Саюз беларускай моладзі

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з СБМ)
Jump to navigation Jump to search
Саюз беларускай моладзі
Тып арганізацыі грамадская арганізацыя
Кіраўнікі
Шэф-праваднік (мужчыны) Міхась Ганько
Шэф-праваднік (жанчыны) Надзея Абрамава
Заснаванне
Дата заснавання 22 чэрвеня 1943
Commons-logo.svg Саюз беларускай моладзі на Вікісховішчы
Прапагандысцкі плакат

Саюз беларускай моладзі (СБМ) — маладзёжная арганізацыя на акупіраванай нямецкімі войскамі тэрыторыі Беларусі і ў Германіі[1].

Мэты і задачы[правіць | правіць зыходнік]

Мэты, задачы, функцыі і межы дзейнасці СБМ выкладзены ў статуце і праграме. Галоўнай мэтай саюза была падрыхтоўка новай генерацыі беларусаў у духу германскага нацыянал-сацыялізму. СБМ павінен быў аб’ядноўваць беларускую моладзь ва ўзросце 10—20 гадоў, яго дзейнасць будавалася на жорсткім прынцыпе фюрэрства. Каб падкрэсліць паўваенны характар арганізацыі, былі ўведзены ўніформа, званні, знакі адрознення, а таксама афіцыйная сімволіка (эмблема і сцяг). Кожны, хто ўступаў у арганізацыю, падаваў індывідуальна заяву ў 2 экз. на імя шэфа штаба, пасля праходжання кандыдацкага стажу даваў клятву і на працягу 1—6 месяцаў залічваўся ў члены саюза.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Створаны 22 чэрвеня 1943 г. на ўзор германскага саюза нацысцкай моладзі (Гітлерюгенд) паводле загаду генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ. Дзейнічаў пад кантролем аддзела моладзі Генеральнага камісарыята Беларусь (кіраўнікі В. Шульц, В. Гроземан) і спецслужбаў. З самага пачатку СБМ планаваўся як беларуская маладзёжная самастойная арганізацыя, падначаленая нямецкім акупацыйным уладам. Таму яе галоўнай мэтай была падрыхтоўка новай генерацыі беларусаў у духу германскага нацыянал-сацыялізму. Ствараючы СБМ, нямецкія акупацыйныя ўлады свядома разглядалі яго як адну з крыніц вярбоўкі працоўнай сілы для Трэцяга Рэйха. Стварэнне СБМ суправаджалася шырокай пралагандысцкай кампаніяй, скіраванай на тое, каб паказаць змену адносін Германіі да Беларусі. Ствараючы СБМ, акупацыйныя ўлады спадзяваліся шляхам розных абмежаванняў, пільнага нагляду цвёрда трымаць яго ў сваіх руках, імкнуліся заваяваць моладзь на свой бок для папаўнення працоўнай сілы, ваенна-дапаможных і паліцэйскіх фарміраванняў.

СБМ фінансаваўся за кошт узносаў яго членаў, прыбыткаў ад правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў, ахвяраванняў грамадзян і арганізацый, бюджэтных сродкаў нямецкіх акупацыйных улад, адлічэнняў германскіх прадпрыемстаў, што выкарыстоўвалі працоўную сілу яго членаў. Пярвічным звяном была дружына, у якую ўваходзілі 15—20 членаў аднаго ўзросту і полу; 3—5 дружын складалі грамаду (для юнакоў) і гурток (для дзяўчат). На чале дружыны стаяў дружыновы (дружыновая), грамады — грамадовы, гуртка — гуртовая, якіх прызначаў акруговы кіраўнік. У кожным павеце ўтвараліся «звязы» (для юнакоў) і кругі (для дзяўчат), іх узначальвалі звязовы і важатая, што прызначаліся Кіруючым штабам СБМ. Для падрыхтоўкі кіруючых кадраў саюза былі адкрыты школы ў Альбярціне (Слонімскі раён), Драздах (пад Мінскам), Фларыянаве (Ляхавіцкі раён) і Мінску (пры кіруючым штабе).

Па дарозе на чыгуначны вакзал у Мінску ля цяперашняга цяперашняга дому ўрада моладзь з Беларусі маршыруе міма старшыні Беларускай цэнтральнай рады, прафесара Астроўскага. Яны павінны прайсці навучанне ў Германіі для ваенных дзеянняў, чэрвень 1944

За чэрвень 1943—ліпень 1944 гг. на акупіраванай тэрыторыі Беларусі падрыхтавана каля 1500 функцыянераў малодшага, сярэдняга і вышэйшага звяна СБМ. На 1 ліпеня 1944 г. адзінкі СБМ былі створаны ў 16 акругах і больш як 60 паветах, у іх налічвалася больш за 12,6 тыс. чал., з якіх 3,5 тыс. былі аб’яднаны ў рабочую групу СБМ «Германія» і працавалі на ваенных прадпрыемствах Германіі. Члены Саюза прыцягваліся да ваенна-будаўнічых і гаспадарчых работ на акупіраванай тэрыторыі Беларусі. 3 вясны 1944 г. пачалася вярбоўка ў ваенна-дапаможныя фарміраванні вермахта і люфтвафэ, Беларускую краёвую абарону, беларускія паліцэйскія батальёны.

Савецкае падполле правяло вялікую працу па разлажэнні і дыскрэдытацыі СБМ. Важную ролю адыграла пісьмо ЦК ЛКСМБ "Аб рабоце камсамола Беларусі па выкрыцці і разлажэнні гітлераўскай маладзёжнай арганізацыі «Саюз беларускай моладзі», у якім адзначалася, што «не трэба недаацэньваць небяспекі, якая зыходзіць ад правакацыйнай работы немцаў па стварэнні СБМ. Ад камсамольскіх арганізацый патрабуецца неадкладны і рашучы разварот працы па выкрыцці, дыскрэдытацыі СБМ, папярэджанні моладзі аб небяспецы, а таксама па разлажэнні ўжо створаных арганізацый і знішчэнні яго верхаводаў». Пад уплывам перамог Чырвонай Арміі, прапагандысцкай і арганізацыйнай дзейнасці савецкага падполля многія радавыя члены і некаторыя кіраўнікі СБМ пераходзілі на бок савецкіх партызан.

Частка актыўных членаў (каля 3 тыс. чал.) пакінула Беларусь разам з адступаючымі часцямі германскай арміі. Дзейнасць СБМ працягвалася на тэрыторыі Германіі да вясны 1945 г. Частка гадаванцаў арганізацыі пасля ўцёкаў нямецкіх войскаў пры наступе Чырвонай арміі перайшла ў антысавецкае падполле.

Галоўным друкаваным органам арганізацыі быў часопіс «Жыве Беларусь!» і газета «Юнацкі покліч». СБМ выдавала вучэбна-метадычныя выданні: «Дзённік загадаў», «Вучэбны лісток», «Служба юначак».

Кіраўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Вышэйшы орган СБМ — Кіруючы штаб на чале з шэфам-правадніком М. Ганько (мужчыны) і Н. Абрамавай (жанчыны). Штаб знаходзіўся ў Мінску, з ліпеня 1944 г. у Берліне. У эміграцыі падпарадкоўваўся Беларускай цэнтральнай радзе.

Пры штабе было 5 аддзелаў, у т. л. рабочая група СБМ «Германія». На месцах арганізоўваліся акруговыя і павятовыя штабы саюза.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Каваленя А. А. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14), ISBN 985-11-0035-8.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Каваленя, А. А. Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі. 1941—1944. Вытокі. Струтктура. Дзейнасць / А. А. Каваленя. — Мн.: БДПУ, 1999. — 260 с.
  • Каваленя, А., Літвін, А. Саюз беларускай моладзі / Аляксандр Каваленя, Аляксей Літвін // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 248—249. — ISBN 985-11-0214-8.
  • Клыкоўская, Ц. Саюз беларускай моладзi — вяртаньне з забыцьця — Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2004.
  • Романько, О. В. Коричневые тени в Полесье. Белоруссия 1941—1945 / О. В. Романько. — М.: Вече, 2008. — 432 с.
  • Рудак, А. Вайна пасля вайны // Наша гісторыя, № 2, 2018. — ISBN 2617 2305,-- с. 32-35.
  • Саюз беларускай моладзі // Беларускі нацыяналізм: Даведнік / Уклад. П. Казак. — Мн.: Голас Краю, 2001.
  • Туронак, Ю. Саюз беларускай моладзі ў Нямеччыне // Беларускі Гістарычны Агляд. — 2004. Том 11. Сшытак 1 — 2 (20 — 21). — Сьнежань. — С. 198—219.
  • Юрэвіч, Л. Вырваныя бачыны. Да гісторыі Саюзу Беларускай Моладзі / Лявон Юрэвіч. —Мн., 2001.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]