2026(2026-02-10), Мінск) — беларускі паэт, выдавец і кнігагандляр.

Нарадзіўся 8 чэрвеня 1981 года ў Ейску (РСФСР). Амаль з нараджэння жыў у Мінску[1]. Скончыў Мінскі інстытут кіравання ў 2002 годзе[2] па спецыяльнасці «Таваразнавец, эканаміст-менеджар»[3]. У 2008 годзе абараніў ступень магістра па эканоміцы[1]. Тэматыка навуковых публікацый: кіраванне вытворчасцю, канкурэнтаздольнасць, прадпрымальніцкая дзейнасць на прадпрыемстве[2]. Сумяшчаў камерцыйную дзейнасць з выкладаннем, працаваў выкладчыкам у каледжы і ўніверсітэце[1].

З 2001 года працаваў у галіне кніжнага гандлю, пазней заняўся выдавецкай дзейнасцю[⇨]. Пісаў вершы на беларускай і рускай мовах[⇨].

Пасля палітычнага крызісу 2020 года вазіў кнігі праз беларускую мяжу ў абодва бакі. У 2024 годзе быў затрыманы па мяжы па вяртанні ў Беларусь. Некалькі сутак правёў у ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ)[4].

Памёр 10 лютага 2026 года пасля раптоўнага пагаршэння здароўя: узніклі праблемы з ныркамі, пасля чаго здарыўся інсульт[5]. Развітанне адбылося 13 лютага 2026 года[6].

З 2001 года працаваў як індывідуальны прадпрымальнік у галіне кніжнага гандлю[1]. Быў уладальнікам электроннай крамы мастацкай і гістарычнай літаратуры «Kniger.by»[7]. Адміністраваў сайт для аматараў гістарычнай літаратуры «Імперыя гісторыі. Гістарычны клуб Беларусі»[2].

Як выдавец і рэдактар, курыраваў кніжную серыю «Такая гісторыя», у якой да студзеня 2024 года выйшла каля 20 выданняў, прысвечаных гісторыі Беларусі і ваеннай гісторыі[3][1]. Некалькі кніг выйшла ў серыі «Юдаіка Беларусі», прысвечанай гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі. У 2025 годзе пачаў серыю кніг для дзяцей «Ветрачок»[8].

Сярод значных кніг, выданых Цымберавым: «Минский тюремный замок» Дзмітрыя Дразда, «Гарачы парафін» Вінцэся Мудрова, «Купала і Колас жартуюць» Паўла Каралёва, збор твораў Кастуся Севярынца, дзіцячая кніга «Дзедавы казкі» Дзеда Янкеля (Ігара Гайкевіча)[7].

24 студзеня 2024 года Міністэрства інфармацыі Беларусі прыпыняла на месяц дзеянне пасведчання Рамана Цымберава на права выпуску друкаваных выданняў[7].

У Беларусі змянілася заканадаўства, з 2026 года індывідуальныя прадпрымальнікі не могуць выдаваць кнігі, у сярэдзіне снежня 2025 года Цымбераў заснаваў ТАА «Дыграф». У выдавецтве паспела выйсці кніга вершаў «Каляндар на імгненне» Алеся Дуброўскага-Сарочанкава[4].

Аўтар вершаў на беларускай і рускай мовах[1]. Выйшла чатыры зборнікі паэзіі Рамана Цымберава — «Мышыны кароль» (2006), «Гісторыя хваробы» (2011), «Трэці сшытак» (2017), «На вуліцах Вавілона. Курэцкая варта» (2021, на рускай)[1]. «На вуліцах Вавілона. Курэцкая варта» — двухбаковы зборнік (кніжка-перакрутка), змяшчае вершы 2015—2018 гадоў[3].

У суаўтарстве з дачкой Эміліяй выдаў зборнік вершаў для дзяцей «Рознакаляровыя сняжынкі»[3].

Даследчыкі адзначаюць, што Цымбераў, які паходзіць з іншага моўнага і геаграфічнага асяроддзя, арганічна далучыўся да сучаснага беларускага літаратурнага працэсу[3].

  1. а б в г д е ё Цымбераў Раман Міхайлавіч (недаступная спасылка). lit-bel.org. Архівавана з першакрыніцы 23 снежня 2024. Праверана 25 студзеня 2026.
  2. а б в Цымбераў, Раман Міхайлавіч (выдавец ; паэт ; нар. 1981). unicat.nlb.by. Праверана 25 студзеня 2026.
  3. а б в г д 2021-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: верасень . Радыё Свабода (4 верасня 2021). Праверана 25 студзеня 2026.
  4. а б Чалавек з валізкамі кніг. Якім быў кніганоша, выдавец і паэт Раман Цымбераў . Радыё Свабода (10 лютага 2026). Праверана 11 лютага 2026.
  5. Пасля імклівай хваробы памёр 44-гадовы выдавец Раман Цымбераў . Наша Ніва (10 лютага 2026). Праверана 10 лютага 2026.
  6. У Мінску развіталіся з выдаўцом і паэтам Раманам Цымберавым — фотафакт. Reform.news (13 лютага 2026). Праверана 14 лютага 2026.
  7. а б в Мінінфарм прыпыніў дзейнасьць Рамана Цымберава, аднаго з апошніх незалежных выдаўцоў у Беларусі . Радыё Свабода (24 студзеня 2024). Праверана 25 студзеня 2026.
  8. Новую серыю кніг для дзяцей распачалі казкай Бураўкіна – Белліт  (23 ліпеня 2025). Праверана 25 студзеня 2026.